дагарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Згарэць да канца ці да якога‑н. месца. Хата дагарэла. Адна абкураная печ сіратліва стаяла на вогнішчы. Шамякін. Вэня.. трымаў рукі ў саломе, пакуль запалка не дагарэла да пальцаў. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Перастаць свяціцца; патухнуць. А зара як дагарыць, Усё звоняць камары. Танк.

3. перан. Зачахнуць, памерці. Увосень здароўе Зосі вельмі пагоршылася, і яна дагарэла, як свечка, на віду ў любага чалавека. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заглу́хнуць, ‑не; пр. заглух, ‑ла; зак.

1. Стаць нячутным, заціхнуць. Нейкі камяк зацяў горла, і крык заглух. Хадкевіч. Заглухла цяжкіх бомб выццё. Прануза. // Перастаць працаваць, дзейнічаць (пра матор, рухавік, кулямёт і пад.). Калі матор чмыхнуў і заглух, Каліта высунуўся з люка. Паслядовіч.

2. Стаць занядбаным, закінутым. Сад заглух. Сядзіба заглухла. // перан. Спыніць развіццё, зачахнуць. — Заглухнеш ты тут, звянеш без часу. Хадкевіч.

3. перан. Загаснуць, прытупіцца, забыцца (пра пачуцці, думкі і пад.). А памяць аб Раманчыку так і заглухла, і толькі я цяпер успамінаю яго. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зга́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. згас, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць; патухнуць, загаснуць. Ракета прарэзала заслону дажджу, зашыпела ў вышыні і згасла. Шамякін. Пад вечар згаслі яркія кастры. Танк. / Пра канец дня і надыход ночы. Дзень згас.

2. перан. Знікнуць, кончыцца (пра пачуцці, надзеі і пад.). Не згасне той запал агністы, З якім пад шолах кумача Кляліся сэрцам урачыста Ва ўсім браць прыклад з Ільіча. Бялевіч. На задні план сышлі згрызоты, Агонь і жар у сэрцы згас. Колас. / Пра жыццё, сілы. Яшчэ ў грудзях не згаслі сілы, Яшчэ не слабнуць сэрца крылы, Не адцвіла ў душы вясна! Гілевіч. // Зачахнуць, памерці (пра чалавека). [Маці] хутка згасла на непасільнай працы, як свечка на ветры, у свае трыццаць дзевяць год. Клышка. Згас стары дзядок без болю, Раз ці два адно зяхнуў. Колас. // Страціць жывасць, выразнасць (пра вочы, позірк, усмешку). Вясёлая, але пустая гаманлівасць пакінула.. [Васіля], усмешка на чырванашчокім твары згасла. Мележ.

3. перан. Страціць значэнне, забыцца. Ніколі не згасне слава аб тых, хто аддаў сваё жыццё ў імя людскога шчасця. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за..., прыстаўка.

І. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: 1) пачатак дзеяння, напрыклад: забарабаніць, забегаць, замахаць, засмяяцца, зашчоўкаць, захрапці; 2) закончанасць, вынік дзеяння або стану, напрыклад: забяліць, завязаць, запакаваць, зараўнаваць, засеяць, засохнуць, зацвярдзець, зачахнуць; 3) выхад дзеяння за межы звычайнага або дапушчальнага, напрыклад: забавіцца, загаварыцца, заняньчыць, запрацавацца, захваліць, зацягаць; 4) накіраванасць дзеяння або руху — а) за прадмет, напрыклад: заехаць (за дом), зайсці (за сцэну) ; б) унутр, углыб, пад што‑н., наверх чаго‑н., напрыклад: запаўзці (у нару), залезці (пад стол), забрацца (на вяршыню гары); в) за межы чаго‑н., куды‑н. далёка, напрыклад: завезці (за мора), заслаць (на край свету); г) на край, паверхню прадмета, напрыклад: закусіць (яблык), зарэзаць (край дошкі); 5) адхіленне ўбок ад асноўнага напрамку руху з кароткачасовым спыненнем дзеяння, напрыклад: забегчы, заехаць, заглянуць (да знаёмых).

II. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў, прыметнікаў, прыслоўяў і абазначае: на тым баку, ззаду або за межамі чаго‑н., напрыклад: заакіянскі, завуголле, загарадны, задворкі, залетась, заморскі, зарэчны, заўчора.

III. Ужываецца пры ўтварэнні якасных прыметнікаў, прыслоўяў і абазначае перавышэнне якасці, напрыклад: завельмі, завузкі, завялікі, загуста, замнога, занадта.

IV. Ужываецца пры ўтварэнні прыслоўяў і абазначае: у межах таго перыяду, які называецца словам без прыстаўкі; да наступлення новага перыяду, напрыклад: засветла, зацемна, зацепла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)