ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Войкаўскае вадасховішча. У Лагойскім р-не Мінскай вобл., каля зах. ускраіны г.п. Плешчаніцы. Створана на р. Дзвінаса ў 1958. Пл. 2 км², даўж. 2,9 км, найб.шыр. 900 м, найб.глыб. 6,3 м, аб’ём вады 5,1 млн.м³, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Катлавіна выцягнута з ПдУ на ПнЗ. Берагі пад лесам, правы забалочаны, левы высокі (ад 1,5 да 3 м). Дно выслана ілам. на мелкаводдзі — пяском. Замярзае ў пач.снеж., лёд (таўшчыня 40—50 см) трымаецца да 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 50 см. Зарастае каля 40% плошчы. Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, адпачынку і спарт. мерапрыемстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́КАЎШЧЫНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.
У Валожынскім р-не Мінскай вобл., каля в. Сакаўшчына. Створана ў 1937 на р. Бярэзіна (бас.р. Нёман) для энергет. мэт (Сакаўшчынская ГЭС, цяпер не працуе), у 1955 адноўлена. Пл. 1,3 км², даўж. 3,2 км, найб.шыр. 730 м, найб.глыб. 3,1 м, аб’ём вады 1,5 млн.м³. Берагі нізкія, пясчаныя, замацаваныя расліннасцю, у вярхоўі забалочаныя. У рэльефе ложа вылучаюцца 2 участкі: верхні — мелкаводны і ніжні — прыплацінны з глыб. больш за 1 м; на затопленым рэчышчы Бярэзіны глыб. больш за 2 м. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады нязначная. Моцна зарастае. Гняздуюцца лебедзі. У вярхоўі вадасховішча вучэбная геагр. станцыя БДУ «Зах. Бярэзіна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМЕНВО́КС (ад прозвішча вынаходцы + лац. vox голас),
першы ў Расіі электрамузычны інструмент, у якім эл. хвалі пераўтвараюцца ў гукавыя. Вынайдзены ў 1920 рус. вучоным Л.Тэрменам. Муз. гук у Т. ствараецца ў выніку эл. ваганняў гукавых частот, якія ўзбуджаюцца генератарам, узмацняюцца ўзмацняльнікам эл. ваганняў і пераўтвараюцца гучнагаварыцелем у гукавыя. Вышыня і моц гуку (частата і амплітуда ваганняў генератара) рэгулюецца метал.верт. стрыжнем, злучаным з метал. дугой. Выканаўца кіруе работай Т., змяняючы адлегласць далоняў рук: адной адносна стрыжня рэгулюецца вышыня гуку, другой адносна дугі рэгулюецца яго гучнасць. У першапач. варыянце Т. узнаўляў аднагалосую музыку. У 1970-я г. Тэрмен вынайшаў варыянт Т., які ўзнаўляе шматгалосую музыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫЛІНДРЫ́ЧНАЯ ХВА́ЛЯ,
хваля, што радыяльна разбягаецца ад (збягаецца да) некаторай восі ў прасторы ці пункта на плоскасці (кругавая хваля). Напр., хвалі на паверхні вады ад кінутага каменя.
Найпрасцейшая монахраматычная сіметрычная Ц.х. задавальняе двухмернае хвалевае ўраўненне і на вял. адлегласцях ад восі апісваецца асімптатычным выразам
, дзе
— амплітуда і
— фаза Ц.х. Фазавая скорасць Ц.х. супадае з фазавай скорасцю плоскай хвалі. Ц.х. — істотна нестацыянарная хваля: пры аддаленні ад восі (цэнтра) яна пакідае «шлейф», які можна трактаваць як вынік прыходу хвалевых узбурэнняў ад усё больш аддаленых (ад пункта назірання) крыніц на восі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МУШАНЫЯ ВАГА́ННІ,
ваганні, якія ўзнікаюць у сістэме пад дзеяннем пераменнай знешняй сілы. Напр., ваганні мех. канструкцый пад дзеяннем пераменнай нагрузкі, мембраны тэлефона пад дзеяннем магн. поля і інш. Уласцівасці вымушаных ваганняў залежаць ад характару знешняй сілы і ўласцівасцей самой сістэмы.
