РАДЫЁРЭЛЕ́ЙНАЯ ЛІ́НІЯ сувязі,

сукупнасць тэхн. сродкаў і асяроддзя распаўсюджвання радыёсігналаў для забеспячэння радыёрэлейнай сувязі. Бывае аналагавая і лічбавая, стацыянарная і рухомая, адна- і многапралётная.

Стацыянарная многапралётная Р.л. будуецца ў выглядзе ланцуга прыёмна-перадавальных радыёстанцый (радыёрэлейных станцый; РРС), устаноўленых у межах прамой бачнасці (найб. пашырана). Для павышэння далёкасці сувязі паміж РРС іх антэны ўстанаўліваюць на мачтах (вежах) і на ўзвышаных месцах. Існуюць таксама трапасферныя Рл. у якіх выкарыстоўваецца адбіццё радыёхваль ад ніжняй мяжы трапасферы. Многапралётная Р.л. мае 2 канцавыя і шэраг прамежкавых і вузлавых РРС. Аднапралётная Р.л. ўтвараецца з 2 канцавых РРС, часта бывае рухомая і служыць, напр., для перадачы тэлевізійных праграм з рухомай тэлевізійнай станцыі на тэлецэнтр. Стацыянарныя аднапралётныя Р.л. служаць для арганізацыі сувязі праз перашкоды, напр., рэкі, а таксама для ўтварэння «ўставак» у магістральныя кабельныя, у т. л. валаконнааптычныя, лініі сувязі.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІНІ́ЗМ,

слова ці выраз, што перайшлі з лацінскай мовы як запазычанні ці ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтакс. калек. У ранні перыяд развіцця бел. мовы гал. роля ва ўзбагачэнні яе тэрміналогіі Л. належала польскай мове, з 2-й пал. 16 ст. ў сувязі з пашырэннем на тэр. Беларусі грамадскіх і культ. функцый лац. мовы Л. запазычваліся і непасрэдна праз пісьмовую і вусную мовы. У 14—18 ст. Л. значна папоўнілася бел. грамадска-паліт., юрыд., канцылярская («депутатъ», «статутъ», «секретаръ») і сац.-эканам. («аренда», «сума») лексіка, атрымала новыя сродкі выражэння тэрміналогія навукі, л-ры, мастацтва («веригъ», «нота», «студентъ»). Многія старыя Л. захаваліся ў бел. мове да нашага часу. У 19—20 ст. крыніцай Л. для бел. мовы стала рус. мова, з якой запазычваюцца пераважна інтэрнацыяналізмы («інфляцыя», «эвалюцыя»). Спецыфічная прыкмета Л. — канцавыя спалучэнні «-ум» («пленум»), «-ус» («корпус»), «-ент» («апанент»), «-цыя» («градацыя»), «-тар» («экватар») і інш.

Літ.:

Булыка АМ. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.

А.​М.​Булыка.

т. 9, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТАЎКА (Melampyrum),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найчасцей трапляюцца братаўка дуброўная, або Іван-ды-Мар’я (M. nemorosum), братаўка польская (M. polonicum) і братаўка лугавая (M. pratense); растуць у лясах, хмызняках, на палянах, лугах і балотах. Больш рэдкія віды: братаўка грабеньчатая (M. cristatum), трапляецца на поймавых лугах і ў хмызняках; братаўка лясная (M. sylvaticum) — у лясах пераважна ў паўн. і зах. раёнах; братаўка палявая (M. arvense) — рэдкая занесеная расліна, расце каля дарог і на палях.

Аднагадовыя травяністыя паўпаразітныя расліны з прамастойным простым або разгалінаваным сцяблом і слаба развітым коранем, на якім размешчаны гаўсторыі. Лісце супраціўнае ці амаль супраціўнае, ад лінейнага да лінейна-яйцападобнага, суцэльнае і суцэльнакрайняе. Кветкі жоўтыя, ружовыя або белаватыя, размешчаны па адной у пазухах буйных лістападобных, часта ярка афарбаваных прыкветкаў, сабраны ў канцавыя гронка- ці коласападобныя суквецці. Плод — сціснутая з бакоў каробачка з 2 створкамі. Дэкар., лек., меданосныя і ядавітыя (насенне мае ядавітыя алкалоіды і гліказід рынанцін) расліны; некаторыя віды — пустазелле.

