рака ў Беларусі, у Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра. Даўж. 613 км. Пл. вадазбору 24,5 тыс.км². Пачынаецца на ПдЗ ад г. Докшыцы. Асн. прытокі: Гайна, Пліса, Уша, Уса, Свіслач (справа), Сха, Бобр, Клява, Ольса, Ала (злева).
Агульная даўж. рачной сістэмы Бярэзіны (425 рэк) 8490 км. Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Бярэзіны падзяляецца на З участкі: верхні (ад вытоку да вусця Гайны, 168 км), сярэдні (паміж вусцямі Гайны і Свіслачы, 205 км), ніжні (ад упадзення Свіслачы да вусця, 240 км). У верхнім цячэнні рака працякае праз Бярэзінскі біясферны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Палік.
Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасцю. Пойма забалочаная, куп’істая, шыр. 500 м — 6 км. У разводдзе затапляецца на глыб. да 3 м. Рэчышча моцназвілістае, багатае пратокамі, невял. пясчанымі астравамі. Шыр. да 60 м. Берагі пясчаныя, забалочаныя. У сярэднім цячэнні даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—3 км. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя (выш. 10—35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызняком. Каля падэшвы схілаў багатыя выхады грунтавых водаў. Пойма да вусця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шыр. 1,5—2 км, хмызнякова-лугавая. У разводдзе затапляецца на глыб. 0,5—3 м ад 10—20 сут да 1,5—2 месяцаў. Рэчышча звілістае, разгалінаванае. Шыр. ракі 60—300 м. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Ніжэй упадзення Свіслачы і да вусця даліна пераважна трапецападобная, шыр. ад 300 м да 8 км. Схілы стромкія, выш. да 25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Пойма вельмі забалочаная, куп’істая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая, шыр. 1,5—5 км. У разводдзе затапляецца на глыб. каля 3,5 м да 1,5 месяца. Рэчышча звілістае, шмат плаўных лукавін, водмеляў, заліваў, рукавоў, старыц і поймавых азёр. Шыр. ракі 80—130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, выш. ад 1—2 м да 15 м. Асаблівасць воднага рэжыму Бярэзіны — высокія паводкі позняй восенню і спад іх у перыяд ледаставу. Значная прыродная зарэгуляванасць сцёку. Веснавое разводдзе звычайна праходзіць адной, пры зацяжным снегараставанні — некалькімі хвалямі.
Пад’ём узроўню (працягласць 20—30 сут) пачынаецца з сярэдзіны сак., сярэдняя выш. 2,3—3,4 м над межанным узроўнем, найб. 4,8 м (у нізоўі). Прабег хвалі разводдзя ад вытоку да вусця на працягу 8 сут. Спад узроўню ў вярхоўі 30—40 сут, у ніжнім цячэнні да 2 месяцаў. Замярзае Бярэзіна ў 1-й пал.снеж., крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка. Веснавы ледаход 4—7 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 142 м³/с. Суднаходства ад в. Броды Барысаўскага р-на (494 км ад вусця). Лесасплаў. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. Каналізавана 12,8 км рэчышча ў вярхоўі. На рацэ гарады Барысаў, Беразіно, Бабруйск, Светлагорск; у маляўнічых мясцінах зоны адпачынку Беразіно, Асіповічы, Дроздзіна, Прырэчча і інш. Курорты Бабруйск і Горваль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГРАДА́,
1) фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Займае ПнУ Гродзенскай, ПнЗ і Пн Мінскай, Пд Віцебскай абласцей. Мяжуе на Пн з акругай Беларускае Паазер’е, на ПдЗ — з Зах.-Бел., на ПдУ — з Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі. Працягнулася з З на У больш як на 350 км, з Пн на Пд на 20—120 км; пл. каля 13 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Ашмянскае ўзвышша, Мінскае ўзвышша, Аршанскае ўзвышша (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -200 м на З да -1400 м на У, перакрыты асадкавымі пародамі верхняга пратэразою, палеазою (дэвону), мезазою (мелу) і кайназою (палеагену, неагену, антрапагену). Тоўшча антрапагенавых адкладаў 100—180 м, месцамі да 300 м. Утварэнне сучаснага рэльефу Беларускай грады звязана з сожскім ледавіком. У час паазерскага зледзянення памнажаліся лёсападобныя адклады. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, мінер. вада.
