галава́, ‑ы́; мн. гало́вы (зліч.2,3,4 галавы́), ‑ло́ў; ж.
1. Верхняя частка цела чалавека, верхняя або пярэдняя частка цела жывёліны, якая заключае ў сабе мозг. Павярнуць галаву. Зняць шапку з галавы. □ На галовах — баявыя каскі, Кліча ў даль няведамы паход.Аўрамчык.// У значэнні адзінкі падліку жывёлы. У дзесяці новых прасторных памяшканнях будуць экспанавацца сотні галоў высокапрадукцыйнай жывёлы, выведзенай у калгасах і саўгасах краіны.«Беларусь».
2.перан. Розум, свядомасць; развага. Ясная галава. □ Цвярозыя мужыцкія галовы прадугледжвалі ўсё.Мурашка.// Пра чалавека вялікага розуму. [Нічыпар:] Моцна вучоны чалавек. Кніжкі друкуе свае, студэнтам лекцыі чытае .. Гэта, брат, галава!Крапіва.//Іран. Пра нездагадлівага, някемлівага чалавека. Эх, ты, галава, нічога не разумееш!//якая. Пра чалавека як носьбіта якіх‑н. уласцівасцей, якасцей. Букрэй быў вядомы ў батальёне, як адважная, смелая, камбінатарская галава, і яму ахвотна даручылі арганізаваць і правесці разведку польскага тылу.Колас.
3.перан. Кіраўнік, начальнік; старэйшы ў сям’і. Містэр Брэдлей — паветраны кароль, галава ўсёй кампаніі — сядзіць у машыне.Лынькоў.Таццяне падабалася, што бацька і тут, у атрадзе, адчувае сябе галавой сям’і.Шамякін.
4.м. Старшыня і кіраўнік некаторых выбарных органаў у дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама ваеннае або грамадзянскае званне. Казацкі галава. Гарадскі галава.
5.перан. Пярэдняя частка, пачатак чаго‑н. Галава калоны. □ Марудна паварочваецца галава Вялікай Мядзведзіцы, прывязанай за хвост яркай зоркі.Асіпенка.
6. Харчовы прадукт у выглядзе шара або конуса. Галава сыру.
•••
Авечая галава — пра тупога бяспамятнага чалавека.
Адамава галава — малюнак чэрапа з дзвюма перакрыжаванымі кветкамі як сімвал абазначэння смерці, яду і пад.
Адказваць галавоюгл. адказваць.
Адкруціць галавукамугл. адкруціць.
Акунуцца з галавойгл. акунуцца.
Бедная галава — пра няшчаснага чалавека, які выклікае спагаду.
Без галавы — пра неразумнага, тупаватага чалавека.
Біцца галавой аб сцянугл. біцца.
Брацца (узяцца) за галавугл. брацца.
Браць (узяць) у галавугл. браць.
Валіць з хворай галавы на здаровуюгл. валіць.
Варушыць галавойгл. варушыць.
Вецер (гуляе) у галавеукагогл. вецер.
Вешаць галавугл. вешаць.
Вісець над галавойгл. вісець.
Выдаць (сябе) з галавойгл. выдаць.
Выкінуць з галавыгл. выкінуць.
Вылецець (выскачыць) з галавыгл. вылецець.
Вялікая галава — пра разумнага, мудрага чалавека.
Галава варыцьукаго — пра кемлівага, разумнага чалавека.
Галава зварыла — а) зрабіў што‑н. не так, як трэба, дапусціў якое‑н. глупства. [Базыль:] Гэта ж трэба — галава зварыла, пайшоў да Пшыбыльскага ў паслугачы!Шынклер; б) прыняў правільнае рашэнне. У адказны момант яго галава зварыла як трэба.
Галава і два вухі — пра нездагадлівага, прастакаватага чалавека.
Галава ідзе кругамукаго — хто‑н. страціў здольнасць цвяроза разважаць ад мноства клопатаў, дум і пад.
Галава кружыцца (круціцца); галава закружылася (закруцілася)укаго — а) пра галавакружэнне. Галава кружыцца ад малакроўя; б) хто‑н. зазнаўся, страціў здольнасць цвяроза разважаць.
Галава трашчыць (развальваецца) — а) пра моцныя болі ў галаве; б) адчаго хто‑н. траціць здольнасць разважаць ад празмернай работы, шуму, клопату і пад.
Галава як рэшата — пра дрэнную памяць.
Галаву адарвацьгл. адарваць.
Гарачая галава — пра нястрымнага, схільнага да захаплення чалавека.
Губляць галавугл. губляць.
Дайсці сваёй галавойгл. дайсці.
Даць галаву на адрэз (на адсячэнне)гл. даць.
Дзіравая галава — пра чалавека з дрэннай памяццю.
Дубовая галава — пра тупога, неразумнага чалавека.
Дурыць галавугл. дурыць.
Забіць галавучымгл. забіць.
Задраць галавугл. задраць.
Задурыць галавугл. задурыць.
Закружылася (закруцілася) у галавегл. закружыцца.
Закружыць галавукамугл. закружыць.
Закруціць галавукамугл. закруціць.
Залатая галава — пра здольнага, таленавітага чалавека.
З галавой — пра разумнага, талковага чалавека.
З галавы да ног (пят); з ног да галавы; ад пят да галавы — а) зверху данізу; поўнасцю. Прамокнуць з галавы да ног; б) ва ўсім: у думках, учынках і пад. (быць кім‑н., якім‑н.). Ён быў артыстам з галавы да ног.
З галавы не выходзіцьгл.выходзіць.
Злажыць (скласці) галавугл. злажыць.
Зняць (знесці) галавукаму,укагогл. зняць.
Карона з галавы не зваліцца (не спадзе)гл. карона.
Каша ў галавегл. каша.
Класці галавугл. класці.
Класці галаву на калодкугл. класці.
Клёпкі ў галаве не хапае (не стае)гл. хапаць.
Кружыць галавугл. кружыць.
Крукам (шастом) галавы не дастацькамугл. дастаць.
Круціць галавугл. круціць.
Ламаць галавугл. ламаць.
Лезці ў галавугл. лезці.
Марочыць галавукамугл. марочыць.
Мець галаву (на плячах, на карку)гл. мець.
На галаву — у разліку на кожнага.
На галаву вышэйзакаго — значна перавышае каго‑н. у якіх‑н. адносінах, па якіх‑н. якасцях.
Налажыць галавойгл. налажыць.
Намыліць галавукамугл. намыліць.
На сваю галаву — сабе на шкоду.
На свежую галаву — пасля адпачынку, пакуль не стаміўся.
На скрут (злом) галавыгл. скрут.
Не знасіць галавыкамугл. знасіць.
Не ідзе (не выходзіць) з галавыгл. ісці.
Не ідзе (не лезе) у галавугл. ісці.
Няма галавыгл. няма.
Павесіць (звесіць) галавугл. павесіць.
Падняць (узняць) галавугл. падняць.
Паплаціцца галавойгл. паплаціцца.
Паставіць з ног на галавугл. паставіць.
Пастаяць галавойгл. пастаяць.
Прыйсці ў галавукамугл. прыйсці.
Прытуліць галавугл. прытуліць.
Разумная галава — пра талковага, разумнага чалавека.
Ручацца галавойгл. ручацца.
Садовая галава — пра някемлівага, рассеянага чалавека.
Сам чорт галаву зломіцьгл. чорт.
Сарваць галавукамугл. сарваць.
Светлая галава — пра разумнага, здольнага лагічна думаць чалавека.
Сесці на галавукамугл. сесці.
Скруціць (зламаць) сабе галавугл. скруціць.
Сушыць галавугл. сушыць.
Схапіцца за галавугл. схапіцца.
Схіліць галаву перадкім-чымгл. схіліць.
Убіць (набраць) сабе ў галавугл. убіць.
Убіць у галавукамугл. убіць.
У галавах — ва ўзгалоўі.
Удалая галава — пра смелага, адчаяннага чалавека.
Хадзіць на галавегл. хадзіць.
Хапацца за галавугл. хапацца.
Хоць кол на галаве чашыгл. часаць.
Цераз галавучыю — не папярэдзіўшы каго‑н., мінуўшы каго‑н.
Як на маю дурную галаву (мой дурны розум) — як мне здаецца, на мой погляд.
Як снег на галавугл. снег.
Яловая галава — пра бесталковага, дурнога чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спако́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца ў стане спакою, нерухомасці; ціхі, бязгучны. Возера ляжала лянівае і спакойнае.Карпаў.Лес стаяў спакойны і нахмураны.Якімовіч.Вада была спакойнай, толькі маленькія хвалькі ад ветру маршчынілі яе паверхню.Краўчанка.// Такі, дзе няма вялікага шуму, руху (пра горад, вуліцу). Спакойны, вясёлы, зялёны — такі Кішынёў.Машара.
2. Які не выяўляе трывогі, хвалявання, знаходзіцца ў стане спакою, не ўзбуджаны (пра чалавека). Аднак чамусьці цяпер наш праваднік быў выключна спакойны.Анісаў.[Пніцкі] ўжо не быў спакойны да самага таго часу, пакуль не дазволілі яму выказацца.Чорны.// Характэрны такому чалавеку; які выяўляе душэўны, унутраны спакой. Спакойны цвёрды Зеленюкоў тон яшчэ больш раздражніў Карызну.Зарэцкі.Дамоў.. [Андрэй] ехаў са спакойнай душой.Шахавец.// Поўны спакою. Неяк адразу пацяплела на сэрцы, з явілася спакойная ўпэўненасць.Лынькоў.
3. Які рэдка выходзіцьзсябе, стрыманы, ураўнаважаны (пра чалавека). Спакойны, ураўнаважаны, без лішніх рухаў і жэстаў, настаўнік выклікаў давер’е.«Звязда».Валодзя — хлопец спакойны, малому саступіць.Брыль.// Ціхмяны, які не робіць клопату, не назаляе ўсім навокал. Спакойнае дзіця. Спакойныя суседзі.// Уласцівы такому чалавеку. Мікалай, хоць і пісьменны, але не надта рашучы, таксама не надта бывалы па свеце, ды яшчэ натуру мае спакойную.Чорны./ Пра жывёлу. Маленькая бялявая Аня пачала прыязджаць на спакойным на дзіва кані да кухні па лупіны.Даніленка.
4. Раўнамерны, роўны ў сваім праяўленні, працяканні. Б’е гадзіннік. І сэрца спакойныя ўдары За Крамлёўскай сцяною чуваць у цішы.Куляшоў.Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць.Мележ.Спакойныя крокі, спакойная, упэўненая гутарка [Веры Ігнатаўны] былі прыемныя Платону.Пестрак.
5. Мірны, не ваенны. Спакойны час.
6. Які адбываецца ў спакоі, нічым не парушаецца, не трывожыцца нікім. Спакойнага сну ў Сяргея не было.Шахавец.[Данілава маці:] Гадавала я вас — гадавала, думала, хоць старасць спакойная будзе.Крапіва.// Які не звязаны з хваляваннямі, турботамі. Яно [шчасце] не можа быць спакойным, яно патрабуе ад чалавека заўсёды болей, чым дае.Шыцік.[Антось:] — Але .. [Сцяпан] камуніст, Марыся, неспакойны ён чалавек, не хоча ён спакойнай работы.Чарнышэвіч.// Прыемны для вока (пра святло). Ласкавае, спакойнае святло абедзеннага сонца залаціла пабурэлыя вершаліны бяроз і клёнаў.М. Ткачоў.
•••
Са спакойным сумленнемгл. сумленне.
