ДЗЮМО́Н-ДЗЮРВІ́ЛЬ ((Dumont d’Urville) Жуль Себасцьен Сезар) (23.5.1790, г. Кандэ-сюр-Нуаро, Францыя — 8.5.1842),
французскі мараплавец і акіянограф. У 1826—28 здзейсніў кругасветнае плаванне на караблі «Астралябія», у час якога знайшоў сляды загінуўшай экспедыцыі Ж.Лаперуза, даследаваў некалькі астраўных груп у Ціхім ак., нанёс на карту частку берагоў Новай Зеландыі і Новай Гвінеі. У 1837—40 ажыццявіў плаванне ў Антарктыку на суднах «Астралябія» і «Зеле»; адкрыў Зямлю Луі Філіпа, в-аў Жуанвіль, Зямлю Адэлі. У яго гонар названа Дзюрвіля мора ў Антарктыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Афіц. мова Партугаліі, Бразіліі, Анголы, Мазамбіка, Гвінеі-Бісау, Каба-Вердэ, Сан-Таме і Прынсіпі. Склалася ў 12—14 ст. у выніку змяшэння партугала-галійскіх гаворак поўначы і поўдня. У пач. 16 ст. ў сувязі з геагр. адкрыццямі адбылася экспансія -П.м. ў Бразілію, а таксама на тэр. Афрыкі і Азіі. Сучасная П.м. мае 2 асн.тэр. варыянты: партуг. і браз., якія адрозніваюцца пераважна ў фанетыцы і лексіцы. У працэсе фарміравання знаходзяцца афр. варыянты П.м., у першую чаргу ў Анголе і Мазамбіку. На тэр. Партугаліі 3 дыялектныя групы: паўд., цэнтр. і паўночная. Для П.м. ў Бразіліі характэрна адноснае адзінства. На базе П.м. развіўся шэраг крэольскіх моў (у Гвінеі-Бісау, Каба-Вердэ, Аамыні і інш.). П.м. ўласцівы; у фанетыцы — назалізацыя і рэдукцыя галосных, насавыя дыфтонгі, адрозненне зычных па вымаўленні ў залежнасці ад пазіцыі і акружэння; у марфалогіі — наяўнасць т.зв. асабовага інфінітыва, абмежаванае ўжыванне складаных дзеяслоўных часоў; у лексіцы — шмат запазычанняў з ісп., франц., араб. моў. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца прыкладна 12 ст. Пісьменства на аснове лацініцы.
Літ.:
Вольф Е.М., Никонов Б.А. Португальский язык: Граммат. очерк, лит. тексты с комментариями и словарем. М., 1965;
Вольф Е.М. История португальского языка. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́МЫ (Agamidae),
сямейства яшчарак атр. лускаватых. 35 родаў, больш за 300 відаў. Найб. вядомыя круглагалоўкі (Phrynosephalus), драконы (Draco), яшчаркі плашчаносныя (chlamydosaurus), калоты (Calotes). Водзяцца пераважна ў стэпавых і пустынных зонах Афрыкі (акрамя Мадагаскара), Паўд.-Усх. Еўропы, Азіі, Аўстраліі і Новай Гвінеі. Жывуць на зямлі, скалах або дрэвах.