На Беларускай градзе самыя высокія адзнакі рэльефу Беларусі, найбольшыя Дзяржынская гара (345 м над узр. м), г. Лысая (342 м), г. Маяк (335 м). Градава-ўзгорысты канцова-марэнны рэльеф з прымеркаваным да яго буйнаўзгорыстым (абс. вышыні больш за 250 м, адносныя перавышэнні да 50—80 м) мае выгляд невысокіх гор са стромкімі (да 30°) схіламі. Складзены з пясчана-жвірова-галечнага матэрыялу або марэнных супескаў і суглінкаў з валунамі. Характэрны гляцыядыслакацыі, адорвені. Сярэдне- і дробнаўзгорысты марэнны рэльеф, укрыты лёсападобнымі пародамі, мае згладжаную, месцамі платопадобную паверхню з абс. адзнакамі 220—250 м, адноснымі перавышэннямі да 50 м. Трапляюцца суфазійныя западзіны, лагчыны, яры. Месцамі развіта «другасная» дэнудацыйная марэнная раўніна з катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Уздоўж рачных далін зандравыя раўніны, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Пра клімат гл. ў арт.Беларуска-Валдайская правінцыя.
Беларуская града — водападзел паміж бас. рэк Чорнага (Бярэзіна, Свіслач, Гайна, Бобр, вытокі Пцічы і Друці ў бас. Дняпра) і Балтыйскага (вытокі Абалянкі і Усвейкі ў бас.Зах. Дзвіны; Вілія ў верхнім цячэнні з Ушой, Бярэзіна з Іслаччу, Сулой і Усой у бас. Нёмана) мораў. У межах Беларускай грады Вілейска-Мінская водная сістэма, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, Вяча, Воўчкавіцкае, Камсамольскае воз. і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя на марэнных, месцамі лёсападобных суглінках і супесках, радзей на водна-ледавіковых пясках. Па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Зах. і цэнтр. часткі Беларускай грады ў межах Ашмянска-Мінскай геабат. акругі, усходняя — Аршанска-Магілёўскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць на асобных узвышшах 20—60%. Пераважаюць хваёвыя, шыракаліста-яловыя лясы, трапляюцца дубровы. Пад с.-г. ўгоддзямі 40—60% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк Белая Русь, заказнікі ландшафтныя Прылуцкі, Прылепскі, Лысагор’е, біялагічныя Антонава, Лебядзіны, Радашковіцкі і інш. Курорт Ждановічы, зоны адпачынку.
2) Шырокая паласа градава-ўзгорыстага канцова-марэннага рэльефу, якая цягнецца з З на У праз усю тэр. Беларусі (ад Гродна да Оршы). Найвышэйшая частка краявых ледавіковых утварэнняў Еўропы. Уключае Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы (гл. асобныя арт.).
Літ.:
Краевые образования Белорусской гряды. Мн., 1990;
Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана ў цэнтры Беларусі, мяжуе з усімі абласцямі рэспублікі. Утворана 15.1.1938. Пл. 39,96 тыс.км2. Нас. 1554,6 тыс.чал. (без Мінска, на 1.1.1999). Цэнтр — горад рэсп. падпарадкавання Мінск. У вобласці 22 раёны: Барысаўскі, Бярэзінскі, Валожынскі, Вілейскі, Дзяржынскі, Капыльскі, Клецкі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Маладзечанскі, Мінскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі (гл. адпаведныя арт.), 20 гарадоў, у т.л. 7 абласнога падпарадкавання — Барысаў, Вілейка, Жодзіна, Заслаўе, Маладзечна, Салігорск, Слуцк, 23 гар. пасёлкі, 307 сельсаветаў, 5248 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці характарызуецца чаргаваннем узгорыста-марэнных узвышшаў з раўніннымі і нізіннымі ўчасткамі. На ПнЗ — Мінскае ўзвышша, дзе знаходзіцца самы высокі пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м) і Ашмянская града, на ПнУ — адгор’і Аршанскага ўзвышша. Крайні ПнЗ займае Нарачана-Вілейская нізіна, ПнУ — Верхнебярэзінская нізіна, усх.ч. — Цэнтральнабярэзінская раўніна, паўд. — Стаўбцоўская раўніна, Капыльская града і ўскраіна Палескай нізіны. Пераважаюць выш. 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. — 130 м (урэз р. Арэса пры выхадзе за межы вобласці). Карысныя выкапні: калійныя і каменная солі (гл.Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей), торф (1277 радовішчаў; 1-е месца па запасах на Беларусі), буд. матэрыялы (мел, пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна), сапрапелі. Выяўлены Аколаўскае радовішча жалезных рудаў, Любанскае радовішча гаручых сланцаў. Ёсць мінер. воды (Ждановіцкая, Мінская і Нарачанская мінер. крыніцы). Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,2 °C на ПдЗ да -7,5 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,4 °C на Пд да 17,3 °C на Пн. Вегетац. перыяд 186—195 дзён. Гадавая колькасць ападкаў 580—670 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Большая ч.