СІТЭРМА́Н (Лазар Якаўлевіч) (кастр. 1894, г. Мазыр Гомельскай вобл. — кастр. 1941),

бел. вучоны ў галіне медыцыны. Д-р мед. н., праф. (1933). Засл. дз. нав. Беларусі (1939). Скончыў Юр’еўскі ун-т (1916). З 1916 ваен. ўрач, з 1921 гал. ўрач цэнтр. паліклінікі Мінска, у 1923—30 асістэнт тэрапеўт. клінікі мед. ф-та БДУ, з 1931 заг. кафедры Мінскага мед. ін-та. Навук. працы па пытаннях этыялогіі, клінікі і лячэння сардэчна-сасудзістых хвароб.

Тк.: Расстройства ритма сердца; Этиогенез, клиника и терапия. Ми., 1935; Инфаркт миокарда. Мн., 1938; Сборник клинических рецептов пропедевтической терапевтической клиники Минского мед. ин-та. Мн., 1939.

т. 14, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРБ,

1) дзяржаўная ўстанова ВКЛ у 15—18 ст., якая адказвала за эканам. і фінансавае кіраванне. Мела ўласны штат, куды ўваходзілі падскарбі земскі, скарбны, скарбовыя пісары і дваране.

2) Сховішча дзярж. даходаў ВКЛ: даніны, чыншу, дзякла, мезлева, асадных пенязяў, судовых пошлін, якія паступалі да вял. князя (віны, перасуды), сярэбшчыны і інш. У С. зберагаліся таксама дзярж. рэгаліі («клейноты і аздобы»), арыгіналы агульназемскіх і абласных прывілеяў, міжнар. дагавораў і інш. Да 2-й пал. 17 ст. на захоўванні ў С. знаходзіліся арыгіналы кніг Метрыкі Вялікага княства Літоўскага. С. быў цэнтр. арсеналам ВКЛ.

А.​І.​Груша.

т. 14, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сцяць 1 ’ссячы, зрэзаць’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Шат., ТС, Сл. ПЗБ; зах., ЛА, 5; Варл., Сцяшк.). Мяркулава (Этимология–1975, 62–63) мяркуе, што сцяць 1 мае агульнае паходжанне са сцяць 2, але гэты дзеяслоў больш позні без індаеўрапейскіх паралеляў; развіццё значэння ’цягнуць’ → ’біць, удараць’ → ’сячы’; далей гл. цяць.

Сцяць 2 ’абхапіўшы сціснуць’, ’сціснуць (грудзі, горла), перашкаджаючы дыхаць’, ’шчыльна злучыць (губы, зубы, пальцы і пад.)’ (ТСБМ), ’злучыць, сціснуць’ (Байк. і Некр., Варл., Шат., ТС; палес., ЛА, 5), ’ударыць’ (зах., цэнтр., ЛА, 5), сця́цца ’пакрыцца тонкім лёдам, замерзнуць’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.; ашм., Стан.; ЛА, 5), ’пасварыцца, пацапацца’ (Сл. ПЗБ), сціна́ць ’перахопліваць дыханне’ (Гарэц.), ’шчыльна змыкаць, сціскаць, сашчамляць’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), сціна́цца ’пакрывацца тонкім лёдам’ (Сл. ПЗБ, Варл., Сцяц. Сл.), ’дрыжаць’ (ЛА, 5), ’сварыцца або біцца’ (Нас.), ’замярзаць’, ’туляцца, хавацца’ (Бяльк.), сці́нка ’схватка, сутычка’ (Нас.). Укр. стина́ти ’сціскаць (зубы)’, стина́тися ’пачаць спрэчку, бойку, схапіцца’, дыял. ’згусаць, ссядацца (пра малако)’, стараж.-рус. сътѧтисѧ ’згусціцца’, польск. ścięta (krew) ’згуслая (кроў)’, славен. stéti se ’згуснуць (аб крыві)’. Прасл. *sъtęti (sę), *stinati (sę) ’сцягвацца’, ’гуснуць, рабіцца больш шчыльным’ да і.-е. *ten‑ ’цягнуць, нацягваць’, ’рабіць больш густым (аб малацэ, вадзе, паветры)’. Буга (Rinkt., 2, 318) прыводзіць у якасці паралелі літ. tẽna, tenėti ’згусаць, застываць, гусцець’; параўн. сцягнуць, цягнуць. Гл. Мяркулава, Этимология–1975, 52 і наст.; ЕСУМ, 5, 485. Параўн. яшчэ сціна́цца ’плакаць, аж выпроствацца’ і сціга́цца ’крычаць, аж выпроствацца’ (Бяльк.), сцяна́цца, сцяга́цца ’роспачна плакаць’ (Юрч. Сін.), а таксама серб.-харв. сте́гнути зубе ’сцяць зубы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АСАБЛІ́ВЫ ПУНКТ у матэматыцы, 1) Асаблівы пункт крывой, зададзенай ураўненнем F (x, y)=0, пункт M0 (x0, y0), у якім роўныя нулю абедзве першыя частковыя вытворныя функцыі F (x, y) (напр., пачатак каардынат пункт 0). Асаблівы пункт бывае: двайны пры ўмове, што не ўсе другія частковыя вытворныя роўныя нулю; трайны, калі разам з першымі вытворнымі ператвараюцца ў нуль у пункце M0 і ўсе другія вытворныя, але не ўсе трэція вытворныя роўныя нулю; і гэтак далей.

