ПАДБА́ЙЛА (Падабайла, Пабадайла) Сцяпан (? — ліп. 1654), казацкі палкоўнік, кіраўнік казацкіх атрадаў на Беларусі ў антыфеадальную вайну 1648—51. У 1648 атрад П. і палкоўніка Гаркушы знаходзіўся ў Бабруйску, адкуль у вер. рушыў да Беразіно, а ў пач.снеж. да Старога Быхава. Пасля няўдалага штурму крэпасці казакі адступілі. У 1649 П. на чале 6 тыс. казакоў Чарнігаўскага палка абараняў т.зв. Лоеўскія пераправы, каб не дапусціць войска Я.Радзівіла на Украіну. Пасля Лоеўскай бітвы 1649 захапіў Гомель і асадзіў Чачэрск. У 1651 накіраваны Б.Хмяльніцкім у якасці пасла да Радзівіла. У Лоеўскай бітве 1651 пацярпеў паражэнне і адступіў да Чарнігава. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 узначальваў Чарнігаўскі полк казацкага войска І.Залатарэнкі. Загінуў у баі пад Гомелем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАРО́СІЯ,
гістарычная вобласць на Пн ад Чорнага і Азоўскага мораў; цяпер у складзе Малдовы, Украіны (Адэская, Мікалаеўская, Херсонская, Днепрапятроўская, Запарожская, часткова Данецкая і Луганская вобласці) і Расіі (ч. Растоўскай вобл.). Гэтыя землі ўключаны ў склад Рас. імперыі ў выніку войнаў з Турцыяй паводле дагавораў 1739, 1774, 1791, 1812. Малалюдныя стэпы Н., з якіх былі выдалены качэўнікі-нагайцы, засялялі ўкр.казакі, выхадцы з цэнтр. Расіі, каланісты з інш. краін — сербы, балгары, венгры, немцы і інш. У 1764 утворана Новарасійская, у 1802 — Екацярынаслаўская, у 1803 — Херсонская губерні. З сярэдзіны 19 ст. Н. была раёнам гандл. земляробства з развітымі капіталіст. адносінамі. Гал. гарады — Адэса, Екацярынаслаў (цяпер Днепрапятроўск), Мікалаеў, Херсон. У 1920-я г. назва «Н.» выйшла з афіц. ўжытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
п’я́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Рмн. ‑нак; ж.
Разм.
1. Гулянка, дзе многа п’юць спіртных напіткаў. [Хлопцы] думалі, што казакі перад адыходам у Ванькоўшчыне п’янку спраўляюць, аж было мірна і ціха.Лобан.— Выпі, дачка, тут не п’янка, а сяброўская вячэра. За нашу перамогу грэх не выпіць каліва...Машара.
2. Тое, што і п’янства. Аналізуючы прычыны прагулаў і парушэнняў дысцыпліны працы, прыходзіш да высновы, што пераважная большасць іх звязана з п’янкай.«Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КАЛІІ́ЎШЧЫНА,
сялянска-казацкае паўстанне на Правабярэжнай Украіне ў 1768 супраць сац. і нац. прыгнёту з боку Рэчы Паспалітай; найб. ўздым руху гайдамакаў. Пачалося ў маі на поўдні Кіеўскага ваяв., дзе пад кіраўніцтвам М.Залізняка сабраліся незадаволеныя сяляне, узброеныя каламі (адсюль назва) і халоднай зброяй. Яны занялі Смелу, Чаркасы, Канеў, Корсунь, Лысянку. 20—21 чэрв. атрады Залізняка і казакі на чале з Х.Гонтай авалодалі Уманню. Паўстанне ахапіла Кіеўшчыну, Брацлаўшчыну, Падолію, Валынь. Дзейнічалі атрады гайдамакаў пад кіраўніцтвам С.Нежывога, А.Журбы, І.Бандарэнкі і інш. Пад уплывам К. пачаліся сял. хваляванні ў Галіцыі і этнічнай Польшчы. Баючыся пашырэння паўстання на сваю тэр., урад Расіі дапамог уладам Рэчы Паспалітай задушыць яго (7 ліп.рас. войскі захапілі Залізняка, Гонту і інш. кіраўнікоў, раззброілі іх атрады). К. прысвечана паэма Т.Р.Шаўчэнкі «Гайдамакі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́СКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у Глуску Дубровіцкім (цяпер г.п.Глуск Магілёўскай вобл.). Драўляны замак быў пабудаваны на ўзвышанай частцы правага берага р. Пціч, на месцы гарадзішча эпохі ранняга жал. веку і Кіеўскай Русі. На мяжы 16—17 ст. пабудаваны новы 5-бастыённы замак, абнесены глыбокім і шырокім ровам. У Глускім замку былі цэйхгауз з ваен. рыштункам, гарнізонная казарма, студня, кухня, стайня, сажалкі. У 17 ст. пабудаваны касцёл. Тут знаходзіўся пастаянны гарнізон, меліся рамеснікі розных прафесій. У 16 ст. замак з’яўляўся важным стратэг. пунктам на шляху набегаў крымскіх татар. У нар.-вызв. вайну 1648—51 у кастр. 1648 яго занялі бел. сяляне і ўкр.казакі. Моцна пацярпеў замак і ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Існаваў да канца 18 ст., пасля прыйшоў у заняпад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у Бабруйску, на правым беразе р. Бярэзіна. З боку ракі быў ахаваны высокім стромкім схілам і 2 драўляна-землянымі збудаваннямі бастыённага тыпу, з інш. бакоў — ровам шыр. да 15 м, земляным валам, на якім стаялі драўляныя вежы і сцены. Да ўмацаванай уязной брамы (падвойныя вароты, сістэма жал. запораў) быў перакінуты драўляны мост. За час існавання замак перажыў шмат аблог і разбурэнняў: у 1502 і 1503 яго спусташалі крымскія татары, у 1506 неаднаразова асаджаў мяцежны кн. М.Глінскі, у студз. 1649 згарэў у час аблогі войскамі гетмана Я.Радзівіла, у сак. 1655 замак спалілі казакі гетмана І.Залатарэнкі, у 1665 згарэў у час казацкай аблогі. Насельніцтва горада аднаўляла замак. Інвентар 1692 сведчыць пра паступовы заняпад і разбурэнне ўмацаванняў замка. На плане г. Бабруйска 1794 сляды замка яшчэ выразна захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЯРО́ЎСКІ (Уладзімір Аляксеевіч) (8.12.1853, маёнтак у Валагодскай губ., Расія — 1.10.1935),
