КАТАПУ́ЛЬТА (лац. catapulta ад грэч. katapeltēs: kata уніз + pallō кідаю),

1) ваенная кідальная машына, якая прыводзілася ў дзеянне сіламі пругкасці скручаных валокнаў (сухажылляў, рамянёў, валасоў і інш.). Кідала па крутой траекторыі камяні, стрэлы, ядры, запальныя снарады і інш. на 250—850 м. Выкарыстоўвалася пры аблозе крэпасцей і ў палявым баі з 5 ст. да н. э. (Стараж. Грэцыя і Рым, затым Візантыя і інш.) да 15 ст. (Еўропа), калі была заменена артылерыяй. У Кіеўскай Русі К. наз. парокай.

2) Механізм для паскарэння або забеспячэння ўзлёту (старту) самалётаў, планёраў і інш. лятальных апаратаў.

3) Прыстасаванне для аўтам. выкідвання (катапультавання) лётчыка ці касманаўта з кабіны лятальнага апарата ў час аварыі. З’яўляецца часткай катапультнага крэсла, у якім у вышынна-кампенсавальным касцюме знаходзіцца лётчык (касманаўт). Катапультаванне (адстрэл) ажыццяўляецца піратэхн. прыстасаваннем. Наземная К. — стэнд для трэніроўкі лётчыкаў і касманаўтаў.

Катапульты: 1 — заснаваная на сіле пругкасці скручаных валокнаў; 2 — на сіле пругкасці сагнутага дрэва (на прынцыпе лука).

т. 8, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Востры, войстры (БРС, Нас., Яруш., КТС, Шат., Касп., Бяльк.). Рус. о́стрый, укр. о́стрий, го́стрий, ст.-рус., ст.-слав. остръ, польск. ostry, чэш., славац. ostrý, балг. о́стър, серб.-харв. о̏шта̑р, о̏штра, о̏штро, славен. óster, ȏstra, óstro, в.-луж. wostry, н.-луж. wótšy. Для прасл. рэканструюецца ostrъ (Махэк₂, 421). Роднаснае літ. aštras, лат. дыял. astrs ’конскі волас’, ст.-інд. áśriḥ ж. р. ’край, вугал, грань, лязо’; aśániḥ ’вастрыё стралы, кідальная зброя’, грэч. ἄκρος ’верхні, крайні’, ἄκρον ’вяршыня, край, канец’, лац. ācer ’востры’, арм. asełn ’ігла’, ст.-ірл. ēr ’высокі’ (*ak̑ros), алб. áthëtë ’кіслы, даўкі’, грэч. ὄκρις ’вастрыё, вяршыня гары’, лац. ocris ’mons confragosus’, ст.-ірл. ochar ’вугал, выступ’ (гл. Траўтман, 15; Праабражэнскі, 1, 666; Майргофер, 1, 61; Фасмер, 3, 167; там і інш. літ.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗБРО́Я (юрыд.),

устройствы і прадметы, канструктыўна прызначаныя для паражэння жывой ці інш. цэлі, а таксама для падачы сігналаў. У адпаведнасці з нац. заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у залежнасці ад мэты выкарыстання адрозніваюць З. грамадзянскую, службовую і баявую. Да грамадзянскай З. належыць: З. самаабароны [агнястрэльная гладкаствольная і бясствольная, святлогукавога дзеяння, газавая З. (газавыя пісталеты і рэвальверы, мех. распыляльнікі, аэразольныя і інш. ўстройствы), электрашокавыя ўстройствы і іскравыя разраднікі]; спартыўная З. (агнястрэльная з наразным ствалом і гладкаствольная, халодная клінковая, кідальная, пнеўматычная); паляўнічная З. (агнястрэльная розных тыпаў, халодная клінковая і інш.); сігнальная З. (трасіруючыя кулі і снарады, дымавыя снарады і інш.); халодная З., прызначаная для нашэння з нац. касцюмам, казацкай і інш. формай. Службовая З. ўключае агнястрэльную гладкаствольную, наразную караткаствольную і інш. У паняцце баявая З. ўваходзяць усе яе віды, прызначаныя для вырашэння баявых і аператыўна-службовых задач, прынятыя на ўзбраенне рознымі органамі дзяржавы і іх супрацоўнікамі ў адпаведнасці з заканадаўствам. У шэрагу краін права легальна набываць, трымаць і выкарыстоўваць З. маюць усе або асобныя грамадзяне (у ЗША больш за 200 млн., у Расіі каля 4 млн., у Рэспубліцы Беларусь каля 200 тыс. адзінак такой З.). У Рэспубліцы Беларусь З. можа знаходзіцца ў насельніцтва толькі пры наяўнасці спец. дазволу праваахоўных органаў. Ваеннаслужачыя, звольненыя ў запас або ў адстаўку, маюць права трымаць корцік ці інш. халодную З. Крымін. заканадаўства Беларусі ўстанаўлівае адказнасць за незаконнае нашэнне, захоўванне, набыццё, выраб, збыт і крадзеж З., боепрыпасаў, выбуховых рэчываў.

