ПЛАН (ад лац. planum плоскасць),

1) чарцёж, які паказвае ва ўмоўных знаках на плоскасці частку зямной паверхні (гл. План мясцовасці).

2) Гарызантальны разрэз або від зверху якога-н. збудавання або прадмета (гл. План у архітэктуры).

3) Папярэдне намечаны парадак ажыццяўлення якой-н. праграмы, выканання працы, правядзення мерапрыемстваў (гл. Планаванне).

4) Задума, праект, асн. рысы якой-н. працы, пераказу (напр., П. даклада, п’есы).

5) Спосаб разгляду, пабудовы, падыходу да чаго-н. (напр., у тэарэт. П.).

6) Размяшчэнне аб’ектаў на выяве — першы, сярэдні, задні П. і іх памеры — буйны, дробны (напр., П. кінематаграфічны).

т. 12, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вертыка́льны

(лац. verticalis)

адвесны, перпендыкулярны лініі гарызонта (проціл. гарызантальны).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ГЕАЛАГІ́ЧНЫ РАЗРЭ́З, геалагічны профіль,

графічнае адлюстраванне геал. будовы тэрыторыі, тэктанічнай структуры, радовішча і інш. аб’ектаў у вертыкальнай плоскасці. Паказвае склад горных парод, іх узрост і ўмовы залягання ўздоўж умоўнай лініі пэўнай працягласці (ад дзесяткаў метраў да соцень і тысяч кіламетраў) на паверхні Зямлі. Складаецца паводле матэрыялаў вывучэння свідравін, выхадаў горных парод на паверхню, горных вырабатак, геафізічных даследаванняў, часам на падставе геал. картаў; паказваецца на геал. картах і ў дакументацыі. На выяве геалагічнага разрэзу вертыкальны маштаб звычайна значна большы за гарызантальны. Геалагічным разрэзам называюць таксама апісанне ці графічны паказ стратыграфічнай паслядоўнасці і літалагічнага складу горных парод у пункце назіранняў.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІ́З (ням. Karnies ад грэч. kōronis канец, завяршэнне),

гарызантальны выступ на сцяне, які падтрымлівае дах (пакрыццё) будынка і ахоўвае сцяну ад сцёку вады; мае і дэкар. значэнне. К. бываюць: верхні (завяршае антаблемент), прамежкавы (падзяляе фасад на асобныя ярусы), цокальны (завяршае цокаль будынка), надаконны, падаконны і інш.; вонкавыя і ўнутраныя. Былі пашыраны ў архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма, стыляў барока, ракако, класіцызму. У бел. манум. архітэктуры К. з’явіліся ў 11—12 ст., у драўляным дойлідстве — у 2-й пал. 18 ст. У нар. архітэктуры (Усх. Палессе, Падняпроўе) К. аздабляюць разьбой.

С.​А.​Сергачоў.

Карніз.

т. 8, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮГО́НЬ (Dugong dugon),

воднае млекакормячае сям. дзюгоневых атр. сірэн; адзіны від. Жыве ў Індыйскім і зах. ч. Ціхага ак. каля берагоў Усх. Афрыкі, Паўд. Азіі, а-воў Рукю, Маршалавых і Саламонавых. Зрэдку заходзіць у вусці рэк. Трымаецца па адным або парамі. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела 2,5—3,2 м (да 5,8 у самцоў), маса да 170 кг Тулава верацёнападобнае. Спіна зеленаватая, шаравата-бураватая або чарнаватая, бруха ружаватае або белаватае. Хваставы плаўнік двухлопасцевы, гарызантальны. Галава невял., маларухомая. У кожнай сківіцы 1 пара разцоў і 2 пары карэнных зубоў. У самцоў верхнія разцы ператварыліся ў біўні даўж. 20—25 см. Корміцца воднай расліннасцю. Нараджае 1 дзіцяня.

Дзюгонь.

т. 6, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРО́НЫ (Sirenia),

атрад млекакормячых. 3 сям., 3 роды, 5 відаў. Вядомы з эацэну. Продкамі, верагодна, былі наземныя звяры, блізкія да хобатных, даманаў і капытных. Пашыраны ў прыбярэжных водах мораў і ў буйных рэках трапічнай ч. Сусв. ак. Актыўныя пераважна ўначы. Усе віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела 2,5—5,8 м (у вымерлай марской каровы да 10 м). Маса да 650 кг, марской каровы да 4 т. Цела масіўнае, верацёнападобнае. Шыя кароткая і тоўстая, рухомая. Хваставы плаўнік гарызантальны. Пярэднія канечнасці ў выглядзе ластаў, рухомых у плечавым і локцевым суставах. Расліннаедныя. Нараджаюць 1 (радзей 2) дзіцяня. Іл. гл. да арт. Дзюгонь, Ламанціны, Марская карова.

