ПА́ЎЗА (лац. pausa ад грэч. pausis спыненне),

1) у літаратуры, перапынак у гучанні мовы, абумоўлены логікай зместу або рытмам; адзін з элементаў інтанацыі, сродак паэт. выразнасці, рытмастваральны кампанент, асабліва важны ў паэзіі. Вылучаюць П. сэнсавыя (лагічныя), якія цалкам вызначаюцца сінтаксісам, і П. рытмічныя (у вершаванай мове), якія ад сінтаксісу не залежаць, абумоўлены логікай зместу і патрабаваннямі метрычнага рытму. У метрычным вершаскладанні П. можа быць структурным элементам верша і замяняць роўную па даўжыні колькасць складоў; у інш. вершаскладаннях П. з’яўляецца толькі дэкламац. элементам, які падкрэслівае вершападзел, цэзуру і да т.п.

2) У музыцы П. — перапынак у гучанні аднаго, некалькіх ці ўсіх галасоў муз. твора, а таксама знак у нотным пісьме, які абазначае гэты перапынак. У буйных інстр. творах, ансамблях, харах і оперных масавых сцэнах агульны перапынак гучання наз. генеральнай П. У сучасным нотным пісьме выкарыстоўваюцца П.: цэлая, палавінная, чацвяртная, восьмая, 16-я, 32-я, 64-я.

Т.​І.​Шамякіна (у літаратуры).

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ТЫ (ад лац. nota знак, заўвага) у музыцы, 1) умоўныя графічныя знакі, якія разам з дадатковымі абазначэннямі служаць для запісу музыкі паводле т.зв. лінейнай сістэмы (на нотным стане, або натаносцы). Кожная з сістэм натацыі ў мінулым мела свой комплекс Н., якія адрозніваліся асаблівай формай і назвамі (гл. Нотнае пісьмо). У сучаснай натацыі аснова ноты — т.зв. галоўка, круглая, або авальная, заштрыхаваная, т.зв. чорная, і незаштрыхаваная, т.зв. белая (𝅝 — цэлая нота). Ад галоўкі можа адыходзіць штыль — верт. рыса — уверх ад правага яе боку (𝅗𝅥 — палавінная) або ўніз ад левага (<SIGN>). На канцы штыля можа быць флажок, або хвосцік — просты, двайны, трайны (𝅘𝅥𝅮 — восьмая, 𝅘𝅥𝅯 — шаснаццатая, 𝅘𝅥𝅰 — трыццаць другая); канцы штыля замест хвосцікаў могуць злучацца папярочнымі рэбрамі (вязкамі) — адным, двума, трыма і інш. (<SIGN>,<SIGN>). Размяшчэнне галоўкі на нотным стане ў спалучэнні з прастаўленым у яго пачатку ключом абазначае вышыню ноты, тып галоўкі, наяўнасць штыля, наяўнасць і характар хвосціка — яе працягласць. Складовыя назвы Н. дыятанічнага гукарада: до, рэ, мі, фа, соль, ля, сі (адпаведныя лац. абазначэнні — c, d, e, f, g, a, h). Для пазначэння храматычных гукаў (гл. Храматыка) да лац. літар дадаюць склады is — дыез, es — бемоль, напр., до дыез — cis (акрамя гука сі бемоль — лац. b).

2) Аркушы, сшыткі, кнігі з рукапісным або друкаваным запісам муз. твораў.

т. 11, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПТУ́Н,

восьмая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, знак . Адкрыты ў 1846 ням. астраномам І.​Гале паводле тэарэт. прадказанняў У.Ж.Левер’е і Дж.К.Адамса.

