матэрыялы, якія атрымліваюць з лушчанай шпоны, драўнянай крошкі, трэсак або пілавіння, насычаных сінт. смоламі і склееных пад высокімі ціскам і тэмпературай. Падзяляюцца на драўнянаслаістыя пластыкі (лігнафоль, дэльта-драўніна і інш.), арміраваныя, спрасаваныя і склееныя са шпоны і тканіны, узмоцненыя метал. сеткай, фольгай і інш., драўнянапластычныя масы — профільныя (утулкі, падшыпнікі, зубчастыя колы) і плітачныя (паркетныя пліткі і інш.) вырабы, атрыманыя прасаваннем у гарачых прэс-формах са здробненай драўніны або пілавіння. Выкарыстоўваюцца як канструкцыйны, электраізаляцыйны, сценавы і вырабны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Д,
пятая літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Д («дабро»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Δ («дэльта»), У старабел. графіцы абазначала гукі «д», «д’», «дз’» («вода», «день», «людзи»), мела таксама лічбавае значэнне «чатыры». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны звонкі выбухны пярэднеязычны гук «д» («дарога», «дуброва»), а перад глухімі зычнымі і на канцы слоў — парны да яго па звонкасці-глухасці гук «т» («кладка», «сад»). Уваходзіць у склад дыграфаў «дж» («ураджай») і «дз» («дзіва»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАХА́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Расіі, у Астраханскай вобл., на Прыкаспійскай нізіне. Засн. ў 1919 з мэтай аховы унікальнага прыроднага комплексу дэльты Волгі, месцаў масавых гняздоўяў птушак, лінькі вадаплаўных птушак, нерасцілішчаў і зімавальных ям прамысл. рыб. Пл. больш за 64 тыс.га. Падзяляецца на 3 участкі: Абжораўскі, Дамчыкскі і Трохізбінскі. З 1975 уся тэр. запаведніка належыць да водна-балотных угоддзяў «Дэльта Волгі». Расліннасць інтразанальная, тыповага дэльтавага характару; трапляюцца зараснікі каспійскага лотасу, чыліму, рдзесту, рагозу, трыснягу і інш.; рэліктавыя і эндэмічныя расліны. У фауне мноства птушак, часцей водна-балотных: лебедзь-шыпун, шэрая гусь, лысуха, чырвананосы нырэц, вялікі і малы бугаі, мышалоў, чаплі і інш. У дэльце акліматызаваныя рачны бабёр, андатра і янотападобны сабака; рэдкі эндэмічны від — хахуля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКО́НГ,
рака ў Кітаі, М’янме, Лаосе, Тайландзе, Камбоджы, В’етнаме (часткова ўтварае мяжу Лаоса з М’янмай і Тайландам), самая вялікая на п-ве Індакітай. Даўж. каля 4500 км, пл. басейна 810 тыс.км². Пачынаецца (пад назвай Дза-Чу) на Тыбецкім нагор’і (каля хр. Тангла, на выш. больш за 3000 м). Цячэ ў глыбокіх цяснінах Сіна-Тыбецкіх гор, цераз Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е (дзе наз. Ланьцанцзян), у зах. адгор’ях гор Чыангшон, па Камбаджыйскай раўніне (пры выхадзе на раўніну вадаспад Кон). Упадае ў Паўд.-Кітайскае м. Ніжэй г. Пнампень пачынаецца дэльта (пл. каля 70 тыс.км²), дзе вылучаюцца 2 гал. рукавы. Дэльта забалочаная, месцамі пакрытая мангравымі зараснікамі. Гал. прытокі: Мун, Танлесап (справа), У, Кадынг, Сан (злева). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Летне-асенняе разводдзе з пад’ёмам узроўню да 10—15 м. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Пнампень 13,2 тыс.м³/с (у разводдзе да 30 тыс.м³/с, у межань да 1,5 тыс.м³/с). Замярзае ў верхнім цячэнні на 1—2 месяцы. Натуральны рэгулятар сцёку М. ў ніжнім цячэнні — воз. Танлесап, якое злучана з М. аднайм. прытокам. У вільготны сезон (чэрв.