МІНІЯЦЮРЫЗА́ЦЫЯ (франц. miniaturisation ад miniature нешта вельмі маленькае),
сукупнасць метадаў значнага змяншэння габарытаў, масы і энергаспажывання радыёэлектронных апаратаў з адначасовым павелічэннем іх надзейнасці; кірунак у канструяванні прылад, механізмаў, машын і інш. (пераважна ў электроніцы, электратэхніцы і прыладабудаванні).
Абумоўлена пашырэннем функцый і галін выкарыстання электронных сродкаў аўтаматызацыі вытв-сці, выліч. і вымяральнай тэхнікі, радыётэхнікі і інш., што звязана з ускладненнем электроннай апаратуры і павелічэннем колькасці яе элементаў. Грунтуецца на рацыянальным канструяванні і вырабе вузлоў і элементаў апаратуры з выкарыстаннем пячатных плат, мікрамодуляў, інтэгральных схем і інш. Ажыццяўляецца змяншэннем памераў вузлоў і элементаў прылад, павелічэннем шчыльнасці іх упакоўкі, скарачэннем колькасці і памераў міжэлементных злучэнняў, выкарыстаннем новых канструкцыйна-тэхнал. рашэнняў з мэтай змяншэння колькасці асобных дэталей і іх габарытных памераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАТО́Н»,
1) серыя сав. даследчых ШСЗ для вывучэння касм. прамянёў і ўзаемадзеяння з рэчывам касм. часціц звышвысокіх энергій. Макс. маса каля 17 т. У 1965—68 запушчана 4 «П.»: у 1965—66 — «П.-1» — «П.-3» (маса навук.апаратуры 3,5 т), у 1968 — «П.-4» (маса навук.апаратуры 12,5 т). Палёты «П.» адкрылі новы кірунак у развіцці эксперым. і тэарэт. астрафізікі, фізікі элементарных часціц.
2) Сав. (рас.) 2—4-ступеньчатыя ракеты-носьбіты. Маса карыснага грузу, які выводзіцца на каляземную арбіту, больш за 20 т. Эксплуатуюцца з 1965. Запускі з касмадрома Байканур. Выкарыстоўваліся для запуску касм. апаратаў «Алмаз», «Венера», «Гарызонт», «Зонд», «Космас», «Месяц», «Марс», «Мір», «Салют», «Пратон», модуляў «Зара» і «Зорка» для міжнар.касм. станцыі і інш. Ажыццёўлены 157 паспяховых запускаў П. (2001).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧА́ТНАЯ ПЛА́ТА,
пласцінка з электраізаляцыйнага матэрыялу (гетынаксу, тэксталіту, керамікі і інш.), на паверхню якой фотахімічным ці інш. спосабам нанесены тонкія электраправодныя дарожкі (пячатныя праваднікі) з кантактнымі пляцоўкамі для далучэння навясных электра- і радыёэлементаў, у т. л.мікрамодуляў і інтэгральных схем.
Бываюць адна- і двухбаковыя, адна- і шматслойныя П.п. Прызначаюцца для пячатнага мантажу, пры якім на П.п. ўстанаўліваюцца элементы электроннай апаратуры (транзістары, дыёды, рэзістары і інш.). Для замацавання навясных элементаў на плаце іх вывадныя пляцоўкі сумяшчаюць з кантактнымі пляцоўкамі П.п. (паверхневы мантаж) ці ўстаўляюць вывады гэтых элементаў у спец. адтуліны, якія праходзяць праз кантактныя пляцоўкі (драцяны мантаж), і прыпайваюць да іх. Такі мантаж дазваляе зменшыць габарыты і масу апаратуры, выкарыстоўваць механізаванае і аўтаматызаванае абсталяванне і высокапрадукцыйныя тэхнал. працэсы пры яе масавай вытв-сці. Гл. таксама Пячатная схема.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСКО́П (ад мана... + грэч. skopeō гляджу),
перадавальная электронна-прамянёвая прылада з нанесеным на паверхню мішэні нерухомым відарысам тэлевізійнай выпрабавальнай табліцы. Выкарыстоўваўся як крыніца стандартных сігналаў для праверкі і настройкі рознай тэлевізійнай апаратуры. Заменены на больш дасканалыя электронныя генератары выпрабавальных сігналаў, у т. л. на аснове мікра-ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́ТЭР (англ. barretter),