Спакойнай ночы — тое, што і дабранач (гл. дабранач).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МІЖНАРО́ДНЫ КАМУНІСТЫ́ЧНЫ РУХ,
пашыраная ў свеце леварадыкальная ідэйна-паліт. плынь, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці поглядамі К.Маркса і У.І.Леніна на сацыялізм і камунізм і мае на мэце пабудову ў свеце камуніст. грамадства, першая фаза якога — сацыялізм. Аб’ядноўвае камуніст. і ідэйна блізкія да іх сацыяліст. і рабочыя партыі. Узнік у 1840—50-я г. амаль адначасова змарксізмам як састаўная частка міжнар. рабочага руху. Першай камуніст. арг-цыяй быў створаны ў 1847 Саюз камуністаў, які аб’ядноўваў камуніст. і карэспандэнцкія к-ты шэрагу зах.-еўрап. краін. У напісаным для Саюза Марксам і Ф.Энгельсам «Маніфесце Камуністычнай партыі» (1848) выкладзена праграма міжнар.рэв. рабочага руху і абгрунтавана неабходнасць стварэння паліт. партыі пралетарыяту. Камуніст. (марксісцкая) плынь дамінавала ў Інтэрнацыянале 1-м (1864—76), у с.-д. і сацыяліст. партыях, што стварылі Інтэрнацыянал 2-і (1889—1922). Да канца 19 — пач. 20 ст.камуніст. рух і сацыял-дэмакратыя развіваліся на агульнай аснове марксізму як паралельныя плыні ў рамках с.-д. і сацыяліст. партый, потым адзіны сусв.сацыяліст. рух распаўся на 2 самаст. плыні — сацыял-дэмакр. і камуністычную, якія разышліся ў поглядах на стратэгію і тактыку заваявання паліт. улады, сутнасць, шляхі і спосабы пабудовы сацыялізму. Сацыял-дэмакраты (Э.Бернштэйн і інш.) прыйшлі да высновы, што асобныя палажэнні марксізму не пацвердзіліся часам або ўстарэлі. Прадстаўнікі камуніст. плыні працягвалі адстойваць марксісцкія палажэнні аб выключна рэв. шляху дасягнення сацыялізму як першай стадыі камунізму праз класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту ў якасці абранага гісторыяй класа. Найб. відным выразнікам гэтай плыні ў пач. 20 ст. стаў лідэр рас.бальшавікоў Ленін. Пасля 1-й сусв. вайны с.-д. і сацыяліст. партыі канчаткова раскалоліся, з іх выйшлі прадстаўнікі рэв. марксізму, якія сталі называць сябе камуністамі і пачалі ствараць уласныя камуніст. партыі. Гэтаму працэсу спрыяла Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 у Расіі. Няўдалай спробай прымірыць і аб’яднаць сацыяліст. рух з камуністычным было стварэнне і непрацяглае існаванне т. зв.«Інтэрнацыянала 2 1/2» (1921—23). Але ў 1919, са стварэннем Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна), рашэнні кіруючых органаў якога былі абавязковымі для партый-членаў, М.к.р. аформіўся ў самаст.паліт. сілу. У 1920—50-я г. фактычным цэнтрам усяго М.к.р. быў СССР. Грамадска-паліт. з’явы, якія мелі месца ў гэтай краіне (паліт. рэпрэсіі, культ асобы І.В.Сталіна, абмежаванасць паліт. правоў асобы, празмерная роля дзяржавы ў грамадстве і інш.) негатыўна адбіваліся на ўсім камуніст. руху. У 1920-я г.з М.к.р. вылучылася леваэкстрэмісцкая плынь — трацкізм (ад імя Л.Д.Троцкага), прадстаўнікі якога ў 1938 стварылі т. зв.«Інтэрнацыянал 4-ы». Станоўчая роля камуністаў у барацьбе супраць фашызму за свабоду і незалежнасць сваіх краін у гады 2-й сусв. вайны забяспечыла значны рост колькасці кампартый, узмацненне іх уплыву ў асобных краінах і ў свеце ў цэлым. У 14 краінах Еўропы, Азіі і Лац. Амерыкі (Куба) кампартыі заваявалі паліт. ўладу. Склалася Сусв.сацыяліст. сістэма. У 1980-я г.камуніст. і блізкія да іх рабочыя партыі дзейнічалі больш як у 90 краінах і аб’ядноўвалі больш за 80 млн. членаў. СССР пад кіраўніцтвам КПСС дамогся поспехаў у развіцці эканомікі і культуры. У 1960—70-я г.СССР, насельніцтва якога складала 6% ад насельніцтва зямнога шара, даваў 1/5 сусв.прамысл. вытворчасці. Пасля роспуску Камінтэрна (1943) прадпрымаліся новыя спробы каардынацыі М.к.р. У 1947—56 у Бялградзе (да 1948) і Бухарэсце (з 1948) працавала Інфарм. бюро камуніст. і рабочых партый з правам каардынацыі іх дзейнасці (уваходзілі партыі 9 краін Еўропы). Вял. значэнне для згуртавання М.к.р. мелі нарады прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партый (маскоўскія 1957, 1960, 1969, шматлікія рэгіянальныя). У 1958—90 у Празе выдаваўся тэарэт. і інфарм. часопіс «Проблемы мира и социализма». З канца 1940-х г. спробы КПСС навязваць кампартыям інш. краін свой вопыт барацьбы за ўладу і сацыяліст. будаўніцтва сустракалі нарастаючае супраціўленне з іх боку. На гэтай глебе М.к.р. перажыў шэраг новых расколаў. У 1948 адмовілася ад сав. мадэлі пабудовы сацыялізму і адасобілася ад М.к.р. Камуніст. партыя Югаславіі, у 1961 выступіла супраць крытыкі культу асобы Сталіна і фактычна выйшла з М.к.р. Албанская партыя працы. Найб. значны раскол у М.к.р. унесла ўзнікненне ў канцы 1950 — пач. 60-х г. мааізму (левадагматычны ўхіл у Кампартыі Кітая і шэрагу інш. партый у Азіі і дробных груповак у розных рэгіёнах свету, ад імя Мао Цзэдуна). У 2-й пал. 1970 — пач. 80-х г. у кампартыях Зах. Еўропы пашырыліся тэорыі «еўракамунізму». Іх прыхільнікі выступалі за мадэрнізацыю марксізму-ленінізму ў адпаведнасці ззах.-еўрап.эканам. і сац.-паліт. рэчаіснасцю, за плюралістычную мадэль сацыялізму. «Еўракамунізм» быў асуджаны КПСС і кампартыямі сацыяліст. краін. Зніжэнне тэарэт. ўзроўню дзейнасці камуніст. партый, дагматызацыя марксізму, недастатковая ўвага да распрацоўкі новых ідэй, акасцянеласць арганізац. структуры, форм і метадаў работы кампартый, адмова ад плюралізму ў меркаваннях, праследаванне іншадумства, адсутнасць шырокай сац. базы, сапраўднай сувязі з рабочым рухам, патрэбнага ўзаемадзеяння, а часта і варожасць да інш. левых сіл абумовілі крызіс М.к.р. ў канцы 1980 — пач. 90-х г., у выніку якога арганізаваны і каардынаваны М.к.р. фактычна перастаў існаваць. У выніку эканам. і паліт. крызісу (1989—91), абумоўленага пралікамі і дэфармацыямі ў дзейнасці КПСС і інш.камуніст. партый, камуністы страцілі ўладу ў краінах Усх. Еўропы і СССР. Распад СССР і забарона КПСС прывялі да спынення фін. падтрымкі, якую яна аказвала кампартыям многіх краін. У 1989—91 спынілі існаванне навук. і навуч.нац. і міжнар. цэнтры, што займаліся распрацоўкай камуніст. праблематыкі, перасталі выходзіць або пераймяноўваліся і змянілі накіраванасць камуніст.тэарэт. выданні. Ва ўсім свеце знізіўся ўплыў камуніст. партый, скарацілася іх колькасць і парушылася ўнутр. адзінства партый, рэзка зменшылася колькасць членаў. Асобныя кампартыі змянілі свае назвы, статуты, праграмы і ператварыліся ў сацыял-дэмакратычныя (у Італіі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі, Балт. краінах). Кампартыя Францыі ўяўляе сабой гібрыд сацыял-дэмакратызму і камунізму. Камуніст. партыі Расіі, Украіны, Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі і Партыя камуністаў беларуская), Сербіі, з істотнымі агаворкамі таксама Румыніі і Чэхіі сталі на шлях абнаўлення пры захаванні вернасці марксізму-ленінізму. Кампартыі Вялікабрытаніі, Іспаніі, ЗША не адыгрываюць прыкметнай ролі ў жыцці сваіх краін. Аднак камуніст. погляды не страцілі сваёй прыцягальнасці ў значнай часткі насельніцтва шэрагу краін свету. Кітай, Куба, В’етнам, Паўн. Карэя працягваюць ісці па шляху сацыялізму. Правячая Камуністычная партыя Кітая налічвае 58 млн. членаў (1997), Камуніст. партыя Рас. (КПРФ) — 530 тыс. членаў, аб’яднаных у 24 тыс. пярвічных арг-зацый. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 яе кандыдат атрымаў каля 30 млн. галасоў выбаршчыкаў. На выбарах 1999 у Дзярж. думу Расіі камуністы атрымалі (па парт. спісах) найб. колькасць галасоў выбаршчыкаў (24,3% ад агульнай колькасці тых, хто галасаваў). М.к.р. імкнецца ісці па шляху абнаўлення, пераадолення лжэсацыялізму, развіцця марксісцка-ленінскай тэорыі ў новых умовах. У чэрв. 1999 на міжнар. сустрэчы прадстаўнікоў камуніст. і рабочых партый у Афінах (Грэцыя) былі прадстаўлены 55 партый з 50 краін.
Літ.:
Партии и партийные системы современной Европы. М., 1994;
Социализм и демократия для XXI в. М., 1997;
Егоров А.Н. Есть ли у Республики Беларусь социалистическая перспектива? // Весн. Бел.дзярж. экан. ун-та. 1997. № 2;
а) Рухацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу); крочыць. Аўсамі ішоў чалавек, выбіраючыся з лагчыны на ўзгорак да гасцінца.Чорны.Ляснымі дарогамі скрыта к чыгунцы ідуць партызаны.Колас.Насцярожана задзіралі галовы ласі, ідучы да вадапою.Кірэйчык.//(закалічнаснымісловамі,якіяпаказваюцьхарактарпадобнагаруху). Ужываецца ў значэнні: бегчы, імчацца, несціся і пад. Алені ішлі лёгкім трушком.Шамякін.Па дарозе ад Нёмана рыссю ідзе сувязны.Брыль;
б) Ехаць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Машыны, танкі, артылерыя ішлі бесперапыннай плынню і ўсё ў адным напрамку — на захад.Шамякін.Ідуць калгасныя падводы, Дабро вязуць грузавікі.Колас./З акалічнаснымі словамі, якія ўказваюць на характар, спосаб руху. Ісці на вёслах. Ісці на ўсіх парусах.// Адыходзіць, адпраўляцца ў пэўны момант, час. Экспрэс ідзе а дзесятай гадзіне вечара.// Ехаць, плысці, ляцець на якім‑н. са сродкаў перамяшчэння. На атамным ледаколе «Ленін» ішла экспедыцыя ў акіян.
в) Быць у дарозе, будучы адасланым куды‑н. (пра пісьмы, пасылкі, кантэйнеры і інш.). Кантэйнер ідзе чыгункай. □ Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён.Шамякін.// Дамаўляцца, прыбываць адкуль‑н. куды‑н. Чай ідзе з Каўказа. □ Ходзіць вецер, Ловіць прыпах нафты, Што да нас з Татарыі ідзе.Калачынскі; г) Перамяшчацца масай, патокам, чарадой. Застаўся вецер ззаду дзесь, як хмара, следам пыл ідзе.Дубоўка.— Крыгі ідуць па Дзвіне — проста жах.Брыль.// Рухацца чарадой, касяком (пра рыбу і пад.). На бераг рыба ўся ідзе, аж возера шуміць-гудзе.Дубоўка.
2.ушто, нашто або зінф. Накіроўвацца, адпраўляцца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Ісці гуляць. Ісці ў госці. Ісці на выбары. Ісці ў ягады. □ [Сегень] варушыўся кожную раніцу пад вокнамі хат і заказваў — каму што рабіць, каму куды ісці.Чорны.//накаго,супроцькаго. Выступаць у паход, нападаць. Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною.Куляшоў.//перан.Разм. Выступаць праціўнікам, пярэчыць. — Завошта нам было б забіваць адзін аднаго, завошта ісці брату на брата?Самуйлёнак.
3.перан. Прыступаць да якой‑н. службы, дзейнасці; уступаць куды‑н., рабіцца кім‑н. Ісці ў партызаны. Ісці ў армію. Ісці ў інстытут. □ Да таварышаў, якія ідуць у літаратуру, К. Чорны звяртаўся з горкаўскім папярэджаннем: работа літаратараў надзвычай цяжкая.Кудраўцаў.Стары настаўнік Ягор Ягоравіч, адпрацаваўшы ў школе год з пяцьдзесят, атрымаў персанальную пенсію і ішоў на адпачынак.Корбан.
4.перан. Рухацца, развівацца ў якім‑н. напрамку. Ісці да камунізма. □ Гады праходзілі. Краіна Ішла наўсцяж да перамог.Глебка.Так і прайшоў свой шлях Васіль Іванавіч ад камсамольца да сакратара абкома партыі. Ішоў са ступенькі на ступеньку.Лынькоў.//ушто. Развівацца, расці пэўным чынам (пра расліны). Бульба ідзе ў націну.// Дзейнічаць, паводзіць сябе тым або іншым чынам. Ісці разам з калектывам. □ Працавала [Тамара] па 7 гадзін. Але крок у крок ішла з тымі, хто працаваў поўную змену.«Работніца і сялянка».//Разм. Мець якія‑н. вынікі, паказчыкі ў чым‑н. Вучань добра ідзе па ўсіх прадметах. □ Дзяўчына была энтузіястка, яна і ў вучобе ішла на сярэбраны медаль.Шамякін.//закім-чым. Трымацца каго‑н.; наследаваць каму‑н., далучацца да чыіх‑н. думак, поглядаў. Мы мацнеем і расцём, бо за партыяй ідзём.Прыказка.
5.адкаго-чаго, зчаго. Выдзяляцца, выходзіць, расплывацца. Ад зямлі ідуць густыя пахі ляснога рэдкатраўя, мокрага ад расы і сырасці ляжалага лісця.Пташнікаў.Калі Лукаш ужо набліжаўся да вёскі, з навадворскіх комінаў ішоў дым.Кавалёў.// Распаўсюджвацца (пра гукі, святло і пад.). Зязюля лічыла некаму гады, і аж пошчак ішоў па лесе ад яе кукавання.Даніленка.Неба на ўсходзе гарэла, ясната ішла ад ружовай разлегласці на ім.Чорны.// З’яўляцца, выходзіць, вынікаць. Паэзія [Янкі Купалы] ішла ад думак і жаданняў народа.Івашын.// Выдзяляцца, цячы. Кроў ідзе з раны. Пот ідзе.// Паступаць, падавацца. Газ ідзе. Ток ідзе. Пара ідзе па грубцы. □ Хлапчук, што хацеў быць дарослым, корпаўся ў млыне, дзе ішла якраз яго мука.Брыль.// Раcпаўсюджвацца (пра чуткі, весткі і пад.). Ідуць весткі з усіх канцоў. □ Пра абухаўцаў ішла слава яшчэ з 1901 года.«Работніца і сялянка».На Беларусі Па вёсках ідуць пагалоскі — з’явіўся Кастусь Каліноўскі.Броўка.
6. Набліжацца, з’яўляцца адкуль‑н. У акружаным блакадай лагеры ўсе радуюцца: «Нашы ідуць!..»Якімовіч.З вісклівым крыкам: «Ідзе! Ідзе!..» пранесліся пад акном Мікітка з Валодзькам, ускочылі ў хату і паведамілі, што ідзе машына.Ракітны.//перан. Насоўвацца, надыходзіць, прыбліжацца. Ноч ідзе З маланкамі, Дажджамі.Хведаровіч.З яркім сонцам, З пукам красак Май да нас ідзе.Бядуля.
7.Разм. Знаходзіць збыт, пакупніка. Тавар не ідзе.// Прадавацца па той або іншай цане. Ісці за бясцэнак.
8.перан. Рэгулярна налічацца, адпускацца (пра якія‑н. сродкі). Ідуць працэнты. Ідзе пенсія. Ідуць працадні. Зарплата ідзе. □ — Вам цяпер ідуць грошы кожны месяц, жывяце вы, дай божа на ўсякага добрага...Чорны.Слімак быў вельмі задаволены сваёй камандзіроўкай: ішлі добрыя сутачныя.Лынькоў.
9. Рассцілацца, пралягаць; мець пэўны кірунак, цягнуцца. Лагчына ішла далёка, аж пад лес. Сюды цяпер з поля пасля дажджу сцякала вада.Пташнікаў.І аднастайнай чарадой Ішлі стракатыя палоскі, Як невясёлых думак рой.Глебка.// Цягнуцца, праходзіць дзе‑н. Дарога ішла лесам. □ — Праз Калхіду ішоў вялікі гандлёвы шлях з Грэцыі і Рыма ў краіны Бліжняга Усхода і ў Індыю.Самуйлёнак.// Адыходзіць, адгаліноўвацца ад чаго‑н. У сыпкім пяску Ад калодзежных зрубаў Ідуць вадавода Смалістыя трубы.Лужанін.// Праходзіць, працягвацца ў якім‑н. напрамку. Вуліца ідзе ўгару. На горцы — Арынская царква, могілкі.Дамашэвіч.Паз ішоў крыва і быў мясцінамі то зусім мелкі, го занадта глыбокі.Дуброўскі.// Займаць тое або іншае месца ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго не падвяду.Гілевіч.За прасначкамі йшлі кампоты, Кісель з мядоваю сытою; Вячэру скончылі куццёю.Колас.
10. Дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, машыны і пад.). Гадзіннік ідзе. □ Сцены карпусоў злёгку дрыжэлі, фабрыка ішла сваім поўным ходам.Лынькоў.
11. Капаць, цячы, ляцець (пра ападкі). Дождж ідзе. □ Узімку [на Вогненнай Зямлі] разам з дажджом часта ідзе і снег.Маўр.
12. Мінаць, працякаць, праходзіць у часе. Ішлі гады, дзеці іх раслі, жаніліся, выходзілі замуж — і хатка выцягвалася па вуліцы ў абодва бакі.Ракітны.
13. Цягнуцца, працягвацца. За акном павольна ішла ноч, роіліся зоры, і ападалі некаторыя з іх.Самуйлёнак.Жыццё ішло, поўнае чароўнасці і прыгажосці.Кавалёў.//каму. Быць у якім‑н. узросце. — Уладзіку трынаццаты год ідзе...Чорны.
14. Мець месца, адбывацца, праходзіць. Ідзе ўрок. Суд ідзе. У кватэры ідзе рамонт. □ На станцыі ішла ўжо выгрузка танкаў.Мележ.// Выконвацца, паказвацца, ставіцца (пра п’есу, спектакль і пад.). Ідзе новы кінафільм.// Быць прынятым да друку. Артыкул ідзе ў наступны нумар часопіса.//(звычайназакалічнаснымісловамі). Адбывацца, быць у пэўным стане; удавацца, атрымлівацца. Справы ідуць добра. □ Мікалай распытваў Веру, як жывецца, як ідзе вучоба.Дамашэвіч.
15. Весці пачатак, паходзіць ад чаго‑н. Традыцыі гэтага змагання ідуць і з даўніх часоў, і з свежых яшчэ ў нашай памяці.. войнаў 1914–1920 гадоў.Чорны.// Лагічна развіваць думку ад агульнага да прыватнага або ад фактаў да абагульненняў. Ісці ад фактаў.
16.нашто. Быць гатовым або схільным да чаго‑н., згаджацца на што‑н. Ісці на кампраміс.
