ка́ста, ‑ы, ДМ ‑касце, ж.

1. У Індыі і некаторых іншых краінах Усходу — грамадская група, строга адасобленая паходжаннем, родам заняткаў і прававым становішчам сваіх членаў. Каста брамінаў.

2. перан. Замкнутая грамадская групоўка, якая строга ахоўвае сваю адасобленасць і свае саслоўныя або групавыя прывілеі. Дваранская каста.

[Партуг. casta — род, пакаленне ад лац. castus — чысты.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

э́тнас

(гр. ethnos = народ)

устойлівая сацыяльная групоўка людзей, што склалася гістарычна (племя, народнасць, нацыя).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

стра́та

(лац. stratum = слой)

грамадская групоўка людзей, аб’яднаных агульнай сацыяльнай рысай, напр. маёмаснай, прафесіянальнай, адукацыйнай і г.д.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІЯТЫ́П (ад бія... + тып),

1) сукупнасць асобін у складзе папуляцыі (унутрыпапуляцыйная групоўка) з падобным генатыпам. У 1920—30-я г. Біятып разглядаўся як самая дробная таксанамічная катэгорыя, з якой складаецца від (гл. Экатып). Зрэдку да біятыпу адносяць групу асобін, падобных фенатыпічна, але не абавязкова генетычна ідэнтычных.

2) Тое, што жыццёвая форма.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

жыро́нда

(фр. Gironde = вобласць у Францыі)

палітычная групоўка ў перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—1799 гг., якая перайшла на бок контррэвалюцыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БУЖА́НЕ,

усходнеславянская племянная групоўка на р. Зах. Буг або Паўд. Буг (адсюль назва). Межы рассялення бужан пісьмовымі крыніцамі не вызначаны. Паводле Баварскага географа (9 ст.), мелі 231 «горад» (умацаванае паселішча). У пач. недатаванай часткі «Аповесці мінулых гадоў» адзначана, што папярэднікі бужан зваліся дулебамі, наступнікі — валынянамі. Гісторыкі лічаць, што ў дадзеным выпадку адбылася змена назвы мясц. насельніцтва.

В.С.Пазднякоў.

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВЕЛЕРЫ (англ. Levellers літар. ўраўняльнікі),

радыкальная паліт. групоўка ў час Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя; апаненты прэсвітэрыян, індэпендэнтаў (кангрэгацыяналістаў) і сапраўдных левелераў (дыгераў). Вядомы з 1645 як левае крыло індэпендэнтаў, з 1647 самаст. агульнаангл. групоўка (да 20 тыс. актывістаў). Лідэры — Дж.Лілберн, Р.Овертан, У.Уолвін. Сац. база — заможныя сяляне і рамеснікі, дробныя гандляры. Выступалі за рэспубліку з аднапалатным парламентам, вяршэнства і суверэнітэт народа, свабоду і ўраўнаванне ў правах (адсюль назва) усіх людзей, усеагульнае выбарчае права для мужчын з 21 года (акрамя слуг і атрымальнікаў «дабрачынных выплат»), захаванне прыватнай уласнасці, забарону агароджванняў, дэмакратызацыю судаводства і права, поўную рэліг. верацярпімасць, аддзяленне царквы ад дзяржавы і інш. У 1647 стварылі свае саветы салдацкіх прадстаўнікоў. Вялі супраць індэпендэнтаў «памфлетную вайну», дамагліся абвяшчэння Англіі рэспублікай (19.5.1649, яе ўзначаліў лідэр індэпендэнтаў О.Кромвель), у маі і вер. 1649 узнялі шэраг антыіндэпендэнцкіх паўстанняў у арміі; разгромлены ў выніку праследаванняў індэпендэнцкіх улад.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГЕ́МА (франц. boheme літар. цыганшчына),

асяроддзе мастацкай інтэлігенцыі (акцёраў, музыкантаў, мастакоў), якое бесклапотным, эксцэнтрычным ладам жыцця выяўляе сваю абыякавасць да агульнапрынятых нормаў. Назва паходзіць ад Багеміі — часткі Чэхіі, якая раней лічылася радзімай цыганоў. З’явы, падобныя да багемы, вядомы з даўніх часоў, аднак назва «багема» ўзнікла ў Францыі ў 19 ст. (першая багемная групоўка, куды ўваходзілі В.Гюго, Т.Гацье і інш., створана каля 1830).

т. 2, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЕАНІ́СТЫ,

манархічная групоўка ў Францыі ў 19 ст. Узвяла на трон у 1830 Луі Філіпа Арлеанскага. У перыяд яго праўлення [1830—48] панавалі ў Францыі, у перыяд Другой рэспублікі [1848—52] уваходзілі ў «партыю парадку», палітыка якой садзейнічала ўстанаўленню Другой імперыі. Пасля ўдзелу ў падрыхтоўцы няўдалага манарх. перавароту ў 1870-я г., а затым у буланжызме (канец 1880-х г.) сышлі з паліт. арэны.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ла́гер, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Часовая стаянка, пасяленне, звычайна пад адкрытым небам, у палатках.

Турысцкі л.

Разбіць л.

2. Месца для ўтрымання вялікай колькасці ваеннапалонных ці зняволеных людзей.

Л. для ваеннапалонных.

3. Часовая стаянка войска ў палявых умовах, а таксама войска, размешчанае такім чынам; сталае месцазнаходжанне партызан, паўстанцаў.

4. перан. Грамадска-палітычная групоўка, кірунак.

Л. міру.

Піянерскі лагер — выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для піянераў і школьнікаў у СССР.

|| прым. ла́герны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Л. збор.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)