куры́цца, курыцца; незак.

1. Слаба гарэць, тлець, вылучаючы многа дыму. На месцы клуба курыліся асмалкі сцен, расцягнутых і залітых. Брыль. Бледная курыцца на сцяне газоўка. Купала. / Пра пахучыя рэчывы. Ладан курыцца.

2. чым і без дап. Вылучаць выпарэнні, лёгкі туман, пару. Адцвілі Вясёлыя пралескі, Увайшлі Усе рэчкі ў берагі. У пуху зялёным Пералескі, Цёплай парай Курацца лугі. Дзеружынскі. А над балотамі паўставаў туман, ад вясенняй вільгаці ледзь прыкметна курыліся лясы. Чарнышэвіч. // Пакрывацца, зацягвацца пылам, снегам і пад. [За выганам] віўся Ліцкі шлях. Ён увесь — на колькі ахапляла вока — быў запоўнены фурманкамі і пешаходамі — жыў, плыў рэчкаю бурліваю. Грукацеў, курыўся пылам. Гартны.

3. Паднімацца ўверх, віцца, кружыцца (пра дым, туман, снег, пыл і пад.). На вуліцы курыўся пыл ад бітай цэглы, сухі, гарачы. Лынькоў.

4. безас. Пра наяўнасць жадання, ахвоты курыць. Добра курыцца ў лесе,.. прыемна пахне над снегам махорка!.. Брыль.

5. Зал. да курыць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Свіры́ць ‘ледзь-ледзь гарэць’ (Мат. Гом.), свірэ́ць ‘цьмяна гарэць’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж свіру́шкагазоўка’ (чэрв., рагач., ЛА, 4). Параўн. рус. наўг. свири́ть ‘прасочвацца (пра ваду)’. Відаць, імітатыў на базе прасл. *svirati, *sviriti ‘свісцець, гудзець’, параўн. стараж.-рус. свирати, свирити ‘іграць на дудцы’, серб.-харв. сви́рати, сви́рити ‘гудзець, іграць на дудцы, скрыпцы’, славен. svírati ‘тс’, svíriti ‘гудзець, свісцець’, балг. сви́ря ‘іграць на музычным інструменце; гудзець, выдаваць гук; свісцець’, макед. свири ‘іграць (на музычным інструменце); гудзець, свісцець; стракатаць (пра цвыркуна)’, ст.-слав. свирати ‘іграць на дудцы’. Роднаснае ст.-ісл. svarra ‘бушаваць, свісцець’, ням. surren, schwirren ‘гудзець, свісцець’, ст.-інд. svárati ‘гучаць’, лац. susurrāre ‘шыпець, шаптаць; гудзець’ (Фасмер, 3, 579; Сной₂, 716). Зыходная семантыка захавалася ў свіро́ла ‘свістулька (самаробная)’ (Мат. Гом.), параўн. макед. дыял. свиро́л ‘жалейка, дудка’; сьвірэ́ц ‘музыка, што іграе на дзвюх дудках, звязаных разам’ (Ласт.), параўн. балг. свире́ц ‘музыкант на народных інструментах’, серб. сви́рац ‘музыка, што іграе на дудзе’ < прасл. *svirьcь (насуперак БЕР, 6, 554, не толькі паўднёваславянскі дыялектызм). Спецыфічная семантыка ‘цьмяна гарэць’ грунтуецца на гукавым суправаджэнні такога гарэння (шыпенні, гудзенні і пад.). Гл. таксама свірчэць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́за ’газа’ (БРС, Шат., Бяльк., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Яруш.). Укр. гас, газ ’газа’. Польск. gaz, gaza, gas ’тс’. Для ўкр. гас Рудніцкі (579) прымае паходжанне ад слова газолін (і пад уплывам слова гасити, гаснути). Уся група слоў не вельмі яснага паходжання Зразумела, што ёсць сувязь з газ1 (гл.), але значэнне ’газа’ растлумачыць не проста. Параўн. яшчэ балг. газ ’нафта, газа’, якое БЕР (III, 224) лічыць запазычаннем з тур. gaz yaǧi (а гэта калька з англ. gas оіl). Можна ўказаць яшчэ на наяўнасць двух значэнняў і ў рум. gaz ’газ, газа’. Гэтыя значэнні ёсць і ў венг. gáz (гл. MESz, 2, 1037). Для надзейнай этымалагізацыі і значэнняў (яўна другасных) гэтага слова не хапае дакладных гістарычных даных і можна толькі меркаваць, што супадзенне значэнняў ’газ, газа’ тлумачыцца канкрэтнымі тэхналагічнымі дэталямі (можна, напр., меркаваць пра першапачатковы перанос назваў, звязаных з газавым асвятленнем пры дапамозе газы). Здаецца, што першапачаткова перанос назвы для газы меў месца іменна ў рум. мове, што, магчыма, тлумачыцца канкрэтнымі мясцовымі ўмовамі.