17.ушто, нашто, падшто. Прызначацца, выкарыстоўвацца, ужывацца для чаго‑н. Перац ідзе ў страву як прыправа. Салома ідзе на подсціл жывёле. Дом ідзе пад знос. □ Іграюць пілы пільшчыкаў — На дошкі йдзе бярвенне.Купала.// Выдаткоўвацца, расходавацца, траціцца. На дарогу ідзе многа часу. □ Частка лякарстваў ішла на аказанне дапамогі насельніцтву.«Звязда».
18.каму-чаму. Падыходзіць, адпавядаць, пасаваць. Вясёласць гэтая неяк не ішла .. [шарманшчыкам], асабліва.. барабаншчыку.Чорны.// Быць да твару. [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару.Колас.
19.Разм. Надзявацца, узлазіць без цяжкасцей. Чаравік не ідзе на нагу.//ушто. Свабодна ўваходзіць, ўлазіць. Нітка свабодна ідзе ў шаршатку. Цвік не ідзе ў сцяну.
20.(частазадмоўем). Разм. Атрымлівацца, ладзіцца, спорыцца. Хацеў бы я пеці Аб сваёй бядзе, Дый мне сэрца ные, Песенька не йдзе.Купала.— Вось цвердзь! А-а-а... Даўней грыўню мог сагнуць пальцамі, а гэта не ідзе...Чорны.
21.закаго. Уступаць у шлюб, выходзіць замуж (пра жанчыну). Марылька ішла замуж за Няміру.Чорны.
22.чым,зчаго. Рабіць ход у гульні. Ісці канём. Ісці козырам. Ісці з туза.
23.(зпрыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне, ужываецца ў значэнні: падпадаць пад што‑н. (што выражана назоўнікам). Ісці ў рамонт. Ісці ў чыстку.
24.(зпрыназоўнікамі «на», «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае наступленне працэсу, стану, дзеяння, якое выражана назоўнікам. Ісці на змяншэнне (змяншацца). Ісці ў рост (расці, пачынаць расці). Ісці на лад (ладзіцца, наладжвацца). Ісці на спад. Ісці на пасадку. Ісці на ўступкі. Ісці ў наймы. □ Рыгорку няцяжка было ўгаварыць Данілу ісці ў сваты да Бары, даводзячы, што цяпер якраз самы зручны момант.Дуброўскі.
25.(зпрыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае: пачынаць рабіць што‑н., пускацца ў што‑н. Ісці ў скокі.
26.абкім-чым, пракаго-што. Весціся (пра гаворку, гутарку і пад.). Ішла гаворка пра ўраджай. □ Залескі быў хворы, і Яўген Лубян часова замяшчаў яго. Аб ім ішла і гутарка.Шамякін.Язэп прысеў на табурэтку каля стала, слухаючы, аб чым ідзе размова.Дуброўскі.
27.закаго, што. Разм. Аказвацца прыгодным, сыходзіць за што‑н., з’яўляцца добрай заменай чаго‑н. Чорны хлеб ідзе за пірог.
28.Разм. Расходавацца хутка, лёгка. — Чырвонец вазьмі!.. У горадзе ідуць грошы, як вада праз пальцы.Мыслівец.
•••
Галава ідзе кругамгл. галава.
Далей (ісці) некудыгл. некуды.
З торбай ісці — пачаць жабраваць, прасіць міласціну.
Ідзіце здаровы — развітальны выраз.
Ісці міма рук — не даставацца каму‑н.
Ісці на дно — а) цярпець няўдачу, паражэнне; б) маральна апускацца, занепадаць.
Ісці на павадкуўкаго — быць у залежнасці ад каго‑н., ставіць свае дзеянні, паводзіны ў залежнасць ад каго‑н.
Ісці на свой хлеб — пачаць жыць самастойна, зарабляць сабе на жыццё.
Ісці насустрачкаму-чаму — садзейнічаць, дапамагаць каму‑н., спачувальна адносіцца да каго‑, чаго‑н.
Ісці на той свет — паміраць.
Ісці на ўсё — скарыстоўваць любыя сродкі для дасягнення мэты.
Ісці пад вянец — вянчацца, уступаючы ў шлюб.
Ісці пад суд — прыцягвацца да судовай адказнасці.
Ісці па лініі найменшага супраціўлення — выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, ухіляючыся ад цяжкасцей, пазбягаючы перашкод.
Ісці прамой дарогай — жыць сумленна, дзейнічаць без хітрыкаў і падману для дасягнення чаго‑н.
Ісці рукою — добра весціся, гадавацца, пладзіцца.
Ісці сваёй дарогай — дзейнічаць самастойна, не паддаючыся чужому ўплыву.
Ісці супраць цячэння — дзейнічаць наперакор існуючым традыцыям, поглядам і пад.
Ісці ўгору (угару) — а) атрымаць павышэнне па службе, займець павагу, аўтарытэт і пад.; б) паспяхова развівацца.
Ісці ў дзела — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.
Ісці ў заклад — спрачацца на грошы або што‑н. іншае.
Ісці ў касе — касіць.
Ісці ў нагузкім-чым — дзейнічаць, працаваць, развівацца нароўні з кім‑н., у адпаведнасці з кім‑, чым‑н.
Ісці прочкі — сыходзіць з дому, не ўжыўшыся з жонкай або мужам.
Ісці ўразрэззчым — рэзка разыходзіцца з чым‑н., супярэчыць чаму‑н.
Ісці ў ход — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.
Кусок у горла не ідзегл. кусок.
Мароз па скуры (па спіне) ідзегл. мароз.
Не ідзе з галавы — пра тое, што турбуе, хвалюе ўвесь час.
Не ідзе (не лезе) у галаву — а) няма жадання або магчымасці рабіць што‑н., думаць пра што‑н.; б) не засвойваецца, не запамінаецца што‑н.
Не ідзе ў руку — не ладзіцца, не шанцуе.
Не ісці далей — спыніцца на чым‑н., абмежавацца чым‑н.
(Ні) ў (якое) параўнанне не ідзезкім-чым — нельга параўноўваць з кім‑, чым‑н.
Ходырам ісці — тое, што і ходырам хадзіць (гл. хадзіць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПАГРАНІЧНЫЯ ВОЙСКІ
— спецыяльныя войскі, прызначаныя для абароны паліт., ваен. і эканам. інтарэсаў Рэспублікі Беларусь на яе сухап., рачных (азёрных) рубяжах. Складаюцца зпагран. атрадаў, спец. і вучэбных часцей (падраздзяленняў). Падпарадкоўваюцца Прэзідэнту — Галоўнакамандуючаму Узбр. Сіламі Рэспублікі Беларусь. Непасрэднае кіраўніцтва імі ажыццяўляе старшыня Дзярж. камітэта — камандуючы пагранічнымі войскамі праз падпарадкаваныя яму штаб і інш. структуры кіравання. Створаны паводле пастановы Вярх. Савета Беларусі ад 20.9.1991 на базе пагранвойск КДБСССР, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. З 1992 знаходзяцца ў веданні Гал. ўпраўлення пагран. войск пры Савеце Міністраў, якое ў 1997 пераўтворана ў Дзярж. камітэт пагран. войск Рэспублікі Беларусь. Пагран. войскі забяспечваюць недатыкальнасць граніц краіны, падтрымліваюць устаноўлены законам пагран. рэжым, сумесна з мытнымі органамі ажыццяўляюць пагран. кантроль і інш. Свае задачы выконваюць самастойна пры падтрымцы мясц. органаў дзярж. улады і насельніцтва прыгран. раёнаў. На ўзбраенні маюць сучасныя віды стралк. зброі і баявой тэхнікі, верталёты і спец.тэхн. сродкі, а таксама рачныя караблі. Падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў для пагран. войск ажыццяўляюць адпаведныя ф-ты Ваен. акадэміі і Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Неабходнасць аховы граніц узнікла са з’яўленнем першых княстваў на тэр. Беларусі. Напачатку гэта былі вартоўні (скрытыя каравулы ўздоўж мяжы княстваў), пазней сталі будаваць памежныя крэпасці. Так узніклі гарады Браслаў, Гарадзец, Герцыке, Дзісна, Дрыса, Копысь, Кукенойс, Лагойск, Мінск, Мядзел. У далейшым створана супрацькрыжацкая памежная лінія абароны, якая аб’ядноўвала замкі ў Крэве, Лідзе, Медніках, Мерачы, Навагрудку, Слоніме, Троках. На поўдні з мэтай папярэджання набегаў крымскіх татараў створаны памежны пояс замкаў Палесся і Пасожжа: Бабруйск, Гомель, Каралін, Клецк, Лоеў, Мазыр, Прапошаск, Радамль. Парубежныя замкі і крэпасці злучаліся паміж сабой землянымі валамі, глыбокімі равамі, ляснымі заваламі і засекамі. Да 14 ст. на землях Беларусі была створана сістэма памежных замкаў і крэпасцей, а жыхары гарадоў, каля якіх узводзіліся ўмацаванні, абавязаны былі прызначаць і рыхтаваць за асабісты кошт пастаянныя круглагадовыя варты, якія вялі бесперапынны нагляд перадполля сумежнага боку У ВКЛ, акрамя ўдзелу ў апалчэнні, гар. абшчыны выконвалі шэраг абавязкаў па вартавой службе і мясц. абароне. У многіх гарадах (найперш памежных) да ўвядзення магдэбургскага права (канец 14 ст.) існавалі асобныя катэгорыі мяшчан, якія пастаянна выконвалі ваен., у т. л. вартавую, службу. У некат. гарадах на Зах. Дзвіне вартавую службу неслі таксама казакі (напр., у Полацку на замку ў 1552 рэестр зафіксаваў 6 казацкіх службаў). У Расіі ў 1754 створаны пагран. мытні Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 на тэр.Усх. Беларусі таксама створаны пагран. мытні, заставы і фарпосты; акрамя іх зах. граніцу ахоўвалі казацкія і ландміліцыйныя фарміраванні. З 1782 вайск.пагран. аховы і пагран. фарпосты ліквідаваны, а замест іх створаны мытны пагран. ланцуг і варта, якія складаліся з вольнанаёмных мытных наглядчыкаў і аб’ездчыкаў. З 1811 зах. граніца Рас. імперыі ахоўвалася ў 2 лініі: на першай размяшчалася пагран. варта, за ёю — мытнікі. З 1823 у дапамогу аб’ездчыкам прызначаліся пешыя воіны.
З 1830-х г. ахова бел. ўчастка зах. мяжы Расіі была ўскладзена на Гродзенскую акругу ў складзе віленскай і гродзенскай брыгад. У 1832 мытная пагран. варта перайменавана ў пагран. варту. У 1893 пагран. варта вылучана з мытнага дэпартамента і створаны Асобы корпус пагран. варты. Ахову мяжы Рас. імперыі на зах. участку забяспечвалі падраздзяленні 2-га (штаб у г. Вільня) і 3-га (штаб у г. Варшава) пагран. акруг. У 1899 пагран. казённая варта ўпарадкавана: пагран. корпус падзяляўся на брыгады, а апошнія на аддзелы, атрады, пасты (кардоны) і інш.З пачаткам 1-й сусв. вайны пагран. брыгады гэтых акруг перафарміраваны ў пагран. палкі (пераважна конныя) і ўключаны ў склад дзеючай арміі. Пасля заключэння ў 1918 Брэсцкага міру ўстаноўлена дэмаркацыйная лінія, якая праходзіла ад Пскова да Віцебска; цераз р. Дняпро, падзяляючы Оршу папалам, ахоплівала Навазыбкаў і далей паварочвала на ўсход да Курска. На бел. участку ахову неслі падраздзяленні смаленскага пагран. раёна. 29.3.1918 створаны Зах. ўчастак атрадаў (заслоны), у склад якой уваходзілі Невельска-Велікалуцкі, Віцебскі, Аршанскі, Рослаўскі, Бранскі і Курскі атрады Чырв. Арміі. Паводле Дэкрэта СНК РСФСР ад 28.5.1918 аб устанаўленні пагран. аховы на тэр. Беларусі сфарміравана 2-я акруга пагран. аховы ў складзе Себежскага, Порхаўскага, Віцебскага, Аршанскага і Чэрыкаўскага пагран. раёнаў (упраўленне акругі ў г Віцебск); сфарміравана некалькі дывізій: 1-я Віцебская (у Невелі), 1-я Магілёўская (у Оршы), 1-я Смаленская (у Віцебску), 2-я Смаленская (у Смаленску).
Летам 1919 пагран. войскі ўключаны ў склад дзеючай арміі, але ў жніўні зноў пачалося фарміраванне 1-й, 2-й і 53-й пагран. дывізій 3 ліст. 1920 аховай граніцы кіраваў асобы аддзел ВЧК. Пагран. службу на бел. участку неслі батальёны 6-й, 20-й і 21-й брыгад, якія размяшчаліся ў Полацку, Лепелі, Мінску, Слуцку, Жыткавічах і былі сфарміраваны з падраздзяленняў войск Зах. фронту. У 1922 зах. граніцу на тэр.БССР ахоўвалі 5-ы і 163-і стралк. палкі, якія сталі асновай першага на Беларусі пагран. палка. У 1924 на тэр.БССР пачалося фарміраванне Зах.пагран. акругі. У 1931 абсталявана першая кантрольна-следавая паласа, у 1936 у Мінску сфарміраваны 6-ы авіяатрад пагран. войск АДПУ. У 1930-я г. нарадзілася традыцыя ўвекавечвання гераічных подзвігаў пагранічнікаў на заставах, дзе яны неслі службу Першай такой заставай у Беларусі стала 7-я застава 12-га Бігосаўскага атрада, названая імем М.Хахлова, які загінуў у баі з парушальнікамі граніцы ў ліп. 1927 (цяпер яго імя носіць 2-я пагран. застава Полацкага пагран. атрада). 15.1.1932 за заслугі ў ахове рубяжоў і актыўны ўдзел у гасп.-паліт. умацаванні пагран. раёнаў пагран. войскі АДПУБССР узнагароджаны ордэнам Прац.Чырв. Сцяга БССР (уручаны Дзярж. к-ту пагран. войск Рэспублікі Беларусь у 1998), а 16.2.1936 ЦВКСССР узнагародзіў ордэнам Чырвонай Зоркі 17-ы Цімкавіцкі пагран. атрад. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі зБССР у лют. 1940 сфарміравана Паўн.-Зах.пагран. акруга, якая ў жн. 1940 аб’яднана зБел.пагран. акругай (упраўленне ў г. Беласток). Калі ў склад СССР увайшлі Прыбалт. рэспублікі (Літва, Латвія і Эстонія) сфарміравана Прыбалт. пагран. акруга, у склад якой перададзены 12-ы Бігосаўскі атрад (перадыслацыраваны ў г. Ліепая). Для аховы сав.-герм. граніцы на літоўскім участку сфарміраваны 105-ы, 106-ы і 107-ы пагран. атрады, якія ўвайшлі ў склад Бел.пагран. акругі. 22.6.1941 вартавыя зах. рубяжоў першыя прынялі на сябе ўдар ням.-фаш. захопнікаў. Упартае супраціўленне агрэсарам аказалі пагранічнікі, у т. л. тыя, што былі сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці (падраздзяленні 17-га пагран. атрада і інш.), байцы і афіцэры застаў, якімі камандавалі А.Кіжаватаў, В.Усаў, А.Сівачоў. Паводле пастановы СНКСССР ад 25.6.1941 ахова тылу дзеючай Чырв. Арміі даручалася войскам НКУС. Упраўленне пагран. войск НКУСБССР пераўтворана ва Упраўленне войск НКУС аховы тылу Зах. фронту, атрады перайменаваны ў палкі: Дзяржынскі стаў 16-м, Бярэзінскі — 13, Жыткавіцкі — 18, Ломжынскі — 87, Брэсцкі — 17-м пагран. палкамі, якія ўдзельнічалі ў абароне Кіева (17-ы і 18-ы палкі), у ахове тылу войск пад Масквой (13-ы, 16-ы і 87-ы палкі).
