КЫМГАНСА́Н (ад кар. кымган — алмаз + сан — гара),

Алмазныя горы, у паўночнай частцы Усх.-Карэйскіх гор, у КНДР. Даўж. каля 80 км. Выш. да 1638 м. Шэраг паралельных моцна расчлянёных ланцугоў. Каля 12 тыс. пікаў, іголак, слупоў і вежаў, лабірынтападобная сетка каньёнаў і вузкіх цяснін з рэкамі, сотні вадаспадаў. Складзены пераважна з гранітаў. Радовішчы руд вальфраму, малібдэну, нікелю, медзі, жалеза. На схілах дубовыя і мяшаныя лясы. Курорты. Турызм. Помнікі даўніны (25 будыйскіх манастыроў і інш.).

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПШЭРО́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

на зах. беразе Каспійскага м., у Азербайджане. Даўж. да 60 км, шыр. да 30 км. Усх. канцавая частка п-ва — Шахава каса. Хвалістая раўніна (выш. да 165 м) з гразевымі сопкамі і бяссцёкавымі катлавінамі, запоўненымі саланчакамі і салёнымі азёрамі, месцамі ўчасткі рухомых пяскоў. Радовішчы нафты і газу (гл. Бакінскі нафтагазаносны раён). Мінер. крыніцы. Пустынны клімат змякчаецца ўплывам мора. Расліннасць паўпустынная. Вінаграднікі і бахчавыя культуры на паліўных землях. Кліматычныя і бальнеалагічныя курорты. На паўд. ўзбярэжжы паўвострава г. Баку.

т. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСА́Н,

горад на ПдУ Паўд. Карэі, на беразе Карэйскага праліва. Адміністрацыйна прыраўнаваны да правінцыі. Ўзнік, верагодна, у першых ст. н.э. пад назвай Кая (Карак). 3830 тыс. ж. (2000). Найбуйнейшы порт краіны, вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. вытв-сць суднавых рухавікоў і аўтамабіляў; металургічная, ваенная, радыё- і эл.-тэхнічная, хім., тэкст., харч., буд. матэрыялаў. Метрапалітэн (з 1983). База рыбалоўства. 2 ун-ты. Музеі. Паблізу — АЭС, марскія курорты.

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ДЭНСКАЕ ВО́ЗЕРА (Bodensee),

у Еўропе, на мяжы Германіі, Швейцарыі і Аўстрыі. Размешчана на выш. 395 м. Пл. 538 км². Даўж. каля 63 км, шыр. 14 км, глыб. да 252 м. На ПнЗ разгаліноўваецца на 3 адасобленыя часткі (Іберлінгенскае, Ніжняе і Цэлерскае азёры). Запаўняе тэктанічную ўпадзіну, апрацаваную стараж. ледавіком. Берагі пераважна плоскія, узвышаныя, на ПдУ — высокія, скалістыя. Праз Бодэнскае возера цячэ р. Рэйн. Назіраюцца сейшы. Суднаходства, паромная пераправа. На берагах буйныя гарады і курорты: Констанц, Фрыдрыхсгафен, Ліндаў (Германія), Брэгенц (Аўстрыя). Запаведнікі.

Бодэнскае возера.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНЫЯ ГО́РЫ, Крушне-Горы (ням. Erzgebirge, чэш. Krušné hory). Размешчаны ўздоўж мяжы Германіі і Чэхіі, паўн.-зах. акружэнне Чэшскага масіву. Даўж. каля 150 км, выш. 1244 м. Складзены пераважна з крышт. парод, пясчанікаў, кангламератаў. Р.г. — тыповы горст са стромкімі паўд. і больш пакатымі паўн. схіламі. Хвалістая вяршынная паверхня з асобнымі базальтавымі астанцамі ўкрыта лугамі і тарфянікамі, у якую глыбока ўрэзаны лясістыя цясніны. На схілах выш. 800—900 м — мяшаныя лясы, вышэй — тарфянікі, лугі. Радовішчы руд вальфраму, вісмуту, цынку, бурага вугалю. Тэрмальныя крыніцы, курорты.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́РНЬ (Auvergne),

гістарычная правінцыя, эканам. раён у цэнтр. ч. Францыі. Уключае дэпартаменты Канталь, Пюі-дэ-Дом, Алье, Верхняя Луара. Гал. горад Клермон-Феран. Пл. 26 тыс. км². 1,3 млн. ж. (1982). Рэльеф горны, парэзаны далінамі рэк. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная жывёлагадоўля. У далінах вырошчваюць збожжавыя, цукр. буракі, бульбу, вінаград. З-ды па вытв-сці аўташын, станкоў, веласіпедаў, пластмас, перапрацоўцы с.-г. сыравіны (Клермон-Феран), чорная металургія (г. Манлюсон), тэкст., гарбарныя, папяровыя, сыраварныя, абутковыя прадпрыемствы. ГЭС. Курорты на базе мінер. крыніц (у т. л. Вішы).

