вадака́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Спецыяльнае збудаванне для помпаў, якія перапампоўваюць ваду з вадаёмаў да месца яе выкарыстання. Вежа вадакачкі. □ Борзда адыходзіла назад станцыя з высокаю вадакачкаю, закрываючыся свежаю зеленню раслін. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПРАЛІ́Ў,

адносна вузкая водная прастора, якая раздзяляе якія-небудзь участкі сушы і злучае сумежныя водныя басейны або іх часткі. Звычайна П. мае свой асобны гідралагічны рэжым, які залежыць ад рэжыму злучаных ім вадаёмаў або частак вадаёмаў, даўжыні, шырыні і глыбіні П. Макс. памеры: даўж. 1760 км (Мазамбікскі П. паміж Афрыкай і в-вам Мадагаскар), шыр. да 1120 км (П. Дрэйка, паміж архіпелагам Вогненная Зямля і Паўд. Шэтландскімі а-вамі, злучае Атл. ак. з Ціхім).

т. 12, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗОАПЛАНКТО́Н (ад зоа... + планктон),

сукупнасць жывёл, якія жывуць у тоўшчы вады марскіх і прэсных вадаёмаў і пераносяцца цячэннямі; састаўная ч. планктону.

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

раго́з, ‑у, м.

Травяністая расліна сямейства рагозавых з тоўстым моцным чорна-белым катахом на высокім сцябле, якая расце па берагах вадаёмаў. Па баках, каля берагоў, раслі ў вадзе гарлачыкі, рагоз і асака, але сярэдзіна возера была чыстая. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГІДРАФІ́ТЫ [ад гідра... + ...фіт(ы)],

водныя расліны, прымацаваныя да грунту вадаёма і паглыбленыя ў ваду, часта з плаваючым на паверхні лісцем і суквеццямі над вадой (урэчнік, гарлачык і інш.). Як жыццёвая форма гідрафіты адносяцца да крыптафітаў. Растуць па берагах вадаёмаў, па мелкаводдзях, на балотах і забалочаных лугах (т.зв. гелафіты). Адаптаваныя да утылізацыі пажыўных (біягенных) рэчываў, раствораных у водным асяроддзі. У адрозненне ад гідатафітаў іх каранёвая сістэма, мех. тканкі і сасуды, якія праводзяць ваду, добра развітыя. Абагачаюць ваду кіслародам, удзельнічаюць у працэсах самаачышчэння вадаёмаў, з’яўляюцца кормам для жывёл-фітафагаў. Многія гідрафіты — торфаўтваральнікі. Гл. таксама Водныя расліны.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАБА́ТЫ (ад іза... + грэч. bathos глыбіня),

лініі на геаграфічных, батыметрычных і інш. картах, якія праходзяць па кропках з аднолькавымі значэннямі глыбінь вадаёмаў. Адлюстроўваюць падводны рэльеф.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛАГІЯ́ЛЬ (ад грэч. pelagos мора),

пелагічная вобласць, тоўшча вады акіянаў, мораў і азёр як асяроддзе жыцця планктону, нектону і плейстону. Супрацьпастаўляецца бенталі (дну вадаёмаў), населенай бентасам.

т. 12, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗОАМЕЛІЯРА́ЦЫЯ (ад зоа... + меліярацыя),

паляпшэнне прыродных і антрапагенных аб’ектаў шляхам выкарыстання абарыгенных або інтрадукаваных відаў жывёл. Выкарыстоўваецца для барацьбы з зарастаннем каналаў і вадаёмаў-ахаладжальнікаў ЦЭЦ, паляпшэння гідрахім. рэжыму і памяншэння колькасці малакаштоўных відаў рыб у сажалках, знішчэння хваробатворных насякомых, шкоднікаў сельскай, лясной гаспадаркі і інш.

На Беларусі З. выкарыстоўваецца для знішчэння джгіроў, колюшкі, вярхоўкі, шчыпоўкі і інш. рыб, якія засмечваюць сажалкі (напр., сумесна з карпам вырошчваюць шчупакоў, судакоў і інш. драпежных рыб); для барацьбы з зарастаннем вадаёмаў разводзяць белага амура, таўсталобікаў, выкарыстоўваюць пушных драпежнікаў і малюскаў; на тарфяніках, што асушваюць, — беспазваночных жывёл-глебаўтваральнікаў (напр., дажджавых чарвей).

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПРО́БНАСЦЬ,

здольнасць арганізмаў (сапрабіёнтаў) жыць у забруджаных арган. рэчывамі водах. Паняцце «С.» сфармулявана заснавальнікамі сан. гідрабіялогіі ў Расіі Я.​Я.​Нікіцінскім, Г.​І.​Далговым. Вылучаюць воды полісапробныя (воды, якімі запаўняюць сажалкі біял. ачысткі і палі фільтрацыі), мезасапробныя (воды большасці рэк, у якія скідваюцца сцёкі гарадоў і прамысл. аб’ектаў) і алігасапробныя (воды незабруджаных вадаёмаў). Размеркаванне пэўных відаў раслін і жывёл у залежнасці ад ступені С. вады дазваляе выкарыстоўваць іх як біялагічны індыкатар ступені забруджвання вады арган. рэчывамі. У сувязі з інтэнсіўным забруджваннем вод ужываюць больш шырокае паняцце — таксафобнасць. Павелічэнне С. спрыяе эўтрафікацыі вадаёмаў (інтэнсіўнаму развіццю воднай расліннасці).

т. 14, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дра́га, ‑і, ДМ дразе, ж.

1. Плывучая землечарпальная машына, прызначаная для распрацоўкі россыпных залежаў карысных выкапняў (золата, плаціны, волава і інш.), а таксама для паглыблення дна рэк, азёр і пад.

2. Прылада для здабывання жывёл і раслін, якія жывуць на дне вадаёмаў.

[Фр. drague.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)