КАЛБЦЫФЕРО́ЛЫ,

вітаміны групы D, тлушчарастваральныя злучэнні з супрацьрахітычнымі ўласцівасцямі; вытворныя стэрынаў. Найважнейшыя эргакальцыферол (вітамін D2) і халекальцыферол (вітамін D3). Гал. крыніца К. — печань марскіх жывёл і ялавічная, сыр, яечны жаўток. Рэгулюе абмен кальцыю і фосфару. Недахоп вітаміну D у арганізме выклікае парушэнне мінералізацыі шкілета (рахіт і размякчэнне касцявой тканкі), лішак — павышаную колькасць кальцыю ў крыві і адклады яго ў мяккіх тканках (D-гіпервітаміноз). Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека 2,5 мкг, дзяцей — 12,5 мкг. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

т. 7, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНАДА́ТЫ,

солі ванадыевых кіслот (не вылучаныя ў свабодным стане): ортаванадыевай H3VO4, метаванадыевай HVO3 і інш. Метаванадаты шчолачных і шчолачназямельных металаў (крышталічныя рэчывы) адносна легкаплаўкія злучэнні (кальцыю метаванадат tпл 775 °C), ортаванадаты больш тугаплаўкія (натрыю ортаванадат tпл 1285 °C). Ванадаты шчолачных металаў, магнію і амонію добра раствараюцца ў вадзе. Атрымліваюць пры растварэнні аксіду ванадыю (V2O5) у шчолачах ці пры яго сплаўленні з аксідамі, карбанатамі і нітратамі адпаведных металаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ванадыю і яго сплаваў, як каталізатары, пратраву пры фарбаванні тканін, ванадаты кальцыю і рэдказямельных элементаў — у лазернай тэхніцы.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́РСТКАСЦЬ ВАДЫ́,

сукупнасць уласцівасцей прыроднай вады, якія абумоўлены наяўнасцю раствораных у ёй солей кальцыю Ca і магнію Mg. Адрозніваюць карбанатную (часовую, ліквідуюць кіпячэннем) і некарбанатную (пастаянную), якія разам складаюць агульную Ж.в. (сума канцэнтрацый катыёнаў Ca​2+ i Mg​2+).

Карбанатная Ж.в. выклікана прысутнасцю гідракарбанатаў, некарбанатная — сульфатаў, хларыдаў, сілікатаў, нітратаў, фасфатаў кальцыю і магнію. Выкарыстанне жорсткай вады прыводзіць да ўтварэння накіпу ў паравых катлах, абагравальных прыладах, павялічвае расход мыла пры мыцці, ускладняе варку агародніны і мяса. Памяншаюць Ж.в. вапнава-содавым метадам (дабаўленне вапны і соды) ці іонаабменнымі метадамі (гл. Іаніты).

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСАЛА́ТЫ,

вытворныя шчаўевай кіслаты, складаныя эфіры ці яе солі. Аксалаты (эфіры) — вадкасці (напр., дыэтылаксалат C2H5OOC—COOC2H5, tкіп 185,4 °C), растваральныя ў спіртах, эфірах, нерастваральныя ў вадзе. Атрымліваюць этэрыфікацыяй шчаўевай к-ты адпаведным спіртам. Выкарыстоўваюць як растваральнікі прыродных і сінт. смолаў, вытворных цэлюлозы. Аксалаты (солі) — крышт. рэчывы, раскладаюцца без плаўлення, дрэнна раствараюцца ў вадзе. Пашыраны ў прыродзе: водарасці, грыбы, лішайнікі, папараці маюць у саставе аксалаты кальцыю; мінералы — аксалаты жалеза. Выкарыстоўваюцца як рэагенты ў аналітычнай хіміі, як праяўляльнікі ў фатаграфіі і інш. Утварэнне аксалата кальцыю ў арганізме чалавека — прычына ўзнікнення нырачна- і жоўцекамянёвай хваробы.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕБА́СТР (грэч. alabastros),

1) мінерал, тонказярністая масіўная разнавіднасць гіпсу.

2) Адна з назваў буд. гіпсу. Атрымліваюць абпальваннем (120 — 170 °C) прыроднага гіпсу да ператварэння яго ў паўгідрат сульфату кальцыю.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кальцыно́з

(ад кальцый + -ноз)

адклады солей кальцыю ў скуры.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

алюміна́ты

(ад алюміній)

солі алюмініевых кіслот, напр. а. кальцыю, натрыю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БО́РНЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя і мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання бору і інш. карысных кампанентаў. Прадстаўлены баратамі (пераважна натрыю, кальцыю, магнію), борасілікатамі і інш. мінераламі. Частку борных руд выкарыстоўваюць як угнаенні або перапрацоўваюць у борасуперфасфаты. Буйнейшыя радовішчы ў КНР, ЗША, Турцыі, Аргенціне, КНДР, Перу, Чылі.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́КІП,

цвёрды, рыхлы ці шчыльны асадак на сценках паравых катлоў, выпаральнікаў і інш. цеплаабменных апаратаў. Утвараецца пры награванні і выпарэнні вады ў выніку выпадзення прымесей (карбанату магнію MgCO3, сульфату кальцыю CaSO4 і інш.), якія прысутнічаюць у ёй (гл. Жорсткасць вады). Пагаршае цеплаперадачу. Ад Н. пазбаўляюцца мех. і хім. спосабамі.

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЛАНДЦЭМЕ́НТ [ад назвы п-ва Портленд (Вялікабрытанія)],

найбольш пашыраны ў буд-ве від цэменту, які складаецца ў асн. з гідрасілікатаў кальцыю. Атрымліваецца сумесным тонкім здрабненнем клінкеру, невял. колькасці (1—3%) гіпсу і мінер. дабавак (да 10%). Акрамя звычайнага, П. бывае хуткацвярдзеючы, пластыфікаваны. гідрафобны, сульфатаўстойлівы, белы, каляровы і інш. Выкарыстоўваецца для прыгатавання бетону, буд. раствораў.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)