ФА́ЦЫЯ (ад лац. facies выгляд),
1) у геалогіі — фізіка-геаграфічныя ўмовы намнажэння асадкавай пароды; пласт або некалькі пластоў з аднолькавымі літалагічнымі прыкметамі і аднолькавымі арган. рэшткамі. Тэрмін увёў швейц. геолаг А.Грэслі (1838). Адрозніваюць Ф. марскую, лагунную, азёрную, рэчышчавую, старычную і інш. Таксама Ф. наз. інш. тыпы парод, якія адрозніваюцца паводле саставу, але адпавядаюць пэўным умовам утварэння (Ф. метамарфізму, вывергнутых парод, жыльных утварэнняў і інш.). Ф. метамарфізму (увёў фін. геолаг П.Эскола; 1939) адлюстроўвае вобласць тэрмадынамічнай устойлівасці метамарфічных парод і наз. паводле тыповых яе прадстаўнікоў (Ф. зялёных сланцаў, амфібалітаў, гліністых сланцаў і інш.). Геахімічная Ф. (увёў Л.В.Пуставалаў; 1933), выкапнёвая геахім. Ф., што паказвае геахім. асаблівасці асяроддзя асадкаўтварэння і дыягенезу парод пласта.
2) У экалогіі — найменшая фітацэнатычная адзінка расл. згуртавання, у якой пераважае пэўны від; аб’яднанне падобных біяцэнозаў.
3) У ландшафтазнаўстве (геатоп) — найпрасцейшы прыродны тэрытарыяльны комплекс, дзе захоўваецца адзін літалагічны склад мацярынскай пароды, глебы, тып рэльефу, характар мікраклімату, увільгатнення, інсаляцыі і адзін біяцэноз; найменшая марфалагічная адзінка ландшафту геаграфічнага, структурная частка ўрочышча. Варыянты Ф. абумоўлены натур. прыроднымі адрозненнямі, а таксама дзейнасцю чалавека — высечка лясоў, меліярацыя, разворванне зямель і інш.
т. 16, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ ў біялогіі,
уласцівасць біялагічных сістэм аўтаматычна ўстанаўліваць і падтрымліваць на пэўным, адносна пастаянным, узроўні біял. (фізіял.) паказчыкі. Да сістэм, што самарэгулююцца, адносяцца тыя, у якіх параметры, што рэгулююцца, канстантныя, а вынікі — стэрэатыпныя (напр., стэрэатыпныя, таму «бессэнсоўныя» ў некат. умовах паводзіны насякомага), таксама адаптыўныя сістэмы, што саманастройваюцца, саманавучаюцца і аўтаматычна прыстасоўваюцца да змен навакольнага асяроддзя. Пры С. кіруючыя фактары фарміруюцца ў самой сістэме, а не ўздзейнічаюць на яе звонку. Механізмы С. разнастайныя. Напр., рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі на малекулярным узроўні — ферментатыўныя рэакцыі, у якіх канчатковы прадукт уплывае на актыўнасць ферменту; на клетачным узроўні — самазборка клетачных арганел з біял. макрамалекул, на надклетачным — самаарганізацыя разнародных клетак ва ўпарадкаваныя клетачныя асацыяцыі. Большасць органаў здольныя да ўнутрыарганнай С. функцый. Напр., унутрысардэчныя рэфлекторныя дугі забяспечваюць заканамерныя суадносіны ціску ў поласцях сэрца. На арганізмавым узроўні С. забяспечвае і падтрымлівае пэўныя паказчыкі ўнутр. асяроддзя (гамеастаз): т-ру, крывяны і асматычны ціск, узровень цукру ў крыві. Відавы (папуляцыя) і надвідавы (біяцэноз) узроўні С. — старэнне і смерць біял. асобін, суадносіны полаў, рэгуляцыя колькасці папуляцый і інш.
Літ.:
Общая физиология нервной системы.
Л., 1979; Пальцев М.А., Иванов А.А. Межклеточные взаимодействия. М., 1995.
С.С.Ермакова.
т. 14, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)