«ПАЛЬЯ́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ НАВУ́К, ЛІТАРАТУ́РЫ І МАСТА́ЦТВА»,
«Італьяна» («Enciclopedia italiana di scienze, lettere ed arti»), універсальнае энцыклапедычнае выданне на італьян. мове. Выдадзена ў Рыме ў 1929—39 у 36 т. (апошні том — паказальнік); дадатак у 3 т. (5 кнігах) выдадзены ў 1948—61. На змест першых 37 тамоў паўплывала тагачасная ідэалогія Мусаліні. У 2-м і 3-м тамах дадатку пераасэнсаваны асобныя тагачасныя падзеі грамадска-паліт., культ. і навук. жыцця. Змест большасці артыкулаў мае гуманітарны характар, звесткі па прыродазнаўчых навуках і тэхніцы змешчаны пераважна ў дадатку. Артыкулы выдання вызначаюцца вял. аб’ёмам, навуковасцю, наяўнасцю бібліяграфіі. Тэрміны, выкарыстаныя ў тэксце, пададзены з англ., ісп., ням. і франц. эквівалентамі. Выданне багата ілюстравана, маст. рэпрадукцыі, партрэты, геагр. карты і фотаздымкі краявідаў вызначаюцца высокай якасцю. На базе гэтай энцыклапедыі выдадзены меншыя па аб’ёме «Слоўнік энцыклапедычны італьянскі» (1955—63), «Энцыклапедыя Еўропы» (1976—81); перавыдаецца ням. выд-вамі (Бракгаўз, Маер і Гердэр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦКІЯ ГРА́МАТЫ»
(«Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв.»),
зборнік дакументаў па гісторыі Полацкай зямлі, падрыхтаваны Г.Л.Харашкевіч і выдадзены Ін-там гісторыі СССРАНСССР у Маскве (вып. 1—5, 1977—85). Уласна дакументы складаюць вып. 1-ы, 2-і і палову 3-га, у астатніх выпусках змешчаны каментарыі. Надрукавана 325 дакументаў (з іх 110 упершыню) 1263—1513 з архіваў Рыгі, Гётынгена, Гданьска, Варшавы, Масквы, у т. л. з Метрыкі ВКЛ. Большасць дакументаў асвятляе адносіны Полацка з Лівоніяй, Маскоўскай дзяржавай, ВКЛ, меншая частка — унутраную гісторыю Полацка. Дакументы надрукаваны на старабел., нямецкай (22), лацінскай (7), польскай (4) мовах; іншамоўныя тэксты пададзены з паралельным перакладам на рус. мову. Паказальнікі да зборніка выдадзены асобна ў 1989. Зборнік мае вял. значэнне для вывучэння эканам. і сац. становішча сялян, мяшчан, інш. слаёў Полацкай зямлі, развіцця ўнутр. і знешняга гандлю, знешнепаліт. зносін Полацка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУНЬ ВЕСНАХО́ДУ»,
літаратурны альманах. Выдадзены ў 1928 у Вільні на бел. мове арг-цыяй маладых пісьменнікаў і мастакоў Зах. Беларусі «Веснаход». Ідэйна-маст. кірунак апубл. вершаў і апавяданняў супярэчлівы. Побач з эстэцкімі творамі (Я.Бартуль і інш.) змешчаны верш П.Пестрака (псеўд. Звястун) «Над намі віхры выюць», які палемізуе з містыцызмам рамант. паэзіі і натуралістычным бытаапісальніцтвам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭХІ́ЗІС (ад грэч. katēchēsis павучанне, вуснае настаўленне),
1) рэлігійная кніга; выкладанне асноў хрысц. веравучэння ў форме пытанняў і адказаў. Першапачаткова слова «К.» азначала вуснае настаўленне асоб, якія пераходзілі ў хрысціянства, перад прыняццем імі хрышчэння. З 16 ст. К. — кніга, навуч. дапаможнік, мэта якога — агульнае рэліг. навучанне вернікаў. Пачатак такім выданням паклаў М.Лютэр, які ў 1529 надрукаваў «Малы катэхізіс». У 1566 у Ватыкане выдадзены «Рымскі катэхізіс», у якім выкладзена каталіцкая дактрына: сімвал веры, таінствы, дэкалог (10 запаведзей), гал. малітвы. У сярэдзіне 19 ст.правасл. мітрапаліт Філарэт (Драздоў) склаў «Прасторны катэхізіс», які доўгі час быў падручнікам па закону Божаму. На бел. мове ў 1562 выдадзены «Катэхізіс» С.Буднага, у 1783 — Л.Зізанія. Існуе некалькі варыянтаў К. Звычайна яны складаюцца з 3 частак: у 1-й даюцца звесткі пра Бога і царкву, у 2-й — этычныя настаўленні, у 3-й апісаны сродкі атрымання божай міласці.