Братаўка: 1 — лугавая; 2 — дуброўная.

т. 3, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКА́ЛА-АМУ́РСКАЯ МАГІСТРА́ЛЬ (БАМ),

чыгунка ў Расіі; 2-і (пасля Транссібірскай чыгункі) больш кароткі чыгуначны выхад да Ціхага акіяна. Праходзіць праз Іркуцкую, Чыцінскую, Амурскую вобл., Хабараўскі край, рэспублікі Бурацкую і Саха (Якуція). Буд-ва пачалося ў 1930-я г., спынена ў 1961 у сувязі з ліквідацыяй БАМлага. З 1972 пачалася рэканструкцыя ўчастка БАМ (цяпер Бамаўская—Тында). У 1974—80 распачата буд-ва на зах. напрамку ад Камсамольска-на-Амуры і Ургала, на зах. і ўсх. напрамках ад Тынды, на ўсх. — ад Усць-Кута і Северабайкальска. У 1981—84 на некаторых участках адкрыты рабочы рух, асобныя канцавыя ўчасткі здадзены ў эксплуатацыю. У 1989 завершаны ўвод у эксплуатацыю ўсёй магістралі. 1.1.1981 створана Байкала-Амурская чыгунка з 3 аддзяленнямі — Паўн.-Байкальскім, Тындзінскім і Ургальскім. Агульная даўжыня гал. пуці БАМа больш за 3 тыс. км. На гэтым шляху пабудавана больш за 60 гарадоў і пасёлкаў, 200 станцый і раз’ездаў, больш за 4 тыс. мастоў і інш. збудаванняў, 9 тунэляў, у т. л. Паўн.-Муйскі даўж. 15,3 км. З Транссібірскай чыгункай БАМ злучаны 3 чыг. лініямі: БАМ — Тында, Вапняковая — Ургал, Валачаеўка — Камсамольск. Прадстаўнікі Беларусі будавалі на БАМе Муякан і самы паўн. ўчастак Тында—Беркакіт. Гл. схему.

С.​А.​Казак-Антаневіч.

т. 2, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭВАРЭ́ЗАЛЬНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент для мех. апрацоўкі натуральнай драўніны і драўняных матэрыялаў рэзаннем. Складаецца з рэзальнай часткі (робіцца са зносаўстойлівых інструментальных сталей, цвёрдых сплаваў, абразіўных матэрыялаў) і мацавальнага прыстасавання (для замацоўвання на дрэварэзальных станках або ўтрымлівання ў руках). Бывае ручны, механізаваны і станочны.

Ручны Д.і. — пілы (лучковыя, двухручныя, нажоўкі), стругі (рубанкі, фуганкі, цыклі), долаты, свердлы, ручныя дрылі, корбы, сякеры, стамескі, штыхелі і інш. З’яўляецца часткай сталярна-цяслярнага інструменту. Механізаваны Д.і. — ручны інструмент з ал., пнеўматычным і інш. прыводам (эл. і бензінавыя ланцуговыя пілы, пнеўма- і электрадрылі, электрарубанкі і інш.). Станочны Д.і. — пілы (у выглядзе палатна, стужкі, дыска, цыліндра, устанаўліваюцца на распіловачных станках); фрэзы (насадныя і канцавыя, суцэльныя, састаўныя і зборныя), нажы стругальныя, лушчыльныя і інш., разцы такарныя (на фрэзерных, стругальных, лушчыльных, рубільных, такарных станках); свердлы, зенкеры, долаты, а таксама цыліндры, дыскі, бясконцыя стужкі з абразіўнай шкуркай, паліравальныя барабаны з абразіўнай пастай (на свідравальных, даўбёжных, шліфавальных і паліравальных станках).

Літ.:

Грубе А.Э. Дереворежущие инструменты. 3 изд. М., 1971;

Амалицкий В.В., Санев В.И. Оборудование и инструмент деревообрабатывающих предприятий. М., 1992.

А.​А.​Барташэвіч.

Станочны дрэварэзальны інструмент: 1, 2 — круглая (дыскавая) і паласавая (рамная) пілы; 3 — нож для стругання; 4—6 — цэльная, зборная і канцавая фрэзы; 7 — нож для фасоннага фрэзеравання; 8 — свердзел; 9 — свердзел, скамбінаваны з зенкерам; 10 — ланцуговае долата.

