Асінторфскі лагер савецкіх ваеннапалонных 1/510

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЮКО́ЎШЧЫНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 35 2, Лясны лагер) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў ліп. 1941 каля в. Масюкоўшчына Мінскага р-на для масавага знішчэння сав. ваеннапалонных і насельніцтва; пасля вер. 1943 (выхаду Італіі з гітлераўскай кааліцыі) сюды прывозілі італьян. салдат. Меў 22 філіялы і аддзяленні ў Мінску і больш за 90 на чыг. станцыях Беларусі. Лагер быў абгароджаны калючым дротам, вязні размяшчаліся ў летніх бараках і паўразбураных памяшканнях. За суткі вязень атрымліваў 100—200 г эрзацхлеба і ​1/3 л баланды; існавала суровая сістэма катаванняў і масавых забойстваў. Да 3.7.1944 тут загублена больш за 80 тыс. чал. На месцы масавых пахаванняў вязняў помнік-манумент з вечным агнём і ратонда, у якой зберагаецца кніга з выяўленымі прозвішчамі ахвяр (больш за 9 тыс.).

т. 10, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЯ́НСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 337). Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 каля чыг. ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных, з канца жн. 1943 — насельніцтва прыфрантавой паласы ў Вял. Айч. вайну. Лагер быў абгароджаны калючым дротам. Тут пастаянна трымалі каля 5,5 тыс. чал., баракі былі перапоўнены, таму большасць вязняў і зімой заставалася пад адкрытым небам. Пры непасільнай фізічнай працы выдавалі на 1 чал. на дзень 125 г хлеба з апілкамі і 1,5 л баланды. Рэгулярна праводзіліся масавыя расстрэлы; у жн. 1942 з-за адмовы вязняў ісці ў фаш. фарміраванні за суткі знішчана 720 чал. У 1942 лагер меў філіял (баранавіцкая турма) і 6 аддзяленняў (у Івацэвічах, Стоўбцах, г.п. Гарадзея і вёсках Пагарэльцы Нясвіжскага, Даманава і г. Косава Івацэвіцкага р-наў). За час існавання (да лета 1944) у лагеры, філіяле і аддзяленнях загублена 88 407 чал. Ахвярам фаш. генацыду на чыг. ст. Лясная пастаўлены помнік.

т. 9, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (№131). Створаны ў Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікамі летам 1941 у акупіраваным Бабруйску на тэр. Бабруйскай крэпасці для масавай загубы сав. ваеннапалонных і цывільных грамадзян. Пад канец года ў ім было каля 60 тыс. чал., з іх больш за 20 тыс. трымалі пад адкрытым небам. З-за голаду, холаду, антысанітарных умоў пачалася эпідэмія сыпнога тыфу. У кастр.ліст. 1941 за суткі памірала 600—800, зімой — да 1 тыс. чал. Цяжкахворых фашысты закопвалі разам з мёртвымі. 7.11.1941 гітлераўцы падпалілі адзін з баракаў. Вязняў, якія выбягалі з падпаленага будынка, расстрэльвалі з кулямётаў. У выніку згарэла і расстраляна больш за 4 тыс. чал. У снеж. 1941 пад выглядам адпраўкі ў Мінск 3200 паўраспранутых вязняў пагрузілі ў таварныя вагоны і на адкрытыя платформы. Усе яны па дарозе замерзлі. Да жн. 1942 загублена каля 40 тыс. чал., да студз. 1944 — усе ваеннапалонныя. Лагер увесь час папаўняўся цывільнымі вязнямі, 5 тыс. з іх вызваліла Чырв. Армія. На магіле ахвяраў фаш. тэрору пастаўлены помнік.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер 2/424, 428, 433, 523—524; 4/534; 5/333, 401

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛБА́СІНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў канцы ліп. 1941 каля в. Калбасіна Гродзенскага р-на ў Вял. Айч. вайну. Вязняў (напачатку — пераважна ваеннапалонных) трымалі на тэрыторыі 50 га, абнесенай калючым дротам, у 96 зямлянках. Тут пастаянна знаходзілася каля 35 тыс. чал. За час існавання лагера (да ліст. 1942) ад голаду і катаванняў загінула 18 тыс. чал. У кожнай са знойдзеных 68 ям-магіл было па 200—300 трупаў. На тэр. лагера помнік ахвярам фаш. тэрору.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ПАЛАЎСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ, шталаг № 813. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў 1941 у Вял. Айч. вайну ў прыгарадзе г. Магілёва Лупалаве для масавай загубы сав. ваеннапалонных. Абгароджаны некалькімі радамі калючага дроту, па якім пускалі электрычны ток. Вязняў марылі голадам, катавалі, расстрэльвалі, з-за антысанітарных умоў панаваў тыф: за суткі гінула да 250 чал., памерлых закопвалі каля баракаў. Да 1943 тут загублена больш за 40 тыс. чал. На месцы лагера мемар. комплекс, запалены Вечны агонь.

Т.​Ф.​Палажэнцава.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗВЕ́ЦКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ, шталаг № 351. Створаны ням.-фаш. акупантамі ў вер. 1941 на тэр. б. базыльянскага манастыра ў в. Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае) Віцебскай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных. Вязняў трымалі ў абгароджаным калючым дротам лагеры (пл. каля 3 га) пад адкрытым небам. Зняволеныя гінулі ад непасільнай працы, голаду, холаду, хвароб, масавых расстрэлаў. З канца 1943 сюды прывозілі італьян. салдатаў і афіцэраў. Да ліп. 1944 у лагеры загублена больш за 27 тыс. ваеннапалонных. Ва ўрочышчы Барок, за 500 м ад б. лагера, на могілках сав. і італьян. ваеннапалонных (56 магіл) пастаўлены помнікі.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛДЫЧЭ́ЎСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў 1942 каля в. Калдычэва Баранавіцкага р-на Гродзенскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. На абнесенай дротам тэрыторыі лагера вязняў марылі голадам, непасільнай працай на торфараспрацоўках, катавалі і забівалі. Тут існавала 12 турэмных камер і спец. камера для катаванняў. У ноч на 30.6.1944 перад падыходам Чырв. Арміі гітлераўцы расстралялі вязняў, узарвалі памяшканні, зраўнавалі з зямлёй пахаванні і засеялі травой. У лагеры за час яго існавання закатавана больш за 22 тыс. чал. На месцы лагера помнік ахвярам фаш. тэрору.

Літ.:

Шерман Б.П. Барановичское гетто;

Колдычевский лагерь смерти... Барановичи, 1997.

т. 7, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 342) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў г. Маладзечна ў ліп. 1941 для масавай загубы сав. ваеннапалонных, да 1942 тут трымалі і цывільнае насельніцтва. Меў 3 лагеры і 13 аддзяленняў на чыг. лініях, у якіх пастаянна ўтрымлівалася каля 30 тыс. чал. Тэр. лагера была абгароджана калючым дротам, вязні размяшчаліся ў бараках без ацяплення. Ад голаду (за суткі на чалавека выдавалі 100 г эрзац-хлеба і 1 л баланды), фіз. знясілення, эпідэміі тыфу і інш. хвароб у лагеры панавала масавая смяротнасць. Сістэматычна праводзіліся расстрэлы вязняў. Да чэрв. 1944 тут загублена 33 150 чал. На месцы лагера ў памяць аб ахвярах генацыду ў 1996 адкрыты мемар. комплекс.

т. 9, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)