рускі пісьменнік. Каля 10 гадоў вандраваў па Расіі, працаваў бурлаком, кручнікам, пажарным, табуншчыкам, цыркачом, правінцыяльным акцёрам; добраахвотна ўдзельнічаў у рус.-тур. вайне 1877—78. Як журналіст выступаў у друку з 1873. Супрацоўнічаў у многіх газетах; Гіляроўскага называлі «каралём рэпарцёраў» («Катастрофа на Хадынскім полі», 1896). Першая кніга нарысаў і апавяданняў «Трушчобныя людзі» (1887) спалена па загаду цэнзуры яшчэ да выхаду ў свет. Аўтар кніг вершаў «1914 год. Казакі» (1914), «Год вайны. Думы і песні» (1915), «Грозны год», кніг мемуараў пра дарэв. Расію, норавы і звычаі старой Масквы «Масква і масквічы» (1926), «Мае вандраванні» (1928), «Людзі тэатра» (выд. 1941), «Масква газетная» (выд. 1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСПАЛІ́ТАЕ РУШЭ́ННЕ,
шляхецкае апалчэнне ў феад. Польшчы і ВКЛ (Рэчы Паспалітай); асн. форма арганізацыі ўзбр. сіл дзяржавы, заснаваная на прынцыпе, што кожны шляхціц незалежна ад велічыні маёнтка ў час вайны абавязаны адпраўляцца ў ваенны паход. У ВКЛ з пач. 16 ст. землеўладальнікі ад кожных 8, а з 1566—10 службаў (у службе 2 дымы) выстаўлялі ў войска ўзбр. конніка, а калі зямлі было менш, землеўладальнікі ішлі служыць самі. У П.р. ўваходзілі таксама прывілеяваныя сяляне (асочнікі, стральцы, выбранцы), панцырныя баяры, путныя баяры, мяшчане, якія валодалі зямлёй, казакі, татары і інш. Час ад часу праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага. Колькасць П.р. ВКЛ дасягала 30 тыс.чал. П.р. склікалася соймам, узначальвалася вял. гетманамі Польшчы і ВКЛ, часам каралём. Ужо ў 15 ст. немагчымасць караць шляхту і няздольнасць арганізаваць новыя спосабы вядзення вайны рабілі П.р. малапрыгодным. Існавала да канца 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1649,
бітва паміж войскам ВКЛ і аб’яднанымі казацка-сялянскімі паўстанцкімі атрадамі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай не дапусціць войска ВКЛ на Украіну Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева 6-тысячны атрад казакоў на чале з С.Падбайлам і І.Гаркушам. Казакі замацаваліся ў сутоках Дняпра і Сажа. У ліп. 1649 войска ВКЛ (6 тыс.чал.) на чале з гетманам польным Я.Радзівілам выступіла з-пад Рэчыцы ў напрамку пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўскай брамы»). На дапамогу Падбайлу і Гаркушу з Палесся выйшла 15-тысячнае войска на чале з палкоўнікам кіеўскім М.Крычэўскім, да якога на Бел. Палессі далучылася 15 тыс. сялян-паўстанцаў. 31 ліп. казацкія і сялянскія атрады атакавалі ўрадавыя сілы. Бітва працягвалася з пераменным поспехам, але пад націскам кавалерыі, што падышла на дапамогу Радзівілу, казацка-сялянскае войска было разгромлена. Л.б. знайшла водгук у Еўропе, пра яе намаляваны батальныя сцэны, зроблена серыя габеленаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАРО́ЖСКАЯ СЕЧ,
ваенна-палітычная арг-цыяўкр.казакоў, казацкая рэспубліка ў 16—18 ст. за Дняпроўскімі парогамі. Назва ад драўляных умацаванняў — «сечаў», якія рабілі казакі. Засн. збеглымі прыгоннымі сялянамі, у т. л. з Беларусі, і гар. беднякамі. Вышэйшы орган — Вайск. рада, якая выбірала старшыну (кіраўніцтва) на чале з кашавым атаманам. Падзялялася на курані (у 1770-я г. іх было 38). Вяла барацьбу з польска-ўкр. землеўладальнікамі, крымскімі татарамі і туркамі. З паўстання ў З.с. пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага пачалася вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. У 1709 за ўдзел запарожцаў у Булавінскім паўстанні 1707—08 і дапамогу шведам у час Паўночнай вайны 1700—21 З.с. ліквідавана рас. ўладамі. У 1734 створана т.зв. Новая сеч, якая ўдзельнічала ў рус.-тур. войнах 1735—39 і 1768—74. Канчаткова ліквідавана 5.8.1775 пры Кацярыне II як небяспечны асяродак нар. хваляванняў. Частка казакоў збегла да туркаў і заснавала Задунайскую сеч. З другой часткі ў 1787 утворана Чарнаморскае казацкае войска.