КАНФЕДЭРАТЫ́ЎНЫЯ ШТА́ТЫ АМЕ́РЫКІ,

поўная назва саюза (канфедэрацыі) паўд. рабаўладальніцкіх штатаў у час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

свабодалю́бнасць, ‑і, ж.

Тое, што і свабодалюбства. Купала і Колас паэтызуюць у сваім героі перш за ўсё рысы свабодалюбнасці і грамадзянскай актыўнасці. Перкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ, цывільнае грамадства,

сукупнасць грамадзян, добраахвотных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, якія будуюць сваю дзейнасць на аснове прызнання прыярытэту грамадства і неабходнасці служэння яму дзяржавы. Гістарычна ідэя грамадзянскай супольнасці бярэ пачатак у Стараж. Грэцыі і ант. Рыме, калі склаліся ўяўленні аб грамадстве і грамадзянах, надзеленых правамі і абавязкамі (Цыцэрон, Платон, Эпікур, Лукрэцый і інш.). Паводле Арыстоцеля, грамадзянская супольнасць — сукупнасць свабодных і раўнапраўных грамадзян, звязаных паміж сабой пэўнай формай паліт. арг-цыі (дзяржава-поліс). Т.​Гобс у працах «Аб грамадзяніне» (1642) і «Левіяфан» (1651) вызначыў грамадзянскую супольнасць як «саюз індывідуальнасцей», калектыў, у якім яго члены на ўзаемнай аснове адмаўляюцца ад замаху на жыццё, свабоду і ўласнасць адзін аднаго. Канцэпцыі грамадзянскай супольнасці з усімі яе праблемамі (свабоды, права, уласнасці, раздзялення ўлад і інш.) распрацоўвалі Дж.​Лок, Г.​Гегель, Ж.​Ж.​Русо, І.​Кант, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Т.​Пейн і інш. Яны знаходзілі адлюстраванне ў творчасці бел. мысліцеляў Ф.​Скарыны, С.​Буднага, А.​Волана, І.​Страйноўскага, Ф.​Багушэвіча і інш. Паводле К.​Маркса, чалавек у развітой дзяржаве вядзе жыццё ў паліт. супольнасці, у якой ён прызнае сябе грамадскай істотай, і жыццё ў грамадзянскай супольнасці, у якой ён дзейнічае як прыватная асоба.

Грамадзянская супольнасць ахоплівае сукупнасць эканам., сац., рэліг., нац. і інш. адносін. Яе эканам. аснову складае разнастайнасць і роўнасць формаў уласнасці і, перш за ўсё, індывід. прыватная ўласнасць, на базе якой узнікаюць розныя формы недзярж. грамадскай уласнасці (напр., уласнасць сямейная, партнёрская, кааператыўная, калектыўна-долевая, акцыянерная і інш.). Сац. структура грамадзянскай супольнасці прадстаўлена рознымі групамі, утворанымі па класавых, прафес., дэмагр., этнічных, сацыякульт., канфесіянальных прыкметах, па ўзроўні адукацыі, тыпу месцажыхарства, ладу жыцця і г.д. Паліт. асновай грамадзянскай супольнасці з’яўляецца легітымнасць дзярж. улады, шматпартыйнасць, наяўнасць легальнай апазіцыі, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі, масавых дэмакр. рухаў, грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый, якія створаны без удзелу, фінансавання і кантролю з боку дзяржавы і будуюць сваю дзейнасць на прынцыпах самакіравання. Духоўныя асновы грамадзянскай супольнасці — высокі ўзровень грамадскай свядомасці, грамадзянскасці і культуры людзей. Асн. прынцыпы функцыянавання любой грамадзянскай супольнасці — індывідуалізацыя, канкурэнцыя, салідарнасць, сац. абарона і супрацоўніцтва.

Ідэя грамадзянскай супольнасці знаходзіла практычнае ўвасабленне ў працэсе пераходу ад дэспатыі да дэмакратыі, ад абсалютызму да рэспублікі або канстытуцыйнай манархіі (Англія, Швецыя, Данія і інш.), ад феад. грамадства да бурж., індустрыяльнай цывілізацыі і капіталіст. грамадскіх адносін. Такія грамадствы фарміраваліся ў краінах Зах. Еўропы, ЗША на мяжы 19—20 ст. У канкрэтных гіст. умовах таго часу ў Расіі складваліся толькі асобныя элементы грамадзянскай супольнасці, а пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 дзяржава ўзяла на сябе не толькі свае ўласныя функцыі, але і функцыі кантролю і рэгулявання самадзейнай творчасці грамадзян, дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый. У 2-й пал. 20 ст. развіццё грамадзянскай супольнасці стала адной з формаў ажыццяўлення найноўшых навук. ідэй грамадскага прагрэсу (стадый эканам. росту, мадэрнізацыі, адкрытага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства і інш.), пераходу ад аўтарытарна-дыктатарскіх рэжымаў да дэмакратычных (Германія, Італія, Іспанія, Грэцыя, Чылі і інш.), лібералізацыі эканам. адносін, сац.-паліт. ін-таў, нац.-культ. адраджэння і самавызначэння ў шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы, інш. рэгіёнаў свету.

