НЕЙРАГАРМО́НЫ (ад грэч. нейра... + гармоны),

біялагічна актыўныя рэчывы, што выпрацоўваюцца нейрасакраторнымі клеткамі нерв. тканкі беспазваночных і пазваночных жывёл і чалавека. Паступаюць у кроў, гемалімфу, тканкавую або спіннамазгавую вадкасць, аказваюць дыстантнае падоўжанае рэгулюючае ўздзеянне: падтрымліваюць гамеастаз, у т. л. водна-салявы, рэгулююць тонус гладкай мускулатуры, метабалізм, функцыі клетак эндакрынных залоз. Прымаюць удзел у ажыццяўленні абаронча-прыстасавальных рэакцый арганізма. У пазваночных жывёл Н. сінтэзуюцца нейрасакраторнымі клеткамі гіпаталамуса (аксітацын, вазапрэсін і іх аналагі, рылізінг-гармоны, дафамін, норадрэналін, сератанін), спіннога мозга (уратэнзіны), клеткамі эпіфіза (сератанін і мелатанін), клеткамі храмафіннай тканкі мазгавога рэчыва наднырачнікаў, парагангліяў, гангліяў і нерв. ствалоў перыферычнай вегетатыўнай нерв. сістэмы (норадрэналін і адрэналін). Паводле хім. прыроды Н. — катэхаламіны, поліпептыды, 5-оксітрыптамін (сератанін) і яго вытворнае мелатанін. У сакраторных гранулах Н. звязаны з бялкамі-носьбітамі (напр., вазапрэсін і аксітацын — з нейрафізінамі, а катэхаламіны — з хромагранінам). Гл. таксама Нейрасакрэцыя.

С.С.Ермакова.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

антыгармо́ны

(ад анты- + гармоны)

абаронныя рэчывы, якія арганізм выпрацоўвае пры працяглым увядзенні ў яго бялковых гарманальных прэпаратаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эстраге́ны

(ад эструс + -ген)

1) жаночыя палавыя гармоны (эстрадыёл, эстрыёл, эстрон), якія выпрацоўваюцца фалікуламі яечнікаў, плацэнтай, часткова карой наднырачнікаў і семеннікамі;

2) арганічныя злучэнні, якія выяўляюць біялагічнае дзеянне жаночага гармону;

3) прэпараты, у склад якіх уваходзяць жаночыя палавыя гармоны або іх хімічныя аналагі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МА́ТАЧНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя рэчывы, якія стымулююць скарачэнне гладкай мускулатуры маткі. Выкарыстоўваюцца ў акушэрстве і гінекалогіі пры матачных крывацёках, перапыненні цяжарнасці ці штучным выкліканні родаў, для ўзмацнення схватак пры родах і інш. М.с., якія найб. уплываюць на скарачальную функцыю маткі, падзяляюць на 3 групы: гармоны (оксітацын, пітуітрын і інш.); простагландзіны; прэпараты з экстракту спарынні (эргатал, эргаметрын, метылэргаметрын — забаронены пры цяжарнасці і родах). М.с. атрымліваюць пераважна сінтэтычна.

Ю.К.Малевіч.

т. 10, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНАГЕ́НЫ,

хім. элементы, неабходныя для жыццядзейнасці жывых арганізмаў. Вядома каля 20 элементаў. Сав. вучоны Б.Б.Палынаў (1968) вылучыў арганагены абсалютныя (кісларод, вадарод, вуглярод, азот, марганец, калій, сера), без якіх немагчыма існаванне арганізмаў і з якіх пераважна пабудаваны арган. рэчывы — бялкі, тлушчы, вугляводы, ферменты, гармоны, вітаміны і прадукты іх пераўтварэнняў, і арганагены спецыяльныя (крэмній, натрый, кальцый, жалеза, фтор, магній, стронцый, бор, цынк, медзь, бром, ёд), неабходныя многім, але не ўсім арганізмам.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́ЖДЖЫ КАРМАВЫ́Я,

від дражджэй, што атрымліваюць на корм с.-г. жывёле. Вырошчваюць іх на адходах драўніны, кукурузнай аснове, саломе, шалупінні сланечніку, а таксама на адходах сульфітна-цэлюлознай і спіртавой вытв-сці. Д.к. — каштоўны бялкова-вітамінны корм для с.-г. жывёлы ўсіх відаў, маюць вітаміны групы B, правітамін D (эргастэрын), мінер. рэчывы, ферменты, гармоны, якія садзейнічаюць засваенню бялкоў і вугляводаў. Скормліваюць іх з канцэнтраванымі кармамі або ўключаюць у склад камбікармоў.

т. 6, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНГЕРГА́НСА АСТРАЎКІ́,

групы клетак падстраўнікавай залозы пазваночных, якія ўтвараюць яе эндакрынную частку. Названы імем ням. вучонага П.Лангерганса, які апісаў іх (1869). У кругларотых астраўковая тканка знаходзіцца ў сценках страўніка. Л.а. развіваюцца з трубчастых нарасцей пярэдняй кішкі і ў залежнасці ад віду жывёлы складаюцца з клетак некалькіх тыпаў: ȥ-, β-, δ-клетак. У ȥ-клетках утвараецца гармон глюкагон, у β-клетках — інсулін, у δ-клетках сінтэзуецца сакрацін і інш. гармоны.

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМАНО́ІДЫ,

парагармоны, разнастайныя паводле хім. структуры біялагічна актыўныя рэчывы, якія ўздзейнічаюць на абмен рэчываў і інш. фізіял. працэсы ў арганізме. У адрозненне ад гармонаў утвараюцца звычайна не ў залозах унутр. сакрэцыі, а ў інш. тканках і органах. Біял. ўздзеянне гарманоідаў кароткачасовае, таму што яны разбураюцца або звязваюцца тканкавымі бялкамі. Да гарманоідаў адносяць ацэтылхалін, некат. папярэднікі і прадукты пераўтварэння адрэналіну, тканкавыя гармоны, або гістагармоны (гастарын, гепарын, секрэцін і інш.), гістамін, сератанін і некат. інш. біягенныя аміны.

т. 5, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

картызо́н

(ад лац. cortex = кара)

гармоны кары наднырачнікаў з групы кортыкастэроідаў, прадукт ператварэння ў арганізме другога гармону — гідракартызону; выкарыстоўваецца ў медыцыне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПАДСТРА́ЎНІКАВАЯ ЗАЛО́ЗА,

залоза са змешанай сакрэцыяй у арганізме чалавека і жывёл. Ў чалавека размешчана ў забрушыннай прасторы на ўзроўні 1-га паяснічнага пазванка. Большая яе ч. мае функцыю вонкавай сакрэцыі (выдзяляе падстраўнікавы сок). У парэнхіме П.з. ёсць групы залозістых клетак (Лангерганса астраўкі), якія выпрацоўваюць гармоны (інсулін, глюкагон, саматастацін, панкрэатычны поліпептыд), што паступаюць непасрэдна ў кроў і ўдзельнічаюць у рэгуляцыі вугляводнага і тлушчавага абмену.

Літ.:

Елецкий Ю.К., Яглов В.В. Эволюция структурной организации эндокринной части поджелудочной железы позвоночных. М., 1978.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)