умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., заснаванага на выкарыстанні форм і элементаў кампазіцыі раманскага стылю. Зараджэнне Н.с. звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. Імкнучыся да манументальнасці, дойліды некрытычна выкарыстоўвалі кампактныя стэрэаметрычныя аб’ёмы (куб, паралелепіпед, прызма, цыліндр) і выразныя, часам дынамічна-асіметрычныя сілуэты пры ўзвядзенні культавых і грамадз. збудаванняў, стылізавалі іх пад творы сярэдневяковай архітэктуры. На Беларусі Н.с. часцей выяўляўся ў спалучэнні з элементамі несапраўднай готыкі. У сядзібным буд-ве выкарыстоўвалі аркатурныя паясы і контрфорсы, высокія шчыты ў завяршэнні сцен. У культавай архітэктуры былі пашыраны 3-нефавыя базілікі, гал. фасады якіх фланкіравалі ярусныя вежы, завершаныя шатрамі. Збудаванні характарызаваліся шматграннасцю аб’ёмаў, выкарыстаннем адкрытага муру, цыліндрычных і крыжовых скляпенняў, купалаў, аздабленнем аркатурай галерэй, аконных і дзвярных праёмаў.
А.М.Кулагін.
Да арт.Неараманскі стыль. Касцёл у вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна Віцебскай вобл. 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНКО́ВАЯ КАНСТРУ́КЦЫЯў архітэктуры,
сістэма драўляных вянкоў (гарыз. радоў бярвён, брусоў, плах, дыляў), звязаных у вуглах урубкамі, укладзеных адзін на адзін, што ўтвараюць зруб. Пашырана ў лясных раёнах Еўропы з жал. веку. На Беларусі вядома з 2—3 ст.н.э. ў плямён культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, з 9 ст. — асн. канструкцыя драўляных будынкаў. На такой аснове будавалі жыллё, гасп. і вытв. пабудовы, абарончыя збудаванні (гародні, тарасы, вежы), грамадскія і культавыя будынкі. Вядомы зрубы прамавугольнай, квадратнай (клеці), 8-граннай (гл.Васьмярык), 6-граннай формаў, пастаяннага або пераменнага па вышыні сячэння, ярусныя (чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і інш.). Спалучэннем некалькіх зрубаў утвараліся падоўжна-восевая, глыбінна-прасторавая, крыжова-цэнтрычная, жывапісна-асіметрычная і інш. кампазіцыі. Вянковую канструкцыю мелі не толькі зрубы, але і іх завяршэнні (гл. ў арт.Закот, Верх, Шацёр). Цяпер вянковую канструкцыю выкарыстоўваюць пераважна ў традыц.нар. жыллі і гасп. пабудовах.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Вянковая канструкцыя. Вянковы двор. Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту. Сектар «Цэнтральная Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА,
помнік архітэктуры з элементамі рэнесансу ў Мінску. Пабудавана ў пач. 17 ст. разам з Мінскім Петрапаўлаўскім манастыром правасл. брацтвам на скрыжаванні вуліц Нямігі і Ракаўскай. У 1793—95 адрамантавана і перайменавана ў Кацярынінскую (вядома і пад назвай Жоўтая), У 1870—71 перабудавана (зменены завяршэнні 2 вежаў на гал. фасадзе). Перабудовы былі і ў 1-й пал. 20 ст. (зняты купал, зроблена прыбудова). Мураваная 3-нефавая 6-стаўповая базіліка з 5-граннай апсідай і 2 вежамі. Гал. фасад 3-часткавы: цэнтр.ч. завершана высокім трохвугольным франтонам, над уваходам вял. паўцыркульнае акно; 2 бакавыя ч. дэкарыраваны неглыбокімі нішамі паўцыркульнага і прамавугольнага абрысу, фланкіраваны 3-яруснымі вежамі-званіцамі, якія завершаны шлемападобнымі купаламі. Над апсідай — франтон асн. аб’ёму з люкарнай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, паміж імі ў неглыбокіх нішах спараныя паўцыркульныя аконныя праёмы. Сцены завершаны тонкапрафіляваным карнізам. Побач з царквой захаваўся царк. дом 19 ст. Храм пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну. У 1972—79 рэстаўрыраваны.