Даўж. да 45 см. Галава і шыя ўкрытыя дробнымі рагавымі шчыткамі, у некат. уздоўж спіны грэбень. Хвост звычайна доўгі, няломкі. Могуць мяняць афарбоўку цела. Кормяцца насякомымі, зрэдку раслінамі. Кладуць яйцы, некат. жывародныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЯШЫ́ЙНЫЯ ЧАРАПА́ХІ (Chelidae),
сямейства паўзуноў падатр.бакашыйных чарапах. 10 родаў, больш за 30 відаў. Пашыраны ў рэках і азёрах Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, Новай Гвінеі. Найб. вядомыя З.ч.: аўстралійская (Chelodina longicollis), гідрамедузы (Hydromedusa), махрыстая, або матамата (Chelus fimbiriatus). Несапраўдная эмідура, якая жыве ў Паўд.-Зах. Аўстраліі, занесена ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. панцыра да 40 см. Характэрна доўгая шыя, якая разам з галавой закладваецца збоку пад панцыр, а не ўцягваецца ўнутр. Панцыр звычайна значна пляскаты. Адкладваюць 15—20 яец. Драпежныя. Некат. — аб’екты палявання (мяса, яйцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКСІ́Т (ад назвы мясцовасці Бо на Пд Францыі, дзе ўпершыню быў знойдзены),
алюмініевая руда, якая складаецца пераважна з гідратаў вокіслаў алюмінію, вокіслаў жалеза (бёміту, гібсіту, гідрагётыту, дыяспару і інш.) і гліністых мінералаў. Агрэгаты шчыльныя (камяністыя), порыстыя, зямлістыя, глінападобныя. Колер белы, шэры, жоўты, чырвоны, чорны. Бляск цьмяны да зямлістага. Цв. 1—3. Шчыльн. 1800—3200 кг/м³. Паходжанне латэрытнае (рэшткавае, ва ўмовах трапічнага і субтрапічнага клімату) і асадкавае. Гал. руда для атрымання алюмінію, выкарыстоўваецца на выраб фарбаў, штучных абразіваў, вогнетрывалых матэрыялаў і інш.Асн. радовішчы ў Аўстраліі, Сурынаме, Гаяне, Бразіліі, Гвінеі, Францыі, Венгрыі, Расіі, ЗША, на Ямайцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАПРАХО́ДНЫЯ (Monotremata),
яйцародныя, атрад найб. прымітыўных сярод сучасных млекакормячых. Вядомы з плейстацэну Аўстраліі. 2 сям.: яхідны і качканосы, 5 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі, Тасманіі, Новай Гвінеі.
Даўж. цела да 80 см. Характэрна сумяшчэнне заднепраходнай і мочапалавой адтулін (клаака, як у птушак). Зубоў у дарослых няма. Страўнік не мае стрававальных залоз. Сярэдняя т-ра цела ніжэйшая, чым у інш. млекакормячых (25—36 °C). Нясуць 1—2, зрэдку 3 яйцы. Малочныя залозы трубчастыя, выдзяляюць малако на брушную паверхню цела (залозістае поле), адкуль яго злізваюць дзіцяняты. Паўводныя ці наземныя формы. Кормяцца жывёльнымі арганізмамі. Колькасць невялікая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВЫЯ РУ́ДЫ,
горныя пароды і мінералы, сыравіна для атрымання алюмінію. Асноўныя алюмініевыя руды — баксіты, з якіх атрымліваюць паўпрадукт — гліназём (Al2O3). У якасці алюмініевых руд выкарыстоўваюцца таксама нефелінавыя сіеніты, алунітавыя і нефелін-апатытавыя пароды; магчыма выкарыстанне высокагліназёмных каалінітавых глін і аргілітаў, лейцытаў, анартазітаў, лабрадарытаў, даўсанітаў, алюмафасфатаў і інш. Алюмініевыя руды — комплексная сыравіна; з баксітаў атрымліваюць таксама галій, ванадый, скандый, з нефелін-апатытавых парод — адначасова фасфаты. Буйнейшыя радовішчы ў Расіі, Казахстане, Гвінеі, Аўстраліі, Бразіліі, ЗША, Індыі, Камеруне, на Ямайцы і інш. На Беларусі перспектывы на баксітазмяшчальныя руды могуць быць звязаны з верхнімі гарызонтамі дакембрыю і карой выветрывання некаторых гарызонтаў палеазою, з радовішчамі даўсаніту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МВЕЛА ЦЯЧЭ́ННЕ, экватарыяльнае падпаверхневае проціцячэнне Ціхага акіяна. Рухаецца на У пад Паўднёвым Пасатным цячэннем ад раёна Новай Гвінеі да а-воў Галапагас; даўж. 15 тыс.