люміта́йп
(ад лац. lumen = святло + англ. tipe = адбітак)
электронная аднаапаратная літарапраекцыйная лагічная машына; забяспечвае атрыманне фотанабору шрыфтамі кегелю.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гі́стэран-пра́тэран
(ад гр. hysteron = згодна + proteron = раней, перад)
стылістычны прыём, калі парушаецца лагічная паслядоўнасць з’яў, што апісваюцца.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
МЕТАТЭО́РЫЯ,
тэорыя, аб’ектам даследавання якой з’яўляецца якая-небудзь інш. тэорыя, якая аналізуе ўласцівасці, структуру, метады, лагічныя асновы (доказнасць, супярэчлівасць, строгасць і інш.) прадметнай тэорыі. М. ўстанаўлівае памеры тэорыі, спосабы ўвядзення новых паняццяў, дае магчымасць пабудаваць яе больш рацыянальным спосабам. Вынікі М. могуць фармалізавацца і вывучацца далей. Фармулюецца М. на метамове. Найб. пашырана М. логікі (металогіка) і матэматыкі (метаматэматыка). Задачай М. з’яўляецца даследаванне ўмоў фармалізацыі навук. тэорый, а таксама сінтакс. (лагічны сінтаксіс) і семантычных (семантыка лагічная) уласцівасцей фармалізаваных моў. Такія даследаванні набываюць асаблівае значэнне ў сувязі з развіццём кібернетыкі і выліч. тэхнікі.
В.М.Пешкаў.
т. 10, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
аргумента́цыя
(лац. argumentatio)
1) прывядзенне доказаў, аргументаў (напр. палажэнне патрабуе аргументацыі);
2) сукупнасць аргументаў на карысць чаго-н. (напр. лагічная а.).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
асертары́чны
(лац. assertorius)
сцвярджальны;
а-ае суджэнне — суджэнне, у якім толькі канстатуецца факт, але не выражаецца яго лагічная неабходнасць.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ІНТЭРПРЭТА́ЦЫЯ (ад лац. interpretatio тлумачэнне, пасрэдніцтва),
1) вытлумачэнне, пераклад на больш зразумелую мову.
2) І. навуковая ў логіцы — сукупнасць значэнняў (сэнсаў), якія надаюцца якім-н. чынам элементам некаторай тэорыі (выразам, формулам, сімвалам і інш.). Выкарыстоўваецца і ў дачыненні да асобных элементаў такой тэорыі; у гэтым выпадку гавораць пра І. выразу, формулы, сімвала. Мае важнае значэнне пры супастаўленні навук. тэорый з адлюстраванай у іх рэчаіснасцю, пры апісанні розных спосабаў пабудовы тэорыі, яе развіцця і функцыянавання. У выніку І. фармальная лагічная сістэма ператвараецца ў мову, што апісвае пэўную прадметную вобласць. Паняцце «І.» цесна звязана з паняццем «мадэль» (гл. Мадэліраванне).
В.М.Пешкаў.
т. 7, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
імпліка́цыя
(лац. implicatio)
лагічная аперацыя, якая ўтварае складанае выказванне з двух выказванняў пры дапамозе лагічнай звязкі, што адпавядае злучніку «калі..., то».
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ІДЭА́ЛЬНЫХ ТЫ́ПАЎ ТЭО́РЫЯ,
сістэма паняццяў, якая ўвасабляе пэўны аспект сац. рэальнасці ў лагічна несупярэчлівай, рацыянальнай, індывідуалізаванай форме. Распрацавана ням. сацыёлагам М.Веберам, які лічыў, што І.т.т. не з’яўляецца адэкватным узнаўленнем рэчаіснасці, але выражае яе істотныя ўзаемасувязі і тэндэнцыі развіцця. Лагічная пабудова тэорыі ажыццяўляецца шляхам мысленнага давядзення пэўных элементаў сац. рэальнасці да іх «поўнага выражэння» пры дапамозе інтэгравання дыскрэтна існуючых з’яў у «адзіным вобразе». Такімі, напр., з’яўляюцца сканструяваныя Веберам ідэальна-тыповыя мадэлі сац. дзеяння: мэтарацыянальнае, каштоўнасна-рацыянальнае, афектыўнае, традыцыйнае, а таксама тры мадэлі ўлады: традыцыйная, легальная (дэмакратычная), харызматычная. І.т.т. стварае логіка-тэарэт. і метадалагічныя перадумовы для навук., перш за ўсё сацыялагічнага пранікнення ў сутнасць сац. працэсаў і з’яў.
Я.М.Бабосаў.
т. 7, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЛІКА́ЦЫЯ (ад лац. implicatio спляценне, перапляценне),
лагічная аперацыя, якая з двух выказванняў утварае складанае выказванне з дапамогай лагічнай звязкі, аналагічнай сэнсу злучніка, «калі..., то» (сімвалічны запіс A→B ці A⊃B; чытаецца «калі A, то B», «з A вынікае B» і інш.). Імплікатыўнае выказванне складаецца з антэцэдэнта (выказванне, перад якім падаецца слова «калі») і кансеквента (выказванне, якое ідзе за словам «то»). Адрозніваюць розныя віды І.: матэрыяльную, строгую, рэлевантную і інш. У вылічэннях класічнай логікі найб. шырока выкарыстоўваецца матэрыяльная І. (гл. Матэматычная логіка). Пры яе вызначэнні не ўлічваецца сувязь па сэнсе антэцэдэнта і кансеквента, наяўнасць якой характэрна для сказаў са злучнікам «калі..., то» ў паўсядзённай мове. Антэцэдэнт і кансеквент разглядаюцца толькі з боку іх прыкметы быць або не быць ісціннымі.
В.М.Пешкаў.
т. 7, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОР-РАЯ́ЛЬ ГРАМА́ТЫКА,
лінгвістычная тэорыя, паводле якой у аснове ўсіх моў — адзіная ідэальная лагічная схема, задача граматыкі — устанавіць прынцыпы, агульныя для ўсіх моў, і асн. адрозненні паміж імі. Выкладзена абатамі кляштара Пор-Раяль А.Арно і К.Лансло ў кн. «Усеагульная рацыянальная граматыка...» (1660). Першыя словы яе назвы з цягам часу сталі абазначэннем асобнага тыпу лінгвістычных даследаванняў (гл. Універсальная граматыка). П.-Р.г. як спроба пабудовы на рацыянальным грунце на падставе абагульнення фактаў этн. моў усеагульнай грамат. сістэмы заклала пачатак агульнага мовазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны. Нягледзячы на пэўную абсалютызацыю дэдуктыўнага метаду і разумовую абстрактнасць, П.-Р.г. — крыніца даследаванняў мовы ў такіх кірунках, як філасофія мовы, фармальна-граматычнае апісанне (мадэліраванне) моў, тыпалогія моў, тэорыя моўных універсалій (гл. Універсаліі лінгвістычныя). А.Я.Міхневіч.
т. 12, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)