Ґаза́ ’лямпа’ (Сцяц.). Бясспрэчнае запазычанне (параўн. і выбухное ґ). Але слова ў такой форме і з такім значэннем няма ў іншых мовах. Таму можна меркаваць, што гэта новаўтварэнне на беларускай глебе: ґа́за ’лямпа’ атрымалася, відавочна, скарачэннем слоў тыпу газні́к, газніца, газоўка. Фармальна бел. слова супадае з польск. gaza ’газа’, але значэнні слоў разыходзяцца.

Газа ’халоднае і хмурае асенняе надвор’е’ (Кліх). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АСТРАВЕ́ЦКІ РАЁН,

у Беларусі, на ПнУ Гродзенскай вобласці. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 31,0 тыс. чал. (1995); сярэдняя шчыльн. 19 чал./км², гарадскога 29%. Цэнтр — г.п. Астравец, 402 сельскія нас. пункты. 9 сельсаветаў: Астравецкі, Варнянскі, Гервяцкі, Гудагайскі, Кемелішкаўскі, Міхалішкаўскі, Падольскі, Спондаўскі, Трокеніцкі.

Большая частка раёна ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны і паўд.-зах. ч. Ашмянскага ўзвышша. Пераважаюць выш. 140—180 м, найвыш. пункт 301 м (за 6 км на З ад в. Трокенікі). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -5,9 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетацыйны перыяд 189 дзён. Рэкі: Вілія з прытокамі Ашмянка, Страча, Сарачанка, Газоўка, Балошынка. На Пн Сарачанская група азёраў, найб. Тумскае, Вераб’і, Каймін, Туравейскае. Вадасховішчы Альхоўскае і Янаўскае. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Пад лясамі 46,6% тэр. раёна, найб. масівы на З і Пн; пераважаюць хвойныя пароды, трапляюцца драбналістыя (бяроза, асіна, вольха).

Агульная пасяўная пл. 64,8 тыс. га, з іх асушана 13,8 тыс. га. На 1.1.1995 у раёне 15 калгасаў і 1 саўгас. Развіты малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавыя культуры, бульбу; з тэхнічных — лён-даўгунец і цукр. буракі. Агародніцтва. Пчалярства. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць сухога абястлушчанага малака, масла), дрэваапр. (кардон, піламатэрыялы) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (кафля, цэгла). Торфапрадпрыемствы. Янаўская ГЭС. Раён перасякаюць чыгункі Маладзечна—Вільнюс, аўтадарога Полацк—Вільнюс. У раёне 12 сярэдніх, 12 базавых і 16 пачатковых школ, муз. школа, 22 дашкольныя ўстановы, 39 бібліятэк, 5 бальнічных устаноў, 24 фельчарска-акушэрскія пункты. Помнікі прыроды — геал. агаленне Камарышкі, Варнянскі парк. Помнікі архітэктуры: Міхайлаўскі касцёл (1663) у в. Міхалішкі, Георгіеўскі касцёл (19 ст.) у в. Варона, арх. ансамбль (18—19 ст.) у в. Варняны. Выдаецца раённая газ. «Астравецкая праўда».

К.Р.Кірыенка.

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)