КУНЦЭ́ВІЧ (Іасафат) (у свеце Іван; 1580, г. Уладзімір-Валынскі, Украіна — 12.11.1623),
уніяцкі царкоўны дзеяч. Вывучаў багаслоўе ў семінарыі пры Віленскім Троіцкім манастыры. З 1604 манах, у 1609 пасвячоны ў святара. У 1613—17 настаяцель Быценскага, Жыровіцкага і Віленскага Троіцкага манастыроў. Разам з мітрапалітам Іосіфам Руцкім удзельнічаў у стварэнні ордэна базыльян. У 1618—23 архіепіскап полацкі. Аўтар палемічных твораў у абарону Брэсцкай уніі 1596 на старабел. і польскай мовах. Энергічна распаўсюджваў уніяцтва, у т. л. прымусовымі сродкамі, што выклікала супраціўленне гараджан. Канцлер ВКЛ Л.Сапега ў лісце да К. абвінавачваў яго ў «гвалтоўным уціску чалавечага сумлення». Забіты ў час Віцебскага паўстання 1623. У хуткім часе абвешчаны блажэнным, у 1867 — святым каталіцкай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЖСКІ (Канстанцін Васіль) (1527, г. Тураў — 21.3.1608),
палітычны і культ. дзеяч ВКЛ. Сын Канстанціна і Аляксандры з роду Слуцкіх. З 1550 — староста ўладзімірскі, маршалак валынскі, з 1533 да канца жыцця — кіеўскі ваявода. Буйны землеўладальнік, адзін з найб. уплывовых магнатаў у ВКЛ. На Беларусі валодаў Туравам, Дзятлавам і інш. Выступаў супраць пашырэння каталіцтва на Беларусі і Украіне. Быў цесна звязаны са збеглым рус. князем А.Курбскім. Адзін з ініцыятараў стварэння Віленскай канфедэрацыі 1599. Падтрымліваў правасл. брацтвы, заснаваў школы ў Слуцку, Тураве (1572), Астрожскую школу і Астрожскую друкарню. Удзельнічаў у задушэнні сялянска-казацкіх паўстанняў К.Касінскага, С.Налівайкі.
Літ.:
Костомаров Н.И. К.К.Острожский. // Костомаров Н.И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейшых деятелей. М., 1990. Кн. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНЦЭ́НТЫ КАДЛУ́БАК (Wincenty Kadłubek; 1150?, г. Каргова, Польшча — 8.3.1223),
польскі храніст, дзярж. і рэліг. дзеяч. Паходзіў з асяроддзя сярэдняга рыцарства. Вучыўся ў Кракаве, Зах. Еўропе. Прыдворны капелан і канцылярыст польск. караля Казіміра Справядлівага. У 1207—18 кракаўскі біскуп, потым манах-цыстэрцыянец. Аўтар «Хронікі Польшчы» ад старажытнасці да 1202, якая адлюстроўвае паліт., ваен. і культ. адносіны паміж польск. і ўсх.-слав. княствамі ў 11 — пач. 13 ст. У ёй згадваюцца гарады Берасце, Драгічын над Бугам, Галіч, Перамышль, Уладзімір-Валынскі. Толькі ў творы Вінцэнтыя Кадлубака ёсць звесткі аб падзеях у Берасці ў 1170—80-я г., інфармацыя пра паход і галіцка-валынскіх князёў супраць ятвягаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
на Украіне. Пл. 20,2 тыс.км². Нас. 1077,6 тыс.чал. (1993), гарадскога 48%. Цэнтр — г.Луцк. Найб. гарады: Ковель, Новавалынск, Уладзімір-Валынскі.
