МАКМІ́ЛАН, Мак-Мілан (McMillan) Эдвін Матысан (18.9.1907, Рэдонда-Біч, ЗША — 7.9.1991), амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1947). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1928). У 1933—73 у Каліфарнійскім ун-це ў Берклі (з 1946 праф.), адначасова ў Радыяцыйнай лабараторыі імя Э.​Лоўрэнса (у 1958—71 дырэктар). Навук. працы па адз. фізіцы і тэхніцы паскарэння элементарных часціц. Адкрыў першы штучны трансуранавы элемент — нептуній (1940; разам з Ф.​Эйблсанам) і плутоній (1940; разам з Г.Т.Сібаргам). Прапанаваў прынцып аўтафазіроўкі (1945) і пабудаваў электронны сінхратрон на 330 МэВ (1947). Нобелеўская прэмія 1951 (разам з Сібаргам).

т. 9, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́РАВІТЦ (Horowitz) Скот (н. 24.3.1957, г. Філадэльфія, ЗША),

касманаўт ЗША Д-р н. па аэранаўтыцы (1982). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1978), тэхнал. ін-т (штат Джорджыя, 1979). З 1992 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 22.2—9.3.1996 — на КК «Калумбія», 11—21.2.1997 — на КК «Дыскаверы», 19—29 5.2000 — на КК «Атлантыс» (як пілот) па праграме работ з Міжнар. касм. станцыяй (МКС), 10—22.8.2001 — на КК «Дыскаверы» (як камандзір) па праграме работ з МКС. У космасе правёў 47,4 сут. 4 медалі НАСА «За касмічны палёт».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 17, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ФЛІН (Laughlin) Роберт Бэтс (н. 1.11.1950, г. Вісейлія, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1990), Нац. АН ЗША (1994). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1972). З 1982 у Ліверморскай нац. лабараторыі імя Лоўрэнса, адначасова з 1985 у Стэнфардскім ун-це (з 1989 праф.). Навук. працы па тэорыі квантавага эфекту Хола, тэорыі квантавых вадкасцей, высокатэмпературнай звышправоднасці. Прапанаваў тлумачэнне (1983) эксперыментальна адкрытага ў 1982 Р.Штормерам і Д.Цуем дробавага квантавага эфекту Хола, заснаванае на пераносе эл. зараду квазічасціцамі з дробавым (​1/3 ад зараду электрона) эл. зарадам, які эксперыментальна зарэгістраваны (1997). Нобелеўская прэмія 1998 (разам з Г.​Штормерам і Д.​Цуем).

М.​М.​Касцюковіч.

Р.Лафлін.

т. 9, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУС СВО́ЙСКІ,

млекакормячае атр. зайцападобных. Паходзіць ад труса дзікага еўрапейскага. Вядома каля 60 парод, якія падзяляюцца на мяса-шкуркавыя (белы волат, венскі блакітны трус, матылёк, савецкая шыншыла, савецкі мардэр, серабрысты трус, чорна-буры трус, шэры волат і інш.), мясныя (новазеландскі белы, каліфарнійскі, блакітны беверэн, дацкі фламандскі волат) і пуховыя (пароды ангорская, белая пуховая). Вылучаюць пароды буйныя (больш за 4,5 кг), сярэднія (3—4,5 кг) і дробныя (менш за 3 кг).

Даўж. да 70 см. Афарбоўка шэрсці белая, блакітная, шэрая, карычневая, серабрыстая, чорная. Жывуць да 10 гадоў, гасп. выкарыстанне 1—1,5 года. Нараджаюць па 8 і больш дзіцянят 3—6 разоў за год.

т. 15, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЙНС (Pines) Дэвід (н. 8.6.1924, г. Канзас-Сіці, штат Місуры, ЗША),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША (1973), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1980). Замежны чл. Рас. АН (1988). Скончыў Каліфарнійскі (1944) і Прынстанскі (1948) ун-ты. З 1959 праф. Ілінойскага ун-та, з 1999 у Ін-це складаных адаптыўных асяроддзяў Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і плазмы, тэорыі ядра, квантавай тэорыі вадкасцей, астрафізіцы. Паказаў наяўнасць плазмонаў у металах (1953). Распрацаваў тэорыю рассеяння электронаў і дзірак на аптычных ваганнях крышт. рашоткі.

Тв.:

Рус. пер. — Проблема многих тел. М., 1963;

Элементарные возбуждения в твердых телах. М., 1965;

Теория квантовых жидкостей. М., 1967 (разам з Ф.​Наз’ерам).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 11, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЎЛІ (Hawley) Стывен Алан (н. 12.12.1951, г. Атава, ЗША),

касманаўт ЗША. Д-р філасофіі ў галіне астраноміі і астрафізікі (1977). Скончыў Канзаскі (1973) і Каліфарнійскі (г. Санта-Круз, 1977) ун-ты. У 1978—90 і з 1996 у атрадзе касманаўтаў НАСА (у 1987—90 нам. кіраўніка). З 1992 нам. дырэктара Касм. цэнтра імя Л.​Джонсана НАСА. Здзейсніў (як спецыяліст) 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 30.8—5.9.1984, 24—29.4.1990 і 11—21.2.1997 на КК «Дыскаверы», 12—18.1.1986 і 23—28.7.1999 на КК «Калумбія». У космасе правёў 32,1 сут. Залатыя медалі НАСА «За выдатнае кіраўніцтва», «За выдатныя заслугі» (2), «За выключныя заслугі» (2), «За касмічны палёт» (5).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПАЛА (Coppola) Фрэнсіс Форд (н. 7.4.1939, г. Дэтройт, штат Мічыган, ЗША),

амерыканскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Скончыў Каліфарнійскі ун-т. Паставіў фільмы «Хросны бацька I» (1972, прэмія «Оскар») пра гісторыю клана нью-йоркскай мафіі, які стаў сенсацыяй у сусв. кінамастацтве, і яго працяг «Хросны бацька II» (1974, прэмія «Оскар»), «Хросны бацька III» (1990). Адметнай антываен. стужкай у сусветным кінематографе стаў «Апакаліпсіс сёння» (1979), прысвечаны в’етнамскай вайне. Сярод інш. фільмаў «Вясёлка Файніяна» (1968), «Размова» (1972), «Аўтсайдэры» (1983), «Клуб «Катон» (1984), «Такер: чалавек і яго мара» (1988), «Дракула» (1992). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў, у т. л. «Людзі дажджу» (1969), «Патон» (1970, з Э.​Нортам; прэмія «Оскар»), «Вялікі Гэтсбі» (паводле Ф.​С.​Фіцджэральда, 1974), «Ад усяго сэрца (1982), «Сады з камянёў» (1987) і інш.

Г.​У.​Шур.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУРНІ́ЧНІК (Xanthium),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца 4 віды: Д. валлякападобны, або звычайны (X. strumarium), каліфарнійскі (X. californicum), ігольчасты (X. spinosum) і эльбскі (X. albinum). Растуць па берагах рэк і вадаёмаў, каля дарог, жылля і інш.

Аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым прамастойным разгалінаваным сцяблом і стрыжнёвым коранем. Лісце чаргаванае, простае, зубчастае або лопасцевае, на чаранках. Кветкі дробныя, непрыкметныя. трубчастыя, аднаполыя, сабраны ў кошыкі: тычынкавыя шматкветныя, шарападобныя, размешчаны ў верхняй ч. агульнага суквецця, песцікавыя 1—2-кветныя, адзіночныя ці ў клубочках, з двухрадковай абгорткай, якая каля пладоў укрыта калючкамі або шыпамі. Плод — учэпістая авальная сямянка. Лек. (у лісці і сцёблах шмат ёду), алейныя, меданосныя і фарбавальныя расліны. Некат. віды ядавітыя.

Г.​У.​Вынаеў.

Дурнічнік ігольчасты.

т. 6, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕЙН (Klein) Лоўрэнс Роберт (н. 14.9.1920, г. Омаха, штат Небраска, ЗША),

амерыканскі эканаміст. Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1942). У Масачусецкім тэхнал. ін-це працаваў пад кіраўніцтвам П.Сэмуэльсана. Супрацоўнічаў у Камісіі Коўлса па эканам. даследаваннях пры Чыкагскім ун-це. З 1949 праф. Мічыганскага, з 1955 Оксфардскага ун-таў, з 1958 у Пенсільванскім ун-це. У 1975—76 эканам. саветнік прэзідэнта Дж.Картэра. Удзельнічаў у стварэнні найбуйнейшай Уортанскай эканаметрычнай мадэлі эканомікі. Займаўся праблемамі паляпшэння выкладання эканаметрыкі (аўтар «Падручніка эканаметрыкі», 1953, і «Уводзін у эканаметрыку», 1962). У працы «Эканоміка прапановы і попыту» (1983) крытыкаваў погляды Дж.Кейнса (напачатку быў яго прыхільнікам). Нобелеўская прэмія 1980.

Тв.:

Г.​З.​Елисеев. Пг., 1923;

Очерки рабочей интеллигенции. Т. 1—2. Пг., 1923;

Русский читатель-рабочий. Л., 1925. История безработицы в России, 1857—1919 гг. М., 1925.

У.​М.​Конан.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙНУО́ТЭР (Rainwater) Леа Джэймс (9.12.1917, г. Каўнсіл, штат Айдаха, ЗША — 31.5.1986),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1968). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1939). З 1939 у Калумбійскім ун-це (з 1952 праф., у 1951—53 і 1956—61 дырэктар Невіскай цыклатроннай лабараторыі). Навук. працы па нейтроннай спектраскапіі, ядз., нейтроннай і мезоннай фізіцы. Выказаў гіпотэзу аб несферычнасці ядзер з прычыны дэфармавання нейтронных абалонак цэнтрабежнымі сіламі (сфераідальная мадэль ядра Р.; 1950), якую ў 1953 пацвердзілі О.​Н.​Бор і Б.​Р.​Мотэльсан. Вызначыў масу µ​+-мезона (разам з В.​Л.​Фітчам), вымераў радыусы ядзер з атамнымі нумарамі ад 13 да 83 і ўдакладніў значэнне радыуса пратона (1953). Удзельнічаў у стварэнні атамнай бомбы. Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Борам і Мотэльсанам).

Тв.:

Рус. пер. — Как возникла модель сфероидальных ядер // Успехи физ. наук. 1976 Т. 120, вып. 4.

М.​М.​Касцюковіч.

Л.Рэйнуотэр.

т. 13, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)