крыягене́з

(ад крыя- + -генез)

сукупнасць фізічных, хімічных, біяхімічных і іншых працэсаў, якія адбываюцца ў межах крыясферы і суправаджаюцца ўтварэннем лёду.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

крыягідра́т

(ад крыя- + гідрат)

сумесь крышталёў лёду і крышталёў солей, якая растапляецца з утварэннем раствору таго самага складу, што і сумесь.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

крыятурба́цыя

(ад крыя- + лац. turbatio = сумятня, бязладдзе)

формы складання горных парод, якія маюць у разрэзе выгляд завіхрэнняў, выгінаў, кольцаў і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

крыяскапі́я

(ад крыя- + -скапія)

метад вызначэння малекулярнай вагі растворанага рэчыва па паніжэнню пункта замярзання раствору ў параўнанні з пунктам замярзання чыстага растваральніку (параўн. эбуліяскапія).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

крыялі́т

(ад крыя- + -літ)

мінерал класа фтарыдаў белага, бурага або жаўтаватага колеру з шкляным бляскам; штучны к. выкарыстоўваецца ў металургіі алюмінію і для атрымання эмалей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

крыяфі́лы

(ад крыя- + -філ)

арганізмы (аднаклетачныя водарасці, некаторыя чэрві і насякомыя), якія жывуць на паверхні лёду і снегу, у вадзе, што прапітвае лёд (параўн. тэрмафілы).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

крыяэлектро́ніка

(ад крыя + электроніка)

раздзел электронікі, звязаны з даследаваннем узаемадзеяння электрамагнітнага поля з электронамі ў цвёрдых целах пры вельмі нізкіх тэмпературах і стварэннем электронных прыбораў на аснове гэтых цел.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КРЫЯГЕ́ННАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна тэхнікі, звязаная з атрыманнем, захоўваннем і выкарыстаннем крыягенных т-р (ніжэй за 120 К; гл. Нізкія тэмпературы). Да сродкаў К.т. адносяцца ўстаноўкі і апараты для звадкавання газаў (азоту, кіслароду, вадароду, гелію і інш.) і раздзялення ізатопаў і газавых сумесей нізкатэмпературнымі метадамі, крыягенныя вакуумныя помпы, ёмістасці для захоўвання і транспарціроўкі звадкаваных газаў (Дзьюара пасудзіны, крыястаты, крыярэфрыжэратары і інш. халадзільныя машыны).

Сродкі і метады К.т. выкарыстоўваюцца ў касм. і ракетнай тэхніцы (стварэнне глыбокага вакууму для касм. трэнажораў і аэрадынамічных труб, атрыманне крыягеннага паліва і акісляльнікаў для ракетных рухавікоў), энергетыцы (звышправодныя крыягенныя генератары, электрарухавікі, трансфарматары, кабелі, устройствы для атрымання звышмагутных магнітных палёў — звышправодныя магніты, саленоіды), электроніцы і вылічальнай тэхніцы (сродкі крыяэлектронікі, квантавыя ўзмацняльнікі і генератары, крыятроны на аснове звышправодных элементаў для апрацоўкі і запамінання інфармацыі, крыя-ЭВМ), медыцыне (сродкі крыятэрапіі. крыяхірургічныя інструменты, сродкі кансервацыі крыві, тканак і інш.), біялогіі (гл. Крыябіялогія), навуцы (прылады крыяскапіі, пузырковыя камеры, прыёмнікі інфрачырвонага выпрамянення), металургіі, сельскай гаспадарцы, харч. прам-сці і інш.

На Беларусі праблемамі К.т. займаюцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Фастовский В.Г., Петровский Ю.В., Ровинский А.Е. Криогенная техника. 2 изд. М., 1974;

Околотин В.С. Сверхзадача для сверхпроводников. М., 1983.

В.​У.​Гіль.

Да арт. Крыягенная тэхніка. Схема атрымання крыягенных (ніжэй за 120 К) тэмператур: 1 — пасудзіна Дзьюара; 2 — кандэнсатар; 3 — кампрэсар; 4 — цеплаабменнік; 5 — турбадэтандэр.

т. 8, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)