арбалі́т
(ад лац. arbor = дрэва + -літ)
разнавіднасць лёгкага бетону, што ўяўляе сабой сумесь цэменту, драўняных адходаў і вады.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВАКУУМАВА́ННЕ бетону, выдаленне (адсмоктванне) залішняй вады з укладзенай у апалубку бетоннай сумесі. Ажыццяўляецца з дапамогай шчытоў (маюць т.зв. вакуум-поласці), якімі ўкрываюць забетанаваную канструкцыю. У выніку разрэджвання, якое ствараецца ў вакуум-поласці вакуумнай помпай, шчыты прыціскаюцца да паверхні бетону і з яго адсмоктваецца вада. Павышае трываласць і марозаўстойлівасць бетону, зніжае патрэбу ў цэменце. Вакуумаванне сталі — апрацоўка сталі вакуумам перад разліўкай. Робіцца ў каўшах, спец. камерах, інш. прыстасаваннях у працэсе вакуумна-дугавога пераплаву, вакуумнай плаўкі і інш. Садзейнічае выдаленню са сталі шкодных газаў, лятучых прымесяў і неметал. уключэнняў, яе раскісленню, атрыманню высакаякасных сталяў. Вакуумаванне матэрыялаў (вадкіх і паўвадкіх) робіцца з мэтай выдалення газавых прымесяў, што паляпшае іх тэхнал. і эксплуатацыйныя ўласцівасці. Вакуумуюць керамічныя і ферытавыя шлікеры перад ліццём або прасаваннем з іх вырабаў, кампаўнды перад прапіткай, электраліты і інш. Вакуумаванне вядзецца ў герметычнай пасудзіне (баку), з перамешваннем матэрыялу, часам з падагрэвам. Вакуумаванне пашырана таксама ў тэхнал. працэсах хім., фармацэўтычнай і харч. прам-сці.
т. 3, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБО́РНА-МАНАЛІ́ТНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя канструкцыі, паасобныя элементы якіх, загадзя зробленыя на заводах і палігонах, злучаюць (маналіцяць) у адно цэлае на месцы буд-ва з дапамогай маналітнага бетону. Гл. Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, Зборныя канструкцыі.
т. 7, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГКІ БЕТО́Н,
від бетону, сярэдняя шчыльнасць якога ў сухім стане 500—1800 кг/м³. Атрымліваюць на цэментным і інш. відах вяжучых рэчываў і іх сумесяў (цэментна-вапнавым, сіліконавым, гіпсавым, палімерным).
У залежнасці ад запаўняльніка адрозніваюць аглапарытабетон, вермікулітабетон, керамзітабетон, перлітабетон, туфабетон, шлакабетон і інш. Малая шчыльнасць Л.б. дасягаецца таксама стварэннем штучнай порыстасці вяжучага цеста (ячэісты бетон), выключэннем з саставу бетону пяску (буйнапорысты бетон). Выкарыстоўваецца ў асн. у агараджальных канструкцыях будынкаў і збудаванняў. Асабліва лёгкія бетоны шчыльнасцю да 500 кг/м³ (ячэістыя — газабетон, пенабетон і некаторыя найб. лёгкія буйнапорыстыя) выкарыстоўваюць як цеплаізаляцыйны матэрыял.
І.І.Леановіч.
т. 9, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тэрмазітабето́н
(ад тэрмазіт + бетон)
разнавіднасць лёгкага бетону, у якім запаўняльнікам з’яўляецца тэрмазіт, выкарыстоўваецца для вырабу панэляў, блокаў і перакрыццяў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БЕТО́ННЫЯ РАБО́ТЫ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў па бетанаванні маналітных бетонных і жалезабетонных канструкцый і збудаванняў. Уключаюць падрыхтоўку бетоннай сумесі, яе транспартаванне на буд. пляцоўку, укладку (звычайна ў апалубку), ушчыльненне, нагляд за бетонам пры яго цвярдзенні, кантроль якасці бетанавання.
Рыхтуюць бетонную сумесь на спец. устаноўках ці бетонных з-дах з дапамогай бетоназмяшальнікаў і дастаўляюць да месцаў укладкі спец. бетанавозамі, аўтамабілямі-самазваламі, канвеерным, помпавым і кранавым транспартам. Укладваюць сумесь у блокі бетанавання і разраўноўваюць пры дапамозе бетонаўкладчыкаў, бетанапомпаў, эстакад (з праходжаннем сумесі па вібраправодах), стужачных транспарцёраў, пнеўманагнятальнікаў, латакоў, вібражалабоў, вібрахобатаў і інш. Ушчыльняюць сумесь вібрыраваннем (гл. Вібраўшчыльненне бетону), цэнтрыфугаваннем, прасаваннем, вакуумаваннем. Выкарыстоўваюць таксама метад таркрэт-бетону, пры якім па адным гнуткім шлангу сціснутым паветрам падаюцца сухія кампаненты сумесі, а па другім — вада пад ціскам; бетонная сумесь са змяшальніка выкідваецца на паверхню, паслойна накладваецца і ўшчыльняецца пад напорам струменя. У пачатку цвярдзення бетону яго засцерагаюць ад мех. пашкоджанняў і страсенняў, падтрымліваюць неабходны тэмпературна-вільготнасны рэжым. Пры выкананні бетонных работ зімой выкарыстоўваюць супрацьмарозныя дабаўкі, падаграюць сумесь (пры прыгатаванні ці перад укладкай) і ўкладзены бетон.
т. 3, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЯ́СЫ,
балясіны, невысокія фігурныя слупкі, якія падтрымліваюць поручні агароджы балкона, усходаў, парапета і інш., элемент балюстрады. Вырабляюць з дрэва, бетону, металу. Бываюць плоскія, круглыя ці гранёныя ў сячэнні. Складаюцца з базы, ствала грушападобнай, прызматычнай, вазона- або келіхападобнай формы, нярэдка завяршаюцца плінтам.
т. 2, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫК у будаўніцтве, прамежкавая апора моста або гідратэхн. збудавання. Успрымае нагрузкі ў асноўным ад пралётных збудаванняў (у мастах) і ад ціску вады (у гідратэхн. збудаваннях). На рэках робяць абцякальнай у плане формы, верхнюю ч. іх прыкрываюць ледарэзамі. Будуюць быкі з бетону, жалезабетону, каменю (для часовых мастоў — з дрэва).
т. 3, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКГА́УЗ (ням. Blockhaus),
абароннае збудаванне для вядзення кругавога кулямётнага, часам і артыл. агню. У 1-ю і 2-ю сусв. войны выкарыстоўваліся для прыкрыцця мастоў, горных праходаў і інш., а таксама ў сістэме даўгачасных умацаванняў. Сцены і пакрыцці рабілі з дрэва, бетону і інш., меў жылыя памяшканні для гарнізона.
т. 3, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
вермікулітабето́н
(ад вермікуліт + бетон)
разнавіднасць лёгкага бетону, у якім напаўняльнікам з’яўляецца ўспучаны вермікуліт, выкарыстоўваецца як цепла і гукаізаляцыйны матэрыял у панэлях і перакрыццях будынкаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)