ВЫГО́ННАЯ (Лілія Ціханаўна) (н. 3.9.1942, г. Мары, Туркменія),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1992). У 1964 скончыла БДУ; працуе ў Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе пытанні бел. фанетыкі і фаналогіі, бел. лексікалогіі. Аўтар манаграфіі «Інтанацыя. Націск. Арфаэпія» (1991), сааўтар прац «Лексіка Палесся ў прасторы і часе» (1971), «Галосныя беларускай мовы» (1975), «Фанетыка слова ў беларускай мове» (1983), «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» (1989), хрэстаматыі «Вусная беларуская мова» (1990).

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

злуча́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для злучэння чаго‑н.; прызначаны для злучэння. Злучальная трубка.

2. Які служыць для злучэння частак складанага слова. Злучальныя галосныя. // Які служыць для злучэння аднародных членаў сказа або частак складаназлучанага сказа. Злучальныя злучнікі. // Які паказвае на злучэнне (у 5 знач.). Злучальная сувязь.

•••

Злучальная тканка гл. тканка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЎСТРАЛІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,

сям’я моў, на якіх гаворыць карэннае насельніцтва Аўстраліі (акрамя папуаскай мовы мірыям і тасманскіх моў). Агульная колькасць моў ад 200 да 600 (у сувязі з істотнымі адрозненнямі паміж дыялектамі), значная частка знікла або знікае. Аўстралійскія мовы ўключаюць 12 асобных моў і 16 сем’яў (найбольш моў у сям’і паманюнга — каля 180).

Фанетычная сістэма большасці аўстралійскіх моў мае тры галосныя (i, a, u), сярод зычных няма свісцячых і шыпячых, не адрозніваюцца глухія і звонкія. Націск, як правіла, на першым складзе. Граматычны лад усіх аўстралійскіх моў аглюцінатыўны. Парадак слоў у сказе — свабодны. Усе аўстралійскія мовы — бяспісьменныя.

т. 2, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРЫ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,

сістэма вершаскладання, заснаваная на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у вершаваных радках. Уласціва тым мовам, у якіх галосныя адрозніваюцца па працягласці гучання. Найб. развіццё атрымала ў антычным вершаскладанні. У аснове М.в. — вымярэнне верша ўмоўнымі часавымі адзінкамі — морамі, якія аб’ядноўваюцца ў такты (стопы і групы стоп); звычайна кароткі склад лічыцца роўным адной моры, доўгі — дзвюм (радзей — некалькім) морам. Адрозніваюць чыста-метрычнае вершаскладанне, у якім зададзены толькі часавы аб’ём такта, што запаўняецца любымі спалучэннямі складоў, і сілаба-метрычнае вершаскладанне, у якім унутры тактаў адрозніваюцца складовыя пазіцыі, што дапускаюць адны варыянты запаўнення і не дапускаюць іншых.

т. 10, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАФТО́НГ (ад мана... + грэч. phthongos гук),

галосны, які характарызуецца артыкуляцыйнай і акустычнай аднароднасцю, г.зн. стацыянарным становішчам органаў, што артыкулююць гук, і стацыянарнымі частотамі фармант, чым адрозніваецца ад дыфтонга і трыфтонга. Аднароднасць М. адносная: артыкуляцыйны ўклад і фармантна-часавая структура галоснага залежаць ад акаляючых яго зычных. Так, уплыў мяккіх зычных на суседнія галосныя выражаецца ў тым, што пасля мяккіх зычных пераходны ўчастак любога галоснага мае частотныя характарыстыкі фармант, блізкія да характарыстык галоснага [і]. Бел. М. [а] паміж мяккіх зычных набывае асабліва неаднароднае (дыфтангічнае) гучанне. У сістэме галосных розных моў М. сустракаюцца часцей за дыфтонгі.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.

Л.​Ц.​Выгонная.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Свёкар ‘бацька мужа’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ), свёкарка (Кос.), свяко́р (смарг., вільн., шальч., Сл. ПЗБ), свёкор ‘тс’ (ТС). Рус. свёкор, укр. све́кор, ст.-рус., рус.-ц.-слав. свекръ, польск. старое świekier, чэш. svekr, славац. svekr, sveker, svokor, серб.-харв. све̏кар, серб.-ц.-слав. свекръ, славен. svéker, балг. све́кър, макед. свекор. Прасл. *svekrъ (Фасмер, 3, 571 і наст.). Узнаўляюць яшчэ (Махэк₂, 595; Слаўскі, SP, 2, 17) і прасл. *svekъrъ; супраць Трубачоў (История терм., 118 і наст.), які лічыць, што мяркуемая і.-е. праформа *su̯ekuros не тлумачыць слав. *svekrъ, лац. socer ‘цесць, свёкар’, гоц. swaihra, с.-в.-ням. swāger ‘свёкар’, якія паходзяць з *su̯ekros, і разглядае ‑ъ‑ і замяняючыя яго галосныя ў розных славянскіх формах як галосныя эпентэтычнага паходжання. Параўн. яшчэ літ. šẽšuras, ст.-інд. śvaśura, арм. skesur ‘цесць, свёкар’. Усе і.-е. паралелі сведчаць аб ‑к‑ палатальным; цвёрдае ‑к‑ у слав. *svekrъ застаецца няясным. Яго тлумачаць пранікненнем з свякроў (гл.); Фасмер, 3, 571–572; Скок, 3, 370; Мартынаў, Слав. акком., 159–160, мяркуюць, што цвёрдае ‑к‑ у прасл. *svekrъ з’явілася ў выніку дысіміляцыі, але не з *svesrъ, а з *svexrъ (x < і.-е. ‑k‑). Агляд версій гл. яшчэ БЕР, 6, 539; Шаўр, Etymologie, 41–45; Глухак, 597.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пазі́цыя, -і, мн. -і, -цый, ж.