Р.Ч.Лянькевіч.

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫЛЕ́РЫЯ (франц. artillerie),

1) род войскаў, прызначаны для абслугоўвання і баявога выкарыстання артыл. ўзбраення. Ва ўсіх арміях свету выконвае баявыя задачы ў інтарэсах інш. родаў войскаў.

У сучасных сухапутных войсках падзяляецца на артылерыю вайсковую (палявую) — армейскую, карпусную, палкавую і да т.п. і рэзерву Гал. камандавання, на наземную (бывае пушачная, гаўбічная, рэактыўная, процітанкавая, горная і мінамёты) і зенітную. Залежна ад спосабу арганізацыі ўзаемадзеяння з інш. родамі войскаў адрозніваюць артылерыю прыдадзеную (на час выканання баявой задачы перадаецца ў распараджэнне камандзіра злучэння, часці) і артылерыю падтрымкі (застаецца ў падначаленні ст. артыл. камандзіра, але выконвае агнявыя задачы, пастаўленыя агульнавайск. камандзірам). Артылерыя ў ВПСавіяц. пушкі на самалётах і верталётах. У ВМФ падзяляецца на карабельную (у т. л. зенітную) і берагавую.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь артылерыя складаецца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў уласнаствольных артыл. сістэм, процітанкавых кіроўных ракет, а таксама падраздзяленняў артыл. разведкі і спец. падраздзяленняў, што ўваходзяць у склад артыл. злучэнняў і часцей. Артыл. злучэнні і часці, што не належаць да вайсковай артылерыі, з’яўляюцца рэзервам Гал. камандавання і прызначаны для ўзмацнення дзеянняў агульнавайск. падраздзяленняў, а таксама для стварэння артыл. рэзерваў.

2) Від зброі або сукупнасць прадметаў артыл. ўзбраення, уключаючы сродкі наземнай і паветр. разведкі, сувязі, назірання, кіравання агнём, цягі, транспарту і інш. 3) Навука, якая вывучае асновы будовы матэрыяльнай часткі агнястрэльнай зброі, яе ўласцівасці і спосабы выкарыстання ў баі. Асн. раздзелы: унутраная і знешняя балістыка, асновы будовы матэрыяльнай часткі боепрыпасаў, выбуховыя сродкі і порахі, тэхналогія артыл. вытв-сці, тактыка, тэорыя стральбы, гісторыя артылерыі.

