БАРАБА́ННАЯ ПЕРАПО́НКА,
тонкая, эластычная мембрана ў вуху наземных пазваночных жывёл і чалавека. Аддзяляе вонкавы слыхавы праход ад барабаннай поласці. Гал. функцыя — перадача гуку і яго ўзмацненне. Гукавыя хвалі, дасягаючы барабаннай перапонкі, надаюць ёй ваганне, якое праз слыхавыя костачкі перадаецца ўнутранаму вуху.
т. 2, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
біяаку́стыка
(ад бія- + акустыка)
раздзел біялогіі, які вывучае гукі, што выдаюць жывёлы, і гукавыя зносіны жывёл.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
геамагнітафо́н
(ад геа- + магнітафон)
геафон, які ўзмацняе і рэгіструе цяжкаўлоўныя гукавыя хвалі ў падземных горных вырабатках.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БЕ́ЛЫ ШУМ,
акустычны шум, у якім гукавыя ваганні розных частот выяўлены ў аднолькавай ступені (напр., шум вадаспада, цеплавы шум у радыёэлектронных апаратах). Спец. генератары белага шуму выкарыстоўваюць для кантролю паласы прапускання і раўнамернасці частотных характарыстык электронных узмацняльнікаў. Наз. па аналогіі з белым святлом.
т. 3, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гукавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да гуку (у 2 знач.). Светлавыя і гукавыя з’явы.
2. Які перадае, узнаўляе або запісвае гукі. Гукавы апарат.
3. Які складаецца з гукаў. Гукавая сігналізацыя.
4. Які мае адносіны да гука (у 4 знач.). Гукавы склад слова.
•••
Гукавое кіно гл. кіно.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паралінгві́стыка
(ад пара- + лінгвістыка)
раздзел мовазнаўства, які вывучае гукавыя сродкі, што суправаджаюць маўленне (ступень гучнасці, размеркаванне паўз і інш.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БА́ТАЎ (Іван Андрэевіч) (1767, б. Маскоўская губ. — 30.6.1841),
рускі майстар муз. інструментаў. Прыгонны графа М.П.Шарамецева, у 1822 атрымаў вольную. Вырабляў скрыпкі, альты, віяланчэлі, гітары, рэстаўрыраваў старадаўнія інструменты. Дасканаласць іх вырабу і выдатныя гукавыя якасці прынеслі яму сусв. вядомасць. На выстаўцы ў Пецярбургу (1829) за скрыпку і віяланчэль Батаву прысуджаны Вялікі сярэбраны медаль.
т. 2, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ТАР (ад лац. generator вытворца),
прыстасаванне, апарат, машына, якія вырабляюць які-небудзь прадукт (напр., ацэтыленавы генератар, газагенератар, парагенератар), эл. энергію (гідрагенератар, турбагенератар, магнітагідрадынамічны генератар, тэрмаэлектрычны генератар, электрамашынны генератар, электрычны генератар) або ствараюць эл., эл.-магн., светлавыя ці гукавыя сігналы — ваганні, імпульсы (квантавы генератар, ультрагукавы генератар, генератар вымяральны, лямпавы, магнетронны, імпульсны і інш.).
т. 5, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРААКУСТЫ́ЧНЫ МАЯ́К,
стацыянарная падводная прылада, якая выпрамяняе гукавыя (акустычныя) сігналы з мэтай арыентавання суднаў, глыбакаводных апаратаў і інш. Мае генератар гукавых ваганняў, узмацняльнік магутнасці, электраакустычны выпрамяняльнік, механізм кіравання сігналамі, сінхранізавальную прыладу, крыніцу электрасілкавання. Устанаўліваюць на дне мора, на метал. апорах ці на якары (на зададзенай глыбіні). Далёкасць дзеяння гідраакустычнага маяка каля 20 км.
т. 5, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАЗА́ПІС,
запіс гукавых ваганняў на гуканосьбіце для наступнага ўзнаўлення. Гуказапісвальны элемент (разец, светлавы прамень, магн. поле ці інш.) пакідае след гукавога вагання (гукавую дарожку, ці фанаграму) на рухомым гуканосьбіце. У залежнасці ад колькасці каналаў запісу—узнаўлення адрозніваюць гуказапіс мона- (1 канал), стэрэа- (2 каналы), квадра- (4 каналы) і поліфанічны (больш за 4 каналы). Найб. пашыраны мех., фатагр. (аптычныя) і магн. метады гуказапісу, якія выкарыстоўваюцца ў вытв-сці грампласцінак, гукавым кіно, пры стварэнні радыё- і тэлевізійных праграм і інш.
Для мех. гуказапісу выкарыстоўваюць эл.-акустычны (найб. пашыраны) ці акустычны спосаб. Пры акустычным спосабе гукавыя ваганні непасрэдна ўздзейнічаюць на гуказапісвальны элемент (напр., іголку фанографа), які стварае гукавую канаўку, пры эл.-акустычным — гукавыя ваганні пераўтвараюцца мікрафонам у эл. і пасля ўзмацнення ўздзейнічаюць на запісвальны элемент. Пры фатагр. гуказапісе гукавыя ваганні пераўтвараюцца ў светлавыя і фіксуюцца на святлоадчувальнай плёнцы (гл. Гукавое кіно), кампакт-дыску і інш., пры магн. гуказапісе зменьваецца намагнічанасць дарожкі запісу на магнітных дроце, стужцы, дыску і інш. Гл. таксама Дыктафон, Магнітафон, Магнітарадыёла, Магнітола.
У муз. мастацтве гуказапіс адкрыў новыя магчымасці і зрабіў вял. ўплыў на ўсе сферы музыкі 20 ст. Ён ператварыў музыку ў прадмет масавай вытворчасці, вылучыў гукарэжысуру як новую разнавіднасць муз. творчай працы і прывёў да істотных змен у кампазіцыі, выканальніцтве (гл. Электронная музыка) і ўспрыманні музыкі.
Літ.:
Синклер Я. Введение в цифровую звукотехнику: Пер. с англ. М., 1990;
Рождение звукового образа. М., 1985.
А.П.Ткачэнка.
т. 5, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)