ЗАЛЕ́СКІ (Антон Ігнатавіч) (15.2.1824, Варшава — 4.10.1885),

мастак, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Адукацыю атрымаў у Вільні і Варшаве, жывапісу вучыўся ў Вене і Фларэнцыі. Працаваў як мастак-графік, ілюстраваў творы А.​Міцкевіча, Т.​Ленартовіча, А.​Мальчэўскага, І.​Ходзькі і інш. Чл. Віленскай археал. камісіі. У 1862 прыхільнік «чырвоных», увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, дзе разам з К.​Каліноўскім рыхтаваў паўстанне. 26.1.1863 арыштаваны і высланы ў Вятку. З 1867 у Варшаве, потым за мяжой.

Г.​В.​Кісялёў.

А.Я.Залескі.

т. 6, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н VI Антонавіч

(23.8.1740, Пецярбург — 16.7.1764),

намінальны расійскі імператар [1740—41]. Праўнук Івана V, сын Ганны Леапольдаўны (пляменніца Ганны Іванаўны) і герцага Антона Ульрыха Браўншвейгскага. Наследнікам прастола прызначаны 16.10.1740. Пасля смерці Ганны Іванаўны рэгентам пры ім быў Э.​Бірон, потым — маці. 25.11.1741 скінуты Лізаветай Пятроўнай, высланы разам з бацькамі, пасля пераведзены ў адзіночную турму, з 1756 — у Шлісельбургскую крэпасць. Забіты пры спробе В.​Я.​Міровіча вызваліць яго і абвясціць імператарам замест Кацярыны II. Было некалькі самазванцаў, якія выдавалі сябе за І. VI (апошні — у 1788).

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЦЭ́ВІЧ (Вацлаў Мартынавіч) (1876, в. Лялянцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобласці — 1902),

рэвалюцыянер, адзін з пачынальнікаў с.-д. руху на Беларусі і ў Літве. У вер. 1897 арыштаваны па справе Віленскага рабочага гуртка. Пасля турэмнага зняволення ў лют. 1899 высланы ў Вяцкую губ., адкуль уцёк на радзіму. Вёў рэв. прапаганду сярод рабочых Вільні, Гродна, Коўна. У жн. 1900 дэлегат 2-га з’езда Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПІЛ), на 3-м з’ездзе (вер. 1901) выбраны ў Гал. праўленне партыі. Памёр у Вільні ад сухотаў.

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНО́ЛЬДЗІ (Джузепе Ахіла Эльміра) (1821, Барселона — 1871),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве, грамадскі дзеяч, спявак, танцмайстар. Італьянец па паходжанні. З 1842 жыў у Вільні. Быў настаўнікам спеваў у Дваранскім ін-це, выступаў як спявак. Наведваў з канцэртамі Мінск, Віцебск, інш. гарады Беларусі. У 1862 разам з К.​Каліноўскім увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, рыхтаваў падп. выданні. У лют. 1863 высланы ўладамі (паводле іншых звестак уцёк) за мяжу, дзе закупляў зброю для паўстанцаў. Удзельнік Парыжскай камуны 1871, капітан, камандзір эскадрона ў злучэннях В.​Урублеўскага. Памёр ад ран.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЭРЛО́О (Waterloo),

горад у Бельгіі, у правінцыі Брабант, на Пд ад Бруселя. Каля 30 тыс. ж. (1990). Каля Ватэрлоо 18.6.1815 адбылася бітва паміж англа-галандска-прускай арміяй і франц. войскамі Напалеона I. Франц. армія пацярпела паражэнне (з 72 тыс. было забіта 32 тыс. салдат і афіцэраў), што з’явілася апошнім знішчальным ударам для напалеонаўскай імперыі. Напалеон здаўся англічанам і быў высланы на в-аў Св. Алены. У Францыю зноў вярнуліся Бурбоны. У краінах Зах. Еўропы бітва пад Ватэрлоо вядома таксама як бітва пад Бель-Альянс (нас. пункт каля Ватэрлоо).