Самы ранні этап развіцця артылерыі — сценабітная і кідальная зброя краін Стараж. Усходу (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), Грэцыі і Рыму. З вынаходствам пораху ўзнікла агнястрэльная зброя: у Кітаі ў 11 ст., у Еўропе першыя ўзоры яе з’явіліся ў Італіі, Францыі. Германіі, Англіі, на Беларусі — у 14 ст. Войскі ВКЛ упершыню сутыкнуліся з новай зброяй у 1341, калі ў час аблогі крыжацкага замка Баербург «вогненнай стралой» быў забіты вял. князь Гедзімін. У 1382 войскі ВКЛ ужо мелі ўласныя бамбарды, пры дапамозе якіх штурмавалі ордэнскі замак Георгенбург. Першыя гарматы рабілі з дрэва (Кітай, Галандыя), потым з жалеза ў выглядзе каванай метал. трубы, якая мацавалася да масіўнай драўлянай калодкі. Ядры напачатку былі драўляныя і каменныя, пазней алавяныя і бронзавыя. У 14 ст. з’явіліся гарматы з бронзы (на Беларусі іх выраблялі майстэрні ў Полацку, Віцебску, Навагрудку і інш.). У 1384 кідальныя балісты, зробленыя на Беларусі, выкарыстоўваліся супраць войскаў Лівонскага ордэна. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — майстэрня па вытв-сці куль і ядраў Бараньская кульня. У 16—17 ст. гарматы ставілі на колы, у іх з’явіўся перадок з зараднай скрыняй. Ядры былі жалезныя, чыгунныя і нават шкляныя. Напачатку артылерыю на Беларусі абслугоўвалі наёмныя пушкары з Германіі, Чэхіі, Галандыі (у іх вучыліся бел. майстры), з сярэдзіны 16 ст. абыходзіліся без іх. Вядомы імёны майстроў Сцяпана і Пятра з Нясвіжа (канец 16 — пач. 17 ст.), К.Ганусава з Быхава (2-я пал. 16 ст.) і інш. У 1-й пал. 17 ст. выпушчаны падручнікі па артыл. справе на лац. і польскай мовах: італьянца Андрэя дэль’-Аква, іспанца Дыега Уфана, ураджэнца Беларусі К.Семяновіча. У 18 ст. артыл. гарматы выраблялі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі выраб гармат спынены, эпізадычна для асобных магнатаў рабіліся невял. гарматы-салютоўкі. З сярэдзіны 19 ст. ў большасці краін пачаўся пераход да наразной артылерыі. У пач. 20 ст. артылерысты ўпершыню вялі стральбу з закрытых агнявых пазіцый, быў створаны і выкарыстаны мінамёт (1904—05). У перыяд 1-й сусв. вайны з’явілася артылерыя суправаджэння, зенітная, процітанкавая, былі ўдасканалены мінамёты. 2-я сусв. вайна выклікала ўсебаковае развіццё зенітнай, процітанкавай, рэактыўнай і самаходнай артылерыі, выкарыстоўвалася артылерыя вялікай і асаблівай магутнасці. Узніклі новыя формы баявых дзеянняў артылерыі, павялічылася яе шчыльнасць на ўчастках прарыву (да 200—300 гармат на 1 км фронту). Вопыт баявога выкарыстання артылерыі даў багаты матэрыял для развіцця артыл. навукі. Удасканаленне артылерыі працягваецца.

Літ.:

Передельский Г.Е., Токмаков А.И., Хорошилов Г.Т. Артиллерия в бою и операции. М., 1980;

Отечественная артиллерия, 600 лет. М., 1986;

Nowak T. Polska technika wojenna XVI — XVIII w. Warszawa, 1970.

М.Р.Плахотны, В.А.Юшкевіч.

Да арт. Артылерыя. Ручная кідальная зброя даагнястрэльнай эпохі: 1, 2 — нервабалістычныя баявыя гарматы; 3, 4 — барабалістычныя гарматы (а — гіганцкіх памераў, б — з процівагай); 5 — акрабаліста (таксабаліста).
Да арт. Артылерыя. Гарматы 11 — пач. 20 ст.: 1 — старажытная кітайская драўляная гармата 11 ст.; 2 — марціра 14 ст.; 3 — доўгая французская серпанціна 15 ст.; 4 — гафуніца 1542; 5 — трохфунтовая палявая пушка 1700; 6 — бронзавая марціра Чохава 1606; 7 — «сакрэтная гаўбіца» Шувалава 1754; 8 — руская шасцідзюймовая аблогавая гармата 1877; 9 — 122-мм палявая скарастрэльная гаўбіца ўзору 1910; 10 — 76-мм зенітная пушка ўзору 1915.
Да арт. Артылерыя. I. Гарматы 16 — 17 ст. з Нясвіжскага замка: 1, 2, 3 — з фігурнымі аздабленнямі, 4 — з серыі Германа Мольтфельда. II. Гарматы корпуса артылерыі ВКЛ канца 18 ст.: 1 — адна—трохфунтовая палявая гармата, зробленая на аўстрыйскі ўзор, 2 — двух—васьміфунтовая гаўбіца, зробленая на ўзор французскай гаўбіцы сістэмы Грыбаваля (лафет паказаны ў разрэзе). III. Адна з гармат польска-беларуска-літоўскіх паўстанцаў 1863 — 64 (паводле Баляслава Галэцкага).
Да арт. Артылерыя. Гарматы перыяду 1-й і 2-й сусветных войнаў: 1 — 155-мм палявая пушка (Францыя); 2 — 76-мм палявая скарастрэльная пушка ўзору 1902 (Расія); 3 — 210-мм аблогавая гаўбіца Крупа (Германія); 4 — 305-мм марціра (Аўстрыя); 5 — 105-мм гаўбіца (ЗША); 6 — шасціствольны мінамёт (Германія); 7 — 105-мм лёгкая гаўбіца (Германія); 8 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-13 (СССР); 9 — 76-мм самаходная артылерыйская ўстаноўка СУ-76 (СССР).
Да арт. Артылерыя. Сучасная артылерыя: 1 — 139,7-мм пушка МК-3 (Вялікабрытанія); 2 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-24 (Расія); 3 — 90-мм самарушная процітанкавая пушка (ФРГ); 4 — устаноўка рэактыўных кіроўных процітанкавых снарадаў 55-II (Францыя); 5 — 122-мм самаходная гаўбіца (Расія); 6 — 203-мм самаходная гаўбіца M ll0l E2 (ЗША); 7 — 105-мм горная гаўбіца ўзору 1956 (Італія); 8 — 122-мм гаўбіца Д-30 (Беларусь).

