Арыента́льны. З 1599 (Жураўскі, Працы IM, 7, 214; Гіст. лекс., 113) з лац. orientalis ’тс’ ад Oriens усход’. Сучаснае літаратурнае беларускае слова, магчыма, паўторна запазычана праз рус. ориентальный, дзе з 1705 орьентальный праз польскую (Фасмер, 3, 152). Параўн. арыгінал, арыентацыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СКРЭ́БЛА,

каменная прылада працы, якая служыла для апрацоўкі скур і вырабаў з дрэва. Былі пашыраны ў палеаліце, асабліва ў эпоху мусцье. С. выраблялі пераважна з масіўных авальных, падпрамавугольных і няправільных абрысаў адшчэпаў ці пласцін; арыентацыя лёзаў падоўжаная ці папярочная. Вылучаюцца адзінарныя і двайныя тыпы С. На Беларусі найб. стараж. С. знойдзены ў Абідавічах, Клеявічах і Свяцілавічах.

т. 14, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДАРАНА́ІКЕ Сірымава (н. 17.4.1916, Балангода, Шры-Ланка),

палітычны і дзярж. дзеяч Цэйлона (Шры-Ланкі). З 1960 старшыня Цэйлонскай партыі свабоды. У 1960—65 і 1970—77 прэм’ер-міністр Цэйлона. Працягвала паліт. і эканам. рэформы свайго мужа С.Бандаранаіке. Сацыялістычная арыентацыя яе ўрада прывяла да паглыблення эканам. цяжкасцяў, а абмежаванне дэмакр. свабод — да паражэння на выбарах 1977. У 1980—88 была пазбаўлена грамадз. правоў за карупцыю і злоўжыванне ўладай.

т. 2, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

арыенці́р, ‑а, м.

1. Указальнік, указальная прылада для арыентацыі. Светлавы арыенцір.

2. Асобны прадмет на мясцовасці, з дапамогай якога лёгка разабрацца, арыентавацца.

3. перан. Кірунак дзейнасці, мэта, устаноўка, арыентацыя. Выбраць надзейны арыенцір. □ Лепшыя ўзоры вуснай народнай творчасці служылі арыенцірам для перадавых беларускіх пісьменнікаў, указваючы ім шлях да сапраўднай народнасці і рэалізму. Ларчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

«КАЗА́НЕ РУ́СКЕ СХІЗМАТЫ́ЧНЭ»,

ананімны бел. празаічны твор сярэдзіны 18 ст. Адкрыты ў 1974. Створаны, відаць, у Віцебску, стылізаваны пад праваслаўную («схізматычную» — раскольніцкую) пропаведзь. У ім выявілася антыпольская арыентацыя аўтара, які ўслаўляў дзейнасць Пятра I. Асуджалася крывадушнасць мясц. феадалаў (асабліва прыгонніцы А.​Скарынкавай), якія сваю амаральнасць прыкрывалі маскай набожнасці. Напісана лацінкаю, уключае шмат лац. слоў і павучанняў, рус. лексіку. Рукапіс зберагаецца ў б-цы АН Літвы.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁБІУСА ЛІСТ,

найпрасцейшая з аднабаковых паверхняў. З’яўляецца неарыентаванай паверхняй (гл. Арыентацыя ў матэматыцы). Можна атрымаць з прамавугольніка ABCD склейваннем паміж сабой старон AB і CD так, каб сумясціліся процілеглыя (па дыяганалі) вяршыні прамавугольніка. Мяжой М.л. з’яўляецца адна замкнутая крывая і таму, калі яго разрэзаць уздоўж сярэдняй лініі, ён не распадаецца, а ператвараецца ў двойчы перакручанае цыліндрычнае кальцо. Разглядаўся незалежна ням. матэматыкамі А.Ф.Мёбіусам і І.​Лістынгам.

Да арт. Мёбіуса ліст: а — зыходны прамавугольнік; б — ліст Мёбіуса.

т. 10, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРЫ́ ЗАКО́Н,

тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці χ некаторых парамагнетыкаў. Мае выгляд χ = C/T, дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры). Адкрыты ў 1895 П.Кюры. К.з. падпарадкоўваюцца газы, пара шчолачных металаў, разбаўленыя растворы парамагн. солей і інш. Класічная тэорыя К.з. грунтуецца на стат. разглядзе ўласцівасцей сістэмы («газу») слаба ўзаемадзейных атамаў, малекул ці іонаў, якія маюць магн. дыпольны момант. У знешнім магн. полі адбываецца арыентацыя гэтых момантаў уздоўж поля, якой перашкаджае цеплавы рух часціц. Гл. таксама Кюры—Вейса закон.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНАЯ ГАНДЛЁВАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (СГА),

міжнародная арганізацыя. Засн. ў 1994 (дзейнасць пачала ў 1995) як пераемніца Ген. пагаднення па тарыфах і гандлі 1948 для стварэння агульных інстытуцыянальных рамак з уключэннем усіх прынятых пад яго патранажам дамоўленасцей і пагадненняў. Мэты СГА: камерцыйная і эканам. арыентацыя дзяржаў-членаў на павышэнне ўзроўню жыцця; забеспячэнне поўнай занятасці; рост вытв-сці і гандл. абмену таварамі і паслугамі; аптымальнае выкарыстанне крыніц сыравіны з мэтай забеспячэння доўгатэрміновага развіцця, абароны і захавання навакольнага асяроддзя. Знаходзіцца ў Швейцарыі.

т. 15, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛЁТНЫЯ ПТУ́ШКІ,

птушкі, якія штогод робяць пералёты ад месцаў гнездавання на зімоўкі (у вырай) і назад. Для іх характэрны: высокі ўзровень метабалізму, здольнасць да хуткага перамяшчэння ў паветры, арыентацыя ў прасторы, назапашванне пажыўных рэчываў і тлушчу, строгая цыклічнасць размнажэння і лінькі, хуткая перабудова фізіял. функцый і іх сінхранізацыя з сезоннымі зменамі асяроддзя. На Беларусі 162 віды П.п., большасць з іх — лясныя і вадаплаўныя, у т. л. буслы, дразды, івалгі, качкі, крачкі, кулікі, ластаўкі, мухалоўкі, чайкі, шпакі. Гл. таксама Пералёты птушак.

т. 12, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІ́ЙНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў для розных галін вытворчасці і сацыяльна-культурнай сферы; састаўная частка сістэмы адукацыі. Уключае дапрафес. этап (прафесійная арыентацыя, прафес. адбор), прафесійна-тэхнічную адукацыю, сярэднюю спецыяльную адукацыю, вышэйшую адукацыю. Накіравана на авалоданне асобай пэўнымі ведамі, уменнямі і навыкамі, садзейнічае прафес. станаўленню і развіццю асобы. Забяспечвае кваліфікацыйную структуру эканамічна актыўнага насельніцтва (гл. Кваліфікацыя), фарміруе рынак працы, уздзейнічае на гасп. працэсы, стан культуры і навукі. З 1990-х г. развіваецца дыстанцыйная форма П.а. з выкарыстаннем інфарм. тэхналогій.

Э.​М.​Каліцкі.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)