Прырода. Паўночная частка Валынскай вобласці (3/4тэр.) размешчана на Палескай нізіне (выш. 140—150 м), паўд.ч. займае паўн.-зах. ўскраіну Валынскага узв. (выш. да 292 м). Карысныя выкапні: каменны вугаль, торф, мел, буд. пяскі, гліны, вапнякі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 650 мм за год. Асн. рэкі: Прыпяць з прытокамі Стыр, Стаход, Тур’я, Выжаўка, па граніцы з Польшчай — Зах. Буг. Найб. азёры — Свіцязь, Пулямецкае, Турскае, Арэхава. Ёсць мінер. крыніцы. Глебы ў паўн.ч. дзярнова-падзолістыя і балотныя, у паўднёвай — ападзоленыя, цёмна-шэрыя і шэрыя чарназёмныя (пераважна ўзараныя). Лясы займаюць каля 34% тэр., пераважаюць хваёвыя бары, бярозавыя гаі; у паўд.ч.вял. масівы дубова-грабавых лясоў. Больш за 10% тэр. пад забалочанымі лугамі і балотамі. Шацкі прыродны нац. парк.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтамабілі, с.-г. машыны, станкі, прылады, эл.-апаратура, абсталяванне для жывёлагадоўчых фермаў і інш.), паліўна-энергет., хім., лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі), лесахім., лёгкая (швейная, тэкст., гарбарна-абутковая, у т. л.вытв-сць штучных скур), харч. (цукр., мясная, плодакансервавая, малочная, масласыраробная) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, жалезабетонныя вырабы). Здабыча вугалю (Львоўска-Валынскі вугальны басейн). Вядучыя галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Авечкагадоўля. Конегадоўля. Сажалкавая рыбагадоўля. Развіты бульбаводства і буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень, грэчка), тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец), кармавыя (кукуруза, сеяныя травы) культуры, агародніну. Садаводства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Кіеў—Ковель—Брэст, Ковель—Луцк—Львоў, Ковель—Люблін (Польшча) і інш., аўтадарогі Кіеў—Луцк, Брэст—Луцк—Дубна, Ковель—Несцераў. Аэрапорт. Суднаходства па р. Стыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЖСКІЯ,
княжацкі род герба «Астрог», прадстаўнікі якога займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, мелі буйныя землеўладанні на Беларусі і Украіне. Паходзілі з пінскіх і тураўскіх князёў. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Даніла (?—?), удзельнік барацьбы феадалаў ВКЛ супраць польскага караля Казіміра III у 1341. Дашка Фёдаравіч (?—1428?), унук Данілы, падтрымліваў Свідрыгайлу ў барацьбе супраць Вітаўта, у 1422 удзельнічаў у паходзе кн. Фёдара Карыбутавіча ў Чэхію на падтрымку гусітаў. Канстанцін, гл.Астрожскі К.І. Ілья (Эліяш; 1510—39), сын Канстанціна і Таццяны з роду Гальшанскіх. На Беларусі меў маёнткі Копысь, Глуск, Гальшаны, Сушу, Палонну з Лемніцай і Смаляны. Канстанцін Васіль, гл.Астрожскі К.В. Януш (1554—1620), сын Канстанціна Васіля, ваявода валынскі з 1585, апошні з роду Астрожскіх па мужчынскай лініі. Пасля яго смерці маёнткі перайшлі да Заслаўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЧЭ́ЎСКІ Іван Іванавіч [4.10.1800, Магілёўская губ. (паводле інш. звестак Чарнігаўская губ.) — 21.1.1869], удзельнік руху дзекабрыстаў. Па маці звязаны сваяцтвам з Г.Каніскім. Выхоўваўся ў Дваранскім палку ў Пецярбургу. З 1820 служыў у 8-й артыл. брыгадзе ў г. Наваград-Валынскі (цяпер Жытомірская вобл. Украіны). У 1823 уступіў у Т-ва з’яднаных славян. Сааўтар новага статута і праекта рэарганізацыі т-ва (1824—25). Вёў агітацыю сярод салдат і афіцэраў 8-й артыл. брыгады. У час паўстання Чарнігаўскага пях. палка (29.12.1825—3.1.1826) спрабаваў узняць суседнія вайск. часці. 20.1.1826 арыштаваны, накіраваны ў Пецярбург. Прыгавораны да смяротнага пакарання. Па царскай канфірмацыі пазбаўлены дваранства і высланы ў Сібір на катаржныя работы. Пасля сканчэння тэрміну катаргі (1839) жыў на пасяленні ў г. Пятроўскі Завод (зараз Пятроўск Забайкальскі Чыцінскай вобл., Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІЦІ́НСКІ (Вячаслаў Антонавіч) (25.11.1920, в. Зялёны Востраў Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1995),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскі ун-т (1950). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах. фронце. З кастр. 1941 чл. Наваград-Валынскай падп. арг-цыі, з чэрв. 1942 у 1-м Валынскім партыз. атрадзе, камандзір дыверсійнай групы. З мая 1943 камандзір дыверсійнага атрада, які дзейнічаў на Украіне і ў Брэсцкай вобл. 27.6.1944 атрад высаджаны дэсантам у Львоўскай вобл., здзейсніў рэйд у Польшчу, з вер. 1944 у Чэхаславакіі. Атрад, ператвораны ў Асобую партыз. брыгаду імя К.Готвальда, удзельнічаў у Славацкім нац. паўстанні 1944. Ганаровы грамадзянін г. Наваград-Валынскі (Украіна) і Бардзеёў (Славакія). Аўтар кніг успамінаў «Фронт без тылу» (1971), «Партызанскія Татры» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЕ КНЯ́СТВА, Новагародскае княства,
удзельнае княства ў Панямонні ў 13—14 ст. Цэнтр — Навагрудак (Новагародак). Новагародскі кн.Ізяслаў упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1237 (1236?), калі галіцка-валынскікн.Даніла Раманавіч «наведе... Литву Миндога Изяслава Новогородьского» на кн. Конрада Мазавецкага. На падставе гэтага запісу лічыцца, што побач з Міндоўгам у барацьбе з мазавецкім князем удзельнічаў і Ізяслаў, які быў у саюзных або васальных адносінах з Данілам Раманавічам. Пазней Н.к. ўваходзіла ў склад уладанняў М шдоўга, Рамана Данілавіча, Войшалка, у 1-й пал. 14 ст. — удзел сына Гедзіміна Карыята (разам са Слонімам і Мсцібавам). Нейкі ўдзел меў у Н.к. сын Карыята Фёдар. У канцы 14 ст.вял.кн. Вітаўт зняволіў, а пасля выгнаў Фёдара з ВКЛ. З гэтага часу Н.к. канчаткова перайшло да велікакняжацкага дамена, у Навагрудку сядзелі намеснікі вял. князёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́Н МСЦІСЛА́ВІЧ (пасля 1160—19.6.1205),
першы галіцка-валынскі князь [1199—1205]. Сын уладзіміра-валынскага і кіеўскага князя Мсціслава Ізяславіча і Агнесы, дачкі польскага князя Баляслава III. Бацька Данілы Раманавіча. У 1168—70 кн. наўгародскі. Пасля смерці бацькі з 1170 кн. Уладзіміра-Валынскага княства (уключала бел.Берасцейскую зямлю). У 1199 авалодаў таксама прастолам суседняга Галіцкага княства, у выніку чаго пад яго ўладай утварылася адзінае Галіцка-Валынскае княства. У 1202—03 падпарадкаваў сабе Кіеўскае княства і стаў наймацнейшым князем Паўд.-Зах. Русі. Ваяваў з полаўцамі, летапіснай Літвой і яцвягамі. Адмовіўся ад прапановы рым. папы Інакенція III, які абяцаў яму каралеўскую карону пры ўмове прыняцця каталіцтва. Забіты ў час міжусобнай вайны ў Польшчы, дзе падтрымліваў кн. Лешку.
Да арт.Раман Мсціславіч. М.В.Неўраў. Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III. 1875. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАВІЦІ́НАВІЧЫ, Багавіціны,
шляхецкі род герба «Корчак» у ВКЛ. Найб. вядомыя:
Багавіцін (?—?), заснавальнік роду. Упершыню згадваецца ў 1431 сярод прыхільнікаў вял. князя ВКЛ Свідрыгайлы, магчыма, служыў яму і ў 1440-я г. Меў сыноў Льва, Богуша і Пятра.
Леў (?—?), сын Багавіціна, пісар каралеўскі (1481), ключнік берасцейскі (1487), чашнік літоўскі (1501), намеснік крамянецкі (1502). Галіна Льва скончылася на яго сынах Івану, Багдану і Багавіціну ў 1520-я г.
Богуш (?—?), сын Багавіціна, пісар каралеўскі (1500). Меў сыноў Богуша, Міхала, Воіна, Яна.
Богуш Міхал (?—1503), сын Богуша, пісар літоўскі (1508), намеснік жыжморскі, слонімскі і крамянецкі, маршалак літоўскі (1511), падскарбі земскі (1520).
Ян (?—1551), сын Богуша, староста карнялаўскі (1527), драгіцкі (1542), крамянецкі (1548), маршалак каралеўскі (1546). У дакументах 16 ст. згадваецца каля 20 прадстаўнікоў роду Багавіцінавічаў, якія займалі розныя павятовыя пасады ў Берасцейскім і Валынскім ваяводствах, у т. л. Вацлаў, пасол соймавы (1589), Андрэй, стольнік валынскі (1596), Міхаіл, маршалак берасцейскі і інш.