выгіна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да выгнуцца.

2. Згінацца то ў адзін, то ў другі бок, прымаць звілісты напрамак. К[у]рчылася, выгіналася шэра-цёмная гадзюка. Грамовіч. То цераз алешнік, то праз дубнякі, То борам, нібыта жалезная змейка, Паўзе, выгінаецца вузкакалейка. Зарыцкі.

3. Зал. да выгінаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыле́сак, ‑ску, м.

Малады, дробны лес, які расце каля старога. А тым часам пачаўся лес, — спачатку кусты на куп’і, пасля прылесак — бярозкі, дубкі, алешнік, елачкі, быццам квактухі сядзяць. Брыль. Сцежка, павіляўшы па жыце, шмыганула ў прылесак маладога грабу і арэшніку, прашылася праз гушчар і выбегла на выезджаную лясную дарогу. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балаця́нік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Разм. Уласцівы балоту пах. Балацянікам цягне, настоем Чарамшынных лістоў, палыну. Хведаровіч.

2. ‑а. Прэснаводны малюск класа бруханогіх, які жыве ў спіральна закручаных ракавінах.

3. ‑а. Міфічная істота, якая быццам жыве на балоце. Там, дзе прэў у дрыгве барадаты алешнік, дзе лясун з балацянікам дружбу вадзіў,.. праз калгаснае поле пабегла дарога. Дудар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́кіравацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

1. Разм. Выйсці, выехаць у пэўным кірунку. Даехаўшы да Вялікага скрыжавання, ..[аўтаматчыкі] выкіраваліся на шашу. Чорны. // Пралегчы ў якім‑н. кірунку. Вось дарога з пясчанага ўзгорка пакацілася ўніз і выкіравалася ў алешнік. С. Александровіч.

2. перан.; на каго. Разм. Стаць кім‑н., дасягнуць пэўнага чыну, пасады і пад. [Сцяпан Крыніцкі пра Быкоўскага:] Ён не [зусім] яшчэ зяць, але скора на яго выкіруецца. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЗІ́СЕНСКАЯ НІЗІ́НА,

частка Полацкай нізіны на ПнЗ Віцебскай вобл. Мяжуе на Пн з Браслаўскай, на Пд са Свянцянскімі градамі. Абс. выш. 135—145 м, найб. нізкая адзнака 130 м (ніжняе цячэнне р. Дзісна). Складзена з азёрных ледавіковых, пераважна стужачных, пясчана-гліністых адкладаў. Фарміраванне нізіны звязана з утварэннем Дзісенска-Полацкага прыледавіковага вадаёма ў браслаўскую стадыю паазерскага зледзянення. Паверхня сучаснай Дз.н. плоска-ўвагнутая, парэзаная далінамі рэк, часта трапляюцца забалочаныя катлавіны з астаткавымі азёрамі. Рачныя даліны слабаўрэзаныя, нявыпрацаваныя, у нізоўях глыбіня ўрэзу да 10 м і больш. У рэльефе вылучаюцца ўчасткі марэнных узвышшаў — былыя астравы Дзісенска-Полацкага вадаёма. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны. Асн. рака Дзісна з прытокамі Дрысвята, Янка (злева), Бірвета (з Мядзелкай), Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа). Азёры: Ельня, Чорнае, Асвята, часткова Богінскае. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 17,8 °C, ападкаў 560 мм за год. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаглеяватыя, глеяватыя гліністыя і цяжкасугліністыя глебы. На У і 3 нізіны вял. лясныя масівы з хвоі, драбналістых парод і елкі, трапляецца алешнік. Балоты пераходныя і вярховыя. На тэр. Дз.н. гідралагічны заказнік Ельня.

В.П.Якушка.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

апле́сці, апляту, апляцеш, апляце; апляцём, аплецяце, аплятуць; пр. аплёў, апляла, апляло; заг. апляці; зак., што.

1. Абвіць чым‑н. гнуткім; пакрыць густым перапляценнем з чаго‑н. Дзед Ігнат аплёў пасудзіну бяростай, прызнаў да яе драўлянае вечка, засмаліў па краях жывіцай. Васілевіч. // Абвіць, акружыць сабой, утвараючы шчыльнае спляценне. Густы алешнік і месцамі лаза зялёнай сцяной аплялі азёрныя берагі з усіх бакоў. Галавач.

2. перан. Разм. Аблытаць хітрыкамі, ашукаць. [Язэп:] — Апляла.. [Мальвіна] мяне, як павук муху. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́йка 1, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.

1. Памянш.-ласк. да хвоя: маладая, невялікая хвоя. Раскусціўся пры дарозе ракітнік, падраслі хвойкі на пясчаным узгорку. Грахоўскі. Уязджаем у лес. Спачатку рэдкія хвойкі, голыя бярозы, алешнік. Лынькоў.

2. зб. Абл. Ігліца. Жоўтая хвойка ўсцілала дол. Мурашка. Хоць хвойку жую, але на волі жыву. Прымаўка.

хво́йка 2, ‑і, ДМ хвойцы; Р мн. хвоек; ж.

Жук чорнага або бурага колеру, шкоднік хваёвых дрэў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Алё́салешнік, балота, пакрытае густым алешнікам і лазой, мокрае месца’ (Бяльк., БРС, Гарэц., Касп., Маш., ДАБМ), альса ’балотная сенажаць часам з альхой’ (Касп.), смален. алёс (Дабр.), паўдн.-пск. алёс, польск. olśna. Этымалагічная сувязь з альха (вольха), альша не выклікае сумненняў, але захаванне s пасля ь незразумелае. Лінгвагеаграфія слова дазваляе думаць аб балтыйскай крыніцы. Тады алёс < *als (літ. al̃ksnis ’вольха’). Гл. Тапароў-Трубачоў, Лингв. анал., 254, гл. таксама Талстой, Геогр., 160, дзе спасылка на вуснае выказванне Трубачова. Карскі, РФВ, 49, 12, алёс лічыць з лат. aluots ’крыніца’, што фанетычна, семантычна і геаграфічна неверагодна. Параўн. Фасмер, 1, 71.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́сека, пасе́ка, па́сіэка, па́сіка, па́сяка ’поле на месцы расчышчанага лесу’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. ПЗБ, Бес.), ’поле ў лесе’ (Выг.), ’невялікая купа дрэў або гай у полі (дубняк, алешнік)’ (ТС), ’месца, дзе нядаўна быў высечаны лес’ (Некр., Серб.), ’папялішча’ (Маш.), ’месца, дзе стаяць вуллі’ (ТСБМ, Грыг., Маш., Сл. ПЗБ). Укр. па́сіка, рус. па́сека, польск. pasieka, чэш. paseka. Прасл. po‑sěka, якое з po‑sěkti ’пасячы’ — першапачаткова ’высечаныя кусты, якія спальваліся, і на іх месцы рабілася поле’ (Махэк₂, 436), пазней і ’расчышчанае месца для вулляў’ (Праабражэнскі, 2, 26; Брукнер, 398; Фасмер, 3, 211). Сюды ж бяроз. па́сек ’пчаляр’ (Сл. ПЗБ). Больш падрабязна гл. таксама Мюллер (ZSl., 17, 1972 (1), 27), Каткоў (УЗ МОПИ, 341 (1969), 139).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

альса́ Тарфяное балота; забалочаны луг, часам з рэдкімі вольхамі; алешнік (Кузн., Сен. Касп., Слаўг.). Тое ж вальса́ (Слаўг.), альсье́ (у многіх месцах Беларусі), альса́віна (Смален. Дабр.).

ур. Альса́ і Вальса́ (забалочаны луг) каля в. Віравая Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)