У ходзе наступальных аперацый Чырв. Арміі пагран. войскі ліквідоўвалі рэшткі разгромленых часцей акупантаў. У час Беларускай аперацыі 1944 пагранічнікі больш за 110 разоў уступалі ў баі з разрозненымі групамі ворага, знішчылі і захапілі ў палон больш за 6,5 тыс. салдат і афіцэраў. Пагран. падраздзяленні выкарыстоўваліся для выканання дыверсійна-разведвальных задач, прымалі ўдзел таксама ў снайперскім руху (толькі на Зах. фронце ў 1943 дзейнічалі 18 снайперскіх каманд 13-га пагран. палка, якія знішчылі 3756 ворагаў). Значны ўклад пагранічнікаў у партыз. рух. Паспяхова дзейнічалі партыз. атрады і брыгады на чале з С.Ваўпшасавым, Ф.Азміцелем, М.Кузьміным. Са складу пагран. і ўнутр. войск НКУС у кастр. 1942 — лютым 1943 сфарміравана Асобная армія НКУССССР (пазней наз. 70-я армія), часці якой удзельнічалі ў Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі 1943, у вызваленні паўд.-ўсх.тэр. Беларусі. Асабовы склад пагран. палкоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі, вызначыўся таксама пад Магілёвам, Оршай, Мінскам, Баранавічамі (пагранічнікам Ф.Г.Крылову і А.М.Наскову пасмяротна прысвоена званне Героя Сав. Саюза). Сярод герояў-пагранічнікаў — беларусы М.І.Аверчанка, І.М.Кобзун, Ф.Я.Макавецкі, А.Дз.Мацюшоў, С.С.Пустэльнікаў, А.П.Сабалеўскі. Для аднаўлення аховы зах. граніцы СССР 17.4 1944 сфарміравана Упраўленне пагран. войск НКУС (потым МУС) Бел. акругі, якое размяшчалася ў г. Смаленск (пазней — у Мінску). З ліку асабовага складу часцей Далёкаўсходняй і Забайкальскай пагран. акруг, пагран. палкоў аховы тылу дзеючай арміі і ўнутр. войск былі сфарміраваны пагран. атрады, якія пасля вызвалення тэр. Беларусі ад праціўніка паступова сталі выходзіць на лінію дзярж. граніцы. Да канца 1944 ахова бел. ўчастка зах. граніцы СССР была канчаткова адноўлена. Імёнамі І.Бяляева, Р.Кафанава, А.Кіжавагава, Ф.Кірычэнкі, А.Новікава, С.Пустэльнікава, А.Сікачова, В.Усава названы пагран. заставы ў Беларусі.
Пагранічнікі Беларусі прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на тэр. Афганістана. Сярод іх Герой Сав. Саюза І.П.Барсукоў, які ў 1987—93 быў нач. 86-га Чырванасцяжнага пагран. атрада імя Дзяржынскага. Яго імем названа 5-я пагран. застава 86-й пагран. групы.
В.В.Шумской, В.А.Юшкевіч.
Пагранічнікі на комплексным аператыўным вучэнні «Чыстае неба-2003».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕБАЧАННЕ
Гісторыя развіцця. Бел. тэлебачанне выйшла ў эфір 1.1.1956. Рэгулярныя перадачы вяліся ў Мінскай тэлестудыі, якая напачатку выконвала пераважна функцыі транслятара твораў мастацтва (кінематографа, тэатра, музыкі). Тэлепраграмы складаліся з канцэртных нумароў і тэлеспектакляў на кінаплёнцы, што дасылаліся з Масквы, а таксама кінафільмаў і кіначасопісаў змясц. пракату. Перадачы дэманстраваліся не кожны дзень, аб’ём вяшчання складаў 2—3 гадз у суткі. Са студзеня 1956 выступленнямі бел. паэтаў П.Броўкі і П.Глебкі пачаліся першыя дакумент. перадачы. У красавіку 1956 убачыў свет першы тэлечасопіс «Піянерскі касцёр», працягвалася работа над тэлечасопісамі «Мастацтва», «Фізкультура і спорт», «Веды», «Для вас, жанчыны». Да канца 1956 арыгінальнае вяшчанне Мінскай тэлестудыі склала 130 гадз. У Мінску на той час мелася каля 6 тыс. тэлевізараў.
У чэрвені 1957 пры Савеце Міністраў БССР створаны Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні. У ліпені 1957 на Мінскай тэлестудыі ўпершыню выкарыстана перасоўная тэлестанцыя, што дазволіла весці прамую трансляцыю з месца падзей (урачыстых сходаў, спарт. спаборніцтваў, муз. і тэатральных прадстаўленняў). Напр., у маі 1958 адбылася прамая трансляцыя з Мінскага трактарнага завода пра выпуск 100-тысячнага трактара «Беларусь». Маст. жыццё тэлетэатра пачалося з асваення аднаактовай драматургіі і экранізацыі невялікіх апавяданняў. Рэпертуар тэлетэатра пашыраўся за кошт эпічных твораў бел., рус. і замежнай літаратуры: «Брат мой, вораг мой» паводле М.Уілсана, «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» паводле Ф.Дастаеўскага (абодва 1956), «Песня музыкі» паводле Я.Коласа (1958, рэж. усіх У.Кухта), «Суд» У.Галубка (1958, рэж. М.Моін), «Млын на Сініх Вірах» У.Караткевіча, «Якаў Багамолаў» М.Горкага (абодва 1959, рэж. В.Карпілаў) і інш. Прэм’еры тэлеспектакляў на мінскіх экранах адбываліся амаль кожны месяц.
Для пашырэння зоны прыёму перадач Мінскага тэлецэнтра пабудаваны рэтрансляцыйныя станцыі ў Баранавічах, Гродне, Магілёве, Віцебску, Бабруйску; у Гомелі ў 1958 пачаў перадачы ўласны тэлецэнтр. У 1956 перадачы Мінскай студыі тэлебачання прымалі 4500 чал., у 1960 — каля 1 млн. жыхароў Беларусі (мелася 30 тыс. тэлевізараў). Рост аўдыторыі гледачоў выклікаў патрэбу ў дыферэнцыяцыі праграм, арыентаваных на інтарэсы розных сац.-дэмаграфічных груп. Пачаліся перадачы для дзяцей, моладзі, жанчын, работнікаў прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Практыкаваліся выступленні знакамітых людзей краіны, вучоных, грамадскіх дзеячаў. Узніклі новыя кірункі вяшчання: навукова-папулярныя перадачы, кінапраграмы, служба інфармацыі. Інфармацыя грамадска-паліт. характару падавалася ў кіначасопісе «Навіны дня», са жніўня 1958 — ва ўласных тэлевыпусках апошніх паведамленняў пра жыццё Беларусі і інш. краін. Узнікненне на тэлебачанні кінавытворчасці дазваляла ўключаць у інфарм. выпускі па 1—2 сюжэты, знятыя кінахранікёрамі. Аператыўнасць такой інфармацыі была нізкая, таму інфарм. каштоўнасць тэленавін павышалі «жывыя» сюжэты: выступленні і інтэрв’ю ў студыі, прамыя рэпартажы з сустрэч, з вытворчасці.
Больш дынамічна Бел. тэлебачанне развівалася ў 1960—70-я г. У 1960—68 уведзены ў дзеянне тэлецэнтры ў Віцебску, Брэсце, Гродне, пабудаваны моцныя рэтрансляцыйныя станцыі ў Магілёве, Слоніме, Ушачах, 10 рэтранслятараў малой магутнасці ў інш. гарадах. Гэта дазволіла ахапіць тэлевяшчаннем больш за палавіну тэр. Беларусі (мелася 79 тыс. тэлевізараў). У 1961 Мінская тэлестудыя і Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні аб’яднаны ў адзіны творчы калектыў, які ў сакавіку 1964 перайменаваны ў Студыю Бел. тэлебачання. Радыёрэлейная лінія, якая злучыла Мінск і Маскву, дала магчымасць выхаду бел. перадач за межы рэспублікі; на Беларусі пачала трансліравацца 1-я праграма Цэнтр. тэлебачання. Тэлестудыі Мінска, Гомеля, Брэста, Віцебска абменьваліся праграмамі зінш. гарадамі СССР і праз сістэму Інтэрбачання знаёмілі жыхароў суседніх краін Усх. Еўропы з жыццём рэспублікі. У 1962 Бел. тэлебачанне ўпершыню выйшла на Інтэрбачанне з праграмай-тэлепрагулкай па сталіцы Беларусі. З жыццём і культурай бел. народа жыхароў Польшчы, Чэхаславакіі, Балгарыі, Венгрыі і інш. краін знаёмілі перадачы «Беларускі балет», «Беларуская лірычная», «Спявае Зіновій Бабій», «20 мірных гадоў», дакумент. тэлефільмы «Сустрэча з горадам» (рэж. І.Пікман), «Ёсць такі Салігорск» (рэж. А.Браілоўскі; абодва 1967) і інш. На Цэнтр. тэлебачанні з Мінска паказвалі папулярныя праграмы «Блакітны агеньчык», «Эстафета навін», «Пошук». Міжнар. і ўсесаюзны поспех прыйшоў з каляровым кароткаметражным фільмам «Зімовы дуб» (1963, рэж. М.Кожын), які быў адзначаны «Залатой німфай» на фестывалях тэлефільмаў у гарадах Мюнхен (Германія), Прага і Монтэ-Карла (Манака). Папулярнымі былі бел. тэлеспектаклі «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1965, рэж. А.Гутковіч) і «Крах» па п’есе А.Талстога і П.Шчогалева «Змова імператрыцы» (1966, рэж. В.Карпілаў).
У структуры бел. тэлепраграмы значна павялічыліся дакумент. перадачы. Грамадска-паліт. праграмы займалі да 50% аб’ёму вяшчання. Сістэматычна выходзілі ў эфір цыклы «Вуліцы і плошчы расказваюць», «Колас», «Літаратурная Беларусь», «Народны кантроль», «Трыбуна прапагандыста» і інш. Бягучую інфармацыю аператыўна перадавалі выпускі тэлевізійных навін (ТН).
З сярэдзіны 1960-х г.Бел. тэлебачанне стала асноўнай крыніцай інфармавання насельніцтва пра паліт., эканам. і культурнае жыццё краіны. Аб’ём уласнага вяшчання склаў 718 гадз у год, што ў 5,5 раза больш у параўнанні з 1956. Пераважалі жанры і формы прамога тэлеэфіру, нягледзячы на недахоп перасоўных станцый і іх тэхн. недасканаласць. У 1965 рэдакцыя кінапраграм і кіназдымак пераўтворана ў галоўную рэдакцыю «Тэлефільм», якая спалучыла ў сабе магчымасці кінатворчасці і спецыфіку эфірных перадач. У 1960—70-я г. яна выпусціла 40 маст. і дакумент. фільмаў, сярод якіх вылучыліся дакумент. стужкі «Чалавек нараджаецца для шчасця» (рэж. С.Фрыд, дыплом 1-й ступені на 1-м Усесаюзным фестывалі ў Кіеве), «Апавяданне пра зялёны дом» (рэж. С.Браўдэ, прыз «Малы бурштын» на фестывалі ў Рызе за лепшы фільм аб прыродзе роднага краю), маст. фільм «Запруда» (рэж. У.Карасёў, прыз Дзяржтэлерадыё СССР за лепшы маст. фільм на 2-м Усесаюзным фестывалі «Чалавек і мора» ва Уладзівастоку) і інш. Значнай падзеяй стала работа над 6-серыйным дакумент. тэлефільмам «Біяграфія маёй рэспублікі» (1968, рэж. І.Рудамётаў, В.Карпілаў, І.Вейняровіч, У.Станкевіч, А.Ястрабаў). Адначасова ўдасканальвалася структура тэлевізійнага тэатра: рэпрадукцыйная — зберажэнне і распаўсюджванне лепшых тэатральных спектакляў у выглядзе трансляцый з тэатральнай залы і экраннай транскрыпцыі сцэнічных твораў; прадукцыйная — рэалізацыя ўласных тэлевізійных твораў, што сінтэзавалі традыцыйнае сцэнічнае мастацтва (майстэрства акцёра і рэжысёра) і якасці тэлебачання (праграмнасць, цыклічнасць, наяўнасць масавай аўдыторыі): тэлеспектаклі «Прымакі» Я.Купалы (1967, рэж. Ю.Сурыкаў), «Трывожнае шчасце» паводле І.Шамякіна (1968, рэж. А.Гутковіч), «Ткачы» Г.Гаўптмана (1969, рэж. В.Карпілаў) і інш. Выкарыстанне тэхналогіі відэазапісу і відэамантажу дазволіла весці здымкі значна большай працягласці, чым кінакамерай, і адбіраць патрэбныя кадры з большай колькасці матэрыялаў.
У 1970-я г. тэлевяшчаннем было ахоплена 95% тэр. Беларусі. У насельніцтва быў 1 млн. 585 тыс. тэлевізараў; тэлепрыёмнікі мелі кожныя 70 сем’яў са 100. З верасня 1974 Студыя Бел. тэлебачання стала рэгулярна ўключаць у праграму каляровыя перадачы ўласнай вытворчасці. Здача ў эксплуатацыю ў 1978 новага апаратна-студыйнага комплексу Бел. радыётэлецэнтра з абноўленым абсталяваннем дала магчымасць палепшыць якасць перадач у каляровым адлюстраванні. Галоўная тэндэнцыя бел. вяшчання гэтага перыяду — вобразна-эмацыянальны паказ вытворчых працэсаў. Праграмы «Вышыня», «ТэлеАТК», «Народныя чытанні», «Перспектывы», «Дзелавыя сустрэчы» і інш. асвятлялі работу на палях і заводах, актуальныя пытанні жыцця. Фарміраваўся новы кірунак у рабоце згіст. матэрыялам. Падзеі мінулага знайшлі мастацкае публіцыстычнае ўвасабленне на тэлеэкране ў цыкле перадач «У сузор’і роўныя», праграме «Памяць», 6-серыйным дакумент. відэафільме «Этапы вялікіх здзяйсненняў» (1976). Характэрным для Бел. тэлебачання 1970-х г. было стварэнне шматсерыйных маст. твораў, у т. л. 3-серыйнага маст. тэлефільма «Уся каралеўская раць» (1970, рэж. Н.Ардашнікаў і А.Гутковіч), і маст. відэафільмаў. Тэлевізійны тэатр набыў новыя эстэтычныя арыенціры. Вядучае месца заняў паэтыка-сімвалічны кірунак, які вызначаўся яркай метафарычнасцю і адкрыта ўмоўнай мовай рэжысуры. У рэпертуары бел. тэлетэатра пераважалі паэтычныя творы. Найбольш цікавыя ў гэтых адносінах тэлеспектаклі паводле твораў Я.Купалы «Па шчасце, па сонца» (1971, рэж. В.Раеўскі) і «На Куццю» (1982, рэж. Н.Арцімовіч). Засваенне тэлевізійным дакумент. кіно жанраў маст. публіцыстыкі найперш выявілася ў замалёўках і нарысах. Напр., партрэтны нарыс «Тварам да вас» (1978, рэж. В.Шавялевіч) пра дырыжора Бел. тэатра оперы і балета Т.Каламійцаву — лепшая публіцыстычная работа Усесаюзнага тэлеэкрана.