—ліст.) возера папаўняецца водамі М., у сухі (ліст.—чэрв.) — узровень вады ў М. ніжэйшы, чым у возеры, і адбываецца скід азёрнай вады ў рэчышча ракі. Цвёрды сцёк каля 1,5 км³ за год, што абумоўлівае рост дэльты на 80—100 м штогод. Выкарыстоўваецца для арашэння (пераважна рысавых палёў). ГЭС Нам Нгум (Лаос) на р. Нгум (левы прыток М.). Рэкі і азёры бас. М. багатыя рыбай, шмат вадаплаўных птушак, ёсць кракадзілы. Суднаходства на 700 км ад вусця, у разводдзе на 1600 км (да г. В’енцьян). Марскія судны падымаюцца на 350 км (да г. Пнампень). На М. — гарады Луангпрабанг, В’енцьян, Саванакхет (Лаос), Пнампень (Камбоджа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТАС (Nelumbo),
род кветкавых раслін сям. лотасавых. 2 віды. Пашыраны Л. арэханосны (N. nucifera) у Паўд. Еўропе (напр., дэльтар. Волга), Паўд,Усх. Азіі і Паўн.-Усх. Аўстраліі, Л. жоўты (N. lutea) у Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. У Індыі, Карэі, Кітаі, Японіі культывуецца. Рэлікт трацічнага перыяду.
Шматгадовыя буйныя водныя, часам земнаводныя травы з развітым карэнішчам. Надводнае лісце буйное, шчытападобнае, доўгачаранковае, высока ўзнімаецца над вадой, тое, што плавае, — круглявае, плоскае, падводнае — сядзячае, лускападобнае. Тканкі з вял. паветраноснымі поласцямі. Кветкі дыям. да 30 см, ружовыя або жоўтыя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Пялёсткі і тычынкі шматлікія. Плод — шматарэшак. Насенне захоўвае ўсходжасць да некалькіх тысяч гадоў.
Усе ч. расліны маюць у сабе вітамін С і каўчук, у чаранках і праростках — ядавітае рэчыва нелюмбін. Насенне і карэнішча ўжываюцца ў ежу і на корм жывёле. Харч., лек. і культавыя расліны; стараж. культура народаў Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, амер. індзейцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГДА́НЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Gdańskie),
у паўночнай частцы Польшчы. Пл. 7394 км², нас. 1438,9 тыс.чал. (1992). У гарадах 70% насельніцтва. Адм. ц. — г.Гданьск. Ваяводства размешчана на беразе Гданьскага зал. Балтыйскага мора. Рэльеф пераважна нізінны ў межах Жулаваў Вісляных (левабярэжная дэльта Віслы, частка якой ніжэй за ўзровень мора) і Кашубскага ўзбярэжжа. На раўнінах Кашубскага і Старогардскага паазер’яў трапляецца канцовамарэнны рэльеф (найвышэйшы пункт 329 м, г. Вяжыца). Клімат умераны, пераходны да марскога. Сярэдняя т-растудз. ад -1 °C на ўзбярэжжы да -3 °C на ўзвышшы, ліп. 16—17,5 °C, ападкаў ад 500 да 700 мм за год. Гал. рака — Вісла з левымі прытокамі Вда і Вяжыца, найб. азёры Вдзыдзе і Радуньскае. Гаспадарка прамысл.-агр., у т. л. значная марская (парты Гданьск і Гдыня). Прам-сць: маш.-буд. (гал. чынам суднабудаванне), электронная, харч., фармацэўтычная, хімічная. Прамысл. цэнтры: Гданьск, Гдыня, Сопат, Тчэў, Старогард-Гданьскі, Вейгерова, Румя і Касьцяжына. Вырошчваюць жыта, кармавыя травы, бульбу, пшаніцу і цукр. буракі. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Важны раён турызму і адпачынку (Сопат, Ястшэмбе-Гура, Уладыславова, Ястарня, Гэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ВАРАНАК (Сяргей Уладзіміравіч) (н. 28.6.1953, в. Селішча Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне імуналогіі, інфекц. хвароб, эпідэміялогіі і радыяцыйнай медыцыны. Д-рмед.н. (1990), праф. (1992). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1976). Працуе ў ім з 1976, з 1991 дырэктар Віцебскага філіяла н.-д. клінічнага ін-та радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, адначасова з 1997 — Віцебскага філіяла Рэсп.навук.-практычнага цэнтра па лячэнні хранічных вірусных гепатытаў. Навук. працы па эпідэміялогіі, патагенезе. клінічных праявах вірусных гепатытаў, прычынах актывацыі асобных вірусных інфекцый у людзей, што пацярпелі ад уздзеяння розных доз іанізуючай радыяцыі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Апісаў вірусныя дэльта- і C-гепатыты, распрацаваў прэпараты для дыягностыкі інфекц., аўтаімунных, анкалагічных і эндакрынных хвароб на аснове імунаферментнай тэхналогіі, мерапрыемствы па прафілактыцы, ранняй дыягностыцы і лячэнні радыяцыйна-індуцыраваных хвароб сярод насельніцтва Беларусі, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Тв.:
Разработка радиоиммунного метода определения HBe-антигена (у сааўт.) // Актуальные вопросы патогенеза и терапии инфекционных и паразитарных болезней. Л., 1987;
Пособие по иммунологии. Витебск, 1996 (у сааўт.);
Клинико-морфологические аспекты скрининга радионуклидов в трупном материале (Витебская и Гомельская области) // (у сааўт.) // Медицинская радиология и радиационная безопасность. 1996. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫНО́КА (Orinoco),
рака на Пн Паўднёвай Амерыкі, у Венесуэле і Калумбіі. Даўжыня 2730 км, плошча басейна больш за 1 млн.км². Пачынаецца ў паўднёва-заходняй частцы Гвіянскага пласкагор’я, цячэ на Паўночны Усход сярод астанцовых гор Гвіянскага шчыта, утварае шматлікія парогі, вадаспады да 17 м, месцамі цясніны; ніжняе цячэнне Арынока — на Гвіянскай нізіне; упадае ў Атлантычны акіян. Асноўныя прытокі: Каўра, Карані (справа); Гуаўярэ, Мета, Араўка, Апурэ (злева). У вярхоўях ад Арынока аддзяляецца рака Касік’ярэ, па рэчышчы якой каля 1/3 сцёку паступае ў басейн ракі Амазонка (з’ява біфуркацыі рэк). За 200 км ад акіяна — шырокая дэльта (плошча каля 20 тысяч км²), дзе рака падзяляецца на 36 рукавоў (найбольшыя Манама, Макарэа — суднаходны, Бока-Грандэ і іншыя. Марскія прылівы на 400 кіламетраў ад вусця.
Сярэдні расход вады каля 29 тысяч м³/с, гадавы сцёк каля 915 км³. Дажджавыя паводкі з красавіка да кастрычніка. Цвёрды сцёк да 45 млн.т за год. Марское суднаходства — да горада Сьюдад-Балівар, рачное — да горада Пуэрта-Аякуча (Венесуэла), у перыяд дажджоў — да вусця ракі Гуаўярэ (з перарывамі каля парогаў). Каскад ГЭС (найбольшыя — Гуры, на рацэ Карані). На Арынока гарады Санта-Барбара, Пуэрта-Аякуча, Сьюдад-Балівар, Пуэрта-Ардас (Венесуэла), Пуэрта-Карэньё (Калумбія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕПАТЫ́Т ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ, Боткіна хвароба,
вострая інфекц. хвароба чалавека з пераважным пашкоджаннем печані. Узбуджальнікі гепатыту інфекцыйнага — РНК-змяшчальныя вірусы A, C, E, D (дэльта-агент, які складаецца з антыгену і малекулы РНК) і ДНК-змяшчальны вірус B (часціца Дэйна). Адрозніваюць гепатыт інфекцыйны — A і E, якім характэрны фекальна-аральны механізм перадачы (харч. прадукты, вада, быт. кантакты), і парэнтэральныя (сываратачныя) гепатыт інфекцыйны — B, C і D, што перадаюцца пры пераліваннях крыві ці сывараткі. Крыніца інфекцыі — хворыя на гепатыт і вірусаносьбіты.