2) У перан. сэнсе — твор, напісаны ў форме пытанняў і адказаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«А́ФРЫКА»
(«Африка»),
энцыклапедычны 2-томны даведнік, выдадзены ў 1986—87 выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя» (Масква). Адлюстроўвае сац.-эканам. і паліт. жыццё народаў і краін Афрыканскага кантынента, іх геаграфію, гісторыю і культуру. Складаецца з агульнага агляду, алфавітнай слоўнікавай часткі (больш за 3,5 тыс. артыкулаў), дадаткаў і паказальнікаў (імяннога, прадметнага, этнонімаў, аўтараў); каля 2 тыс. ілюстрацый, больш за 200 картаў і схем.
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Скарбнік смаленскі, з 1732 інстыгатар (пракурор) ВКЛ, пісар Трыбунала ВКЛ, пасол на сеймы. З 1750 кашталян брэсцкі, у 1752—63 кашталян смаленскі, староста краснасельскі. Падтрымліваў Чартарыйскіх. Пасля смерці жонкі адмовіўся ад грамадскай дзейнасці, уступіў у ордэн езуітаў. Сабраў для апублікавання важнейшыя пастановы сеймаў Польшчы і Рэчы Паспалітай да сярэдзіны 18 ст. (выдадзены ў 1765 яго сынам Т.Бужынскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́НС (франц. avance),
грашовая сума або маёмасная каштоўнасць, якая выдаецца папярэдне ў лік будучых плацяжоў за прадукцыю, работу ці паслугі. Аванс атрымліваюць работнікі як частку заработнай платы, на камандзіровачныя ці гасп. затраты. Аванс могуць атрымліваць прадпрыемствы, установы, прадпрымальнікі пры заключэнні дагавораў і камерцыйных здзелак (у гэтым выпадку аванс можа пераводзіцца і па безнаяўным разліку). У выпадку невыканання дагавора, паводле якога выдадзены аванс, ён павінен быць вернуты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІТЭ́КТУРА БЕЛАРУ́СІ»,
аднатомны энцыклапедычны даведнік. Падрыхтаваны і выдадзены выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1993. Уключае больш за 1200 артыкулаў пра помнікі стараж. і сучаснага дойлідства, мемарыяльныя збудаванні, адметныя дасягненні горадабудаўнічага мастацтва, архітэктуру жылых і грамадскіх будынкаў, прамысл. і сельскую, палацавую і сядзібна-паркавую, замкавае і абарончае буд-ва, культавае дойлідства, населеныя пункты Беларусі; біягр. артыкулы; слоўнік арх. тэрмінаў. Артыкулы ілюстраваны здымкамі, чарцяжамі, малюнкамі, картамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ПУ ((Lupu) Васіль) (? — 1661),
гаспадар (князь) васальнага Турцыі Малдаўскага княства ў 1634—53. Пры Л. ў г. Ясы адкрыты Славяна-грэка-лацінская акадэмія (1640) і першая малд. друкарня (1641), дзе выдадзены першы друкаваны збор законаў у Малдове «Улажэнне» (1646). У выніку паходаў Б.Хмяльніцкага ў Малдову (1650 і 1652) Л. вымушаны быў заключыць з ім саюз (1652). У 1653 скінуты з прастола Георгіем Стэфанам. Памёр у зняволенні ў Стамбуле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫГС ((Briggs) Генры) (2.1561, Уолівуд, графства Йоркшыр, Вялікабрытанія — 26.1.1630),
англійскі матэматык. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1588). З 1619 праф. Оксфардскага ун-та. Навук. працы па геаметрыі, трыганаметрыі і навігацыі. Склаў і апублікаваў першыя табліцы дзесятковых лагарыфмаў: 8-значныя для лікаў першай тысячы (1617), 14-значныя для лікаў ад 1 да 20 000 і ад 90 000 да 100 000 (1624). У 1633 выдадзены 14-значныя табліцы лагарыфмаў трыганаметрычных функцый, падрыхтаваныя Брыгсам з Г.Гелібрандам.