У 1980-я г.Бел. тэлебачанне выйшла на вядучыя пазіцыі ў галіне асвятлення культурнага жыцця Беларусі. Удасканальвалася структура тэлепраграм. У студз. 1981 на 6-м канале пачала выходзіць самастойная бел. праграма, якая не перакрывалася праграмамі з Масквы. Па аб’ёме ўласнай прадукцыі яна займала 6-е месца ў СССР, а яе перадачы глядзелі 86% насельніцтва Беларусі. Штодзённая тэлепраграма складалася з 3 блокаў вяшчання: інфармацыйна-публіцыстычнага, навукова-пазнавальнага і мастацкага. Ствараліся перадачы для дзяцей, моладзі, сельскіх жыхароў, навучальныя цыклы. Паказчыкам росту аб’ёму аператыўнай інфармацыі з’яўляўся пастаянны выхад на працягу дня 4 выпускаў навін замест 2. У абл. тэлестудыях мясц. выпускі далучаліся да вядучай праграмы «Панарама» і ішлі адзіным інфарм. блокам; агульны аб’ём тэлеінфармацыі павялічыўся да 60 мін у суткі. Выкарыстанне візуальнага матэрыялу, сінхронных (адначасовы запіс карцінкі і гуку) кінавідэасюжэтаў рабіла інфармацыю больш дакладнай. У штодзённай праграме «Наш каментарый» на працягу 5 мінпаліт. аглядальнікі звярталіся да хвалюючых пытанняў жыцця краіны. У эфір выходзілі перадачы ў форме прамых прэс-канферэнцый з выкарыстаннем тэлефона: «Вам адказвае міністр», «Шчырая размова», «Служба вашага настрою» і т.зв. праблемныя: «Арыфметыка беражлівасці», «Што хаваецца за дэфіцытам?». Лепшымі рубрыкамі маст. вяшчання былі віктарына «Пра музыку ад «А да Я», тэлерадыёконкурс «Песню бярыце з сабой», забаўляльная праграма «Дыскатэка» і інш. Папулярнасцю карысталіся перадачы «Роднае слова», «Камертон», «Экран: праблемы, героі», «У святле рампы», «У свеце жывапісу, графікі і скульптуры». Новая тэхніка вывела праграмы на сучасны ўзровень: узніклі камп’ютэрная графіка, тэлесуфлёры, новыя віды сувязі. Аб’ём маст. вяшчання павялічыўся з 26,6% у 1975 да 31,9% у 1985.
У сярэдзіне 1980-х г. павялічыўся выхад на рэсп. экран перадач абл. тэлестудый. Абавязковымі ў публіцыст. праграмах «Шчырая размова», «Факты і меркаванні», «У інтарэсах грамадства» сталі камеры і мікрафоны, якія ўсталёўваліся на вуліцах, што дазваляла любому жыхару выказвацца па вострых паліт. пытаннях. Жывы дыялог «Тэлебачанне — глядач» характарызаваў цыклы «Пульс», «Акцэнты», «Аўтарытэт закона», «Трыбуна». Узніклі новыя формы вяшчання — тэлемасты, тэледэбаты, прамыя лініі, а таксама новыя тыпы праграм — інфармацыйна-муз. («Сустрэнемся пасля 11»), мастацка-публіцыстычныя (тэлестудыя «Ліра»), дакумент. драма («На ваш суд»), відэаканал для моладзі «Крок», якія збліжалі дакумент. і маст. блокі.
У канцы 1980-х г. на Беларусі існавала адзіная сістэма дзярж. тэлебачання, якая ўключала 6 тэлецэнтраў, 50 перадатчыкаў, больш за 2 тыс. радыёрэлейных ліній сувязі. Бел. тэлебачанне дубліравала перадачы з Масквы і дапаўняла ўсесаюзную тэматыку мясц. матэрыяламі. Сярэднясутачны аб’ём тэлеперадач складаў 204 гадз, у т. л. рэтрансляцыя маскоўскіх праграм — 184 гадз, рэсп. і абл. — 14,5 гадз. Такое становішча Бел. тэлебачання ў сістэме Дзяржтэлерадыё СССР не задавальняла патрэбы і густы розных сац. груп насельніцтва Беларусі і іх свабоду выбару. Адзіна магчымым шляхам далейшага развіцця рэсп. вяшчання стала поўная дэцэнтралізацыя тэлебачання. У пач. 1990-х г. яно перапрафілявала сваю праграму на больш моцны 1-ы канал сувязі (замест 6-га) і на рэалізацыю ўласных творчых намаганняў і магчымасцей.
Сучасны стан тэлебачання. Пасля 1991 Бел. тэлебачанне трапіла ў цэнтр трансфармацыі бел. грамадства і адначасова апынулася ў цэнтры тэхналагічнай рэвалюцыі ў сферы інфармацыі і камунікацыі. Зыходзячы з рэалій нац. пераходнага перыяду, тэлебачанне стала на шлях фундаментальных пераўтварэнняў сваёй дзейнасці, якая рэгулюецца нормамі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (ад 13.1.1995) і спец. нарматыўнымі актамі. На Беларусі зарэгістраваны і дзейнічаюць дзярж. (Рэспубліканская студыя тэлебачання, 5 абл. тэлестудый) і недзярж. (камерцыйныя 8-ы, Мінскі кабельны каналы, тэлепраграмы па кабельных сетках) тэлестанцыі. Іх з’яўленне ў інфарм. прасторы краіны — адна з умоў фарміравання новай сістэмы тэлекамунікацыі і шматпраграмнасці вяшчання. З 1.1.1993 Дзяржтэлерадыё Беларусі стала правадзейным членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза. 5.8.1994 Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на базе Дзярж. камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні створана Нацыянальная дзярж. тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, а 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
У пач. 1990-х г. на тэлебачанні захоўваліся традыцыйныя прыёмы паказу перадач і адначасова выкарыстоўваліся новыя інфарм. тэхналогіі і мадэлі вяшчання. Пры падрыхтоўцы перадач значная ўвага звернута на дынамічнасць дзеяння, стыльны дызайн, вобраз-імідж вядучага. Большасць рубрык мела свае адметныя застаўкі, прадугледжвала выбар студыйнага інтэр’ера, пластыку кадра. У авангардзе пошуку новых тэм і больш сучасных прыёмаў тэлевыразнасці былі незалежныя тэлекампаніі «ФІТ», «Сваё кола» і іх перадачы «Эканамікст», «Галерэя», «Абібок», «Праспект». Тэлебачанне працавала ў новых формах ток-шоу, відовішча, гульні: «Пяць зорак», «Карамболь», «У джазе толькі дзяўчаты», «Вяршыні свету», «Оскар». Павялічылася колькасць, вырас творчы ўзровень музычна-забаўляльных праграм: «Каралеўскае паляванне», «Акалада», «Аксамітавы сезон». У новым культурным кантэксце пададзены дзеячы бел. літаратуры, тэатра, кіно, мастацтва ў цыклах «Творцы», «Майстэрня», «Тэлевізійны дом кіно», «Музыка без межаў», «Музычны салон», «Тэлевізійны артклуб». Нац. адраджэнню краіны прысвечаны перадачы «Беларускі дом», «Спадчына», «Галасы мінуўшчыны». Значнай падзеяй з’явіўся выхад на тэлеэкраны цыкла дакументальна-маст. фільмаў пра гісторыю Беларусі, у іх ліку дылогія «Пастка для зубра. Ягайла» і «Пастка для зубра. Вітаўт» (1995, рэж. В.Шавялевіч). Творчае аб’яднанне «Тэлефільм» стварыла першы ў краіне 33-серыйны маст. тэлефільм «Пракляты ўтульны дом» (1998, рэж. У.Арлоў). Тэма нац. гісторыі была вядучай і ў пошуках тэлетэатра: структура тэлеспектакля змянілася ад апавядальнасці да палемічнасці. Аднавіў работу літ. тэатр, дзе пісьменніцкае слова загучала ў арганічным маст. сінтэзе з выяўленчымі сродкамі («Кахаю цябе» паводле Н.Мацяш, «Сон душы» паводле М.Стральцова). У праграму тэлебачання ўключаны навучальныя перадачы для сярэдняй школы па бел. літаратуры, гісторыі і геаграфіі, а таксама рубрыка «Педагагічны экран» і відэакурсы для тых, хто вывучае замежныя мовы. Для паляпшэння інфармавання насельніцтва створана Агенцтва тэлевізійных навін (АТН) — асноўны інфарматар і інтэрпрэтатар падзей у краіне і па-за яе межамі. Паралельна ішоў працэс урастання тэлебачання ў рыначную гаспадарку, павялічыўся аб’ём розных форм рэкламы.
З сярэдзіны 1990-х г. праграмная палітыка Бел. тэлебачання будавалася паводле сістэмы «інфармацыя—спорт—музыка», а з 2000 уведзены 4 прыярытэтныя кірункі: інфармацыйны, грамадска-паліт., мастацкі і спартыўны. Камерцыялізацыя эфіру садзейнічала пэўнай уніфікацыі праграм у бок забаў і відовішчаў. Зацвердзілася новая фігура тэлевытворчасці — прадзюсар. Пашырыла межы сфера тэлевізійнага менеджменту з мэтай павышэння эфектыўнасці вяшчання і павелічэння прыбытку.
У 2004 Бел. тэлебачанне вядзе перадачы па «Першым нацыянальным тэлеканале» (БТ-1), сямейным тэлеканале «Лад», тэлеканалах «Агульнанацыянальнае тэлебачанне» (АНТ; «Другі нацыянальны канал»), «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ). Тэлеканалы БТ-1 і «Лад» працуюць у складзе Белтэлерадыёкампаніі. Закрытыя акцыянерныя таварыствы «Другі нацыянальны канал» і «Сталічнае тэлебачанне» ў складзе сваіх акцыянераў маюць прыватныя арганізацыі, сукупны акцыянерны пакет якіх складае каля 49%. Дзярж. сістэма тэлевяшчання абслугоўвае практычна ўсё насельніцтва Беларусі (98%).
БТ-1 вядзе перадачы на ўсёй тэр. Беларусі (аб’ём вяшчання 19,5 гадз у суткі), пазіцыяніруе сябе як галоўны інфарм. канал краіны і мае свой гімн і лагатып. Вядучае яго структурнае падраздзяленне — Агенцтва тэлевізійных навін. З верасня 2003 яно выдае штогадзінны блок «Навін» (14 інфарм. выпускаў за суткі) і 40—50-мінутны інфарм. канал «Панарама». Штотыднёва выходзяць аналітычны агляд міжнар. падзей «Вакол планеты», інфармацыйна-аналітычная праграма «У цэнтры ўвагі», пабудаваная на інтэрактыўным галасаванні гледачоў у рэжыме он-лайн (прамога эфіру), праграма «Сфера інтарэсаў» з аналізам падзей у эканоміцы. Рубрыка «Спецыяльны рэпартаж» у форме журналісцкага расследавання закранае вострыя тэмы паліт., эканам. і сац. жыцця Беларусі і замежжа. У сферы спарт. вяшчання БТ-1 паказвае эксклюзіўныя трансляцыі, прэстыжныя сусв. спаборніцтвы, значныя спарт. падзеі. Аб’ём спарт. праграм на тэлеканале ў агульным вяшчанні складае 5% (еўрастандарт — 3%). Тэлеканал працуе з поўнасцю ліцэнзаваным кіно і арыентацыяй на папулярызацыю лепшых узораў сусв. кінамастацтва. Выпуск яго ўласнай прадукцыі складае 5 гадз вяшчання ў суткі і, акрамя перадач АТН, уключае ранішні інфармацыйна-муз. блок «Добрай раніцы, Беларусь», праграму для моладзі «5×5», часопіс для жанчын «Шпілька», ток-шоу «Мая краіна», серыю дакумент. фільмаў «Асноўная версія» (пра гіст. падзеі), і серыю праграм «Партрэты сучаснікаў», праект «Новая калекцыя» (пра культурныя падзеі), спарт. агляд «Час спорту», рэпартажы з правінцыі «Падарожжа дылетанта», крымінальную хроніку «Зона X», забаўляльныя праграмы «На скрыжаваннях Еўропы», «Усё нармальна, мама!», «Кухня КВЗ», «Кліп-абойма», «Сузор’е надзей», ліцэнзійны праект «Аднакласнікі» і інш. БТ-1 мае перасоўную перадавальную спадарожнікавую станцыю, якая дазваляе выходзіць у эфір з навінамі з любога пункта краіны і ў рэжыме он-лайн. Высокую якасць паказу і гуку забяспечвае сучаснае электроннае абсталяванне. Пры фарміраванні сеткі вяшчання ўлічваюцца запатрабаванні розных катэгорый гледачоў і рэйтынг перадач БТ-1, а таксама інш. каналаў вяшчання на тэр. Беларусі. Сярэднясутачнае вяшчанне канала ў параўнанні з 1990 павялічылася ў 2 разы.
«Лад» — першы сямейны канал на Беларусі (аб’ём вяшчання 14 гадз у суткі). Пачаў перадачы з кастрычніка 2003 на базе абл. тэлерадыёкампаній. У Мінску вяшчанне ажыццяўляецца на частаце расійскага канала «Культура», у абласцях — на частотах, якія вылучаны для вяшчання абл. тэлестудый. Прыярытэтны кірунак — інфармацыя мясц. значэння. На працягу дня АТН рыхтуе 3 выпускі навін для Мінска і Мінскай вобл. пра падзеі ў рэгіёне і штотыднёва інфармацыйна-аналітычную праграму «Рэгіён» з аглядам найбольш значных і цікавых падзей тыдня. У рэжыме он-лайн на працягу дня выходзяць 2 выпускі перадачы «Звычайны незвычайны дзень», у вячэрні час — праграма «Справы сямейныя», пабудаваная на зваротнай сувязі з аўдыторыяй і часткова на інтэрактыве. 30% эфірнага часу адведзена пад арыгінальныя перадачы, якія прысвечаны пытанням культуры, выхавання, адукацыі, духоўнага ўдасканальвання. Некаторыя з іх раней трансліраваліся па БТ-1 («Святло далёкай зоркі», «Здароўе», «Есць толькі імгненне», «Сад мары», «Калыханка», «Тэлебарометр», «Не пазяхай!»), іншыя рыхтуюць абл. тэлестудыі, у т. л. «Правінцыяльныя гісторыі» (Гродна), «Росчырк часу» (Гомель). Тэлеканал закупляе ліцэнзаваныя перадачы. Аснову праграмнага забеспячэння складае фільматэка: дэманструюцца сав., еўрап. і амер. фільмы розных жанраў і кірункаў. З 6.30 да 8.00 гадз канал трансліруе EuroNews («Еўрапейскія навіны»), АНТ працуе з мая 2002 на частотах «Грамадскага расійскага тэлебачання» (ГРТ). Аб’ём уласнай прадукцыі спачатку складаў 1 гадз вяшчання ў суткі. Адначасова на Беларусі трансліруюцца найбольш рэйтынгавыя праграмы ГРТ. З чэрвеня 2002 выходзіць у эфір інфарм. праграма «Нашы навіны» — 7 выпускаў на працягу дня і 30-мінутны вячэрні інфарм. выпуск; па яго завяршэнні даецца 5-мінутны каментарый «Асобная думка». Штотыднёва рыхтуецца інфарм. праект «Контуры» са спец. рэпартажамі тэлежурналістаў пра асноўныя падзеі тыдня, выступленнямі гасцей праграмы; праграма «Выбар» — інтэрактыўнае шоу з удзелам гасцей студыі і тэлегледачоў; інфармацыйна-аналітычная праграма «Не толькі пра футбол», якая асвятляе міжнар. і рэсп.спарт. спаборніцтвы, расказвае пра дасягненні бел. спартсменаў; цыкл праграм «Без тэрміну даўніны» — пра гучныя крымінальныя справы, сакрэтныя аперацыі бел. спецслужбаў, работу праваахоўных органаў. Большасць матэрыялаў падаецца ў форме аўтарскага рэпартажу, частка падзей рэканструюецца акцёрамі, іншыя будуюцца на аснове расказу ўдзельнікаў, каментарыяў спецыялістаў. На канале сумесна са шведскай кампаніяй «STRIX» («Стрыкс») падрыхтавана першае на Беларусі шоу ў рэжыме рэальнага часу — «Нашы ў Галандыі». Створаны ўласны тэлесерыял «Атэль здзяйснення жаданняў» (2003, рэж. І.Васільева, С.Арланаў, С.Талыбаў). Канал мае перасоўную мабільную тэлестанцыю, якая дазваляе весці рэпартаж на хаду і працаваць ад адлюстраванага сігналу. Дзейнічаюць 5 карэспандэнцкіх пунктаў у абл. цэнтрах, карэспандэнцкая сетка ў 20 краінах далёкага і блізкага замежжа. Уведзена ў дзеянне «гарачая лінія».