У арганізме чалавека вірусы пранікаюць ў лімфатычныя вузлы, потым у кроў з наступнай генералізацыяй інфекцыі (першасная вірусемія) і інтэнсіўным размнажэннем іх у печані («гепатагенная фаза»). З печані вірусы трапляюць у кроў, што значна павялічвае аб’ёмы вірусеміі (другасная стадыя) і абумоўлівае хвалепадобнае цячэнне, абвастрэнні і рэцыдывы хваробы. Інкубацыйны перыяд пры гепатыце інфекцыйным — 20—45, пры парэнтэральным — 60—160 сутак. У пераджаўтушны перыяд (1—2 тыдні) пры гепатыце інфекцыйным назіраецца страта апетыту, ірвота, адчуванне цяжару ў падмышачнай вобласці, пры парэнтэральным — болі ў суставах і мышцах. Іншы раз гепатыт інфекцыйны пачынаецца з жаўтухі, якая напачатку ахоплівае склеры, паднябенне, потым скуру. Прыкметы хваробы: павялічаная печань, магчымы сверб скуры, парушэнне сну, галаўныя болі, мача цёмная, кал ахалічны. Жаўтушны перыяд цягнецца 2—4 тыдні. Лячэнне: спец. рэжым і харчаванне, вітаміны, кіслародатэрапія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНГ, Ганга,
рака ў Азіі, у Індыі і Бангладэш. Даўж. 2700 км, пл.бас. 1120 тыс.км². Пачынаецца ад зліцця 2 вытокаў (Бхагіратхі і Алакнанда) з ледавікоў у Гімалаях на выш. 4500 м. Прарэзаўшы горы Сівалік (ніжэй горада Хардвар), выходзіць на Інда-Гангскую раўніну, якую перасякае ў паўд.-ўсх. напрамку. Упадае ў Бенгальскі заліў, утвараючы разам з Брахмапутрай велізарную дэльту (пл. больш за 80 тыс.км²). Асн. прытокі: Джамна, Сон, Дамодар (справа), Гоматы, Гхагхра, Гандак, Косі (злева). У вярхоўях Ганга цячэ сярод гор па цесных каньёнападобных далінах, мае вял. падзенне рэчышча, утварае шэраг вадаспадаў. У сярэднім і ніжнім цячэнні — павольная і мнагаводная рака. Дэльта Ганга мае густую і складаную сетку рэк, каналаў і азёр, укрыта ўрадлівымі глебамі, шчыльна заселена; нізоўі яе затоплены, заняты джунглямі. Рэжым мусонны, летнія паводкі з пад’ёмамі ўзроўню вады да 15 м; частыя і моцныя навадненні. Сярэдні расход вады 13 тыс.м³/с, каля вусця разам з Брахмапутрай 38 тыс.м³/с. Гадавы сцёк 1200 км³ (3-е месца пасля Амазонкі і Конга). Вада мутная; цвёрды сцёк больш за 200 млн.т наносаў за год. У ніжнім цячэнні ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная на 1450 км (ад г. Хардвар да вусця). Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гангу буйныя гарады — Алахабад, Варанасі, Патна, у дэльце — марскі порт Калькута (Індыя). Ганг — свяшчэнная рака індусаў, па берагах — месцы рэліг. паломніцтваў (гл.Ганга).