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБРО́Я (ваен.),

устройствы і сродкі для паражэння праціўніка ва ўзброенай барацьбе; састаўная ч. ўзбраення. Уключае сродкі паражэння і сродкі дастаўкі іх да цэлі; у больш складаную З. ўваходзяць таксама прылады і прыстасаванні кіравання і навядзення. Сучасная З. падзяляецца; на зброю масавага знішчэння (ядз., хім., біял.) і звычайную; стратэгічную, аператыўна-тактычную і тактычную; агнястрэльную зброю, рэактыўную зброю і ракетную зброю; стацыянарную з нерухомай і рухомай асновай, самаходную, буксірную і перавозную (пераносную); індывідуальную (асабістую) і групавую (калектыўную); аўтаматычную зброю, паўаўтам. і неаўтаматычную; некіроўную і кіроўную. Да звычайнай адносяцца: агнястрэльная (артылерыйская — гарматы, пушкі, гаўбіцы, мінамёты і інш., гл. Артылерыя; стралк. і сродкі бліжняга бою — аўтаматы, вінтоўкі, пісталеты, кулямёты, ручныя гранатамёты і гранаты і інш.); рэактыўная (наземныя, авіяц. і марскія сістэмы залпавага агню, рэактыўныя гранатамёты; гл. Рэактыўная артылерыя); ракетная; мінная (процітанк., проціпяхотныя і марскія міны) і тарпедная (тарпеды рознага тыпу) З., а таксама бамбамёты, авіяц., глыбінныя і інш. бомбы; халодная зброя (сучасная — штык, армейскі нож, корцік).