умоўная назва стылявога кірунку ў рус. архітэктуры канца 17 — пач. 18 ст. Паходзіць ад прозвішча баяраў Нарышкіных, у чыіх маёнтках і на заказ якіх у Маскве і Падмаскоўі будавалі невял. сядзібныя храмы, а таксама буйныя гар. цэрквы яруснага тыпу. Паводле кампазіцыі Н.б. — традыц. васьмярык на чацверыку, ускладнены дэкарацыямі і карункавай арнаментыкай. Характэрныя рысы пабудоў, падкрэсленая сіметрычнасць, яруснасць, адпаведнасць арх. форм канструкцыям; аздабленне ярусаў калонкамі па вуглах у завяршэнні карнізнымі паясамі; магутныя валюты, карнізы, якія моцна выступаюць, авальныя і шматвугольныя аконныя праёмы, сістэма спалучэння чырвоных цагляных сцен і белакаменных разных дэкар. дэталей. Сярод узораў Н.б.: цэрквы Пакрова ў Філях (1690—93), Тройцы ў Троіцкім-Лыкаве (1698—1704; абедзве цяпер у межах Масквы), Успенскі сабор у Разані (1693—99, арх. Я.Бухвостаў) і інш. Рысы Н.б. ўласцівы таксама грамадз. і жылым пабудовам (Сухарава вежа, 1692—95, арх. М.Чаглакоў, не захавалася).
Г.А.Лаўрэцкі.
Да арт.Нарышкінскае барока. Царква Пакрова ў Філях (цяпер у межах Масквы). 1690—93.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРНЯ́НСКІ АРХІТЭКТУ́РНЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік горадабудаўніцтва барока. Сфарміраваўся ў 1760—70-я г. ў в. Варняны (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Арганізаваны вакол прамавугольнай у плане плошчы. Дамінантай ансамбля з’яўляецца размешчаны на ўсх. баку Георгіеўскі касцёл (пабудаваны ў 1767—69 у стылі позняга барока, дабудаваны ў 1880, 1909, фундатарка — уладальніца Варнян М.Абрамовіч, арх. А.Казакоўскі) — двухвежавы 1-нефавы мураваны храм з трансептам. Арх. пластыка (прафіляваныя цягі, ліштвы, вязкі пілястраў, раскрапоўкі, фігурныя завяршэнні вежаў і шчыта) сканцэнтравана на гал. фасадзе. Касцёл фланкіруюць 2-павярховыя мураваныя дом аптэкара і плябанія (1770), якія ствараюць перад касцёлам раскрыты на плошчу курданёр з акруглай па абрысе агароджай. На зах. баку плошчы быў палацава-паркавы комплекс (2-я пал. 18 — 1-я пал. 19 ст.; не захаваўся). На паўд. і паўн. баках плошчы размяшчалася па 8 аднатыпных драўляных 1-павярховых жылых дамоў, накрытых вальмавымі дахамі (захаваліся часткова). Мураваныя сцены іх фасадаў, злучаныя паміж сабой арачнымі праездамі, утваралі суцэльны фронт вулічнай забудовы, у якую ўваходзілі карчма і гандлёвыя рады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙНІ́ЦА,
адтуліна ў сцяне абарончага збудавання для вядзення агню са стралковай зброі (закрытыя байніцы) або прасвет паміж зубцамі ў завяршэнні крапасных сцен, вежах і інш. (адкрытыя байніцы). З’явіліся ў стараж. свеце. Пашырыліся ў сярэднявеччы, калі пачалося буд-ва замкаў, крэпасцяў, умацаванняў гарадоў, з 14—15 ст. і ў палявых абарончых умацаваннях. На Беларусі існавалі са стараж. часоў у драўляных абарончых збудаваннях, з 13 ст. — у мураваных вежах (Камянецкая вежа). Асабліва пашырыліся ў 14 ст. (Лідскі, Крэўскі, Гродзенскі Стары замкі). Прызначаліся для стральбы з лукаў і арбалетаў. Мелі прамавугольную, трапецападобную або паўцыркульную форму. У 15—16 ст. набылі круглаватую форму, бо сталі шырока выкарыстоўвацца ручная агнястрэльная зброя (рушніцы, аркебузы, мушкеты) і лёгкія гарматы (гакаўніцы). У 17 ст. над байніцамі круглаватай формы з’явіліся прамавугольныя вертыкальныя прарэзы для прыцэльвання (Любчанскі замак, Камайскі касцёл, кляштар брыгітак у Гродне). На валах земляных умацаванняў адкрытымі байніцамі служылі прасветы паміж напоўненымі зямлёй лазовымі кашамі. Байніцы, прызначаныя для вядзення агню з гармат, наз.амбразурамі, для кідання камення — машыкулямі.
А.А.Трусаў.