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА (ням. Genfer See, франц. Lac Léman),

Леман, возера ў Швейцарыі і Францыі, у міжгорнай упадзіне паміж Зах. Альпамі і Юрой, на выш. 372 м. Пл. 582 км², даўж. 72 км, шыр. 14 км, глыб. да 310 м. Берагі стромкія. На З да Ж.в. падыходзяць узгорыстыя перадгор’і, на У — скалістыя горы. Па паходжанні Ж.в. — канцавы басейн аднаго з рукавоў вял. Ронскага ледавіка. Цераз возера цячэ р. Рона. Сцёк рэгулюецца плацінай. На швейцарскім беразе гарады Жэнева, Лазана, курорты Веве, Мантро, рэзерват Гранжэт; на франц. — курорт Эвіянле-Бэн і інш. Суднаходства. Турызм.

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДО́ПЫ, Радопскія горы. На У Балканскага п-ва, у Балгарыі і Грэцыі. Даўж. каля 240 км, выш. да 2191 м (г. Галям-Пералік). Складзены з шэрагу масіваў, якія паступова паніжаюцца на У. Для Зах. Р. характэрны паверхні выраўноўвання, над якімі ўзвышаюцца асобныя кражы; ва Усх. Р. пераважаюць сярэдне- і нізкагор’і. Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў, крышт. і вулканічных парод. На паўн. схілах — гаі шыракалістых і хваёвых лясоў, субальпійскія лугі, на паўд. — міжземнаморскія хмызнякі. Радовішчы жал. і свінцова-цынкавых руд. Вадасховішчы. Мінер. крыніцы, курорты (Пампорава, Велінград, Нарэчанскі-Бані і інш.). Некалькі рэзерватаў (у Балгарыі).

т. 13, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІЯ КАРПА́ТЫ,

найбольш высокая і шырокая ч. горнай сістэмы Карпат на тэр. Чэхіі, Славакіі, Польшчы і Венгрыі. Даўж. каля 400 км, шыр. больш за 200 км. Хрыбты і ізаляваныя масівы накіраваны з ПдЗ на ПнУ. На Пн вылучаюць сярэдневышынныя хр. Зах. Бяскідаў, у цэнтр. частцы — высока- і сярэднягорныя масівы Татры (найб. выш. 2655 м, г. Герлахоўскі-Шціт), Нізкія Татры, Вял. Фатра, на Пд — сярэдневышынныя масівы з плоскімі вяршынямі Славацкіх Рудных гор, Шцяўніцкіх гор, Бюк, Матра і інш. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў, на Пд таксама і вулканічных парод. Мяшаныя і хваёвыя лясы, горныя лугі. Татранскі нац. парк, запаведнікі, курорты, турызм, зімовыя віды спорту.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛЬСКІ ПЕРАШЫ́ЕК.

Паміж Фінскім зал. Балтыйскага м. і Ладажскім воз., у Ленінградскай вобл. Расіі. Сярэдняя выш. да 50 м, найбольшая — да 173 м (Лембалаўскае ўзв.). Пераважае градавы рэльеф. Складзены на Пн з гранітаў і гнейсаў, у цэнтры і на Пд — з ледавіковых і азёрна-ледавіковых адкладаў. Пераразае р. Вуокса; шматлікія азёры ледавіковага паходжання. Пераважаюць хваёвыя лясы. На К.п. — гарады Выбарг, Прыазёрск, Усевалажск; на ўзбярэжжы Фінскага зал. — дачныя пасёлкі і курорты. Турызм.

З канца 9 ст. К.п. — частка тэр. Русі. У пач. 17 в. захоплены Швецыяй. У 1721 адышоў да Расіі. У 1918—40 большая яго ч. ў складзе Фінляндыі. Пасля сав.-фінл. вайны 1939—40 паводле мірнага пагаднення ад 12.4.1940 адышоў да СССР.

т. 8, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)