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 4504,4 млн. км. Перыяд абарачэння вакол Сонца 164,788 года, вакол восі 16 гадз 6 мін. Экватарыяльны дыяметр 49 528 км. Нахіл экватара да плоскасці арбіты 29°. Маса 1,03∙10​26 кг (17,22 масы Зямлі). сярэдняя шчыльн. 1640 кг/м³. Унутраныя ​2/3 часткі Н. складаюцца з сумесі літага каменю, вады. вадкага аміяку і метану; вонкавая трэць — з сумесі нагрэтых газаў (вадароду, гелію. метану) і пары вады. Састаў атмасферы: метан, вадарод, гелій Нетры Н. вылучаюць вял. колькасць энергіі. Атрымлівае ад Сонца ў 2.5 раза менш энергіі, чым Уран; т-ра атмасферы Н. (каля 214 °C) амаль такая ж, як ва Урана. Адна з гіпотэз існавання ўнутр. крыніц энергіі — эвалюцыйнае сцісканне планеты. Простым вокам Н. не бачны (яго бляск каля 7,8 візуальнай зорнай велічыні). Паглынанне чырвоных прамянёў атмасферным метанам абумоўлівае сіні колер планеты. Мае 8 спадарожнікаў (гл. Спадарожнікі планет). Выяўлена 5 кольцаў на адлегласці ад 41,9 тыс. да 62.9 тыс. км ад цэнтра планеты, якія складаюцца з пылу. Большасць звестак пра Н. атрымана пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр».

Літ.:

Тейфель В.Г. Уран и Нептун — далекие планеты-гиганты. М., 1982;

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

Агульны выгляд планеты Нептун (фотаздымак атрыманы аўтаматычнай міжпланетнай станцыяй «Вояджэр-2»).

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паўтара́ (м. і н. род), паўтары́ (ж. род), ’адзін з палавінай’, ст.-бел. полуторы гривны (1229 г.). Укр. півтора́, рус. полтора́, ст.-рус. полтора, польск. półtora. Паўн.-прасл. роlъ vъtora ’тс’. Да паў- (гл.) і прасл. vъtorъ ’другі’, роднаснага да ст.-інд. vítras ’які вядзе далей’, vitarám ’далей’, авест. vitara‑ ’тс’ (Педэрсан, KZ, 38, 395; Младэнаў, там жа, 44, 371). Аднак Мее (Études, 407; Мікала, BB, 22, 253), Траўтман (10) імкнуліся рэканструяваць прасл. vъtorъ як ступень рэдукцыі да літ. añtras, añtaras, лат. ùotrs ’другі, іншы’, ст.-прус. antars, ст.-інд. ántaras, anyás ’другі’, асец. ændær, гоц. anþar (Фасмер, 1, 364–365). У іншых слав. мовах у другой частцы выступае drugъjь: чэш. půl druhého, славац. poldruha, славен. poldrúgi, серб.-харв. pódrug, рус. полъ друга ’паўтара’ (XVIII ст.). Слова паў- у літар. бел. мове і сучасных бел. гаворках яшчэ актыўна ўдзельнічае ва ўтварэнні іншых лічэбнікаў: паўтраця́ ’два з паловай’, паўтраці́, паўтраціна ’тс’ (ТСБМ, Сцяшк., Яруш., Шат.; швянч., воран., Сл. ПЗБ); паўчварта́ ’тры з палавінай’ (ТСБМ, Сцяшк., Нас., Шат.; гродз., Сл. ПЗБ), ’адна восьмая’ (Касп.); паўпята́ ’чатыры з паловай’ (Сцяшк.); паўшаста́ ’пяць з паловай’ (Сцяшк.; навагр., Сл. ПЗБ); паўсяма́ ’шэсць з паловай’ (лід., Сцяшк. Сл.); паўсядзьма́, поўсядзьма́ ’тс’ (ігн., Сл. ПЗБ). Такія лічэбнікі былі пашыраны і ў ст.-рус. мове: полчета, полчети, полчеть (XVI ст.) ’3½’, полчетверта ’тс’ (XV ст.), полчетвертадесять ’35’, полчетвертанадцата ’13½’ (XV ст.) і інш., а таксама і ў іншых слав. мовах: чэш. půl třetího, půl čtvrta, польск. półpięta, półpiąta, ’4½’, в.-луж. połtřeća ’2½’, połštwórta ’3½’, połpjata ’4½’, połšesta ’5½’, połdwanata ’11½’, połsta ’50’; н.-луж. połtera ’паўтара’, połtśeśa ’2½’, połštworta ’3½’, połpěta ’4½’, połsta ’50’. Ёсць аналагічныя ўтварэнні ў літ. (pusañtro ’паўтара’, pustrẽčio ’2½’, pusketvir̃to ’3½’, pusšẽšto ’5½’, pusseptiñto ’6½’ і лат. (pusótra ’паўтара’, pusótras ’паўтары’, pusʼtreša, pusʼtrešas ’2½’, pusʼčetri ’палавіна чацвёртай’, pusseši ’паўшостай’, pusʼseptiņi ’паўсёмай’. Сюды ж паўтарні́к ’(добры) сорт ільну’ (шум., Сл. ПЗБ), ’паўтарацалёвая дошка’ (там жа), паўтарак ’прадмет паўтарачнага памеру’ (ТСБМ), паўтарачка ’дошка ў 1,5 цалі’, ’бутэлька ў 1,5 л’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ж 1, нескл., н.

