КУФКО́ (Эдуард Станіслававіч) (4.3.1921, с. Славоціна Селіжараўскага р-на Цвярской вобл., Расія —17.10.1998),
бел. жывапісец. Вучыўся ў Яраслаўскім маст. вучылішчы (1938—39). У 1946—53 рэпрэсіраваны і зняволены. Працаваў у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Творчай манеры ўласцівы экспрэсіўнасць, выразнасць каларыту, арыгінальнасць кампазіцыйнай пабудовы, шырокае выкарыстанне сімволікі. Героіка-трагедыйным гучаннем вызначаюцца творы антыфаш. цыкла: «Праклён фашызму» (1960), «Уцёкі» (1961), «Правда» (1963), «Няскораны» (1969), «Асвенцім» (1974), «Памяці вязняў Ламсдорфа» (1977) і інш. Аўтар партрэтаў («Маці партызана», 1957; Ф.Дастаеўскага, 1972; партызана М.А.Хлебнікава, 1979; пісьменніка У.А.Калесніка, 1980; ганаровага грамадзяніна Брэста В.П.Ласковіча, 1988), шэрагу краявідаў Прыбалтыкі і Каўказа, нацюрмортаў, карцін на сучасныя тэмы. Сталінскім лагерам прысвяціў карціны «Іван Дзянісавіч» (1984), «У памяці маёй» (1987), «Аўтапартрэт» (1989) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЮКО́ЎШЧЫНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 35 2, Лясны лагер) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў ліп. 1941 каля в. Масюкоўшчына Мінскага р-на для масавага знішчэння сав. ваеннапалонных і насельніцтва; пасля вер. 1943 (выхаду Італіі з гітлераўскай кааліцыі) сюды прывозілі італьян. салдат. Меў 22 філіялы і аддзяленні ў Мінску і больш за 90 на чыг. станцыях Беларусі. Лагер быў абгароджаны калючым дротам, вязні размяшчаліся ў летніх бараках і паўразбураных памяшканнях. За суткі вязень атрымліваў 100—200 г эрзацхлеба і 1/3л баланды; існавала суровая сістэма катаванняў і масавых забойстваў. Да 3.7.1944 тут загублена больш за 80 тыс.чал. На месцы масавых пахаванняў вязняў помнік-манумент з вечным агнём і ратонда, у якой зберагаецца кніга з выяўленымі прозвішчамі ахвяр (больш за 9 тыс.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЯ́ТЫ ПОЛК» (шталаг №313) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 на паўн.-зах. ускраіне г. Віцебск для масавай загубы сав. ваеннапалонных на тэр.б.сав.ваен. гарадка 5-га чыг. палка. За калючым дротам утрымлівалася адначасова да 40 тыс.вязняў. У сак.—крас. 1943 сюды змясцілі каля 20 тыс. грамадзян горада і навакольных вёсак, схопленых у часы аблаў. Пасля знішчэння ваеннапалонных лагер выкарыстоўвалі да лют. 1944 як перасылачны, потым як лагер для цывільнага насельніцтва. Праз лагер прайшло больш за 150 тыс.чал., з іх загублена больш за 80 тыс., у т. л. каля 12 тыс. мірных жыхароў. 3.6.1944 сав. войскі вызвалілі каля 8 тыс.чал. На месцы лагера помнік на ўшанаванне памяці ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІ́Ч (Аляксей Васілевіч) (н. 1.6.1945, в. Махро Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). У творчасці пераважае вобраз Мадонны, праз які ён увасабляе ідэалы дабра, чысціні і прыгажосці, сімвал жыцця і адраджэння слав. духоўнасці, боль за лёс духоўнай цывілізацыі; серыі «У раі» (1983—84), «Мадонна з паўшым анёлам» (1984—86), «Залатыя Мадонны», «Сярэбраныя Мадонны» (абедзве 1986—96), «Якая зышла з нябёсаў» (1988—96), «Палескія Мадонны» (1995—96), «Ахвярнасць славянскіх Мадоннаў» (1996—98), «Дзяржаўныя мадонны», «Пакуты Русі ў 20 стагоддзі» (абедзве 1997—98) і інш. Тэму трагедыі народу раскрыў у творах «Памяці вязняў Гулага» (1975—89), «Прысвячэнне Чарнобылю» (1988), «Дзецям Чарнобыля» (1990) «Д’яблы над Руссю» (1995). Аўтар партрэтаў бел. акцёраў С.Станюты і Г.Макаравай, У.Гасцюхіна, З.Стомы, М.Яроменкі, кінарэжысёраў М.Пташука, В.Турава і інш.
Літ.:
Аляксей Кузьміч: [Альбом]. Мн., 1995.