Байніцы Лідскага (злева) і Гродзенскага Старога замкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бала́нс
(фр. balance = літар. вагі)
1) суадносіны ўзаемазвязаных паказчыкаў якой-н. дзейнасці, працэсу, напр. вытворчасці і спажывання, увозу і вывазу тавараў, прыходу і расходу вады;
2) параўнальны вынік прыходу і расходу пры завяршэнні разлікаў, а таксама зводная ведамасць разлікаў (напр. квартальны б., падвесці б.).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
бала́нс
(фр. balance = літар. вагі)
1) раўнавага, ураўнаважванне;
2) суадносіны ўзаемазвязаных паказчыкаў якой-н. дзейнасці, працэсу, напр. вытворчасці і спажывання, увозу і вывазу тавараў, прыходу і расходу вады;
3) параўнальны вынік прыходу і расходу пры завяршэнні разлікаў, а таксама зводная ведамасць разлікаў;
4) бярвенні аднолькавай даўжыні, якія ідуць на выраб цэлюлозы;
5) дэталь гадзіннікавага механізма ў выглядзе кольца з папярочкай, якая з’яўляецца рэгулятарам ходу.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВАСЬМЯРЫ́Ку архітэктуры,
васьмівугольны ў плане будынак або яго частка. Форма васьмерыка характэрная для архітэктуры Візантыі, паўд. славян (Балгарыя), Арменіі, Грузіі і інш. У Зах. Еўропе вядомы ў раманскай архітэктуры, готыцы, найб. пашыраны ў стылях рэнесансу, барока і класіцызму. Васьмерыкі ў завяршэнні культавых пабудоў вядомы ў стараж.-рус. дойлідстве і звязаны з уплывам візант. архітэктуры.
На Беларусі ў 16—18 ст. у форме васьмерыка будавалі некаторыя вежы гарадскіх умацаванняў (у Віцебску вядомыя пад назвай «круглікаў»), замкаў, палацаў, ратушаў, а таксама культавыя будынкі (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы манастыроў і кляштараў. У 16—19 ст. пашырыліся камбінаваныя формы васьмерыка і чацверыка (васьмярык узвышаецца над чацверыком — вежа Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы, вежа-званіца касцёла ў г. Барысаў). У культавым дойлідстве форму васьмерыка звычайна мелі барабаны, якія ўзвышаліся над гал. аб’ёмамі (Магілёўская Мікалаеўская царква). У драўляным, пераважна культавым, дойлідстве 17—19 ст. форма васьмерыка ўзнікла пад уплывам стылю барока. Была найб. пашырана ў вырашэнні цэнтр. аб’ёмаў цэркваў (Слуцкая Міхайлаўская царква) або цэнтр. аб’ёму і званіцы (царква ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на). Для Палескай школы дойлідства 2-й пал. 18—19 ст. характэрна чаргаванне васьмерыкоў і чацверыкоў у вырашэнні аб’ёмаў храмаў і званіц (Рубельская Міхайлаўская царква). У 1950-я г. форма васьмерыка выкарыстоўвалася ў жылых і грамадскіх будынках пры вылучэнні зальных памяшканняў, а таксама ў завяршэннях асн. частак бельведэрамі і інш. элементамі.
Ю.А.Якімовіч.
Да арт.Васьмярык. Васьмерыковая вежа-званіца царквы ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага раёна.Васьмярык вежы-званіцы касцёла ў Барысаве 1806—23.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ШТВАў архітэктуры,
накладная, часам фігурная планка вакол аконнага ці дзвярнога праёма. У драўляным дойлідстве — адзін з элементаў аздаблення знадворнай часткі жылля і грамадскіх пабудоў. Найб. пашыраная форма Л. — прамавугольная з трохвугольным, лучковым або складанай канфігурацыі завяршэннем. Асн. сродкі аздобы: краявая і скразная разьба геам., расл. ці зааморфнага характару, прафіляваныя накладныя элементы, паліхромная афарбоўка.
На Беларусі Л. адметныя шматслойнай ажурнай разьбой расл. характару, шматпланавасцю кампазіцый завяршэнняў. Разьбяныя Л. вядомы з 11 ст. (фрагмент знойдзены пры раскопках Полацка). Па-мастацку дэкарыраваныя Л. рабілі пераважна ў гарадах і мястэчках. У 2-й пал. 19 ст. разнастайны дэкор Л. паявіўся і ў сял. жыллёвым буд-ве. Упрыгожаныя разьбой і пафарбаваныя Л. выкарыстоўваюць у сучасным нар. жыллёвым буд-ве. На Міншчыне, Гродзеншчыне, З Віцебшчыны пашыраны Л. з гладкімі прафіляванымі фігурна выпілаванымі з адной дошкі завяршэннямі, з дэкорам геам., зааморфнага ці расл. характару. У цэнтр. Палессі (Пінскі, Столінскі р-ны) завяршэнні аздабляюцца шматслойнымі прафіляванымі планкамі, точанымі элементамі. Разнастайнасцю і багаццем дэкору вызначаюцца Л. на У Гомельшчыны (гл.Веткаўская разьба). Іл.гл. таксама ў арт.Дэкор.
Літ.:
Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973. С. 61—70;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Яго ж. Народное искусство и художественные промыслы Белоруссии. Мн., 1982;
Локотко А.И. Белорусское народное зодчество. Мн., 1991. С. 174—195.
Я.М.Сахута.
Ліштва жылога дома ў вёсцы Гусараўка Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл. 1950-я г.