1. Восьмая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «жэ». Друкаванае ж. Курсіўнае ж.

2. Звонкі, шыпячы, зацвярдзелы зычны гук. Зацвярдзелае ж. Звонкае ж.

ж 2, (пасля зычных) жа ​1, злучн.

1. супраціўны. Злучае сказы з адносінамі супрацьпастаўлення, супастаўлення і неадпаведнасці. Звычайна ў гакі ясны летні вечар усюды.. гуляюць дзеці, усюды іх смех, крыкі, гоман. У гэты ж вечар дзяцей нідзе не было; і ад гэтага рабілася жудасна. Шамякін. [Маці і каханая] сваімі думкамі праводзілі .. [Рыгора] ў далёкую дарогу, сваімі ж сумненнямі выказвалі баязлівасць, каб гэтыя праводзіны не былі апошнімі. Гартны. Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, — яны ж мне каменні давалі. Багдановіч.

2. далучальны. Ужываецца для далучэння сказаў з паведамленнем дадатковага або тлумачальнага характару. Вепры, дзе жыў Мартын Рыль, былі па дарозе на дзедаву вёску. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетры тры-чатыры. Колас.

ж 3, (пасля зычных) жа ​2, часціца.

1. узмацняльная. Ужываецца для ўзмацнення значэння папярэдняга слова або сэнсу таго, што выказваецца (пытання, сцвярджэння, наказу, ступені інтэнсіўнасці якога‑н. дзеяння або пачуцця і пад.). Ці ж мог пасля ўсяго гэтага Васіль паслухмяна цягнуцца за Чарнушкамі? Мележ. Слаў жа ты, песня, дзень радасны свята. Танк. А коні бягуць — падганяць не трэба — дарога чыстая, дарога слізкая, чаму ж не бегчы. Лынькоў. Нейкі час Васілька стаяў і баяўся зварухнуцца, — надта ж незвычайна было ўсё ў гэтай хаце. Крапіва.

2. Ужываецца пасля займеннікаў і займеннікавых прыслоўяў пры супастаўленні, параўнанні, каб падкрэсліць падабенства, супадзенне, аднолькавасць. Яны і на фабрыку прыйшлі з аднаго і таго ж мястэчка, жылі ў горадзе ў адным доме. Лынькоў. // Ужываецца пасля займеннікаў і займеннікавых прыслоўяў, каб падкрэсліць развіццё, засяроджана дзеі ў адным месцы, часе. На тых жа багнах, дзікіх, сумных, Разлёгся ўшыр тарфяны шчыт. Колас. Як толькі Грамадой пачуў пра гэта, у той жа дзень склікана была сямейная нарада, на якую запрасілі і свата — Андрэя Каржакевіча. Крапіва. // Ужываецца пасля займеннікаў і займеннікавых прыслоўяў, каб падкрэсліць нязменнасць, пастаянства. У шуме любой ракіты, Здавалася мне, напевы Адны і тыя ж гучаць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)