тэр. вобласці адносіцца да бас.р. Дняпро. На ПнУ працякае р. Бярэзіна з прытокамі Сха, Бобр з Можай і Начай, Клява (злева), Гайна з Цной і Усяжай, Пліса, Уша, Уса, Свіслач з Волмай (справа), на Пд — Пціч і Случ з прытокамі (бас.р. Прыпяць). З і ПнЗ вобласці адносяцца да бас.р. Нёман. На З бярэ пачатак Нёман з прытокамі Лоша, Уса, Сула, Уша, Бярэзіна з Іслаччу. На ПнЗ цячэ р. Вілія з прытокамі. Частка вады з Віліі перакідваецца ў р. Свіслач па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Найб. азёры: на ПнЗ — Нарач, Мядзел, Мястра, Свір, на ПнУ — Сялява і Палік. Вадасховішчы: Вілейскае, Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае, Чырвонаслабодскае і інш. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (44,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,4%), тарфяна-балотныя (18,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя (8%) і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (53,4%) і сугліністыя (35,2%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 27% с.-г. угоддзяў, найб. у Любанскім, Салігорскім і Слуцкім р-нах. Пад лесам 36% тэр. вобласці, найб. (да 49—51%) у Барысаўскім, Лагойскім, Старадарожскім і Бярэзінскім р-нах. Пераважаюць хвойныя (75,5%) і драбналістыя (22,7%) лясы. Пад лугамі каля 14%, больш за палавіну іх нізінныя. Пад балотамі 14,3% тэрыторыі, амаль усе асушаны. На тэр. вобласці частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прыродны нац. парк Нарачанскі і шэраг іншых асабліва ахаваных прыродных тэрыторый рэсп. значэння: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»; заказнікі: біялагічныя — Рудакова, Некасецкі; гідралагічныя — Прошыцкія Балоты, Чарэмшыца; ландшафтны — Блакітныя Азёры; заалагічныя — Антонава, Лебядзіны; лясны — Прылуцкі; паляўнічы — Налібоцкі (частка); журавіннікі — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Мацеевіцкае, Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, 32 помнікі прыроды рэсп. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 1,67 тыс.км2тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду (найб. — тэр. Валожынскага і Бярэзінскага р-наў).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (88,8%), жывуць таксама рускія (6,9%), палякі (2%), украінцы (1,3%). Гарадскога насельніцтва (без г. Мінска) 52%. Сярэдняя шчыльн. 38,9 чал. на 1 км2 (з Мінскам — 82,2 чал. на 1 км2), сельскага — 18,4 чал. на 1 км2. Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Барысаў (154, Салігорск (102), Маладзечна (99), Слуцк (63), Жодзіна (60). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1991 ён стаў адмоўным), з 1995 адбываецца абсалютнае зніжэнне колькасці насельніцтва.
Гаспадарка. Вядучымі галінамі гасп. комплексу вобласці з’яўляюцца сельская гаспадарка (занята 27,8% працуючых) і прам-сць (занята 26,2%). Прамысловасць мае развітую галіновую структуру і цесныя вытв. сувязі з прамысл. комплексам Мінска. На тэр. вобласці размешчаны філіялы і падраздзяленні буйнейшых мінскіх прадпрыемстваў і аб’яднанняў. Прамысл. спецыялізацыю вызначаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (23,2% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі), хім. (28,2%), харч. (21,5%), дрэваапр. (7,5%) і лёгкая прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў. За 1991—99 удзельная вага машынабудавання і металаапрацоўкі крыху знізілася, паменшала доля лёгкай прам-сці, павялічылася доля хімічнай. У вобласці вырабляецца (1997, у % да рэсп. вытв-сці): мінер. угнаенняў 83,8, у т.л. калійных 100; грузавых аўтамабіляў 8,4, фотаапаратаў 96,7, металарэзных станкоў 7,3, піяніна 100, бялізнавага трыкатажу 72,6, верхняга трыкатажу 13,5, цукру-пяску 45,8, макаронных вырабаў 64, мяса 20,7, калбасных вырабаў 17,5, масла 17,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Барысаве, Салігорску, Маладзечне, Слуцку, Жодзіне, Вілейцы. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Бел. аўтамабільны з-д (кар’ерныя самазвалы) і з-ды цяжкіх кавальскіх штамповак у Жодзіне, «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага электраабсталявання, інструментальны, аўтаагрэгатаў у Барысаве, станкабудаўнічы, сілавых паўправадніковых вентыляў, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, з-д фотаапаратаў «Зеніт» у Вілейцы. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Беларуськалій» у Салігорску, з-дамі хіміка-фармацэўтычным, гумава-тэхн. вырабаў, пластмасавых вырабаў у Барысаве. Асн. прадпрыемствы лясной, дрэваапр., і цэлюлозна-папяровай прам-сці ў Барысаве (дрэваапр., папярова-лесахім. і фанерна-запалкавы камбінаты, ф-ка піяніна і інш.), мэблевыя ф-кі ў Маладзечне, Вілейцы, Слуцку. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі жалезабетонных вырабаў, зборнага жалезабетону, буд. дэталяў, цагельнымі і асфальтавымі, аб’яднаннем па здабычы пяску і гравію. Найб. буйнымі прадпрыемствамі лёгкай прам-сці з’яўляюцца трыкатажныя ф-кі ў Салігорску і Жодзіне, тэкст. аб’яднанне ў Слуцку, швейныя ф-кі ў Маладзечне, Салігорску, Барысаве, Дзяржынску, філіялы мінскіх абутковых фабрык. На тэр. вобласці 7 ільнозаводаў, 2 шклозаводы, 3 ф-кі маст. вырабаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ва ўсіх гарадах і гар. пасёлках. Найб. з іх цукрова-рафінадны камбінат у Слуцку і цукр. камбінат у Гарадзеі. Сельская гаспадарка арыентавана на забеспячэнне патрэб насельніцтва Мінска і вобласці ў харч. прадуктах. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы ў спалучэнні з ільнаводствам, а на ПдЗ — з пасевамі цукр. буракоў. Пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур. У прыгарадных зонах гарадоў развіты птушкагадоўля, агародніцтва і садоўніцтва. Пад сельгасугоддзямі 1,9 млн.га (47,5% тэр. вобласці), у т.л. пад ворывам 1,3 млн.га (32,5%). Найб. асвоены землі на ПнЗ — у Нясвіжскім, Капыльскім, Слуцкім і Клецкім р-нах пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэрыторыі. Пры ўдзельнай вазе ў сельгасугоддзях краіны 19,2% у вобласці атрымліваюць (1996, у % да вытв-сці ў краіне): збожжа 22,3, бульбы 24,7, агародніны 21,7, ільновалакна 16,3, цукр. буракоў 29,4, мяса 23,4, малака 22,4. На долю раслінаводства прыпадае 42,3% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (іл.табл. 1).
У 1997 сабрана (тыс.т; у дужках — 1990): збожжа 1287 (1483), бульбы 1707 (2807), агародніны 252 (232), ільновалакна 5 (13), цукр. буракоў 352 (440). Жывёлагадоўля дае 57,7% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, аднак яе ўдзельная вага ў параўнанні з 1990 знізілася. Адзначаецца тэндэнцыя зніжэння пагалоўя жывёлы і птушкі (гл.табл. 2). Змяншаюцца аб’ёмы прадукцыі рыбнай гаспадаркі на базе азёр і сажалак.
У 1997 атрымана (у дужках 1990): 1149 тыс.т малака (1713 тыс.т), 961 млн.шт. яец (1018 млн. шт), закуплена жывёлы і птушкі ў жывой вазе 120 тыс. т. (356 тыс.т). На пач. 1998 у вобласці 522 фермерскія гаспадаркі, за якімі замацавана 11,2 тыс.га зямлі. Доля асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 49% у 1990 да 81% у 1996, агародніны з 24% да 73%, малака з 22% да 40%, мяса з 13% да 24%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 888 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі Масква—Мінск—Брэст, Вільнюс—Мінск—Гомель, Асіповічы—Баранавічы з адгалінаваннем Слуцк—Салігорск, Ліда—Маладзечна—Полацк, якія звязваюць вобласць з інш. абласцямі рэспублікі, Расіяй, Прыбалтыкай, Украінай, Польшчай. Электрыфікаваны лініі ад Мінска да Масквы і Брэста, Маладзечна і Асіповіч. Гал.чыг. вузел Мінск, меншы па значэнні — Маладзечна. На долю чыг. транспарту прыпадае больш за 90% грузаабароту. Працягласць аўтамаб. шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 13,4 тыс.км. Асн. аўтадарогі: Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Бабруйск—Гомель, Бабруйск—Слуцк—Івацэвічы, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Салігорск і інш. Нерэгулярнае суднаходства па Бярэзіне. Тэр. вобласці перасякаюць магістральныя газаправоды Таржок—Мінск—Івацэвічы і Ямал—Зах. Еўропа (будуецца).
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1. Пасяўныя плошчы вобласці (тыс. га)
Гады
1990
1997
Уся пасяўная плошча
1280,5
1326,5
Збожжавыя і зернебабовыя
550,3
558,1
Лён-даўгунец
24,2
12,4
Цукровыя буракі
14,4
14,1
Бульба
155,9
187,6
Агародніна
10,8
20,1
Кармавыя культуры
513
524,9
Табліца 2. Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Гады
1990
1997
Буйная рагатая жывёла
1522,9
1016,1
у т.л. каровы
549,6
444,5
Свінні
1226,4
866,6
Авечкі і козы
115,3
34,4
Птушка
13 148
11 976
Да арт.Мінская вобласць. Краявід у Клецкім раёне.Да арт.Мінская вобласць. Акультураная паша ў Вілейскім раёне.