ЛАГІ́ШЫНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ў г.п. Лагішын Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана да 1886 у рэтраспектыўна-рус. стылі на месцы уніяцкага драўлянага храма 1795. Мае 4-часткавую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю: званіца, трапезная, асн. аб’ём і апсіда. Верт. дамінанта — 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з цыбулепадобнай галоўкай. Цыбулепадобнае пяцікупалле ўвенчвае і 4-схільны дах асн. кубападобнага аб’ёму. Гал. і бакавыя ўваходы вырашаны магутнымі парталамі і апяразаны 3-лопасцевымі арачнымі нішамі. Фасады раскрапаваны прафіляванымі карнізамі з двухграннымі заломамі на бакавых плоскасцях.

А.​М.​Кулагін.

Лагішынская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 9, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЎНІР (Сцяпан) (Стафан) Дзям’янавіч (1695, с. Гваздоў Кіеўскай вобл. — 1786),

украінскі дойлід. Прыгонны Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе працаваў больш як 60 гадоў пад кіраўніцтвам і сумесна з П.​Няелавым, Г.​І.​Шэдэлем, І.​Грыгаровічам-Барскім. Пабудовы К. ў стылі ўкр. барока: т.зв. Коўніраўскі корпус (1744—72), званіцы на Далёкіх (1754—61) і Блізкіх (1759—62) пячорах і інш. ў лаўры, Клоўскі палац (1754—58, з Няелавым), званіца Брацкага манастыра на Падоле (1756, не захавалася) — усе ў Кіеве; царква Антонія і Феадосія і званіца ў Васількове (1756—58), Троіцкая царква ў Кітаеве (1763—67) каля Кіева.

т. 8, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1867—71 з цэглы. У плане ўяўляе сабой традыц. 4-часткавую схему: званіца, трапезная, 3-нефавы квадратны асн. аб’ём і 5-гранная апсіда, абапал якой прыбудаваны рызніца і ахвярнік. Над асн. аб’ёмам — 8-гранны светлавы барабан. У дэкоры выкарыстаны кілепадобныя какошнікі, ліштвы акон, шатровыя з макаўкай завяршэнні і інш. Званіца і гал. светлавы барабан царквы маюць аднолькавую арх.-пластычную структуру: 8-гранная ў сячэнні канструкцыя завяршаецца какошнікам і шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Гэта надае кампазіцыі будынка цэласнасць і аб’ёмнае адзінства.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Маладзечанская Пакроўская царква.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ПУСТЫ́НСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў каля г. Мсціслава Магілёўскай вобл. на беразе р. Аслянка (правы прыток Сажа). Паводле царк. падання, засн. каля 1380 мсціслаўскім кн. Лугвенам. Паводле царк. гісторыка М.​І.​Пятрова манастыр вядомы з 1500. У пач. 17 ст. стаў уніяцкім, у 2-й пал. 17 ст. пэўны час быў не заселены. Да 19 ст. будынкі былі драўляныя, у 1801—08 мітрапаліт Іраклій Лісоўскі пабудаваў мураваны храм Успення Багародзіцы базілікальнага тыпу (у 1869 перабудаваны ў крыжападобны ў плане). З 1839 манастыр зноў праваслаўны. У 1864 пабудавана царква Раства Багародзіцы, у 1865 — Пакроўская царква, у канцы 19 ст. — шмат’ярусная званіца. У 1918 манастыр закрыты. Частка будынкаў захавалася ў руінах.

А.​А.​Ярашэвіч.

Званіца Мсціслаўскага Пустынскага Успенскага манастыра.

т. 10, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАНІ́ЛА (італьян. campanile),

званіца ў італьян. архітэктуры сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Будавалі ў выглядзе 4-граннай (часам круглай) вежы, якая звычайна стаяла асобна ад храма. Павелічэнне колькасці ці памераў праёмаў угару (ніжнія паверхі пераважна глухія) надае К. стройнасць і лёгкасць (вежа-К. ў Пізе). Прататыпам К. былі гар. вартавыя вежы.

т. 7, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬКО́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Вілейскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 43 км на У ад г. Вілейка і аднайменнай чыг. станцыі, 102 км ад Мінска. 56 ж., 29 двароў (1994). Пач. школа, б-ка, бальніца, амбулаторыя. Касцёл — помнік арх. неаготыкі пач. 20 ст. Званіца — помнік драўлянага нар. дойлідства канца 18 — пач. 19 ст.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЫ́НКА,

вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., на р. Нача. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на Пд ад г. Клецк, 148 км ад Мінска; 23 км ад чыг. ст. Клецк. 569 ж., 222 двары (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква і брама-званіца (1-я пал. 19 ст.), свіран-галубятня (1811).

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯГІЛЕ́ВІЧ (Уладзіслаў) (каля 1674, Беларусь — 13.1.1714),

бел. архітэктар. Прадстаўнік архітэктуры барока. У 1691 уступіў у ордэн езуітаў. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1695—98), езуіцкім паслушніцкім доме ў Вільні (1701—04). Працаваў у Оршы (1704—05 і 1707—09), Нясвіжы (1705—06), Мсціславе (1706—07). У 1707 у Мсціславе паводле яго праекта пабудаваны драўляны езуіцкі касцёл, у 1711 — званіца і гасп. пабудова.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫСВЯ́ЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 1908 у в. Дрысвяты (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). У плане падоўжаная па восі ўсход—захад 4-часткавая кампазіцыя: званіца, трапезная, 5-купальны асн. аб’ём, 5-гранная апсіда. Ступеньчатая форма званіцы з паўкруглымі закамарамі, якімі завяршаецца верхні ярус, філёнгавыя пілястры асн. аб’ёму, актыўна прафіляваныя карнізы ствараюць цікавы арх. вобраз.

Дрысвяцкая царква.

т. 6, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛНІ́СКІ СІЁН,

храм, помнік грузінскага культавага дойлідства ранняга сярэднявечча. Пабудаваны ў 478—493 каля г. Балнісі. Велічная ўнутраная прастора храма падзелена 2 радамі слупоў, злучаных падковападобнымі аркамі, на 3 нефы, якія накрыты агульным 2-схільным дахам. Капітэлі ўпрыгожаны разнымі геам. ўзорамі з выявамі раслін і жывёл. З Пд — 2-апсіднае памяшканне і адкрыты порцік, з Пн — адкрытая галерэя. Побач з Балніскім Сіёнам званіца 17 ст.

Балніскі сіён.

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)