А.Кузьміч. Ахвярнасць славянскіх Мадоннаў. 1996—98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫЛЮ́К (Аляксандр Якімавіч) (23.4.1911, в. Забалоцце Бельскага ваяв., Польшча — 22.6.1941),
украінскі пісьменнік. Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Украіне і Зах. Беларусі. На працягу 1929—39 шмат разоў быў арыштаваны, двойчы быў вязнем канцлагера Бяроза-Картузская. Дэбютаваў вершам «Успаміны зняволенага» (1929), які стаў песняй падпольшчыкаў. Аўтар паэт. твораў «Паэма пра пятлю» (1932), «Плакаты» (1935), «Непрадбачаны эпілог» (1941), памфлета «Паны і панічы над «Кабзаром» (выд. 1936), паэмы «Песня з Бярозы» (1937, выд. 1941), «Львоў» (1941), дакумент. аповесці «Бяроза» (1941, выд. 1946) і інш., у якіх адлюстраваў жыццё працоўных былой Зах. Украіны і Зах. Беларусі, нязломнасць духу паліт.вязняў канцлагера. На бел. мову творы Гаўрылюка перакладалі Н.Мацяш, М.Рудкоўскі, Р.Семашкевіч.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Украінская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1952;
У кн.: Украінская савецкая паэзія. Т. 2. Мн., 1975;
Пісня з Берези (На ўкр., рус. і бел. мовах). Львів, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ЧАВА,
гарадскі пасёлак у Брэсцкім р-не. За 52 км ад г. Брэст, 3 км ад чыг. ст. Дамачава. 1,2 тыс.ж. (1997).
У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Брэсцкага пав. У 1897 — 1163 ж. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Дамачаўскага раёна. З 22.6.1941 да 23.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Д. і раёне каля 20 тыс.чал. У канцы 1941 фашысты стварылі ў Д. гета і знішчылі больш за 2700 яго вязняў. 23.9.1943 гітлераўцы расстралялі каля в. Ляплёўка 54 дзіцяці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту Дамачаўскага дзіцячага дома разам з іх выхавацельніцай. У ходзе Дамачаўскіх баёў 1943 партызаны разграмілі ў Д. варожы гарнізон. У 1956 Д. ў Брэсцкім р-не.
Прадпрыемствы харч. і мясц. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква Святога Лукі (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БЕЛЕЎ (Міхаіл) (Міхель) Лейбавіч (падп. мянушкі Бясстрашны Герман, Іваноў, Русінаў, Фадзееў; 1905, в. Вузляны Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — вер. 1942),
удзельнік Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну. Вучыўся ў Рэспубліканскай школе прапагандыстаў пры ЦККП(б)Б (1938—39). У 1920-я г. працаваў сталяром, потым на парт. рабоце. З ліп. 1941 вязень Мінскага гета. З кастр. 1941 чл. кіруючага цэнтра падп.парт. арг-цыі гета, з ліст. 1941 упаўнаважаны па гета Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, з мая 1942 сакратар Тэльманаўскага падп. райкома КП(б)Б (дзейнічаў у гета). Адзін з арганізатараў першай падп. друкарні гаркома, наладжваў прыём і распаўсюджванне зводак Саўінфармбюро, кіраваў вывадам вязняў гета ў партыз. атрады. У ліп. 1942 арыштаваны і павешаны ў мінскай турме.
Літ.:
Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Купрэева Г. Мінскае гета: Схаваная праўда // Бел. мінуўшчына. 1993. № 2—4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬБЕ ((Kolbe) Максімілян Марыя) (свецкае імя Раймунд; 8.1.1894, г. Здунска-Воля, Польшча — 14.8.1941),
польскі рэліг. дзеяч. Д-р філасофіі (1915), д-р тэалогіі (1919). Скончыў Грэгарыянскі ун-т у Рыме. З 1914 манах ордэна францысканцаў, з 1918 ксёндз. З 1919 выкладаў у Кракаўскай францысканскай семінарыі. У 1922—27 служыў у Гродзенскім кляштары францысканцаў. У 1927 заснаваў у в. Папротня Лодзінскага ваяв. францысканскі комплекс Непакалянаў (адзін з найбольшых у свеце) і быў яго кіраўніком. У 1931—35 місіянер у Японіі, арганізатар ордэна францысканцаў у г. Нагасакі, выдавец каталіцкага часопіса на яп. мове. Заснавальнік і рэдактар каталіцкіх выданняў, у т. л.час. «Rycerz Niepokalanej» («Рыцар Бязгрэшна Зачаўшай», з 1922) і газ. «Mały Dziennik» («Малая газета», з 1935). У Час герм. акупацыі Польшчы хаваў асоб, якіх расшуквалі ням.-фаш. ўлады. Арыштаваны гестапа і вывезены ў канцлагер Асвенцім, добраахвотна прапанаваў сябе замест аднаго з прызначаных да пакарання смерцю вязняў. У 1982 кананізаваны. Культ К. папулярны ў Польшчы і сярод католікаў Зах. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТЧ (Васіль Фёдаравіч) (28.10.1816—14.1.1870),