СТБ працуе са студзеня 2001 (аб’ём вяшчання 14,5 гадз у суткі сумесна з каналам REN TV). Выйшла ў эфір на 8-м частотным канале. Яго заснавальнікі — дзярж. прадпрыемства «Агенцтва друку «Мінск-навіны» (71% акцый) і сумеснае прадпрыемства «Космас-ТБ» (29%). З 2003 СТБ памяняла імідж чыста сталічнага тэлеканала і пачаў трансліравацца па тэр. Беларусі. Дзейнічае як паўнавартасны канал, на інфармацыі якога завязаны ўсе астатнія праграмы. Асноўная ўвага аддаецца інфарм. вяшчанню: на працягу дня выходзяць 5 інфарм. выпускаў па 20 мін кожны пад агульнай назвай «24 гадзіны»; для Мінскай вобл. — штодзённыя два 10-мінутныя выпускі навін «Міншчына. Людзі, падзеі, факты». У эфіры канала пастаянныя публіцыст. праграма «Тэма дня», штотыднёвы агляд сталічных падзей «168 гадзін», а таксама «Навіны СНД», ток-шоу «Асабісты інтарэс», аўтарскія праграмы «Залатая дзесятка беларускай оперы», «Пакуль гарыць свечка», «Лёсу свайго гаспадыня», «Планета людзей», «Хіт-момант» і інш. СТБ арыентавана на пашыраны паказ лепшых еўрап. і сав. кінафільмаў.
З сакавіка 2002 у Мінску вядзе перадачы «Першы музычны канал», які дэманструе ліцэнзійныя муз. кліпы, робіць уласныя праграмы. З 2003 аднавіў вяшчанне 8-ы тэлеканал.
У гарадах абл. падпарадкавання і ў невялікіх населеных пунктах працуюць рэгіянальныя тэлекампаніі. Сярэднясутачны аб’ём вяшчання — 30—40 мін. Змест перадач мае інфарм. характар, галоўная іх функцыя — паведамляць пра падзеі ў рэгіёнах.
На 1.1.2004 на Беларусі 52 тэлестанцыі, у т. л. 26 рэгіянальных, і 98 аператараў кабельнага тэлебачання. Перадачы Бел. тэлебачання ахопліваюць 100% насельніцтва краіны.
Літ.:
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Нечай О.Ф. Развитие белорусского телевидения. Мн., 1983;
Плавник А.А., Шилова Л.Ф., Фрольцова Н.Т. История белорусского телевидения. Ч. 1—2. Мн., 1988—89;
Дубовік С.В. СМІ постсацыяліетычнай Беларусі: Пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003.
Л.Ф.Шылава.
Запіс выступлення вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» ў студыі Беларускага тэлебачання. 1970-я г.Прамы эфір у студыі Беларускага тэлебачання.Будынак тэлеканалаў «Сталічнае тэлебачанне» і «Агульнанацыянальнае тэлебачанне». Мінск.
1.каго-што. Авалодваць якім‑н. прадметам, абхопліваючы пальцамі рукі. Браць кнігу.// У спалучэнні з назоўнікамі «рот», «зубы», «губы» — захопліваць, сціскаць. Браць карандаш у зубы. □ Кіслінкі-журавінкі, Чырвоныя бакі, Бяруць у рот дзяўчынкі, Бяруць і хлапчукі.Галіноўская.// Дакранацца да чаго‑н., чапаць што‑н. рукою. Рукамі не браць. □ Узнепакоеная тым, што.. [Захара Зынгі] доўга няма, прыходзіла дачка яго Рыта, брала.. пад руку і заводзіла дадому.Чорны.// Аддзяляць частку чаго‑н. для даследавання. Браць пробу, кроў, аналізы.// Зачэрпваць, набіраць. Бяру рукамі чорную раллю.Свірка.Жалудоў было так многа, што іх можна было браць проста прыгаршчамі.Шамякін.// Захопліваць, паглыбляцца. Бярэ парог усё глыбей, глыбей.Зарыцкі.// У спалучэнні з назоўнікамі «рукі», «плечы» і інш. — узвальваць які‑н. груз на сябе. Браць на плечы мяшок. □ Сяргей падыходзіў да Рагіны і, моўчкі паглядаючы на яе, браў на рукі дачку і нёс у хату.Адамчык./уперан.ужыв.Чым.. [Рая] пакрыўдзіла старэйшых, у чым вінавата? Хіба не для таго, каб аддзякаваць вось гэтым жанчынам за ўсё добрае, старалася, ўставала на досвітку, брала на свае плечы цяжкую працу?«Маладосць».// Збіраць (пра ягады, грыбы). Гаварылі пра брусніцы. Іх было гэтым летам хоць вазамі вазі. Сястра мне расказала, дзе яна іх брала — у якім лесе, на якіх барах і касагорах.Ермаловіч.// Збіраць нектар (пра пчол). Была акурат тая пара, калі пчолы бралі гаючы ліпавы мёд.Сабаленка.// Набіраць чаго‑н., запасіць што‑н. Паравоз сапраўды браў дровы.Лынькоў.// Прыхопліваць што‑н. з сабою ў дарогу. Ёй [Марынцы] бабка Ева памагае, А дзед дарады падае, Што браць з сабою, рэч якая Патрэбна болей для яе.Колас.Штурман.. заўсёды браў у палёт гранату.Шамякін.// Красці. Воўк і лічанае бярэ.Прыказка.// Хапаць насадку, кляваць. Раніцай, на досвітку, карась, як правіла, бярэ са дна.Матрунёнак.На блешню і мармышку з матылём бярэ акунь.«Беларусь».
2. Сілай захопліваць што‑н., дамагацца ў барацьбе. Браць уладу ў свае рукі. Браць ініцыятыву.// Згаджацца ўзначальваць што‑н. Паклікаў мяне завуч у дырэктарскі кабінет ды кажа: — Табе, Сцяпан Пятровіч, прыйдзецца дзесяты клас браць.Ермаловіч.
3. Прымушаць несці якую‑н. службу, выконваць які‑н. абавязак. Браць у салдаты. Браць на зборы.// Прымаць, залічваць у склад чаго‑н. Браць на работу. □ Бралі ў атрад толькі зусім надзейных, пасля грунтоўнай праверкі.Брыль.// Прымушаць пайсці за сабою; арыштоўваць, знявольваць. Каты лютыя бралі Ганулю Казей, з хаты роднае бралі, ад родных людзей.Дубоўка.// Наймаць. Браць фурманку.// Забіраць сілай, адбіраць. Браць у палон.// Згаджацца, каб хто‑н. суправаджаў, не пакідаць; запрашаць. Зімою часта прыязджалі з горада шэфы і бралі з сабой некалькі чалавек дэлегатаў.. паказаць сваё жыццё.Чорны.Князь любіў ездзіць на паляванне і заўсёды браў з сабою Кірылу.Колас.
4.З боем авалодваць чым‑н. Дзед Пятрусь у Вялікую Айчынную вайну быў партызанам, затым браў Берлін і нават на сцяне рэйхстага пакінуў свой подпіс.Сіняўскі.Маладосць! Гэта ты ў ватоўцы рабочай Зімні брала дажджлівай кастрычніцкай ноччу.А. Вольскі.Смеласць гарады бярэ.Прыказка.
5. Збіраць, спаганяць што‑н. Дорага браць. Браць плату, хабар.// Карыстацца чыімі‑н. дабротамі. Нічога не давала ты радзіме. Усё брала ад яе, прызвычаілася браць, як належнае, як законнае.Лынькоў.// Запазычваць. Браць з чужога вопыту.// Збіраць, атрымліваць (пра ўраджай). Там, на калгасных агародах Багаты бралі ўраджай.Глебка.
6. Жаніцца з кім‑н. Браць за жонку. □ Прыйшлося [Пятрэсю] браць касавокую Хіму, што заседзелася ў дзеўках.Арочка.
7. Знаходзіць. — Эдэм! Эдэм!.. — смяялася яна [Наста]. — Адкуль бярэш ты гэтакія словы!..З. Астапенка.
8. Спыняцца на чым‑н., выбіраючы з многага. Рэаліст Багдановіч браў чалавека такім, якім ён быў у жыцці, з усімі станоўчымі і адмоўнымі рысамі.Майхровіч.Малашонак браў не сутнасць заметкі, а калючыя яе бакі.Ермаловіч.
9. Выдаткоўваць, займаць, выкарыстоўваць. Машына бярэ многа бензіну. □ Крышталічныя трыёды не бяруць энергіі на напал катода.«Беларусь»./уперан.ужыв.Вайна брала ўсё новыя ахвяры.Колас.
10. Надзяваць, прывязваць. Браць каня на аброць. Браць цяля на вяроўку.// Абмяжоўваць якое‑н. дзеянне, перагароджваць. Браць ваду на застаўкі.// Асаджваць, змяшчаць. Браць партрэт у рамку.
11. Рабіць якое‑н. фізічнае або псіхічнае ўздзеянне на каго‑н., што‑н., разбіраць, апаноўваць. Мароз бярэ за вушы. Зайздрасць бярэ. □ Іржа яе не брала. Была цвёрдай сталь.Танк.Жагула пачынаў злаваць, і хмель яго не браў.Крапіва.А пад хваінаю на грудзе Вакол стажка аж кішаць людзі, Гарачка ўсіх бярэ такая, Што пот ім вочы залівае.Колас.Міхалку ўжо браў сон.Чорны.
12. Перамагаць у схватцы. «Пірат» лёгка браў ліса і на рэдкасць разумна вёў зайца.Карамазаў.//перан. Перамагаць з дапамогай чаго‑н. Браць не сілай, а розумам./убезас.ужыв.Тваё бярэ.// Адольваць, паражаць, праліваць (часцей з адмоўем). Яго ні куля ні штык не бярэ.// Добра рэзаць (пра нож, брытву, касу). Каса не косіць — каса брые І шчытнякі бярэ сухія, Бо ў дзядзькі рукі залатыя.Колас./убезас.ужыв.Хоць білі гарматы па сыну Ўрала ды бронь баявую снарадам не брала!Вялюгін.
13. Набіраць хуткасць, дасягаць пэўнага ўзроўню. Браць разгон. Браць вышыню. □ Дзе чыгунка ішла чыстым полем, цягнік браў самы шпаркі свой рух.Чорны.// Паўтараць за кім‑, чым‑н. які‑н. гук, дамагаючыся падабенства; выклікаць гучанне, дакрануўшыся да струн і пад. Браць ноту. Браць верхняе до. □ [Захар Зынга] падсядае туды бліжэй і ціхенька бярэ на гармоні некалькі нясмелых акордаў.Чорны.// Накіроўвацца, схіляцца. Браць управа. Браць кірунак. □ У гэтым месцы зеілістая сцежка, наткнуўшыся на зялёную заслону, брала крута ўверх.Арочка.// Лавіць, авалодваць чым‑н. Мячы.. [настаўніца] брала на дзіва прыгожа і ўмела.Васілевіч.// Насцігаць, паражаць. Ружжо на паўкіламетра бярэ.
14. Пачынаць рухацца, пераадольваючы перашкоду, цяжкасць. Машына рыўком бярэ з месца.Шамякін.
15. Дамаўляцца аб выкарыстанні чаго‑н. Браць адпачынак, адгул.// Даваць згоду што‑н. выканаць, зрабіць. Браць заказ, падрад. Браць абавязацельства.// Даваць згоду на выкарыстанне чаго‑н. Стрончык.. нікога чужога ў сваю хату браць не хацеў.Ядвігін Ш.// Праявіць клопат аб кім‑н., аказаць падтрымку каму‑н., пашырыць уладу на каго‑н. Браць пад абарону, пад сваю ўладу, пад ахову.
16. Умоўна прымаць, лічыць. За кіламетр на мясцовасці браць міліметр на паперы.
Браць (узяць) грэх на душу — паступіцца сваім сумленнем, перакананнем, зрабіць учынак, які пярэчыць устаноўленым нормам і прынцыпам маралі, закону ў інтарэсах каго‑, чаго‑н.
Браць (узяць) за горла (за глотку, жабры) — прыставаць (прыстаць), сілай прымушаць (прымусіць) да чаго‑н.; ставіць (паставіць) у бязвыхаднае становішча.
Браць (узяць) за душу — з глыбокай уразлівасцю ўспрымаць (успрыняць) які‑н. выпадак, здарэнне.
Браць (узяць) на сябешто — а) згаджацца (згадзіцца) быць адказным за што‑н.; б) выказваць (выказаць) гатоўнасць зрабіць што‑н., асабіста ручацца (паручыцца) за выкананне чаго‑н.
Браць на цыгундар — прыцягваць да адказнасці.
Браць ногі на плечы (у рукі) — хутка, паспешна ўцякаць.
Браць (узяць) пад абстрэлгл. узяць.
Браць (узяць) пад казырок — аддаваць (аддаць) чэсць, вітаць, прыкладваючы правую руку да галаўнога ўбора.
Браць (узяць) пад каравул — узяць над варту, арыштаваць.
Браць (узяць) пад увагу — заўважаць (заўважыць), улічваць (улічыць) што‑н., выносячы якое‑н. рашэнне.
Браць (узяць) прыклад — пераймаць (пераняць) у каго‑н. што‑н.
Браць (узяць) сваё — дамагацца (дамагчыся) жаданага, мець чакання вынікі.
Браць (узяць) след — высочваць (высачыць) звера.
Браць (узяць) слова — папрасіць (прасіць) на сходзе, нарадзе і пад. дазволу выказаць сваю думку.
адна́ г. до́бра, а дзве лепш — посл. ум хорошо́, а два лу́чше;
і да булавы́ трэ́ба г. — посл. голова́ во вся́ком де́ле нужна́;
што г., то ро́зум — посл. ско́лько голо́в, сто́лько умо́в;
за дурно́й ~во́й нага́м неспако́й — посл. дурна́я голова́ нога́м поко́я не даёт;
ад чужо́га ша́лу г. кру́ціцца — посл. в чужо́м пиру́ похме́лье;
пакая́ннай галавы́ меч не сячэ́ — посл. пови́нную го́лову меч не сечёт;
што ў цвяро́зага ў ~ве́, то́е ў п’я́нага на языку́ — посл. что у тре́звого на уме́, то у пья́ного на языке́;
г. з пакло́нам, язы́к з прыгаво́ркай — погов. голова́ с покло́ном, язы́к с пригово́ром (прибау́ткой)
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
РАДЫЁВЯШЧАННЕ
Гісторыя развіцця. У адпаведнасці з сацыяльна-паліт. і творчым характарам вылучаюць наступныя асноўныя перыяды развіцця і дзейнасці радыёвяшчання на Беларусі: 1925—32 — стварэнне тэхнічных сродкаў, фарміраванне арганізацыйных і ідэйна-творчых прынцыпаў вяшчання; 1932—41 — развіццё масавага радыёвяшчання; 1941—45 — радыёвяшчанне ў Вял.Айч. вайну; 1945—60 — этап пасляваеннага аднаўлення; 1961—75 — развіццё тэхнічнай аснашчанасці радыёвяшчання, яго форм і жанраў; 1975—85 — радыёвяшчанне ва ўмовах застою ў сац. жыцці і эканоміцы; 1985—91 — радыёвяшчанне ў перыяд перабудовы; з 1991 — развіццё на сучасным этапе.