З. ўзнікла ў палеаліце як універсальная прылада для апрацоўкі дрэва, палявання і самаабароны (каменныя рубілы, нажы), потым як спец. ўдарная і кідальная зброя: дубіна, па́ліца (у т. л. бумеранг), кап ’ё з крамянёвым наканечнікам, прашча, бола. У канцы палеаліту з’яўляецца кап’якідалка, лук і стрэлы, каменная сякера, у неаліце — булава і кінжал, пазней — бярдыш, алебарда. Развіццё З. выклікала стварэнне засцерагальнага ўзбраення. З бронзавага веку пачалі вырабляцца бронз., пазней жал. мячы (гл. Меч), чаканы, коп’і і інш. У дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма выкарыстоўваліся кідальныя машыны (балісты, катапульты, франдыболы, брыколі), інш. аблогавая тэхніка. З 8 ст. качэўнікі прычарнаморскіх стэпаў карысталіся шабляй (на Русі вядома з 10 ст., з 19 ст. сталі выкарыстоўваць шашку). Да канца 14 ст. на Русі меч выцеснены шабляй, у Зах. Еўропе — шпагай. З вынаходствам пораху з’явілася агнястрэльная З. (з 11 ст. ў Кітаі, з 12 ст. ў арабаў, з 14 ст. ў Зах. Еўропе, на Русі і Беларусі). Першыя яе ўзоры — араб. модфа, ручная пішчаль (ручніца), з 15 ст. аркебуза, з 16 ст. мушкеты, пісталеты. У 17 ст. ручная агнястрэльная З. аснашчана штыком. Да канца 17 ст. пашырылася гладкаствольная крамянёвая зброя. Наразное ружжо (штуцэр) вядома з 16 ст., аднак з-за цяжкасці вырабу наразная З. стала пашыранай толькі ў 19 ст. (вінтоўкі, карабіны). У сярэдзіне 19 ст. пачалі выкарыстоўвацца міны, потым тарпеды; у канцы 19 ст. з’явілася аўтам. З. — аўтам. пушкі, кулямёты і інш. У час рус.-яп. вайны 1904—05 пачалі выкарыстоўваць мінамёты, у 1-ю сусв. вайну — танкавыя, авіяц. і зенітныя пушкі, агнямёты, хім. З. (у 1915 хлор, у 1916 фасген, у 1917 іпрыт і ядавітыя дымы). У гады 2-й сусв. вайны ўпершыню выкарыстаны сав. рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша» (1941), ням. кіроўныя самалёты-снарады ФАУ-1 і ФАУ-2 (1944), амер. атамныя бомбы (1945). У 1950-я г. з’явілася ракетна-ядзерная зброя, у 1980—90-я г. касмічная зброя (у т. л. лазерная, пучковая, кінетычная, эл.-магн. выпрамянення, ЭМВ-зброя і інш.), працягвалася развіццё і звычайных відаў З. Для сучаснай З. характэрна паскоранае абнаўленне (цыклы замены ўзораў З. складаюць каля 10 гадоў). У стварэнні розных сістэм З. бралі ўдзел прамысл. прадпрыемствы і НДІ Беларусі.

Літ.:

Маркевич В.Е. Ручное огнестрельное оружие. СПб., 1994;

Жук А.Б. Стрелковое оружие. М., 1992;

Современное стрелковое оружие: Справ. пособие. Мн., 1997;

Разин Е.А. История военного искусства. (СПб.], 1994;

Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986.

Р.Ч.Лянькевіч, У.М.Сацута.

Некаторыя віды зброі (ад старажытнасці да 19 ст.): 1 — старажытнае кап’ё; 2 — каменная сякера; 3 — па́ліца; 4 — пума; 5, 6 — наканечнікі крамянёвы і бронзавы; 7 — рускі дроцік (суліца); 8 — лук усходні (мангольскага воіна); 9 — сякера вікінгаў; 10 — жалезная булава (пачатак н.э.); 11 — баявы молат (клявец) рыцара; 12 — грэчаскі меч; 13, 14 — рыцарскія меч і булава; 15 — рапіра; 16 — шпага; 17 — ручная бамбарда канца 14 ст.; 18 — куляўрына 15 ст.; 19 — еўрапейскі мушкет 16—17 ст. з кнотавым замком (унізе апора для стральбы); 20 — нямецкі мушкетон 1480 (прататып пісталета); 21 — рускі самапал (ручніца) 16—17 ст.; 22 — ручная марціра 1712; 23 — руская фузея 1723; 24 — багінет да фузеі; 25 — рускі трохгранны штык; 26 — драгунская вінтоўка Бердана 1870; 27 — капсульны рэвальвер Кольта 1835; 28 — вінтоўка Вінчэстэра 1895.
Некаторыя ўзоры стралковай зброі 20 ст.: 1 — рэвальвер Нагана 1910 (Бельгія); 2 — пісталет «Парабелум» 1908 (Германія); 3 — пісталет Маўзера 1920 (Германія); 4 — рэвальвер Сміта і Весана 1955 (ЗША); 5 — пісталет Берэты 1960-я г. (Італія); 6 — пісталет Браўнінга 1983 (Бельгія); 7 — пісталет-кулямёт «Узі» (Ізраіль); 8 — снайперская вінтоўка Драгунова 1963 (СССР); 9 — аўтаматычная вінтоўка «Галіл» (Ізраіль); 10 — аўтамат АКС-74У (Расія).

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)