т. 6, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЭ́НА (ад франц. moraine),

марэнныя адклады, скопішчы несартаванага ці слабасартаванага абломкавага матэрыялу, які пераносіцца або адкладваецца ледавікамі і ўтварае марэнны рэльеф. Матэрыял М. складаецца з валуноў, глыб, галькі, жвіру, змешаных з пяском, алеўрытам і глінай. Характэрнымі літалагічнымі рознасцямі з’яўляюцца валунны супесак і валунны суглінак. Колер М. ад чырвона-бурага да зеленавата-шэрага з рознымі адценнямі. Грануламетрычны склад М.: фракцыя памерам больш за 1 мм — 7% (валуны, галька, жвір), 1—0,1 мм — 68% (пяскі, алеўрыт), менш за 0,01 мм — 25% (гліны). На Беларусі сярод валуноў пераважаюць метамарфічныя і магматычныя пароды (граніты, гнейсы, габра), прынесеныя ледавіком з Фенаскандыі. Галька і жвір часцей складзены з мясц. асадкавых парод (даламітаў, вапнякоў і інш.). У мінералагічным складзе пераважаюць ільменіт, амфіболы, гранаты, мінералы групы эпідоту, лейкаксен, рутыл, гідраксіды жалеза, гліністыя мінералы (гідраслюды, каалініт, мантмарыланіт і інш.).

Адрозніваюць М. сучасных рухомых ледавікоў і адкладзеныя. Рухомыя М. падзяляюцца на паверхневыя і ўнутраныя (уласцівыя далінным або міжгорным ледавіковым патокам) і донныя (трапляюцца ва ўсіх тыпах ледавікоў). Паверхневыя М. ўтвараюцца з абломкавага матэрыялу, знесенага са скалістых схілаў даліны або адкладзенага пры адтаванні з тоўшчы лёду. Па размяшчэнні на паверхні ледавіка вылучаюць бакавую і сярэдзінную М. Бакавая М. ўтварае валы ўздоўж 2 бакоў ледавіковага «языка». Пры зліцці ледавікоў бакавыя М. аб’ядноўваюцца ў адзін вал па сярэдзіне ледавіка — сярэдзінныя М. (можа быць некалькі). Унутраная М. ўключана ў тоўшчу лёду. Донная М. ўяўляе сабой адарваны ад ложа абломкавы матэрыял, заключаны ў прыдонных слаях лёду. Адкладзеная М. — найб. характэрны тып ледавіковых адкладаў, утвараецца з усіх тыпаў рухомых М. у час руху, прыпынку і канчатковага раставання ледавіка. Падзяляецца на асноўную, абляцыйную і канцавую. Найб. пашырана на тэрыторыях, якія перакрываліся ў антрапагенавы перыяд мацерыковымі льдамі. Асноўная М. — масіўная, радзей лускаватая ці плітчастая, мае абломкавы матэрыял, складае ў асн. раўніны і нізіны, дзе залягае ў выглядзе пластоў. Утвараецца пераважна з доннай М. Часта перакрыта тонкім слоем абляцыйнай М., або М. адтавання, якая ўзнікае ў стадыі дэградацыі ледавіка з унутранай М. і верхніх слаёў доннай М. Гэты тып М. пашыраны ў паласе развіцця форм рэльефу пасіўнага (мёртвага) лёду (камаў, озаў і іх масіваў). Канцавыя М. складаюцца з абломкавага матэрыялу, які намнажаўся ў франтальнай ч. ледавіка, дае часта перамяшаны прынесены і мясц. матэрыял. Назіраюцца дыслацыраваныя слаі парод, ёсць глыбы адорвеняў плейстацэнавых і даплейстацэнавых парод. Сярод іх часта ўтвараюцца напорныя М. Канцавыя М. складаюць узвышшы і канцова-марэнныя грады.

На тэр. Беларусі пашыраны плейстацэнавыя М. Яны адсутнічаюць у далінах рэк урэзаных у даплейстацэнавыя пароды і на невял. размытых участках на Пд краіны. Сярэдняя магутнасць М. аднаго зледзянення 5—30 м, макс. да 100 м. М. займаюць 50% аб’ёму плейстацэнавай тоўшчы, перамяжаюцца з інш. генетычнымі тыпамі адкладаў.

