Ка́ня1 ’драпежная птушка (Buteo) сямейства ястрабіных’ (ТСБМ, Мядзв., Маш., Дразд., Гарэц.), ’каршун, Milvus’ (Маш.), ’кнігаўка, Vanellus vanellus’ (ТСБМ; в.-дзвін., бярэз., рас., Сл. паўн.-зах.), ’чапля, Ardea cinerea’ (тураў., КЭС; Маш., ТС), канюк, канюка ’каршун чырвоны’ (Дразд., ТС); ’каня’ (маст. Сл. паўн.-зах.), канюх ’каршун’ (ТСБМ, чэрв. Сл. паўн.-зах., Др.-Падб.), ка́нюх ’тс’ (Бяльк., Гарэц.). Прасл. kanʼa, kanʼukъ (гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 142–143). Лексемы маюць гукапераймальнае паходжанне — паводле своеасаблівага манатоннага піску. Адсюль і дзеяслоў канькаць ’выпрошваць са слязьмі, дакучліва прасіць, паўтараць адно і тое ж’ (ТСБМ, Янк. 1, Гарэц.; полац. Нар. лекс.), канькъць ’тс’ (Бяльк.; ушац., Нар. сл.).

Ка́ня2 ’грыб: варона, капялюх’ (беласт. Жыв. сл.) < польск. kania ’грыб-паразіт’. Слаўскі (2, 44) адносіць гэту лексему ў рад іншых, якія абазначаюць драпежных істот і расліны-паразіты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ско́мліць ‘нудзець, енчыць, ныць’ (Сл. рэг. лекс.; зэльв., Нар. лекс.), скі́млыты ‘цішком плакаць ад крыўды’ (драг., Нар. словатв.), скомлы́ты, скы́млыты ‘скуголіць, енчыць ад непапраўнага гора’ (пін., Нар. лекс.; драг., З нар. сл.). Параўн. укр. скі́млити ‘ныць; ціха жаласна плакаць’, рус.-ц.-слав. скомълати ‘бурчаць’, рус. дыял. скомли́ть ‘тс’, польск. skomleć ‘скавытаць, скуголіць, канькаць’, чэш. skomliti ‘быць’, в.-луж. skomlić ‘бурчаць’, н.-луж. skomliś ‘скавытаць, бурчаць’, славен. skomljati ‘стагнаць, скардзіцца; нудзіцца . Прасл. *skomъliti, хутчэй за ўсё, гукапераймальнага паходжання. Можа быць звязана з скома ‘аскома’, скоміць ‘скрыпець’ (гл.), параўн. Праабражэнскі, 2, 304–305; Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 243; Фасмер, 3, 649. Іншыя меркаванні гл. Бязлай, 3, 245 (праз рухомае s‑ зводзіць да рус. комить ‘сціскаць’ і далей да роднаснага літ. kamúoti ‘мучыць, пазбаўляць сілы’), Шустар-Шэўц, 1292–1293 (звязвае з *komarъ, гл. камар), Махэк₂, 547 (кантамінацыя асноў *skol‑, што да літ. skãlyti ‘завываць’ і *skom‑, гл. скома), да якога далучаецца ЕСУМ, 5, 273.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́ліць, му́ляць, драг. му́лятэ ’церці, націскаць, рэзаць цвёрдым скуру, цела’, ’пашкоджваць нагу, бок’, ’не цярпецца’, ’прычыняць боль’, ’ціснуць’, ’непакоіць, дакучаць’, ’назаляць, перашкаджаць’, му́ліцца ’не хацець, не адважвацца, адчуваць няёмкасць’, ’націраць’, му́ляцца ’ціснуць’, ’мяцца, праяўляць нерашучасць’ (ТСБМ, Нас.; Яруш., Шпіл., Шн. 2, Др.-Падб., Гарэц., Грыг., Растарг., Шат., Касп., Бяльк., Мат. Маг., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), му́ляяцца ’вельмі хочацца’ (Шат.), му́ліць ’настойліва прасіць’ (КЭС, лаг.). Укр. му́лити, рус. му́лить, му́леть ’ціснуць’, польск. mulać ’муліць’, славен. múliti ’церці, прытупляць, абсоўваць, сашморгваць лістоту з галін’, muljȃva ’мяккая, маладая трава’, múlica ’колас без зерня’, múl, múlast ’лабаты’, ’безбароды’, серб.-харв. му̏љати ’размінаць вінаград’, ому́лити се ’адвязацца’, балг. шму́ля ’рваць фрукты з дрэва разам з лістамі, матлашыць’. Прасл. muliti (Трубачоў, О составе, 181). Роднаснымі з’яўляюцца: літ. šmùlas, лат. šmauls ’бязрогі, лысы’, а таксама бел. шмуляць, шмуляцца. Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 193) у якасці дадатковых «пучкоў» лексічных ізаглос прыводзіць рус. му́ліць ’выпрошваць’ і літ. maũlytiканькаць, надакучліва прасіць’, што семай ’шматразовае паўтарэнне дзеяння’ збліжаецца з му́ліць ’націскаць, нарэзваць’. Гэтак жа і ЕСУМ, 3, 532–533.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)