ваенны дзеяч, гісторык. Ген.-маёр (1860). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1837), дзе пазней выкладаў. З 1860 загадваў палігоннымі заняткамі артылерыі Асобнага гвардз. корпуса. З 1864 пам.нач. артылерыі Віленскай ваен. акругі; па даручэнні М.М.Мураўёва складаў «Звесткі пра польскі мяцеж 1863 г. ў Паўночна-Заходняй Расіі». Меў доступ да ўсіх сакрэтных следчых матэрыялаў і мог сам распытваць вязняў. У 1869 выйшаў у адстаўку і праца засталася незавершанай. У 1867—68 надрукаваны «Уводзіны» і 2 першыя тамы. Праца напісана ў афіцыёзным духу, змяшчала каштоўныя матэрыялы пра рэв. светапогляд і паліт. праграму К.Каліноўскага. Архіў Р., у т. л. неапублікаваныя фрагменты «Звестак...», захоўваецца ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Тв.:
Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России. Т 1—2. Вильна, 1867—68;
З «Сведений» В.Ф.Ратча // Каліноўскі К. За нашую вольнасць: Тв., дак. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ,
спецыяльныя месцы, якія ствараліся гітлераўцамі на акупіраваных тэрыторыях у 2-ю сусв. вайну для масавай загубы грамадзян захопленых краін, выкарыстання іх на прымусовай працы. Былі арганічнай часткай акупацыйнага рэжыму, палітыкі генацыду. Паводле афіц. прызначэння падзяляліся на лагеры для ваеннапалонных (дулагі, шталагі, афлагі), цывільнага насельніцтва (працоўныя лагеры СД, перасыльныя лагеры СС, штрафныя, жаночыя, гета) і інш. У большасці выпадкаў размяшчаліся на адкрытай прасторы, абгароджанай калючым дротам, з прыстасаванымі ці наспех абсталяванымі памяшканнямі барачнага тыпу, часта проста землянымі норамі або акопамі. Ахову лагераў і знішчэнне вязняў праводзілі падраздзяленні вермахта, СД і СС. У Л.с. праводзілася знішчэнне зняволеных голадам, холадам, катаржнай працай, катаваннямі, расстрэламі, спальваннем, злачыннымі эксперыментамі ўрачоў-садыстаў і г.д. Толькі на тэр. Беларусі было больш за 260 Л.с., іх філіялаў і аддзяленняў, ахвярамі якіх сталі больш за 1.4 млн.чал. Адзін з першых Л.с. створаны ў в. Дразды пад Мінскам для ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва, дзе ў чэрв.—ліп. 1941 утрымлівалася каля 140 тыс.чал.; пасля вызвалення ў 1944 тут у яме-траншэі выяўлены астанкі каля 10 тыс. расстраляных (паўторныя пошукі і раскопкі выявілі новыя масавыя пахаванні закатаваных). Па колькасці ахвяр пасля Асвенціма і Майданака найбуйнейшым лічыцца Трасцянецкі лагер смерці. Адным з самых вял.гар. Л.с. было мінскае гета, створанае 19.7 1941, дзе загублена каля 100 тыс.чал. Жудаснымі па жорсткасці былі лагеры, якія ствараліся гітлераўцамі ў прыфрантавой паласе: напярэдадні адступлення за калючы дрот і мінныя загароды фашысты зганялі непрацаздольных грамадзян і размяшчалі сярод іх інфекцыйных хворых у разліку на хуткае і масавае распаўсюджванне захворванняў сярод насельніцтва і сав.вайск. часцей (гл.Азарыцкія лагеры смерці). Бяспрыкладнымі па садызме былі Л.с., у якіх гітлераўцы абяскроўлівалі дзяцей і падлеткаў для патрэб арміі (у в. Скобраўка Пухавіцкага р-на загінулі 1500 дзяцей-донараў). На тэр. Беларусі Л.с. выкарыстоўваліся захопнікамі і для знішчэння грамадзян з краін Зах. Еўропы, акупіраваных Германіяй. Найб. Л.с. былі Бабруйскі, Беразвецкі, Калбасінскі, Калдычэўскі, Лупалаўскі, Ляснянскі, Маладзечанскі, Масюкоўшчынскі (гл. адпаведныя арт.), Бронная Гара. Адступаючы з Беларусі, захопнікі ў 1944 правялі масавую акцыю знішчэння вязняў, якія яшчэ засталіся, спрабавалі замесці сляды злачынстваў, маскіруючы пахаванні. Створаная ў 1944 камісія садзеяння Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў сабрала доказы, якія цалкам выкрылі крывавыя злачынствы гітлераўцаў. На месцах л.с. ў памяць пра тых, хто загінуў у іх, пастаўлены помнікі, кожны Л.с. ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе Хатынь.
Літ.:
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995.