Развіццё радыёвяшчання на Беларусі непарыўна звязана са станаўленнем і развіццём яго на ўсесаюзным узроўні. Першыя пробныя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР адбыліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад). У 1921 у Маскве пачала працаваць цэнтр. радыётэлефонная станцыя вялікага радыуса. Адначасова расла і ўдасканальвалася радыёпрымальная і радыётрансляцыйная сетка, канструяваліся радыёвяшчальныя прыёмнікі, гучнагаварыцелі, будаваліся радыёвузлы. На Беларусі стварэнне радыёперадавальнай сеткі пачалося ў 1925. У Мінску і Гомелі былі ўстаноўлены радыёперадатчыкі тыпу «Малы Камінтэрн» магутнасцю 1,2 кВт. Першай уступіла ў строй радыёстанцыя ў Гомелі, якая трансліравала перадачы, што прымаліся па правадах з Масквы. Для мясц. вяшчання абсталявана невялікая студыя, для аб’яў выкарыстоўваліся тэлефонныя трубкі гар. тэлефона і вугальныя мікрафоны. Першая перадача Бел. радыё ў Мінску адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР; трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, іх працягласць 30 мін у суткі. Адкрыццё радыёстанцыі спрыяла шырокаму развіццю прымальнай радыёсеткі. У 25 раёнах Беларусі ўстанаўліваліся радыёпрыёмнікі калектыўнага карыстання «Радыёліна». Пабудавана 75-метровая драўляная мачта, побач з якой абсталявалі і студыю. У сак. 1926 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб выпуску 2 радыёгазет: рабочай (штодзённай) і сялянскай (3—4 разы на тыдзень). Пачаўся выхад у эфір «Беларускай радыёгазеты», якая мела рубрыкі «Перадавы артыкул», «Жыццё вёскі», «Рабочае жыццё», «Хроніка Мінска» і інш. У ліп. 1926 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР перайшла ў распараджэнне акцыянернага таварыства «Радыёперадача». Выходзілі спецыялізаваныя перадачы для розных груп насельніцтва: радыёгазеты «Беларуская вёска», «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі» і інш., перадаваліся выступленні членаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1927 Мінскі радыёперадатчык «Малы Камінтэрн» заменены на больш магутны (4 кВт). З дапамогай узмацняльніка ТБ-3/0, які па паветраных правадных лініях сілкаваў рупарныя гучнагаварыцелі тыпу «Акорд», радыёфікавана каля 25 месцаў калектыўнага радыёслухання. У жніўні 1927 Таварыства сяброў радыё правяло першы Усебел. дзень радыё. З 1928 пачало развівацца правадное вяшчанне. Трансляцыйны вузел быў абсталяваны магутным узмацняльнікам на базе перадатчыка «Малы Камінтэрн»; падвешана каля 45 км трансляцыйных ліній і ўстаноўлена каля 4 тыс. радыёкропак. Побач з перадачамі са студыі Белрадыёцэнтра пачаліся трансляцыі перадач з тэатраў і клубаў. Створаны сімфанічны аркестр Белрадыёцэнтра, які забяспечваў муз. праграмы, і першы радыёуніверсітэт зтэхн., сельскагаспадарчым і агульнапаліт. факультэтамі. У ліст. 1928 уведзена тыпавая тыднёвая сетка вяшчання, закладзена адраснасць перадач паводле прафесійнай і ўзроставай прыналежнасці слухачоў, праведзена першая ў краіне радыёпераклічка гарадоў СССРз удзелам Мінска. У 1929 работнікі Белрадыёцэнтра распрацавалі 10-ватны ўзмацняльнік БРЦ-10 для радыёфікацыі раёнаў Беларусі. Першы радыёвузел абсталяваны на шклозаводзе «Кастрычнік» Бабруйскага раёна. У ліст. 1931 пабудавана радыёстанцыя магутнасцю 30 кВт у Калодзішчах пад Мінскам. Выходзілі радыёгазеты «За бальшавіцкія тэмпы», «У рабочы поўдзень», «Калгасны заклік», «Камсамолец Беларусі», «Чырвонаармейская радыёгазета» і інш.
У 1932 створаны Усебел. камітэт радыёвяшчання пры Наркамаце поштаў і тэлеграфаў, які арганізоўваў радыёвяшчальныя праграмы па ўсіх радыёстанцыях і радыёвузлах Беларусі. Замест ліквідаваных некаторых радыёгазет створаны новыя формы вяшчання, адкрыты сектары: «Апошнія паведамленні», грамадска-палітычны, мастацкі, дзіцячы, нізавога вяшчання, «У дапамогу самаадукацыі» і інш.З 1933 шырока практыкаваліся прамыя эфірныя перадачы: «Нестудыйная перадача з Аршанскага льнокамбіната», «Нестудыйная перадача з калгаса імя Леніна» і інш., рэпартажы з сустрэч, мітынгаў, сходаў, дэманстрацый. У 1936 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу тыпу «Шорынафон». У якасці носьбіта гуку выкарыстоўвалася звычайная кінастужка. Большасць драматычных і муз. перадач ішлі пад рубрыкай «Радыётэатр», маст. перадачы вяліся на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У 1938 у Белрадыёцэнтры абсталяваны 3 новыя студыі, цэх механічнага вяшчання і гуказапісу, пры будаўніцтве якіх упершыню выкарыстаны акустычныя гукапаглынальныя матэрыялы. У 1939 Радыёкамітэт наладзіў выпуск штодэкаднай газеты «Радыёпраграмы». Пасля вызвалення Зах. Беларусі пачала работу радыёстанцыя РБ-95 у г. Баранавічы магутнасцю 50 кВт; у абл. і раённых цэнтрах будаваліся трансляцыйныя радыёвузлы, стваралася мясц. вяшчанне на фабрыках і заводах, саўгасах і калгасах. У 1940 у Белрадыёцэнтры ўведзены ў дзеянне 100-кілаватны лямпавы перадатчык, вялося будаўніцтва радыёпрымальнага цэнтра ў Прылуках (Мінскі раён).
У сувязі з акупацыяй Беларусі ням. фашыстамі ў чэрвені 1941 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР спыніла сваю работу. У Маскве на радыёстанцыі імя Камінтэрна працягвала працаваць даваенная рэдакцыя вяшчання на бел. мове. У снежні 1941 кіраўніцтва Усесаюзнага радыё выдзеліла для радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» радыёстанцыю на кароткіх хвалях, якая выйшла ў эфір 1.1.1942. Перадачы вяліся на бел. і рус. мовах напачатку 3 разы ў суткі (аб’ём вяшчання 2 гадз 30 мін), потым 5 разоў. Пазыўнымі служылі бел. музыка (апрацоўка М.Жальвінскага) і верш Я.Купалы «Беларускім партызанам». Аснову вяшчання складалі інфарм. перадачы, якія пачыналіся са зводак Саўінфармбюро, выпускі «Апошніх паведамленняў» для партызан і падпольшчыкаў з аглядам газеты «Савецкая Беларусь» і газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», спецыяльныя перадачы важнейшых паведамленняў для рэдакцый падп. газет, штодзённыя агляды цэнтр. газет, інфарм. праграмы «Партызанскія навіны» і «Дапамога фронту». Аснову контрпрапагандысцкіх праграм складалі выступленні вядомых парт. кіраўнікоў, дзеячаў навукі і культуры. Радыёстанцыя правяла 15 трансляцый антыфаш. мітынгаў, у т. л. радыёмітынгу з Казані ў студз. 1942 прадстаўнікоў бел. народа. Вядучае месца ў прапагандысцкіх перадачах займалі выступленні перад мікрафонам, публіцыстычныя радыёпрамовы, нарысы, паліт. памфлеты і фельетоны бел. пісьменнікаў і паэтаў. Бел. літаратары рыхтавалі перадачы для сатырычнай рубрыкі «Партызанская сатыра»: «Сатырычныя хвілінкі партызанскага гумару», «Зарадка», «Саветы бывалага партызана» і інш. У эфіры гучалі штодзённыя 30-мінутныя канцэрты з удзелам бел. артыстаў, радыёп’есы. Са снежня 1942 радыёстанцыя пачала рэгулярныя перадачы для камсамольцаў і моладзі акупіраванай тэр. Беларусі. Пастаяннымі рубрыкамі маладзёжных праграм былі «Беларускі народ змагаецца», «Лісты з партызанскіх атрадаў», «Партызанскія аперацыі», рэгулярна перадаваліся агляды пошты. У 1943 сутачны аб’ём вяшчання радыёстанцыі складаў 7 гадз. За перыяд яе існавання (да 20.9.1944) адбылося 3270 перадач, у т. л. 505 маладзёжных. У 1944 у вызваленым ад фашыстаў Гомелі, а потым у Мінску аднавіла свае перадачы радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР. У «Апошніх паведамленнях» (выйшла больш за 1200), рубрыках «На франтах Айчыннай вайны», «Па гарадах нашай рэспублікі», «На вызваленай беларускай зямлі» і інш. шырока асвятляліся падзеі на франтах, аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне навукі і культуры, работа 6-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР, трансліраваліся з Мінска сход бел. інтэлігенцыі, свята маст. самадзейнасці ў адноўленым Доме радыё. Пасля вызвалення Беларусі ўведзены ў дзеянне радыёвузлы ва ўсіх абл. цэнтрах, наладжвалася іх радыёсувязь з раённымі цэнтрамі, у дамах устаноўлена 40 тыс. радыёкропак (27% ад даваеннага ўзроўню).
У 1945 Бел. радыё атрымала адноўленыя студыі Дома радыё і новае абсталяванне, што дазволіла пашырыць дыяпазон перадач. У праграмах значнае месца аддавалася прапагандзе нар. мастацтва, твораў тэатральнай і муз. класікі, часцей гучалі бел.нар. песні і песні інш. народаў у выкананні аматарскіх хароў і спевакоў. Падзеяй стала трансляцыя свята нар. мастацтва ў Мінску (ад Беларусі выступілі 1300 чал.). З 1946 на Бел. радыё пачалося тэхн. пераабсталяванне студыі гуказапісу, перасоўных рэпарцёрскіх станцый, удасканальваліся апараты для запісу студыйных і пазастудыйных перадач. Спецыяльныя выпускі «Апошніх паведамленняў» прысвячаліся новабудоўлям: аўтамабільнаму і трактарнаму заводам, тонкасуконнаму камбінату; павялічылася ўвага да праблем выхавання дзяцей і моладзі. Са студз. 1949 рэдакцыя літ.-драм. вяшчання сумесна з праўленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі выпускала штомесячны радыёальманах «Беларусь літаратурная». З пашырэннем у 1951 у Доме радыё аддзела гуказапісу т.зв. жывыя выступленні сталі выключэннем. Вядучае месца заняў магнітны запіс з дапамогай айч. магнітафонаў «МЭЗ-2». Пераабсталявана мантажная апаратная, для запісу пазастудыйных перадач выкарыстоўвалі айч. рэпартажныя магнітафоны тыпу «Рэпарцёр». Устарэлае абсталяванне Дома радыё ў 1952—59 заменена на больш дасканалае, што дазволіла палепшыць якасць запісу муз. твораў і моўных перадач, рабіць запісы пазастудыйных перадач з выкарыстаннем 5 мікрафонных і 2 лінейных уваходаў або 6 мікрафонаў з індывідуальным рэгуляваннем узроўню. З пачаткам дзейнасці ў 1955 Мінскага тэлевізійнага цэнтра на Беларусі пачала працаваць 2-праграмная радыёвяшчальная станцыя на ультракароткіх хвалях. Паляпшэнне тэхн. базы дазволіла адкрыць новыя рубрыкі, весці прамыя эфірныя трансляцыі з тэатраў і клубаў, спарт. пляцовак. Са студзеня 1956 пачалі выходзіць у эфір аналітычная праграма «На прамысловыя тэмы», маладзёжная перадача «Беларусь фізкультурная», «Радыёчасопіс для жанчын». Склаліся спецыфічныя для радыёжурналістыкі жанры: радыёнарыс, радыёрэпартаж, радыёкаментарый. Да 1959 на Беларусі дзейнічалі каля 1,2 тыс. радыёвузлоў, 212 тыс. радыёпрыёмнікаў, больш за 1 млн. радыётрансляцыйных кропак, працягласць ліній радыёфікацыі дасягнула 55 тыс.км.
З 1963 перадачы Бел. радыё вяліся з новага будынка Дома радыё, дзе былі абсталяваны вялікая і малая канцэртныя студыі, блок літ.-драм. вяшчання, цэнтр. апаратная на 10 каналаў, 7 моўных студый з апаратнымі, 5 мантажных апаратных, пакой рэха і інш., што дало магчымасць ствараць новыя праграмы. У лютым 1963 распачалі дзейнасць радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» з яе папулярнымі перадачамі «Зорная эстафета», «Твой замежны равеснік», «Шчырая размова», «Я вам пішу», дыскусійны клуб «Субяседнік». Папулярнасцю карысталіся пастаянныя цыклы перадач «У абедзенны перапынак» і «Для веруючых і няверуючых». Пра людзей цікавага лёсу, таленавітых кіраўнікоў вытворчасці інфармавала «Рабочая радыёгазета». У красавіку 1964 выйшлі ў эфір радыёстанцыя «Сельскае жыццё» з яе праграмамі «Сельская раніца» і «Вячэрнія зарніцы», інфарм. праграма «Дзень нашага жыцця» і перадача для старшакласнікаў «Рамантыкі». У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вяло перадачы па 2 нац. праграмах. Трансліраваліся таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Юнацтва». З мэтай паляпшэння падрыхтоўкі кадраў для радыё і тэлебачання на факультэце журналістыкі БДУ створана кафедра тэорыі і практыкі радыёвяшчання і тэлебачання. У 1970 у Доме радыё ўстаноўлена 20 рэжысёрскіх пультаў з шырокімі тэхн. магчымасцямі і больш за 100 навейшых стацыянарных магнітафонаў. Група пазастудыйных запісаў мела некалькі аўтамашын з гуказапісвальнай і перадавальнай апаратурай, больш за 150 партатыўных рэпартажных магнітафонаў. У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. Сведчаннем творчай сталасці Бел. радыё стала адкрыццё арыгінальных праграм. У кастрычніку 1972 выйшла ў эфір інфармацыйна-паліт. і муз. праграма «Крыніца». Яна вылучалася надзённасцю тэм і аператыўнасцю. Асноўныя перадачы: «Навука — вытворчасці», «Любімыя мелодыі», «Спектр», «Для тых, хто ў дарозе», «Маладыя галасы» і інш. Асабліва папулярнымі былі інфарм. выпускі «Навіны рэспублікі» і «Мінскія навіны». У 1970-я г. на Беларусі працавалі 22 радыёвяшчальныя станцыі, укаранялася 3-праграмнае правадное вяшчанне. У 1975 налічвалася больш за 2,2 млн. радыёкропак, 2 млн. радыёпрыёмнікаў. Бел. радыё вяло перадачы па 4 праграмах: 1-я (9 гадз у суткі), 2-я (8 гадз, з іх 6 займалі перадачы праграмы «Крыніца»), 3-я (5 гадз, рэтрансляцыя 1-, 3-, 4-, 5-, 6-й праграм радыё «Маяк», Масква), 4-я (1 гадз, на замежжа). У яго структуру ўваходзілі: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба, дырэкцыя вяшчання на 2-й праграме і рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць. У Доме радыё размяшчалася 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У выніку канцэптуальных змен у падрыхтоўцы і праграмнай сістэматызацыі перадач палепшылася змястоўнасць праграм. Адбылася прэм’ера публіцыстычнай праграмы «Спытаем сябе, таварышы!», якая выклікала палемічную размову па праблеме навукова-тэхн. прагрэсу. Цыкл перадач «Наватар» дапамагаў распаўсюджваць вопыт лепшых вынаходнікаў, канструктараў і інжынераў. Перадача «Актуальны мікрафон» асвятляла складаныя пытанні жыцця, узнятыя радыёслухачамі. Развівалася мясц. радыёвяшчанне Беларусі. У 1980 працавалі 6 рэдакцый абласнога, 115 раённага, 12 гарадскога і 32 фабрычна-завадскога радыё. З 1982 вялося рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» слухалі на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі.