цеплавая прылада для падтрымання пастаянства сілы току ў ланцугу. Складаецца з запоўненага вадародам шклянога балона, унутры якога знаходзіцца метал. дроцік. Цеплавы рэжым барэтэра выбраны так, што пры павольных зменах напружання на канцах дроціка сіла току ў ім у пэўных межах застаецца пастаяннай. Выкарыстоўваецца ў радыёэлектроннай апаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫНАБУДАВА́ННЯ ЭЛЕКТРО́ННАГА НДІ (НДІЭЛМАШ) Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1988 у г. Маладзечна як Усесаюзны НДІ машынабудавання для сілавых і паўправадніковых прыбораў. З 1992 НДІЭЛМАШ. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка энергазберагальных тэхналогій (укараненне частотнарэгулюемых электрапрыводаў на прадпрыемствах Беларусі); распрацоўка апаратуры перадачы даных для кіравання электрапрыводамі да прамысл. абсталявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ МІЖПЛАНЕ́ТНАЯ СТА́НЦЫЯ,
непілатуемы касмічны апарат для дастаўкі навук.апаратуры да нябесных целаў і вывучэння міжпланетнай касмічнай прасторы. На іх борце размяшчаецца апаратура для навук. даследаванняў, тэлеметрычная для перадачы інфармацыі, тэлевізійная для атрымання відарысаў. Аснашчаецца ракетнымі рухавікамі для карэкцыі траекторыі палёту, сістэмамі астраарыентацыі, мяккай пасадкі, парашутнымі сістэмамі і інш. Энергасілкаванне бартавой апаратуры забяспечваецца сонечнымі батарэямі. Некаторыя аўтаматычныя міжпланетныя станцыі маюць апараты для спуску на інш. планеты; кіраванне спускам ажыццяўляецца бартавой навігацыйнай выліч. машынай. У шэрагу выпадкаў навук. даследаванні праводзяць пры дапамозе штучных спадарожнікаў планет. Да аўтаматычных міжпланетных станцый адносяцца: сав. станцыі серый «Месяц», «Венера», «Марс», «Зонд» і інш.; амер.«Марынер», «Рэйнджэр», «Сервеер», «Піянер», «Вояджэр» і інш.; заходнееўрапейская «Джота»; японская «Планета-А». Першыя ў свеце аўтаматычныя міжпланетныя станцыі: «Піянер» (1958, ЗША), «Месяц» (запуск 2.1.1959, СССР).
Аўтаматычная міжпланетная станцыя: 1 — агульны выгляд АМС «Венера-8»; 2 — схема палёту АМС «Месяц-3».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭ́КТАРЫ Я́ДЗЕРНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,
прылады для рэгістрацыі элементарных часціц, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення і інш. Бываюць электронныя і трэкавыя. Выкарыстоўваюцца ў апаратуры для дэфектаскапіі, мед. дыягностыкі, структурных даследаванняў, спектральнага аналізу, мікраскапіі і інш. Канструктыўнае выкананне Д.я.в. і іх параметры вызначаюцца прызначэннем і асаблівасцямі гэтай апаратуры.
Прынцып дзеяння Д.я.в. заснаваны на іанізацыі або ўзбуджэнні зараджанымі часціцамі атамаў рабочага рэчыва дэтэктара; у выпадку рэгістрацыі нейтральных часціц (напр., гамаквантаў, нейтронаў) іанізацыя і ўзбуджэнне адбываюцца за кошт другасных зараджаных часціц. Электронныя Д.я.в. выпрацоўваюць эл. імпульс, калі ў іх аб’ём трапляе часціца ці квант выпрамянення; эл. сігналы звычайна невялікія і патрабуюць узмацнення (гл.Ядзерная электроніка). Да іх адносяць Гейгераўскі лічыльнік, іанізацыйную камеру, крышталічны лічыльнік, сцынтыляцыйны лічыльнік, паўправадніковы дэтэктар і інш. Трэкавыя Д.я.в. дазваляюць узнавіць траекторыю руху часціцы; да іх адносяць Вільсана камеру, іскравую камеру, тэлескоп лічыльнікаў, ядзерныя фатаграфічныя эмульсіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,
узорны гальванічны элемент, які служыць мерай эрс і напружання пастаяннага току. Выкарыстоўваецца ў вымяральнай апаратуры (напр., у патэнцыёметрах), прынцып дзеяння якой заснаваны на параўнанні з мерай.
У якасці Н.э.найб. пашыраны ртутна-кадміевыя элементы Вестана з вадкім электралітам (насычаныя і ненасычаныя) і насычаныя без вадкага электраліту (малагабарытныя). Патрабаванні да Н.э. стандартызаваныя. Насычаны Н.э. з вадкім электралітам узнаўляе эрс з дакладнасцю да 0,0005%, змены эрс да 5 мкВ за год, найб. дапушчальны ток да 1 мкА. У пераноснай апаратуры выкарыстоўваюцца пераважна ненасычныя Н.э., якія маюць дакладнасць да 0,002%, змены эрс да 20 мкВ за год, найб. дапушчальны ток да 10 мкА, менш адчувальныя да мех. уздзеянняў і змен т-ры.