перабо́льшанне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. перабольшыць.

2. Тое, чаму надаецца перабольшанае значэнне; што‑н. перабольшанае. Не баючыся перабольшанняў, можна ўпэўнена сказаць, што ў беларускай літаратуры Крапіва-сатырык займае выключнае месца. Бугаёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛО́БАН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 27.10.1911, в. Чаплічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 28.12.1984),

бел. пісьменнік, мовазнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Канд. філал. н. (1953). Скончыў БДУ (1945). У 1944—67 і 1968—75 працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1967—68 у Гал. рэдакцыі Бел. энцыклапедыі. Друкаваўся з 1930. Першая кніга — аповесць «Іркуцянка» (1953). У трылогіі «На парозе будучыні» (1961—63), «Гарадок Устронь» (1967—68), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пач. 20 ст. (рэвалюцыя, грамадз. вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вял. Айч. вайну). У творы паказана вясковае жыццё ў яго разнастайных, асабліва сац.-быт. праявах, перададзены складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі часу, створана разгалінаванае, напоўненае ўнутр. драматызмам сюжэтнае дзеянне, трапна выкарыстаны жывая нар. мова, экспрэсіўна-выяўленчыя магчымасці дыялектнага слова, стрыманы, лаканічна-дзелавы стыль. Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці (зб. «Пяць раніц тыдня», 1984; Літ. прэмія імя І.​Мележа 1985). Адзін з укладальнікаў «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.​Р.​Суднікам, 1948, 5-е выд. 1982), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Кіраваў працай па стварэнні «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84; рэдактар т. 1). На бел. мову пераклаў (з Э.​Агняцвет) «У людзях» М.​Горкага і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—3. Мн., 1986.

Літ.:

Бугаёў Дз. На арбіце часу. Мн., 1974;

Яго ж. Талент і праца. Мн., 1979;

Яго ж. Шматграннасць. Мн., 1970;

Вітка В. Урокі. Мн., 1982;

Дзюбайла П. У вялікай дарозе. Мн., 1981;

Куляшоў Ф. Эцюды аб прозе. Мн., 1964;

Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981.

Дз.​Я.​Бугаёў.

М.Лобан.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

супрацо́ўнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Займацца якой‑н. дзейнасцю, працаваць сумесна з кім‑н. Беларускія буржуазныя нацыяналісты актыўна супрацоўнічалі з акупантамі. Гіст. бел. сав. літ.

2. Быць супрацоўнікам якой‑н. установы або органа друку. [Максім Танк] .. стала супрацоцнічаў у абласных газетах. Бугаёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экстравага́нтны, ‑ая, ‑ае.

Які звяртае на сябе ўвагу сваёй незвычайнасцю, своеасаблівасцю, які разыходзіцца з агульнапрынятымі звычаямі, нормамі. [М. Танку] ў свой час падабаліся некаторыя творы «маладнякоўцаў», у тым ліку асобныя вершы А. Александровіча, нават тыя, у якіх экстравагантны паэт ішоў «з сонцам на нажы». Бугаёў.

[Фр. extravagant.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інтэліге́нтнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць інтэлігентнага (у 2, 3 знач.). Сапраўдная інтэлігентнасць у яе лепшым разуменне, высокая культура ў вялікай ступені ўласцівы Шэмету як кіраўніку. Бугаёў. // Далікатнасць у абыходжанні. [Іра] рашуча адхіліла маё замілаванне і зноў сказала: — Ты, як той мядзведзь. Няма ў цябе інтэлігентнасці. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фрагмента́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з фрагментаў, з’яўляецца фрагментам чаго‑н. Цікавы ўчастак гістарычнага гарадскога асяроддзя — фрагментарная забудова вул. Замкавай. «Помнікі». [Гістарычная праўда] ў значнай меры абумоўлівае ўнутранае адзінства, на першы погляд, разнапланавага і нават, здавалася б, фрагментарнага твора. Бугаёў.

