вырабы 10—18 ст. з мясц. гліны, знойдзеныя ў час археал. раскопак у Віцебску.
Вырабы 10 — 1-й пал. 14 ст. (гаршкі, міскі) таўстасценныя, арнаментаваныя рэльефнымі ямкамі, касымі насечкамі, хвалістым малюнкам, лінейным рыфленнем, кальцавымі і спіральнымі налепамі. Кераміка 2-й пал. 14 — 1-й пал. 16 ст. (збаны, спарышы, макотры, накрыўкі) вызначаецца большай разнастайнасцю формаў і тонкімі сценкамі. У 2-й пал. 16—17 ст. посуд рабілі на нажным ганчарным крузе, знутры вырабы пакрывалі зялёнай і жоўтай глазурай, звонку дэкарыравалі ангобам або рэльефным (лінейным ці хвалістым) арнаментам. У 17 ст. значна пашырыўся асартымент (глякі, талеркі, кубкі, малочнікі, чайнікі і інш.), выкарыстоўвалася падглазурная ангобная размалёўка, арнаменты ў выглядзе ліній, салярных знакаў, кветак, кропак выконвалі карычневым і белым колерамі на зялёным і жоўтым фонах. Вырабы 18 ст. арнаментаваны менш, формы посуду спрошчаны, размалёўвалі толькі міскі і талеркі, выкарыстоўвалі пераважна аднаколерную паліву, якая пакрывала сценкі знутры і звонку. Гліняныя падсвечнікі, цацкі, люлькі і інш. прадметы хатняга ўжытку таго часу дэкарыраваны рэльефнымі арнаментамі, разеткамі.
В.М.Ляўко.
Віцебская кераміка. Уверсе: гаршчок, 14 ст. (злева); гляк, 15 ст.Унізе: паліваная пасудзіна для спецый, 16 ст. (злева); фрагмент размаляванай паліванай міскі, 16—17 ст. (у цэнтры); паліваная чарніліца, 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы 15—20 ст. з г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Як цэнтр ганчарнага рамяства Мір вядомы з 15 ст. Выраблялі на ганчарным крузе гаршковую кафлю, якая ў канцы 15 ст. трансфармавалася ў місачную (гл.Мірская кафля). Адначасова развівалася вытв-сцьбыт. керамічнага посуду з ангобнай размалёўкай і штампаваным арнаментам (з 17 ст. існаваў ганчарны цэх). Асабліва пашырылася ганчарства ў канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі чарнаглянцавы, гартаваны (рабы, абварны), светлагліняны паліваны посуд (гаршкі, глякі, збанкі, міскі, слоікі, цёрлы, спарышы, бабачнікі), утылітарна-маст. вырабы (вазы, вазоны, попельніцы, упрыгожаныя лепкай, фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, мядзведзяў, бараноў), дзіцячыя цацкі. Посуд вызначаецца простымі выразнымі формамі, падкрэсленымі палівай зялёнага ці карычневага колераў, гладкімі і хвалістымі паяскамі белага ангобу на плечуках. Чарнаглянцавыя вырабы аздаблялі дэкорам у выглядзе рамбічнай сеткі. З 1980-х г. промысел не існуе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВЯНЕ́ЦКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя вырабы гасп. і дэкар. прызначэння з г.п. Івянец (Валожынскі р-н Мінскай вобл). Промысел вядомы з 16 ст. Выраблялі кухонны і сталовы посуд (тэракотавы, чорназадымлены, глазураваны) шырокага асартыменту, тэракотавую і паліваную кафлю з рэльефнымі расліннымі, зааморфнымі і геральдычнымі выявамі. Асаблівага развіцця І.к. дасягнула ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі працавалі майстэрні па вытв-сці посуду і кафлі, значна пашырыўся асартымент вырабаў (цукарніцы, чайнікі, маслёнкі, вазы, попельніцы, падсвечнікі і інш.). Выраблялі пераважна посуд, глазураваны празрыстай палівай, пад якую наносілі ангобную размалёўку карычневага ці белага колеру ў выглядзе прамых і хвалістых паяскоў, хваёвых лапак інш.геам. і раслінных матываў. У майстэрнях П.Лотыша, К.Дамброўскага, братоў Собаляў выраблялі глазураваную манахромную (жоўтую, карычневую, белую, зялёную) кафлю з рэльефнымі матывамі раслін, кветак, адвольных кампазіцый у стылі мадэрн, а таксама карнізы для печаў, цацкі і інш. У 1960 на базе арцелі імя Дзяржынскага была створана ф-камаст. керамікі і вышыўкі (з 1979 з-д маст керамікі). Посуд мяккіх круглаватых форм, аздоблены гладкімі і расчасанымі хвалістымі палосамі ангобнага дэкору (фляндроўкай), фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, бараноў, зуброў, утылітарна-дэкар. вырабы, дробная пластыка карысталіся шырокай папулярнасцю, экспанаваліся на айч. замежных выстаўках, экспартаваліся ў многія краіны. І.к. 1980—90-х г. — штампаваныя і літыя вырабы гасп. і дэкар.-маст прызначэння.