т. 4, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОСТ МУХА́МЕД (1790 ці 1793—9.6.1863),

эмір (правіцель) Афганістана ў 1834—40 і 1842—63. Дваццаты сын Паінда-хана, правадыра племені баракзаяў. Пасля распаду Дуранійскай дзяржавы (1818) кіраваў (з 1826—27) Кабульскім і Газнійскім княствамі. У 1834 абвясціў сябе эмірам, заснаваў Баракзайскую дынастыю; намагаўся аб’яднаць афг. землі. У 1-ю англа-афг. вайну 1838—42 (гл. Англа-афганскія войны) паланёны англічанамі (канец 1840) і высланы ў Індыю. З 1842 зноў на афг. троне. У 1855—63 далучыў Кандагар, Усх. Сістан, Герат, землі на левабярэжжы Амудар’і.

т. 6, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛА (Мікалай Міхеевіч) (3.10.1862, Чэрыкаўскі пав. Магілёўскай губ. — 1885),

удзельнік рэв.-народніцкага руху. У час вучобы ў Магілёўскай гімназіі з 1875 удзельнічаў у гуртках «самаразвіцця». З 1877 чл. гуртка Л.С.Залкінда, які ў 1880 далучыўся да «Народнай волі». Вёў агітац. работу сярод сялян на бел. мове, вывучаў і збіраў фальклор. У час вучобы ў Кіеўскім ун-це стварыў «Камуну магілёўцаў». У 1882 чл. нарадавольскага гуртка У.​І.​Бычкова (гл. ў арт. Бычковы). У крас. 1883 арыштаваны, у 1884 высланы ва Усх. Сібір. Патануў у р. Селенга.

М.​Б.​Ласінскі.

т. 6, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́НХУВУД ((Svinhufvud) Пер Эвінд) (15.12.1861, г. Сяксмякі, Фінляндыя — 29.2.1944),

фінляндскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Уваходзіў у партыю младафінаў. З 1894 дэп. сейма, у 1907—12 яго старшыня. Выступаў за незалежнасць Фінляндыі ад Рас. імперыі, за што ў 1914 высланы рас. ўладамі ў Сібір (вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917). З ліст. 1917 першы прэм’ер-міністр незалежнай Фінляндыі. У 1918 часовы кіраўнік дзяржавы. У ліп. 1930 — лют. 1931 прэм’ер-міністр (падтрымліваў нацыяналіст. лапуаскі рух; назва ад г. Лапуа), у 1931—37 прэзідэнт Фінляндыі. Пазней адышоў ад паліт. дзейнасці.

т. 14, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРЭ́ЙКА (Сяргей Адамавіч) (9.7.1912, в. Каласоўшчына Капыльскага р-на Мінскай вобл., паводле інш. звестак мяст. Усць-Дзвінск каля Рыгі — 14.9.1937),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. тэхнікум (1930). Працаваў літ. рэдактарам у Бел. НДІ прамысловасці, з 1932 у Камісіі па складанні слоўнікаў Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1933 арыштаваны і высланы ў г. Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. Там у 1937 арыштаваны зноў і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1928. Рамантычная паэма «Смарагды кроз» (апубл. 1990) — роздум пра шляхі развіцця роднага краю.

Тв.:

[Вершы] // Полымя. 1965. № 8;

у кн.: Дзень паэзіі. Мн., 1965;

Шляхам гадоў. Мн., 1990.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКО́З (Адольф Сцяпанавіч) (каля 1826, маёнтак Лешна, Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобласці — 1895, паводле інш. звестак 1865),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. Служыў у Гродзенскай палаце цывільнага суда. На пач. 1860-х г. жыў у Беластоку. У час падрыхтоўкі паўстання надрукаваў у беластоцкай падп. друкарні некалькі рэв. выданняў, у т. л. «Гутарку старога дзеда». З пач. 1863 паўстанцкі начальнік Беластока. У крас. 1863 знаходзіўся пад следствам, пасля вызвалення — пад наглядам паліцыі. У чэрв. 1863 зноў арыштаваны і высланы ў Пермскую губ. Праз год паводле прыгавору ваен. суда сасланы ў Сібір.

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)