сярэ́браны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да серабра (у 1 знач.), звязаны з апрацоўкай серабра. Сярэбраны промысел. Сярэбраных спраў майстар. // Які мае ў сабе серабро. Сярэбраная руда.

2. Зроблены з серабра, пакрыты серабром. Маці Анатоля неўзабаве прынесла з кухні і паставіла пасярод стала на сярэбраным падносе смажаную качку. Ваданосаў. Хлор выняў з кішэні камізэлькі тоўсты сярэбраны гадзіннік. Гартны. А калі б наліла яму гаспадыня начоўкі цёплай вады, калі б яшчэ паклала туды сярэбраную паўрублёўку, .. то павесялеў бы чалавек ад такога ўжывання і адразу памаладзеў бы. Кулакоўскі. // Вытканы з сярэбраных нітак, вышыты серабром. Мураўскі ўзняў галаву і ўбачыў, што перад ім сядзіць сам пан Здраеўскі. Толькі не ў цывільнай вопратцы, у якой ён запомніў яго, а ў генеральскім мундзіры з сярэбранымі пагонамі на плячах. Машара.

3. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Сярэбраным ланцужком рачулка злучала два аз[я]рцы. Бядуля. // З бліскучым белым адлівам. У глыбокай тоні жыў шчупак сярэбраны З вострымі зубамі, хітры, як купец. Танк. Там на вашых вачах збяруць І матор, і сярэбраны радыятар, Да яго па малому зубру Прыпаяюць старанна дзяўчаты. Панчанка.

4. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (голас, смех і пад.). Дзяўчына вясёлая, многа і часта пяе прыгожыя .. песні, а голас яе — звонкі, сярэбраны. Каваль. Недзе за хвастамі самалётаў няроўнымі штуршкамі ў вышыню ўзнімаўся жаваранак. На зямлю палілася яго сярэбраная песня. Алешка.

•••

Сярэбраны блішчак гл. блішчак.

Сярэбранае вяселле гл. вяселле.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., што.

1. Расправіць, расцягнуць што‑н. згорнутае ў даўжыню або шырыню. І вось Алёнка, самая бойкая з пяцікласніц, паднялася на сцэну і разгарнула вышыты партрэт Леніна. Скрыпка. Столькі выткала маці кроснаў, Што калі разгарнуць іх на травах росных, То яны б увесь свет абнялі. А. Астапенка.

2. Вызваліць ад абгорткі; зняць тое, чым было што‑н. загорнута, закрыта. Дзяўчынка села на траву, разгарнула фартух, — там былі кветкі. Краўчанка. Ганна Лявонаўна дастала з партфеля пакунак у жоўтай упаковачнай паперы, разгарнула яго і ахнула. Корбан.

3. Раскрыць што‑н. складзенае. — А зараз пачнём урок, — Іван Сяргеевіч разгарнуў класны журнал. Курто. Галіна Фёдараўна зараз жа разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру. Паслядовіч. // Расхінуць, рассунуць што‑н. у бакі; развесці. Хлопец разгарнуў рукамі чарот, выбег на палянку. Гамолка. Задаволены Кулік разгарнуў прысак і пачаў даставаць печаную бульбу, яна прыемна пахла. Гурскі. // Разабраць. За ім ішла сястра: яна паказала хвораму месца на ложку ў куце і хуценька разгарнула пасцель. Быкаў. // перан. Зрабіць даступным зроку, як бы разаслаць перад вачамі. А Дняпро з лясоў дрымучых Праз мой родны край плыве. Увабраўшы нашы рэкі, Разгарнуў блакітны плёс. Светлым поясам навекі Наш звязаў братэрскі лёс. Бялевіч.

4. Выпрастаць, расправіць, развёўшы ў процілеглыя бакі. [Стафанковіч:] — Я яшчэ .. магу разгарнуць свае плечы, я яшчэ моцна трымаю гэбаль у руках. Чорны. Рукі .. [Алены] навярэджаны, і яна адчувае сябе, як набітая, а назаўтра не можа рук разгарнуць. Колас. // Раскрыць, распусціць (кветкі, лісце). Разгарнула пялёсткі шыпшына — ужо пяць гадзін раніцы, падняў угору галоўку жоўты адуванчык — лічы шэсць гадзін. Хомчанка. // Спец. Начарціць на плоскасці паверхню геаметрычнага цела. Разгарнуць мнагаграннік.

5. перан. Падрабязна выказаць, выкласці, апісаць што‑н.; раскрыць сутнасць, змест чаго‑н. — Тады я мог бы разгарнуць і пачуцці, і паказаць душэўныя зрухі, словам, тут бы ў мяне ўсё разраслося вельмі шырока. Скрыган. Тут Сымонка сваю душу Мог прад дзедам разгарнуць. Колас.

6. перан. Даць чаму‑н. (сілам, здольнасцям) свабодна і поўна праявіцца, развіцца. Разгарнуць музыкальныя здольнасці. // Павялічыўшы аб’ём, паглыбіўшы змест, зрабіць буйнейшым па жанру (літаратурны, музычны твор). Вось гэтую невялікую байку Змітрок Бядуля паспрабаваў разгарнуць у вялікую аповесць. Кучар.

7. Зрабіць, арганізаваць што‑н. у шырокіх маштабах. Разгарнуць будаўніцтва. Разгарнуць спаборніцтва. □ — Камуністам трэба таксама, — гаварыў далей падпалкоўнік, — разгарнуць самадзейнасць. Мележ.

8. Падрыхтаваць да дзеяння, функцыяніравання. [Радыст] выбраў пад елкай высокую купіну, хутка разгарнуў рацыю, закінуў на елку антэну, нацягнуў супрацьвагу і пачаў працаваць. Ваданосаў. // Спец. Размясціць у шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)