1. Палажэнне, размяшчэнне (кніжн.).

Удалая п. ладдзі ў шахматнай партыі.

Галосныя ў моцнай пазіцыі.

2. Месца размяшчэння войск для баявых дзеянняў.

Артылерыйская, мінамётная п.

Здаць свае пазіцыі (таксама перан.).

3. мн. Раён ваенных дзеянняў.

Адправіцца на пазіцыі.

4. перан. Пункт погляду, думка ў якім-н. пытанні (кніжн.).

Заняць пазіцыю чакання.

З пазіцыі філасофскага матэрыялізму.

Палітыка з пазіцыі сілы.

5. Пастава цела, поза.

Пазіцыі класічнага танца.

Стартавая п. спрынтара.

|| прым. пазіцы́йны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Пазіцыйная вайна (якая вядзецца на доўгачасовых баявых пазіцыях).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

В’ЕТНА́МСКАЯ МО́ВА,

адна з аўстраазіяцкіх моў. Афіц. мова В’етнама, пашырана таксама ў Камбоджы, Лаосе, Тайландзе, Новай Каледоніі. Падзяляецца на 3 асн. дыялекты — паўн., цэнтр. і паўд., якія адрозніваюцца лексікай і фанетыкай. Літ. мова сфарміравалася на аснове паўн. і цэнтр. дыялектаў. Фанетыка в’етнамскай мовы не дапускае, каб у адной марфеме стаялі поруч 2 зычныя, 2 галосныя могуць спалучацца. Усе марфемы (асн. і службовыя) аднаскладовыя. Устойлівы парадак слоў абумоўліваецца тым, што ў в’етнамскай мове фактычна няма марфалогіі. У лексіцы шмат запазычанняў з кіт. мовы. Да 1910 у В’етнаме былі пашыраны 2 віды пісьменства — кіт. іерагліфіка і пісьменства «цьыном», якое ўзнікла на яе аснове (стараж. помнік датуецца 1343). З 1910 уведзена пісьмо «куок-нгы», створанае ў 17 ст. партуг. місіянерамі на аснове лац. алфавіта.

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Касіе́р ’касір’ (Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. дыял. ка́сієр, польск. (Ліндэ) kassyer, польск. kasjer, балг. касцѐр. У гэтай форме слова з’яўляецца запазычаннем з італ. мовы. Параўн. італ. cassiere ’касір’ (вытворнае ад італ. cassa ’каса’). Пры гэтым варта адзначыць, што, відавочна, у якасці крыніцы выступае італ. cassier — форма, магчымая для некаторых італ. дыялектаў, дакладней для паўночных, дзе часта адпадаюць галосныя ў канцы слоў. Калі гэта так, то мы маем магчымасць удакладніць крыніцу запазычання з пункту гледжання лінгвагеаграфіі і тым самым часткова праясніць роль паўночных італ. гаворак у фарміраванні еўрапейскай лексікі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРА́БСКАЯ МО́ВА,

адна з семіцкіх моў. Афіц. мова ўсіх араб. краін. Адна з афіц. і рабочых моў ААН. Мае 5 груп дыялектаў (іракская, сірыйская, аравійская, егіпецкая, магрыбская). Фанетыка багатая сістэмай зычных (28 фанем). Носьбітамі лексічнага значэння ў слове з’яўляюцца 3 зычныя, з якіх складаецца корань. 3 галосныя ў розных камбінацыях афармляюць граматычную характарыстыку слова: час, лад, трыванне і інш. Назоўнік і прыметнік адрозніваюцца ў залежнасці ад іх пазіцыі ў сказе. Дзеяслоў багаты формамі. У ролі службовых слоў — назоўнікі. Літ. арабская мова пачала складвацца ў 4—6 ст. у даісламскай паэзіі і ў 7 ст. ў мове Карана. Росквіту дасягнула ў эпоху арабскага халіфата (9—11 ст.). З 6 ст. арабская мова карыстаецца арабскім пісьмом.

Літ.:

Юшманов Н.В. Грамматика литературного арабского языка. 3 изд. М., 1985.

В.​У.​Мартынаў.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)