Пад дзеяннем знешняй сілы ў сістэме адначасова ўзнікаюць уласныя ваганні і вымушаныя ваганні. Праз пэўны час уласныя ваганні затухаюць і ў сістэме ўсталёўваюцца вымушаныя ваганні. Амплітуда іх большае з павелічэннем амплітуды знешняй сілы і з памяншэннем трэння (супраціўлення) у сістэме пры мех. (электрычных) ваганнях і рознасці паміж частатой змены знешняй сілы і частатой уласных ваганняў. Пры супадзенні частаты знешняй сілы і частаты ўласных ваганняў настае рэзананс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СТ,
вадасховішча ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Пагост-Загародскі. Утворана на месцы большай ч.Пагосцкага возера і прылеглых да яго зямель Пл. 16,2 км², даўж. 6,1 км, найб.шыр. 4,1 км, найб.глыб. 9,9 м, аб’ём вады 54,48 млн.м³. Былое возера абгароджана дамбай-плацінай даўж. 16,2 км, для рэгулявання аб’ёму вады ў плаціне ёсць вадавыпуск. П. напаўняецца вадой з р. Бобрык 1-ы па падвадным канале (даўж. 8,5 км) пры дапамозе шлюзаў-рэгулятараў. Берагі спадзістыя, дно вадасховішча пясчанае. Замярзае ў сярэдзіне ліст.—пач. студзеня. Таўшчыня лёду 40—60 см. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 2—3 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі. Месца для адпачынку, лоўлі рыбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЎНАЕ ЎНУ́ТРАНАЕ АДБІЦЦЁ,
асобны выпадак адбіцця святла ці эл.-магн. выпрамянення інш. дыяпазону на мяжы падзелу двух асяроддзяў. Адбываецца, калі выпрамяненне падае на паверхню падзелу з боку аптычна больш шчыльнага асяроддзя (з большым пераламлення паказчыкам n1 пад вуглом i > iгр, дзе iгр — т.зв. гранічны (крытычны) вугал, які вызначаецца з умовы sin bгр = n2/n1, n2 — паказчык пераламлення другога асяроддзя. Пры П.у.а. эл.-магн. энергія поўнасцю вяртаецца ў аптычна больш шчыльнае асяроддзе. У другое (менш шчыльнае) асяроддзе поле пранікае толькі на характэрную адлегласць парадку даўжыні хвалі выпрамянення і яго амплітуда экспаненцыяльна затухае з аддаленнем ад мяжы падзелу. П.ў.а. выкарыстоўваецца ў аптычных прыладах (напр., прызме аптычнай) і валаконнай оптыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЦЦІ,
1) у фізіцы, перыядычныя змены амплітуды выніковага вагання пры складанні двух гарманічных ваганняў блізкіх частот; асобны выпадак амплітудна-мадуляваных ваганняў (гл.Амплітудная мадуляцыя). Калі A1 і A2 — амплітуды складаемых ваганняў, то амплітуда выніковага вагання змяняецца ад A1 + A2 да A1 − A2. Метад Біцці выкарыстоўваецца для вымярэння частот, ёмістасці, індуктыўнасці, для настройвання муз. інструментаў і інш. 2) У механіцы — адхіленні паверхняў вярчальных (вагальных) цыліндрычных дэталяў машын і механізмаў ад правільнага ўзаемнага размяшчэння. Радыяльныя Біцці — вынік зрушэння цэнтра (эксцэнтрысітэт) разгляданага сячэння дэталі адносна восі вярчэння. Тарцовыя Біцці — вынік неперпендыкулярнасці тарцовай паверхні дэталі да базавай восі і адхіленняў формы тарца ўздоўж лініі вымярэння. Біцці прыводзяць да павышанага зносу і выхаду са строю дэталяў машын (напр., пры парушэнні балансіроўкі колаў аўтамабіля).
Біцці пры складанні ваганняў блізкіх частот ω1 і ω2; T — перыяд біццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМСАМО́ЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА, Мінскае возера,
штучны вадаём у паўн.-зах.ч. Мінска; месца адпачынку гараджан. Створана ў 1941. Уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Пл. 0,42 км², даўж. 2,2 км (ад моста на вул. Арлоўскай да створу плаціны), найб.шыр. 350 м, найб.глыб. 4,6 м. Аб’ём вады 0,66 млн.м³. Чаша возера — затопленая пойма р. Свіслач. Берагі супясчаныя. Дно пераважна пясчанае, часткова галечнае і глеістае, у 1974 паглыблена. 11 астравоў (агульная пл. каля 0,06 км²). Сцёк у малаводны год з перакідам вады з Вілейскага вадасх. забяспечвае добрую праточнасць возера. Гадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 0,5—0,7 м. Замярзае ў пач.снеж., крыгалом у пач. красавіка. На левым беразе выратавальная станцыя, спарт. комплекс «Дынама», Палац «Юнацтва», на правым — выставачны павільён Міжнар.гандл. палаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТА́ЦЫЯ,
вагальны рух восі ўласнага вярчэння цела, які адбываецца адначасова з прэцэсіяй і пры якім змяняецца вугал паміж воссю ўласнага вярчэння цела і воссю, вакол якой адбываецца прэцэсія, (вугал нутацыі Θ; гл.Эйлеравы вуглы).
У гіраскопа (ваўчка), што рухаецца пад дзеяннем сілы цяжару , Н. ўяўляе сабой ваганні восі гіраскопа, амплітуда і перыяд якіх тым меншыя. чым большая вуглавая скорасць яго ўласнага вярчэння Ω. Частата Н. пры вялікіх Ω можа быць такая вялікая. што нутацыйныя ваганні восі ваўчка будуць успрымацца на слых (гудзенне). Пры наяўнасці супраціўлення (трэння) нутацыйныя ваганні дастаткова хутка затухаюць, пасля чаго ў гіраскопа застаецца толькі прэцэсійны рух.
У астраноміі Н. — абумоўленыя прыцягненнем Сонца і Месяца невялікія ваганні зямной восі, якія накладваюцца на яе прэцэсійны рух. Адкрыў у 1737 англ. астраном Дж.Брадлей.