Яны з’яўляюцца рэльефа- і глебаўтваральнымі пародамі, адыгрываюць ролю маркіроўных гарызонтаў пры стратыграфічным расчляненні плейстацэнавых адкладаў, служаць водаўпорам для грунтавых і напорных вод і сыравінай для прам-сці буд. матэрыялаў.

А.​Ф.​Санько.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэцэ́птары

(лац. receptor = той, хто прымае)

канцавыя ўтварэнні аферэнтных нервовых валокнаў, які ўспрымаюць раздражненні са знешняга (экстэрарэцэптары) або ўнутранага (інтэрарэцэптары) асяроддзя арганізма і пераўтвараюць фізічную або хімічную энергію раздражняльнікаў у нервовыя імпульсы 2, што перадаюцца па чуллівых нервовых валокнах у цэнтральную нервовую сістэму; у залежнасці ад таго, на якія раздражняльнікі рэагуюць, падзяляюцца на барарэцэптары, механарэцэптары, тэрмарэцэптары, фотарэцэптары, хемарэцэптары.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПРЫМА́ТЫ (Primates),

атрад вышэйшых млекакормячых надатр. плацэнтарных. Вядомы з верхняга мелу (каля 130 млн. г. назад). Найб. стараж. прадстаўнікі — залямбдалестасы, ад якіх эвалюцыяніравалі лемурападобныя і тарзіпадобныя (продкі даўгапятаў) і ад якіх паходзяць шыраканосыя і вузканосыя малпы. 2 падатр.: паўмалпы і малпы. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных лясах Азіі, Афрыкі, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Жывуць на дрэвах, ёсць паўназемныя і наземныя формы. Большасць відаў актыўныя днём. Трымаюцца статкамі, радзей парамі ці паасобна. Згуртаванні П. маюць складаную арганізацыю і супадпарадкаванне. 69 відаў і падвідаў П. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. ад 13 см (лемуры мышыныя, ігрункі карлікавыя) да 200 см (гарыла), маса ад 60 г да 180 кг і больш (у няволі). Большасць П. маюць хвост. Валасяное покрыва развітое, у паўмалпаў — з падшэрсткам. У многіх П. поўсць і безвалосыя ўчасткі скуры ярка афарбаваныя. Вочы карыя або жоўтыя. Ва ўсіх малпаў канечнасці пяціпальцыя, добра развітыя, вял. пальцы ў многіх П. проціпастаўлены інш. пальцам. Іх канцавыя фалангі маюць ногці (акрамя тупайевых). Кара галаўнога мозга ў паўмалпаў з малой колькасцю барознаў і звілін, у малпаў (і чалавека) вял. паўшар’і мозга добра развітыя, са шматлікімі барознамі і звілінамі (акрамя ігрунковых). Зрок і слых развітыя, нюх рэдукаваны. Зрок пераважна бінакулярны, у малпаў і чалавека каляровы. Зубная сістэма гетэрадонтная (разцы, іклы, карэнныя); у большасці паўмалпаў і ўчэпістахвостых малпаў 36 зубоў, у вузканосых малпаў і чалавека — 32. Усёедныя. Размнажаюцца ўвесь год, нараджаюць звычайна 1 дзіцяня (у ніжэйшых — 2—3).

Літ.:

Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1989. Гл. таксама літ. да арт. Прыматалогія.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫШЧЭ́ПЛІВАННЕ,

перасадка часткі (чаранка) або пупышкі расліны (прышчэпка) на інш. расліну (прышчэпу); спосаб вегетатыўнага размнажэння. Пры П. камбіі прышчэпы і прышчэпка павінны шчыльна сумяшчацца, потым яны зрастаюцца, утвараючы цэльны раслінны арганізм. Выкарыстоўваюць для размнажэння пладовых, ягадных, дэкар. раслін, зберажэння дрэў, кара якіх пашкоджана, стварэння карлікавых форм. Вядома да 400 спосабаў П.; найб. пашыраныя: акуліроўка (П. пупышкай), капуліроўка (пры аднолькавай таўшчыні прышчэпы і прышчэпка), П. ў расшчэп, за кару, у бакавы зарэз, мосцікам (калі прышчэпа таўсцейшая за чаранок) і інш.

