ЗАСЦЕ́НСКІ (Леанід Сямёнавіч) (н. 1.9.1937, в. Крапіўна Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне лясной гаспадаркі. Д-рс.-г.н. (1984), праф. (1986). Скончыў Бел.тэхнал.ун-т (1962), у якім і працуе (з 1986 заг. кафедры). Навук. працы па агратэхніцы вырошчвання дрэвавых парод, ахоўных насаджэнняў, рэкультывацыі зямель, механізацыі лесагасп. вытв-сці, глебава-экалагічнай ацэнцы тэхнагенных ландшафтаў.
Тв.:
Лесовыращивание на выработанных торфяниках. М., 1978;
Облесение карьеров нерудных ископаемых и выработанных торфяников. Мн., 1982;
Механизация лесохозяйственных работ с основами теоретической механики. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́Я (франц. allēe),
дарога ў парках, лесапарках, скверах, на бульварах, вуліцах, абапал абсаджаная дрэвамі або кустамі. Важны кампазіцыйны элемент паркавых ландшафтаў і азелянення нас. пунктаў, выконвае ахоўныя функцыі. Тыпы алей — прамыя ў рэгулярных і крывалінейныя ў пейзажных парках і садах.
Для алей часцей выкарыстоўваюць высакарослыя і шыракакронавыя пароды (дуб звычайны, ліпа драбналістая, клён вастралісты, лістоўніца еўрапейская, граб звычайны, елка, вяз і інш.). Сярэдняя адлегласць паміж дрэвамі 5 м, паміж радамі 10 м. У прысадах часам ствараюць нішы для лавак, скульптуры малых арх. формаў.
Бярозавая алея ў Цэнтральным батанічным садзе АН Беларусі ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫ ЗАКА́ЗНІК,
від заказніка, тэрыторыя якога з’яўляецца аб’ектам аховы і аднаўлення асабліва каштоўных, рэдкіх прыродных маляўнічых ландшафтаў і комплексаў. На тэр. Л.з. абмежавана гасп. дзейнасць, у т. л. забаронены суцэльная высечка лесу, пасьба жывёлы, гідрамеліярац. работы, узвядзенне будынкаў, скідванне сцёкавых вод і быт. адходаў і інш. На Беларусі 16 Л.з. рэсп. значэння (агульная пл. каля 231 тыс.га): Бабінавіцкі, Міжазёрны, Сялява, Сіньша, Чырвоны Бор у Віцебскай, Азёры, Навагрудскі, Сарачанскія азёры, Свіцязянскі ў Гродзенскай, Блакітныя азёры, Прылуцкі ў Мінскай, Мазырскія Яры ў Гомельскай, Альманскія балоты, Прастыр, Стронга ў Брэсцкай, Старыца ў Магілёўскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДНААЧАГО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ,
група хвароб, узбуджальнікі, пераносчыкі і жывёлы-носьбіты якіх ствараюць у прыродных умовах (ачагах) устойлівыя біяцэнозы. У гэтых ачагах узбуджальнік цыркулюе сярод мясц. дзікіх жывёл, і заражэнне чалавека ці с.-г. жывёл магчыма пры іх часовым або пастаянным там знаходжанні. П.х. характарызуюцца сезоннасцю і прыналежнасцю да пэўных геагр.ландшафтаў. Вучэнне аб П.х. распрацаваў Я.Н.Паўлоўскі (1939). Да П.х. адносяцца: некат. бактэрыял. (бруцэлёз, лептаспіроз, лістэрылёзы, некрабактэрыёз, рожа жывёл, сібірская язва, тулярэмія) і вірусныя (чума, шаленства, яшчур) хваробы, протазаозы (лейшманіёзы, піраплазмідозы, трыпанасамозы), гельмінтозы (апістархоз, трыхінелёзы, шыстасаматозы, эхінакакозы) і інш. Вывучае П.х. геаграфія медыцынская і эпідэміялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАЭКАЛО́ГІЯ (ад агра... + экалогія),
сельскагаспадарчая экалогія, раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОАГЕАГРАФІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторый (акваторый) на асобныя рэгіёны (царствы, вобласці, падвобласці, правінцыі, раёны) паводле звестак пра геагр. пашырэнне жывёл і іх экалагічных груповак. Вызначае сучасныя і гіст. фактары і заканамернасці гэтага пашырэння. Выкарыстоўваецца з навук. і практычнымі мэтамі, дазваляе дыферэнцыравана падыходзіць да мерапрыемстваў па ахове жывёл. Тэр. Беларусі ўваходзіць у склад лясной зоны Еўрапейска-Сібірскай вобласці Палеарктычнага падцарства Галарктычнага (Арктагейскага) царства. Усе яе схемы раянавання пабудаваны з улікам найб. выражанай дыферэнцыяцыі фауны ў шыротным напрамку. Вылучаюць раёны: паўночны (азёрны), пераходны (раён змены ландшафтаў), палескі, заходні і ўсходні (М.С.Долбік; 1965). Удакладненая схема З.р. (Долбік; 1974) пабудавана на ландшафтным прынцыпе аналізу стану жывёльнага свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМФО́РТНАСЦЬ ЛАНДША́ФТУ,