У 1985—91 з’яўленне галоснасці і плюралізму выклікала працэс глыбокага рэфармавання ўсіх бакоў дзейнасці бел. радыёвяшчання: арганізацыйнай структуры, праграмнай, ідэалагічнай і творчай установак, адносін да аўдыторыі. Значнае месца ў інфарм. і аналітычных перадачах заняла Чарнобыльская трагедыя 1986, якую адлюстроўвалі ў радыёрэпартажах, выступленнях вучоных і палітыкаў, праблемных радыёсходах і пераклічках. З’явіліся радыёнарысы новага зместу: «Аднаўленне», «Круглянскі вузел», «Высокае званне — настаўнік», «Дарога ў заўтра», «Голас дэмакратыі». У аналітычным вяшчанні сталае месца занялі палемічныя выступленні па пытаннях нац. гісторыі, адраджэння бел. мовы і культуры, стану навакольнага асяроддзя, маральна-этычная тэматыка, праблемы маральнага аблічча людзей.
Сучасны стан радыёвяшчання. Пасля распаду СССР у пач. 1990-х г. перастала існаваць сістэма Усесаюзнага радыёвяшчання. У новых сац.-паліт. умовах Бел. радыё захавала сваё традыцыйнае месца ў сістэме Белдзяржтэлерадыё, а яго развіццё насіла паступовы характар. Асноўнымі яго рысамі заставаліся высокі ўзровень цэнтралізацыі, кантроль за трансляцыйнай сеткай і інфарм. патокам. Значна знізілася колькасць праграм раённага (рэгіянальнага) радыё (у 1991 засталося 40 радыёпраграм). Распрацаваная ў пач. 1990-х г. доўгатэрміновая творчая праграма дазваляла аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні, якія цікавілі грамадзян Беларусі. Цэнтр. тэмамі сталі пытанні сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны ўсіх катэгорый грамадзян, найперш ветэранаў вайны, пенсіянераў, інвалідаў і інш. У 1991 у эфір выйшлі інфармацыйна-аналітычныя перадачы «Радыёфакт» і «Пастфактум». Шырэй выкарыстоўваліся магчымасці прамога эфіру. Зкастр. 1992 радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» на 2-й праграме атрымала 2 гадз прамога эфіру. Загучалі маладзёжныя выпускі «Музыка тоўстых», «Квадракола», «Сусветная служба «Беларускай маладзёжнай». Рэарганізавана Мінскае абл. радыё. Рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць атрымала назву радыёстанцыя «Сталіца». У маі 1994 радыёстанцыі «Крыніца» і «Беларуская маладзёжная» аб’яднаны ў новую праграму «Радыё-2» (вяшчанне на сярэдніх хвалях 5 гадз у будныя дні і 2 — у выхадныя). Папулярнымі былі яе рубрыкі «Жыццяпіс» (пра гісторыю краіны), «Мястэчка» (расказы пра малыя гарады Беларусі), «Сто пытанняў і адказаў, як стаць здаровым і шчаслівым», «Эдэльвейс» (турыстычная праграма), «Слова для душы» (перадача для вернікаў).
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, якая пачала ажыццяўляць кіраўніцтва ўсім працэсам ад стварэння да выхаду ў эфір тэлерадыёпраграм. Распрацавана новая структура і канцэпцыя эвалюцыйнага рэфармавання нац. тэлебачання і радыё. З прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ад 13.1.1995 і Указа Прэзідэнта «Аб дзяржаўнай камісіі па радыёчастотах» ад 17.11.1995 на Беларусі пачало развівацца і камерцыйнае радыёвяшчанне.
Аснова вяшчальнай палітыкі Бел. радыё ў пач. 2000-х г. — масавасць, даступнасць, вялікі аб’ём інфармацыі, аператыўнасць і актуальнасць. У 2003 яно перайшло на лічбавае вяшчанне. Праведзена камп’ютэрызацыя рабочых месцаў журналістаў. Эфір стаў больш дынамічным і «жывым». Скарацілася колькасць запісаных праграм. Створаны неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі праграм на конкурснай аснове. У радыёэфіры дамінуюць прамыя кантакты са слухачамі, інтэрактыўныя перадачы, кароткія жанравыя формы: рэпартажы, апытанні насельніцтва, каментарыі экспертаў і інш.
У 2004 Бел. радыё вядзе перадачы па 2 агульнанац. каналах: «Першы нацыянальны канал» і «Культура», 3 радыёстанцыях: «Радыус-FM», «Беларусь» і «Сталіца». Агульны аб’ём вяшчання — 80 гадз у суткі.
Адзін з галоўных прыярытэтаў «Першага нацыянальнага канала» (аб’ём вяшчання 19 гадз у суткі) — аператыўнае асвятленне найважнейшых падзей у краіне і за яе межамі. У 2 разы павялічана інфарм. вяшчанне: выпускі «Навін» выходзяць у рэжыме рэальнага часу ў пачатку кожнай гадзіны. Аналіз асноўных навін, інфармацыю для дзелавых людзей, агляды газет і інш. дае ранішні «Радыёфакт», а вынікі дня падводзіць «Пастфактум-радыё». Аналітычныя праекты «Тэма дня», «Тэма тыдня», «Дыялог», «Палітычны вектар», «Без бар’ераў», «Прававы канал» закранаюць актуальныя праблемы грамадска-паліт. жыцця Беларусі. У эфір выходзяць публіцыстычныя праграмы «Беларусь—Расія», «Супольнасць», «Мая краіна — Беларусь», «Час і моладзь». Жыццё і духоўнае адраджэнне вёскі, аграрныя праблемы асвятляюць тэматычныя блокі «Сельская раніца», «Падворак», «Аграрнае пытанне». Культурнае і муз. жыццё краіны адлюстравана ў інфармацыйна-асветным, культуралагічным праекце «Культурная прастора». Праграма ўключае аўтарскія праекты асветнага характару, сустрэчы з пісьменнікамі, кампазітарамі, выкарыстоўваюцца новыя формы вяшчання з забаўляльнымі элементамі і інш. У ранішнім блоку — скразны канцэптуальны праект «Будзем разам», у вячэрнім — самая рэйтынгавая праграма «Вітаем, віншуем, жадаем!», сац. перадача «Зваротная сувязь». Сваю пастаянную слухацкую аўдыторыю маюць аўтарскія праграмы «Музычны сшытак», «Брама», «Палітра», «Сентыментальнае паляванне» (новыя імёны ў літаратуры, навамодныя літ. пошукі), «Авансцэна» (тэатральнае жыццё). Муз. гадзінныя праекты «Новае рэтра», «Варыяцыі на тэму», «Класіка-экспрэс» ахопліваюць усе стылі і кірункі сучаснай музыкі. Духоўна-адукацыйны характар мае асветніцкая праграма «Святло душы». З багаццем нац. культуры знаёміць слухачоў «Беларускі альбом». Папулярнымі сталі суботні «Музычны партал» (прамая эфірная інтэлектуальная гульня), нядзельны забаўляльна-пазнавальны «Радыёпарк» (сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі), «Экалагічны маніторынг», вячэрні нядзельны праект «Канцэртная зала» (для аматараў класічнай музыкі), «Адкрытая пляцоўка» (праграма для моладзі), эксперыментальны праект «Кароткія гісторыі» і інш.
Канал «Культура» вядзе перадачы са студз. 2002 (аб’ём вяшчання 17 гадз у суткі). Яго ідэя сфармулявана ў слогане «Мы выбіраем вечныя каштоўнасці». На канале створана свая інфарм. служба, якая асвятляе падзеі культурнага жыцця Беларусі, творчыя пошукі бел. інтэлігенцыі і дасягненні сусв. літаратуры і мастацтва. Класічную музыку, літ. і публіцыст. матэрыялы, сабраныя за паўстагоддзя, прадстаўляе рубрыка «З фондаў радыё». Перадачы «Падарожжа творчага чалавека», «Гасцінец» «Бестселер», «Летапіс», «Гаспода», «Дыялогі пра культуру», «Тэатральны пад’езд», «Беларускія музычныя сезоны», «Гадзіна з крытыкам» складаюць 3 блокі эфіру: ранішні — «Дэбют», дзённы — «Імпрэза» і вячэрні — «Бенефіс». Сярод творчых удач канала — удзел у Дні еўрап. культуры (па ініцыятыве Еўрапейскага вяшчальнага саюза) і стварэнне цыкла перадач «Сучаснае беларускае апавяданне», які папаўняе фонд Бел. радыё.
Радыёстанцыя «Радыус-FM» працуе зліп. 2003 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Прыярытэтны кірунак — музычна-інфармацыйны, ахоплівае слухацкую аўдыторыю розных узроставых і сац. груп. Муз. вяшчанне фарміруецца на парытэтных суадносінах бел., расійскай і замежнай музыкі. Эфірная вяшчальная сетка радыёстанцыі ўключае музычна-забаўляльныя шоу — ранішняе «Максімальная раніца», дзённае «Гарачыя мінскія хлопцы» і вячэрняе «Шок і хваляванне», муз. праграму па заяўках слухачоў «Візітніца», аўтарскія праграмы «Ой, мамачкі» (для маладых мам), «Каробка перадач» (для аўтамабілістаў), «Усё ўключана» (для турыстаў), гумарыст. радыёсерыялы, выніковы муз. хіт-парад нядзелі (працягласць 3—4 гадз), запісаныя праграмы, муз. нон-стоп, выпускі навін (выходзяць у эфір у пачатку кожнай гадзіны).
Радыёстанцыя «Сталіца» вядзе перадачы з верасня 1998 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Адзін з галоўных яе прыярытэтаў — музычнае вяшчанне. Штодзённа выходзіць інфармацыйна-аналітычная праграма «Сёння і заўтра», якая асвятляе жыццё Мінска, Мінскай вобласці і ўсёй рэспублікі. Найб. папулярная штодзённая праграма — «Свята кожны дзень», дзякуючы якой непасрэдна ў эфіры слухачы могуць адправіць прывітанне і найлепшыя пажаданні сваім блізкім, сябрам і знаёмым. У прамым эфіры выходзяць праграмы «Давайце пазнаёмімся», «Аднойчы з песняй» (падборка інфармацыі з музычнага жыцця, шоу-бізнесу і пра маладых выканаўцаў), нядзельны «Народны хіт» (слухачы могуць выканаць у эфіры сваю любімую песню), сямейная праграма «Шоу ў пясочніцы» (5—7-гадовыя дзеці разважаюць аб праблемах дарослых). Штотыднёвая тэматычная праграма «Краіна футбола» расказвае пра спарт. падзеі ў краіне і свеце.
Радыёстанцыя «Беларусь» — адзіны ў краіне радыёканал, які працуе на замежную аўдыторыю (70 краін свету) на бел., рус., ням., англ. мовах (аб’ём вяшчання 4 гадз у суткі). Кожныя паўгадзіны выходзяць выпускі «Навін». Інфарм. выпуск «Беларусь дзень за днём» і інфармацыйна-аналітычная праграма «Беларусь у люстэрку падзей» асвятляюць найбольш важныя падзеі ў жыцці краіны. Праграма ўключае радыёсустрэчы здзярж. дзеячамі, вучонымі, пісьменнікамі, музыкантамі, спартсменамі і інш. Найбольш папулярныя перадачы прысвечаны адраджэнню нац. культуры, духоўным каштоўнасцям бел. народа: «Весткі з бацькаўшчыны», «Скарбы беларускай літаратуры», «Скарбы беларускай мовы», «Славутыя імёны бацькаўшчыны», «Беларусь у асобах», «Сябрына» і «Калейдаскоп» (абедзве на ням. мове), «Спадчына» (на англ. мове). Выходзіць праграма для моладзі «Беларусь маладая». Прыярытэтны кірунак муз. палітыкі радыёстанцыі — папулярызацыя лепшых узораў нар., класічнай і сучаснай бел. музыкі.
Агульны аб’ём вяшчання Бел. радыё складае каля 590 гадз у месяц, з іх арыгінальнага — 442 гадз. З 1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё прымаюць таксама жыхары Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Бел. радыё мае разгалінаваную карэспандэнцкую сетку. Яна сфарміравана з супрацоўнікаў Бел. радыё і абл. тэлерадыёкампаній, падтрымлівае сувязі з блізкім і далёкім замежжам. Штодзённа ўласныя карэспандэнты ва ўсіх абласцях і буйнейшых раёнах рыхтуюць каля 50 падзейных і тэматычных матэрыялаў.
У склад Бел. радыё ўваходзяць Генеральная дырэкцыя і падпарадкаваныя ёй 5 дырэкцый: каардынацыйная (ажыццяўляе тэматычнае перспектыўнае і бягучае планаванне вяшчання); дырэкцыя канала «Культура»; дырэкцыя маст. і музычна-забаўляльнага вяшчання; дырэкцыя інфарм. і грамадска-паліт. вяшчання; дырэкцыя эфірнага дня (ажыццяўляе аператыўнае планаванне і кантроль за вытворчасцю і выхадам праграм у эфір). У структуры Бел. радыё працуе «Аб’яднанне музычных калектываў»: акадэмічны хор, сімфанічны аркестр, дзіцячы хор «Галасы дзяцінства», ансамбль нар. музыкі «Бяседа», ансамбль камернай музыкі «Сімфаньета».
На Беларусі функцыянуюць абл. тэлерадыёкампаніі, якія вядуць перадачы ва УКВ- і FM-дыяпазонах 17 гадз у суткі і ахопліваюць радыёвяшчаннем 63,8% насельніцтва краіны. Існуе правадная сетка, якая трансліруе ўласныя перадачы і перадачы «Першага нацыянальнага канала». У раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі радыёвяшчання. У буйных гарадах і на многіх прадпрыемствах краіны дзейнічае аўтаномнае радыёвяшчанне. Асноўная форма перадачы радыёвузлоў у гарадах, раёнах і на прадпрыемствах — выпускі апошніх навін і тэматычныя перадачы па найважнейшых пытаннях сац.-эканам. жыцця.
На інфарм. прасторы Беларусі прыкметнае месца займаюць недзярж. (камерцыйныя) радыёстанцыі. Бел. шкала дыяпазону FM-станцый мае 19 станцый, у т. л. «Радыё—Бі-Эй», «Альфа радыё», «Радыё Рокс-М», «Новы стыль», «Стыль», «Юністар-Радыё БДУ», «Радыёстанцыя «Аўтарадыё». Яны далі пачатак развіццю размоўна-муз. вяшчання ў музычна-забаўляльным жанры (напр., радыёінтэрмедыі з вядучым дзі-джэем) і складаюць канкурэнцыю 4 сеткавым каналам («Рускае радыё», «Мелодыі стагоддзя», «Еўропа плюс» і «Хіт-FM»), што рэтрансліруюцца з Масквы. Адметная рыса бел. FM-станцый — іх апалітычнасць. Функцыянуюць таксама камерцыйныя радыёстанцыі ў гарадах абл. падпарадкавання і раённых цэнтрах: «Арбіта плюс» (Гродна), «Вясёлка плюс» (Магілёў), «Буг ТВ» (Брэст), «Нелі-Інфа» (Мазыр), «Салтэк» (Салігорск), «Гефест» (Пружаны), «Нюанс» (Жлобін), «Сваё радыё» (Пінскі раён), «Наш час» (Маладзечанскі раён) і інш.
На 1.1.2004 на Беларусі 132 праграмы радыёвяшчання, у т. л. 113 дзярж. праграм, 19 радыёпраграм недзярж. формы ўласнасці.
Літ.:
Лебедзеў А.П. Бітва нябачнага фронту. Мн., 1972;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Радио в дни войны. М., 1975;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983;
Дубовік С.В. СМІ постсацыялістычнай Беларусі: пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003;
Шеин В.Н. Информационные и аналитические жанры радиожурналистики. Мн., 2003.