Пры П. ў расшчэп прышчэпу зразаюць пад пянёк, робяць расшчэп, у які ўстаўляюць з процілеглых бакоў па чаранку (сочаць, каб супадалі камбіяльныя слаі). П. за кару робяць у перыяд веснавога актыўнага руху сокаў, калі адстае кара. На прышчэпе робяць вертыкальны разрэз кары і аддзяляюць яе краі ад драўніны. На ніжнім канцы прышчэпка робяць касы зрэз і ўстаўляюць яго ўнутр разрэзу кары прышчэпы. Пры П. ў бакавы зарэз дасягаецца больш трывалае замацаванне прышчэпы з прышчэпкам. Зразаюць надземную ч. прышчэпы, робяць касы (пад вуглом 20—25°) зарэз. На ніжняй ч. прышчэпка з процілеглых бакоў робяць 2 зрэзы і ўстаўляюць яго ў разрэз на прышчэпе, пры гэтым сумяшчаюць камбіяльныя слаі. П. мосцікам выкарыстоўваецца для лячэння пашкоджаных штамбаў. На ствале вышэй і ніжэй пашкоджанага ўчастка робяць Т-падобныя разрэзы кары. На чаранках (павінны быць крыху даўжэйшыя за адлегласць паміж разрэзамі) выдаляюць пупышкі, робяць канцавыя касыя зрэзы ў адной плоскасці. Устаўляюць у разрэзы ніжнія канцы чаранкоў, замацоўваюць, потым дугападобна выгінаюць чаранкі і ўстаўляюць у разрэзы іх верхнія канцы.

Літ.:

Приусадебное плодоовощеводство. Мн., 1985;

Таранов В.В., Таранова Е.А. Садово-огородный участок: Справ. пособие. 2 изд. М., 1990.

Спосабы прышчэплівання: 1 — у расшчэп; 2 — у бакавы зарэз; 3 — за кару; 4 — мосцікам.

т. 13, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАД у мовазнаўстве,

частка слова, утвораная галосным гукам або яго спалучэннем з зычнымі на аснове злітнага з імі вымаўлення. У залежнасці ад прынцыпаў складападзелу існуе некалькі тэорый будовы С. У бел. мове складаўтваральныя галосныя «а», «э», «о», «у», «і», «ы» з адным («гэ», «ра»), двума («збы», «цаў»), трыма («стра», «сква», «клас»), чатырма («гвалт», «пстры») і большай колькасцю зычных, часам толькі галоснымі (акрамя «ы»): «у-бок», «а-сабліва», «і-мя». У слове бывае ад 1 да 6 і болей С. У вуснай мове пераважаюць словы больш кароткія па колькасці С. У бел. мове больш слоў 1- і 2-складовых. С. бываюць націскныя (вымаўляецца больш выразна і напружана, аднак сіла, працягласць, вышыня тону гучання не заўсёды мацней і даўжэй за ненаціскны) і ненаціскныя (пераднаціскныя: «па-ляў-нічымі», паслянаціскныя: «паляўні-чы-мі»). У слове з 5 і болей С. з націскам на 1-м С. ўзнікае пабочны націск на перадапошнім С. («вы-ра-та-ва-ны-мі»). Ад месца С. ў слове залежыць іх падзел на пачатковыя (характэрна большая гучнасць і разнастайнасць спалучэння зычных: «ка-валак»), канцавыя і неканцавыя («кло-паты»). У залежнасці ад месца галоснага С. бываюць адкрытыя (на канцы галосны: «два») і закрытыя (на канцы зычны: «дах»), непрыкрытыя (пачынаецца з галоснага: «эх») і прыкрытыя (пачынаецца з зычнага: «вугал»). Адкрытыя і закрытыя С. могуць быць прыкрытымі («мы», «дах») і непрыкрытымі («а», «іл»). Адкрытымі непрыкрытымі могуць быць толькі С., утвораныя адным галосным; найб. колькасць тыпаў С. — прыкрытыя. У бел. мове (у параўнанні з рус.) больш адкрытых і менш непрыкрытых С. Колькасцю С., вымаўленых за адзінку часу (секунду, мінуту), вымяраецца тэмп маўлення. Сярэдні тэмп маўлення на бел. мове — 3 С. ў секунду.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Г.​В.​Лосік.

т. 14, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)