км, шыр. каля 300 км. Ядро К.ц. з хуткасцю да 5—6 км/гадз рухаецца ўздоўж экватара або адхіляецца ад яго на адлегласць да 100 км. На З акіяна ядро знаходзіцца на глыб. 200 м, на У —50 м і пры аслабленні пасатных вятроў выходзіць на паверхню. Расход вады 25—40 млн.м³/сек. К.ц. з’яўляецца кампенсацыйным і важным у цыркуляцыі водных мас Ціхага ак. ў экватарыяльных шыротах. Адкрыта ў 1952 экспедыцыяй ЗША пад кіраўніцтвам акіянографа Т.Кромвела, названа яго імем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙСКІЯ ПТУ́ШКІ (Paradisaeidae),
сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 20 родаў, каля 40 відаў. Пашыраны ў лясах Новай Гвінеі і прылеглых астравоў, ва Усх. і Паўн. Аўстраліі. Аселыя, гняздуюцца пераважна на дрэвах, трымаюцца паасобна. 9 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Разнастайныя паводле знешняга выгляду, памеру 14—100 см. У большасці відаў выразны палавы дымарфізм. Апярэнне яркае, рознакаляровае, з метал. адлівам. Крылы адносна кароткія і шырокія. Хвост кароткі прамы або доўгі ступеньчаты. Дзюба моцная, у некат. доўгая, загнутая. Кормяцца насеннем, пладамі, беспазваночнымі, дробнымі жабамі, яшчаркамі. Большасць відаў — палігамы. Нясуць 1—2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛАНЕ́ЗІЯ [ад грэч. melas (melanos) чорны + nēsos востраў],
адна з асн. астраўных груп Акіяніі, у паўд.-зах.ч. Ціхага ак., якая працягнулася ад экватара да тропіка Казярога на 5 тыс.км. Гал. астравы і архіпелагі: Новая Гвінея, Бісмарка архіпелаг, Саламонавы астравы, Новыя Гебрыды, Новая Каледонія, Фіджы. Агульная пл. каля 1 млн.км². Нас. больш за 5 млн.чал. (1995). Астравы мацерыковага і вулканічнага паходжання, утвораныя ў альпійскую складкавасць. Складзены з крышт., метамарфічных, ападкавых і вулканічных адкладаў. Амаль усе астравы гарыстыя. Горы выш. да 2000 м на архіпелагу Бісмарка, Саламонавых а-вах; на Новай Гвінеіг. Джая — 5029 м. М. — раён вулканізму і сейсмізму (дзеючы вулкан Багана на в-ве Бугенвіль, вулканы на Новых Гебрыдах і інш.). Многія астравы абкружаны або складзены каралавымі рыфамі. Уздоўж зах. берага Новай Каледоніі доўгая паласа бар’ерных рыфаў. Клімат экватарыяльны, субэкватарыяльны, на паўд. астравах — трапічны. Сярэднія т-ры 25—28 °C. Гадавая колькасць ападкаў на наветраных схілах гор прыэкватарыяльных астравоў 7000—9000 мм, на астатняй тэрыторыі — 1000—2000 мм. Рачная сетка густая. Найб. колькасць рэк на Новай Гвінеі (буйныя рэкі Флай і Дыгул). На буйных паўн. астравах — вільготныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў (пальмы, хлебнае, дыннае дрэвы, фікусы-каўчуканосы і інш.). На схілах гор з выш. 900—1000 м размешчаны горныя гілеі. На астравах у цэнтр. і паўд. частках М. пераважаюць мусонныя лясы, а ў больш засушлівых абласцях — саванны. Трапічнае земляробства. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Здабыча жэмчугу і перламутравых ракавін, руд нікелю (Новая Каледонія), медзі (Саламонавы а-вы).