Літ.:
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 6 Мн., 1994;
Сахута Я. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ КЕРА́МІКА,
матэрыялы і вырабы з керамікі, якія выкарыстоўваюцца ў буд-ве. Да будаўнічай керамікі адносяць сценавыя матэрыялы (цэгла, керамічны камень), матэрыялы для аздаблення фасадаў і ўнутр. паверхняў будынкаў (гл.Аддзелачныя матэрыялы), дахавыя матэрыялы (чарапіца), сан.-буд. вырабы, керамічныя трубы, кіслота- і вогнетрывалыя вырабы (абліцовачныя пліты, вогнетрывалая цэгла і інш.), вырабы спец. прызначэння (клінкер, камень для падземных збудаванняў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы рамеснікаў з г. Магілёў канца 15 — пач. 20 ст. Выраблялі посуд, цацкі і інш. прадметы хатняга ўжытку. У канцы 15—16 ст. гаршкі з прамой шыйкай і косым ці закругленым краем венчыка, макотры аздаблялі хвалістым арнаментам, наколкамі, насечкамі. Традыцыі арнаментацыі непаліваных гаршкоў захоўваліся да 17—18 ст. З 16 ст. пашырылася вытв-сць паліванай і чорназадымленай керамікі. У 17—18 ст. выраблялі гаршкі, кубкі, куфлі, міскі, паўміскі, збаны, макотры, глякі, талеркі. Паліваны посуд (міскі і талеркі) упрыгожвалі арнаментам у выглядзе кругоў і кветак, збаны з вял. ручкай — адбіткам пальцаў на яе краях і арнаментам у выглядзе наляпных кветак на плечуках, куфлі — выявамі гар. герба і пакрывалі зялёнай палівай. У 2-й пал. 17—18 ст. выраблялі посуд (талеркі, збаны), аздоблены ангобнаю размалёўкаю (геам. і расл. арнамент). Выраблялі таксама кафлю (гл.Магілёўская кафля), дзіцячы посуд (кубачкі, талерачкі), падсвечнікі, рукамыйнікі, цэглу-пальчатку, непаліваную (плоскую і паўцыркульную) і паліваную зялёную дахоўку, магчыма, чорназадымленыя і паліваныя люлькі.
А.А.Трусаў, Н.І.Здановіч.