2. перан. Адрывачны, няпоўны. Фрагментарная манера пісьма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БУРА́ЎКІН (Генадзь Мікалаевіч) (н. 28.8.1936, в. Тродавічы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у прэсе, на радыё. З 1968 карэспандэнт газ. «Правда» па БССР, з 1972 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1978 старшыня Дзярж. к-та БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1990—94 пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН. Мае ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1994—95 нам. міністра культуры і друку Беларусі. З 1995 у час. «Вожык». Друкуецца з 1952. У зб-ках «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасці» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1980), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), «Узмах крыла» (1995) і інш. раскрыў біяграфію пакалення, якое прайшло праз пакуты вайны, аднаўляла разбураны край, змагалася за справядлівасць, кахала. Паэзіі Бураўкіна характэрна арганічная сувязь з роднай зямлёй і гісторыяй, любоў да чалавека, роздум над жыццём, грамадз. тэмперамент, высокая духоўнасць, публіцыстычнасць, усведамленне адказнасці за слова. Лірыка яго задушэўная, адкрытая, споведная. Аўтар са з’едлівай іроніяй выступае супраць мяшчанства, бездухоўнасці, раўнадушша. Творы Бураўкіна вылучаюцца маштабнасцю вобразаў, дакладнасцю, прасветленасцю радка, гнуткасцю і мілагучнасцю слова. Аўтар дакумент. аповесці «Тры старонкі з легенды» (1971), кн. для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Апаленая памяць» (1975), «Падарожжа па Беларусі» (1976), адзін з аўтараў (з Ф.​Коневым і У.​Халіпам) сцэнарыя 2-серыйнага фільма «Полымя» (1974). Творы Бураўкіна пакладзены на музыку бел. кампазітарамі. Перакладае на бел. мову творы рус., укр. (зб. Б.​Алейніка «Заклінанне агню», 1979), балг. і інш. паэтаў. У 1980—90 дэп. Вярх. Савета Беларусі. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1986;

Сінія арэлі. Мн., 1987.

Літ.:

Барсток М. Руплівы поўдзень: Нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна. Мн., 1984;

Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С. 120—125;

Бугаёў Д. Дыханне паэзіі // Бугаёў Д. Шматграннасць. Мн., 1970;

Гніламёдаў У. Споведзь пакалення (Генадзь Бураўкін) // Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976;

Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982. С. 149—165;

Барадулін Р. Парастак радка, галінка верша. Мн., 1987. С. 286—299, Панчанка П. Высокі бераг. Мн., 1993. С. 182—188.

І.​У.​Саламевіч.

Г.М.Бураўкін.

т. 3, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЦІ́НСКІ (Анатоль Ільіч) (н. 18.11.1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у прэсе. У 1975—82 сакратар праўлення СП Беларусі, у 1986—90 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». У 1990—96 дэп. Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1951. Першы зб. паэзіі «Песня пра хлеб» (1962). Тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях — у аснове кніг «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Творам Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Найб. значныя творы — ліраэпічныя паэмы «Заазер’е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваен. бел. вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філас. паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979, тэлеспектакль 1980). Аўтар п’ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (паст. 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (паст. 1975), «Гефест — друг Праметэя» (паст. 1984), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў (зб. «Высокае неба ідэалу», 1980, «Нью-Йоркская сірэна», 1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рус., укр., літ., лат., балт., польск., венгерскай паэзіі, п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.​Себасцьяна «Безыменная зорка», В.​Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам».

Тв.:

Выбранае. Мн., 1973;

Святло зямное. Мн., 1981;

Дзякуй, вялікі дзякуй!: П’есы. Мн., 1983;

Хлопчык глядзіць... Мн., 1992.

Літ.:

Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 91—102;

Сямёнава А. Высокае неба // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Бугаёў Дз. Споведзь даверлівая і шчырая // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;

Лойка А. Пераадоленне // Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Арочка М. Усе чатыры вятры паэзіі // Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 129—131, 134—136, 161—167;

Бечык В. На аснове чалавечай роднасці... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Гніламёдаў У. Вершы мае — пісьмы // Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

М.​І.​Мішчанчук.

А.І.Вярцінскі.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

публі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адбываецца ў прысутнасці публікі, людзей; адкрыты. Публічная лекцыя. □ Паэт [Максім Танк] перакладаў вершы Пушкіна на беларускую мову яшчэ ў давераснёўскі перыяд, выступаў з іх публічным чытаннем. Бугаёў.

2. Прызначаны для шырокага кола людзей, грамадства, для грамадскага карыстання. Публічная бібліятэка. Публічная выстаўка.

•••

Публічны дом гл. дом.

[Ад лац. publicus — грамадскі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяча́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тое, што і пячаць; невялікая пячаць. І гэты корч набыў цяпер новае значэнне: гэта быў не проста выварат, а як быццам лорд-ахоўнік дзяржаўнай пячаткі, як гэта заведзена ў Англіі. Колас. На ўсім яшчэ ляжыць вельмі прыкметная жахлівая пячатка вайны. Бугаёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)