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗГО́ЛЬДЭР (ад газ + англ. holder трымальнік),

стацыянарны метал. рэзервуар для захоўвання газаў. Бываюць нізкага (4—5 кПа) і высокага (0,07—3 МПа) ціску, пераменнага і пастаяннага аб’ёму, цыліндрычныя (гарыз. і верт.) і сферычныя.

Газгольдэры нізкага ціску падзяляюцца на мокрыя і сухія (поршневыя). Мокры газгольдэр — верт. купалападобны рэзервуар, ніз якога апушчаны ў водны басейн. Пры падачы газу ў рэзервуар ён падымаецца, пры выдачы апускаецца. Сухі газгольдэр — нерухомы верт. корпус з поршнем, які падымаецца пры падачы газу і апускаецца пры адборы. Ёмістасць газгольдэраў да 100 тыс. м³ і болей. Выкарыстоўваюцца ў газавай, хім., коксавай, металургічнай і нафтавай прам-сці, у гар. газавай гаспадарцы.

В.​В.​Арціховіч, В.​М.​Капко.

Газгольдэры: 1 — гарызантальны; 2 — вертыкальны; 3 — шаравы.

т. 4, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,

прылада для вызначэння дзённага часу па Сонцы; адзін з найб. старажытных гадзіннікаў. Па ценю, што адкідваецца пласцінай (стрыжнем) на цыферблат, вызначаецца сапраўдны сонечны час з дакладнасцю некалькіх мінут. Вядомы з 3-га тыс. да н.э.; у наш час выкарыстоўваецца ў дэкар. мэтах (для ўпрыгожвання садоў, паркаў), аднаўляецца ў гіст. месцах.

Адрозніваюць С.г. экватарыяльныя (плоскасць цыферблата паралельная плоскасці нябеснага экватара), гарызантальныя (цыферблат гарызантальны) і вертыкальныя (цыферблат вертыкальны, размяшчаецца звычайна на сценах збудаванняў). Ва ўсіх тыпах С.г. стрыжань (край пласціны), што адкідвае цень, арыентаваны паралельна восі свету і перасякае цыферблат у яго цэнтры; дзяленне цыферблата, адпаведнае поўдню, знаходзіцца ў плоскасці мерыдыяна, што праходзіць праз гэты цэнтр.

С.​В.​Багдановіч.

Сонечны гадзіннік.

т. 15, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНІВЕРСА́ЛЬНЫ ІНСТРУМЕ́НТ у астраноміі і геадэзіі,

пераносны інструмент для вымярэння вуглоў у верт. і гарыз. плоскасцях.

Мае зрокавую трубу, якая можа круціцца вакол верт. і гарыз. восей, 2 раздзеленыя кругі для адліку вуглоў у верт. і гарыз. плоскасцях. З дапамогай У.і. па назіраннях зорак і Сонца вызначаюць каардынаты (вышыні і азімуты) нябесных цел і зямных арыенціраў, геагр. шыроты, папраўкі гадзіннікаў, вырашаюць многія інш. практычныя задачы астраноміі і геадэзіі. У.і. больш дакладны пры вымярэнні вуглоў, чым тэадаліт.

Універсальны інструмент У-5″: 1 — труба для візіравання; 2 — вертыкальны падзелены круг з алідадой і ўзроўнем; 3 — накладны ўзровень; 4 — акуляр; 5 — алідада гарызантальнага круга; 6 — гарызантальны падзелены круг; 7 — павяральная труба з мікрометрам.

т. 16, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬДО́ЗЕР (англ. bulldozer),

1) землярыйна-транспартная машына (трактар або цягач) з навясным абсталяваннем (адвалам), прызначаная для зразання, перасоўвання (да 200 м) і разраўноўвання грунту, іншых сыпкіх матэрыялаў. Бываюць: гусенічныя і пнеўмаколавыя; малагабарытныя, лёгкія, сярэднія, цяжкія і звышцяжкія; з паваротным (універсальным) і непаваротным адвалам; з гідраўлічным, канатна-блочным і эл.-мех. кіраваннем адвалам. Ёсць і камбінаваныя машыны — бульдозеры з рыхліцелямі. Выкарыстоўваюцца ў асноўным пры планіровачных і падрыхтоўчых работах, узвядзенні дарожных насыпаў і інш.; бульдозер на базе трактара «Беларусь» — пры добраўпарадкаванні тэрыторыі і доглядзе дарог.

2) Гарызантальны прэс (мех., часам гідраўлічны) для гнуцця ў штампах сартавога і паласавога пракату (у халодным ці гарачым стане). З дапамогай бульдозераў вырабляюць скобы, кранштэйны, гафрыраваныя палосы, кароткія профілі і інш.

Бульдозер на базе трактара «Беларусь».

т. 3, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)