Да арт.Магілёўская кераміка. Талерка. 2-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы з в. Крэва Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Промысел вядомы з 14 ст.Найб. развіцця дасягнуў у 19—1-й пал. 20 ст. Вылепленыя вырабы дапрацоўвалі на ручным ганчарным крузе з наступным гартаваннем або дымленнем; у 20 ст. посуд рабілі на нажным крузе і глазуравалі, часам аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай у выглядзе простых расл. матываў. Посуд вызначаецца ўстойлівымі формамі, выразным S-падобным профілем сценак. З 1950-х г.быт. глазураваныя вырабы нешырокага асартыменту вырабляе кафляны цэх Астравецкага камбіната буд. матэрыялаў (Гродзенская вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы канца 15—20 ст. з г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 16—18 ст. рабілі гасп. посуд, кафлю (гл.Копыская кафля). Асаблівага развіцця К.к. дасягнула ў 19—1-й пал. 20 ст. У Копысі працавала каля 20 ганчарных заводаў, дзе выраблялі белагліняны паліваны посуд (збаны, гаршкі, слоікі, міскі і інш.) мяккіх акруглых форм. Вырабы аздаблялі прамымі і хвалістымі ціснёнымі паяскамі на плечуках пасудзін, налепамі, зашчыпамі па краях, падцёкамі карычневай або зялёнай палівы. Выраблялі таксама талеркі, вазы, кубкі, хлебніцы, чарніліцы, шкатулкі, пісьмовыя прылады, попельніцы з фігурамі львоў, мядзведзяў і інш., якія ўпрыгожвалі рэльефным раслінным і анімаліст. дэкорам, пажадальнымі надпісамі, пакрывалі рознакаляровай палівай. У 1920—30-я г. была пашырана вытв-сць настольнай дробнай пластыкі. Сярод майстроў А.Верамееў, В.Чабатароў, А.Чорцікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
вырабы ганчароў 12—19 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 12—13 ст. выраблялі гаршкі з канаўкай на ўнутр. паверхні, аздобленыя на плечуках хвалістым арнаментам, насечкамі і наколкамі (такі дэкор захоўваўся да 15 ст.). Посуд 12—15 ст. меў на донцах клеймы ў выглядзе крыжоў, кругоў, ромбаў, трохвугольнікаў і інш. Посуд канца 16—пач. 18 ст (гаршкі, кубкі, куфлі, збаны, глякі, рынкі, талеркі, міскі) звонку і знутры пакрывалі зялёнай і карычневай палівай, аздаблялі шматрадковым лінейным або хвалістым узорам, радзей штампам, часам упрыгожвалі налепамі ў выглядзе кветак; выраблялі таксама чорназадымлены посуд. У 15—18 ст. рабілі і гартаваны посуд. З сярэдзіны 17—18 ст. выраблялі талеркі, паўміскі, збаны, куфлі, размаляваныя расл. арнаментам, паліваныя падсвечнікі, рукамыі, магчыма, люлькі, а таксама цэглу-пальчатку. Да канца 19 ст. асартымент вырабаў звузіўся і вытв-сць М.к. заняпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя вырабы ганчароў 11—18 ст. з Мінска. У 11—15 ст. выраблялі гасп. посуд: гаршкі з накрыўкамі, патэльні, збаны, якія фармавалі з мясц. чырвоных глін на ручным ганчарным крузе прыёмамі спіральнага або кальцавога налепаў. У гліняную масу ў якасці дамешкаў дадавалі буйназярністы пясок, жарству, шамот. Вырабы ўпрыгожвалі сціплым геам. узорам у выглядзе хвалі, зігзага, насечкі, ямкі або лінейнага рыфлення (узор наносілі вострымі прадметамі пасля фармоўкі). Некат. вырабы гартавалі. У 2-й пал. 16—17 ст. посуд фармавалі на нажным ганчарным крузе тэхнікай выцягвання. Значна пашырыўся асартымент: выраблялі кафлю, дахоўку, цэглу, пліткі для падлогі, чорназадымлены і гартаваны посуд (макотры, міскі, талеркі, збаны, кубкі). Для аздаблення ўжывалі пераважна зялёную і жоўта-карычневую паліву. Часта перад глазураваннем посуд грунтавалі ангобам. Больш разнастайнай стала арнаментыка (пераважалі геам. і расл. ўзоры), тэхніка нанясення арнаменту: разам з графічным узорам існавала падглазурная размалёўка ангобам на кубках, збанах, талерках, місках. У дэкоры выкарыстоўвалі штампікі, пуансоны, зубчатыя колцы. Некат. вырабы аздаблялі накладным дэкорам у выглядзе шляка, карніза, разеткі. Вырабы 2-й пал. 18 ст. больш простыя па форме і аздабленні (адсутнічае накладны дэкор, штампаваны ўзор); выкарыстоўвалі глухія эмалі, пашырана размалёўка фарбамі па эмалях.