умоўна-ацэначная мера эколага-біял. і сацыяльна-псіхал. спрыяльнасці ландшафту для жыццядзейнасці людзей. Вызначаецца ступенню адпаведнасці ландшафту патрэбнасцям чалавека ў паўнацэнным адпачынку, набыцці псіхаэмацыянальнай і функцыян. раўнавагі. Аб’ектыўную аснову Кл. складаюць рэальныя фактары прафілакт., аднаўленчага, лячэбнага, эстэт. і інш. ўплыву навакольнага прыроднага асяроддзя на чалавека, абумоўленыя непарыўнай сувяззю паміж імі. Чалавек успрымае Кл. суб’ектыўна. Дастасаванасць ландшафтаў да вырашэння аздараўленчых мэт, іх адпаведнасць аб’ектыўным фактарам улічваецца пры вылучэнні і размяшчэнні зон адпачынку, курортаў. Разнастайныя маляўнічыя ландшафты, лясныя біягеацэнозы Беларусі, асабліва мала змененыя гасп. дзейнасцю, у спалучэнні з асаблівасцямі мясц. клімату вызначаюцца высокай ступенню камфортнасці і каштоўнасці для ландшафтатэрапіі і аздараўленча-прафілакт. работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАПО́ЛІС (ад мега... + грэч. polis горад) у экалогіі, буйная урбаністычная структура, фарміраванне і існаванне якой залежаць ад ступені развіцця прадукц. сіл, канцэнтрацыі, дэмаграфічнай і сац.-прафес. структуры насельніцтва і інш. Мясцовасць з высокай ступенню антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, што звычайна вядзе да парушэння экалагічнай раўнавагі ў рэгіёне і патрабуе ўзаемадзеяння сац. і прыродных працэсаў. Пераўтварэнне прыродных ландшафтаў у штучныя (антрапагенныя) суправаджаецца рэзкімі зменамі экасістэм (да поўнага разбурэння біягеацэнозаў) і фарміраваннем на іх месцы т.зв. урбасістэм, якія складаюцца з жылых і вытв. аб’ектаў, зямельных участкаў, занятых трансп., інж. і інш. збудаваннямі і камунікацыямі, участкаў незабудаванага, рэзка пераўтворанага прыроднага ландшафту. Гл. таксама Мегалопаліс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЫ́НАЎ (Барыс Барысавіч) (4.8.1877, г. Стаўрапаль, Расія — 16.3.1952),
расійскі глебазнавец, геахімік і географ. Акад.АНСССР (1946, чл.-кар. 1933). Скончыў Лясны ін-т (1900) і ун-т у Пецярбургу (1908). З 1920 праф. Данскога політэхн. ін-та ў Новачаркаску, з 1923 Ленінградскага, у 1935—36 і з 1947 Маскоўскага ун-таў; адначасова з 1923 у АНСССР (з 1925 у Глебавым ін-це). Навук. працы па тэорыі глебаўтварэння, фарміраванні асн. тыпаў кары выветрывання, класіфікацыі прыродных ландшафтаў і іх геахіміі, па метадах даследавання грунтоў. Вял. залаты медаль (1926) і залаты медаль імя Сямёнава-Цян-Шанскага (1928) Геагр.т-ваСССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛБІК (Міхаіл Сцяпанавіч) (12.2.1920, в. Трашковічы Калужскай вобл., Расія — 18.2.1988),
бел. вучоны ў галіне арніталогіі. Д-рбіял.н. (1972). Скончыў БДУ (1947). З 1948 у АН Беларусі: з 1955 у Ін-це біялогіі, з 1975 у Ін-це заалогіі. Навук. працы па біял. асновах выкарыстання і аховы птушак, ландшафтнай арніталогіі, зоагеаграфіі і паляўніцтвазнаўстве. Вызначыў склад фауны птушак Палесся і Беларусі. Высветліў размеркаванне прамысл., лясных вераб’іных і птушак культ.ландшафтаў. Распрацаваў зоагеагр. раянаванне тэр. Беларусі на ландшафтнай аснове.
Тв.:
Птицы Белорусского Полесья. Мн., 1959;
Птицы Белоруссии. Мн., 1967 (разам з А.У.Фядзюшыным);
Ландшафтная структура орнитофауны Белоруссии. Мн., 1974;
Влияние мелиорации на животный мир Белорусского Полесья. Мн., 1980 (у сааўт.).