Нац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь закладвае прававыя механізмы ўзмацнення ўплыву грамадства на яго паліт. арг-цыю, гарантыі неўмяшання дзяржавы ў прыватнае і асацыятыўнае жыццё грамадзян, а таксама дзярж. абавязацельствы па захаванні і абароне правоў і законных інтарэсаў членаў грамадзянскай супольнасці. Важнымі структурнымі элементамі такой супольнасці могуць стаць шматлікія няўрадавыя арг-цыі, грамадскія аб’яднанні і рухі, творчыя саюзы і асацыяцыі, дабрачынныя фонды і інш. добраахвотныя арг-цыі, якія садзейнічаюць сцвярджэнню дэмакр. прынцыпаў грамадскага жыцця, стварэнню ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы.

Літ.:

Локк Д. Два трактата о правлении. Кн. 2 // Соч. М., 1988. Т. 3;

Гегель Г.В.Ф. Философия права: Пер. с нем. М., 1990;

Гражданское общество и правовое государство: предпосылки формирования. М., 1991;

Гражданское общество: (Сб. ст.). Вып. 1—2. Мн., 1995—96.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 5, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

авіяметэаста́нцыя

(ад авія- + метэастанцыя)

метэастанцыя, прызначаная для абслугоўвання ваеннай і грамадзянскай авіяцыі (параўн. гідраметэастанцыя).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

геро́іка, ‑і, ДМ ‑роіцы, ж.

Гераічны змест, гераічны бок чаго‑н. Героіка нашых дзён. □ За плячамі ў камсамола героіка грамадзянскай вайны і рамантыка гарачых будняў першых пяцігодак. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гва́рдыя, -і, ж.

1. Адборныя, лепшыя войскі.

2. перан. Выпрабаваная частка якога-н. калектыву, сацыяльнай групы і пад.

Рабочая г.

Белая гвардыя — агульная назва контррэвалюцыйных войск у час Грамадзянскай вайны ў Расіі ў 1918—1920 гг.

Чырвоная гвардыя — баявыя атрады рабочых, якія з’явіліся для барацьбы з контррэвалюцыяй і дзейнічалі ў 1917—1918 гг.

|| прым. гвардзе́йскі, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

камуні́зм, -у, м.

Грамадска-эканамічная фармацыя, заснаваная на пабудове бяскласавага грамадства з агульнай уласнасцю на сродкі вытворчасці і з поўнай сацыяльнай роўнасцю ўсіх членаў грамадства, а таксама навуковая тэорыя стварэння такой фармацыі.

Навуковы к.

Ваенны камунізм — часовая эканамічная палітыка савецкай улады ў перыяд Грамадзянскай вайны (1918—1920 гг.) і ваеннай інтэрвенцыі.

|| прым. камуністы́чны, -ая, -ае.

К. светапогляд.

Камуністычная партыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,

галіна вытв-сці і абслугоўвання, прызначаная для перавозак людзей і грузаў, выкарыстання ў сан. і проціпажарнай службах, сельскай гаспадарцы, геолагаразведцы і інш. Першая трансп. авіялінія на Беларусі адкрыта ў 1932 па маршруце Мінск—Глуск—Парычы—Мазыр (курсіравалі 3 самалёты, вазілі пераважна пошту). Перавозка пасажыраў пачалася з 1938 па лініі Мінск—Масква (гл. Паветраны транспарт). Пасля 2 сусв. вайны прамыя паветр. лініі звязалі Мінск з абл. цэнтрамі і інш. гарадамі рэспублікі і СССР. Сучасная грамадзянская авіяцыя Рэспублікі Беларусь мае паветр. сувязь больш як з 50 краінамі, у т. л. з Англіяй, Германіяй, Кітаем, ЗША і інш. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» — Беларускае аб’яднанне грамадзянскай авіяцыі. На лініях эксплуатуюцца самалёты ТУ-134, ТУ-154 (розных мадыфікацый), АН-26, АН-24, ЯК-40 і інш., верталёты К-26, Мі-2 і інш. Рамантуюць лятальныя апараты Мінскі авіярамонтны завод, авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай. Спецыялістаў для грамадзянскай авіяцыі рыхтуе Мінскі авіяцыйны каледж, спец. навуч. ўстановы інш. краін СНД. Перавозкі грамадзянскай авіяцыі забяспечваюць міжнар. аэрапорты Мінск-1, Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне, нац. і мясц. ў абл. цэнтрах, а таксама ў Мазыры, Пінску, Полацку, Салігорску і інш. Гл. таксама Аэрапорт, Авіяцыя.

т. 5, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

белагвардзе́йшчына, ‑ы, ж., зб.

Белагвардзейцы, контррэвалюцыянеры. — Цяпер, таварышы, становішча такое, — пачаў.. [Рыгор], — што як ніколі яшчэ за ўвесь час грамадзянскай вайны Савецкай рэспубліцы пагражае небяспека з боку белагвардзейшчыны ўсякай і Антанты. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эфе́бія

(ад гр. ephebos = юнак)

дзяржаўная арганізацыя ў Афінах і Спарце для падрыхтоўкі юнакоў да грамадзянскай службы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)