2) Асаблівы пункт дыферэнцыяльнага ўраўнення — пункт, у якім адначасова роўныя нулю лічнік і назоўнік правай часткі ўраўнення d y d x = P (x,y) Q (x,y) , дзе P і Q — неперарыўна дыферэнцавальныя функцыі (гл. Дыферэнцыяльныя ўраўненні). У залежнасці ад паводзін інтэгральных крывых у наваколлі Асаблівага пункта адрозніваюць: вузел, сядло, фокус, цэнтр і інш. 3) Асаблівы пункт. адназначнай аналітычнай функцыі — пункт, у якім парушаецца аналітычнасць функцыі (гл. Аналітычныя функцыі). Адрозніваюць асаблівы пункт ізаляваны (у наваколлі асаблівага пункта няма іншых асаблівых пунктаў), папраўны (ізаляваны асаблівы пункт з канечным лімітам lim z → a f(z) = b ), полюс або неістотна асаблівы пункт (ізаляваны асаблівы пункт і lim z → a f(z) = ∞ , істотна асаблівы пункт (ліміт не існуе). Для мнагазначных аналітычных функцый паняцце асаблівага пункта больш складанае. Кожны асаблівы пункт з’яўляецца перашкодай пры аналітычным прадаўжэнні ўздоўж крывой, якая праходзіць праз яго.

В.​І.​Громак.

Асаблівы пункт крывых: а, б — пачатак каардынат (пункт 0); в, г — вузел; д — сядло; е — фокус; ж — цэнтр.

т. 2, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ СЕ́КЦЫІ РКП(б),

бальшавіцкія арг-цыі, якія існавалі ў 1918—19 у Варонежы, Казані, Казлове, Маскве, Невелі, Петраградзе, Саратаве, Тамбове і інш. як частка мясцовых парт. арг-цый. Складаліся з рабочых і бежанцаў-беларусаў — членаў РКП(б). У іх кіруючае ядро ўваходзілі А.​Р.​Чарвякоў, З.​Х.​Жылуновіч, А.​Х.​Усціловіч, І.​В.​Лагун і інш. Працавалі ў цесным кантакце з Беларускім нацыянальным камісарыятам (Белнацкомам), праз яго газету «Дзянніца» дамагаліся рэалізацыі бел. народам права на самавызначэнне на аснове сав. ладу і ў саюзе з РСФСР. 21—23.12.1918 у Маскве адбылася канферэнцыя бел. секцый РКП(б), якая прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сял. ўрада Беларусі, выбрала Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б) на чале з Жылуновічам. ЦБ беларускіх секцый РКП(б) удзельнічала ў падрыхтоўцы паліт. дакументаў, звязаных з утварэннем БССР і КП(б)Б. На 1-м з’ездзе КП(б)Б у склад Цэнтр. бюро КП(б)Б выбраны Жылуновіч і Лагун. У склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, які ўзначаліў Жылуновіч, увайшлі 9 прадстаўнікоў беларускіх секцый РКП(б). 15.1.1919 ЦБ КП(б)Б прыняло пастанову аб ліквідацыі ЦБ беларускіх секцый РКП(б). Бел. камуніст. секцыям, што дзейнічалі па-за межамі рэспублікі, было дадзена права працаваць пад яго кіраўніцтвам. Пасля ўтварэння Літ.-Бел. ССР (люты 1919) бел. секцыі РКП(б) пачалі аб’ядноўвацца з літоўскімі. ЦК РКП(б) зацвердзіў аб’яднанае літ.-бел. ЦБ пры ЦК РКП(б). З аднаўленнем 31.7.1920 БССР беларускія секцыі не былі адноўлены.

А.​М.​Малашка.

т. 2, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́МЛЬ,

гарадскі пасёлак у Беларусі, у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. За 30 км ад Докшыц, 37 км ад чыг. ст. Параф’янава на лініі Маладзечна—Полацк. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Віцебскам, Барысавам, Докшыцамі. 3,4 тыс. ж. (1995).

У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1582 як сяло ў Мінскім пав ВКЛ. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бягомль у складзе Рас. імперыі. Уваходзіў у Докшыцкі, з 1802 у Барысаўскі пав. Мінскай губ. З 1861 мястэчка, цэнтр воласці Барысаўскага пав. У канцы 19 ст. Бягомль — сяло, 470 ж., 43 двары, валасное праўленне, царква, школа, бальніца. У 1918 акупіраваны войскамі Германіі, з 1919 — польскімі войскамі. З 17.7.1924 цэнтр Бягомльскага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бягомлі і раёне 3,3 тыс. чал. У ліп. 1941 — вер. 1942 дзейнічала Бягомльскае патрыятычнае падполле. 20.12.1942 партызаны разграмілі ў Бягомлі ням. гарнізон і аднавілі на тэр. раёна сав. ўладу (гл. Бягомльская аперацыя 1942). З сак. 1943 у Бягомлі дзейнічаў партыз. аэрадром. Бягомль вызвалены 1.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 1960 у Докшыцкім р-не. У 1970 у Бягомлі 2,9 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы машынабудавання, па вытворчасці буд. матэрыялаў, дрэваапрацоўчыя. Сярэдняя, дапаможная і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнікі партыз. славы, ахвярам фашызму. Бягомльскі музей народнай славы.

М.​В.​Батвіннік, В.​Л.​Насевіч (гісторыя).

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЬМЯРЫ́К у архітэктуры,

васьмівугольны ў плане будынак або яго частка. Форма васьмерыка характэрная для архітэктуры Візантыі, паўд. славян (Балгарыя), Арменіі, Грузіі і інш. У Зах. Еўропе вядомы ў раманскай архітэктуры, готыцы, найб. пашыраны ў стылях рэнесансу, барока і класіцызму. Васьмерыкі ў завяршэнні культавых пабудоў вядомы ў стараж.-рус. дойлідстве і звязаны з уплывам візант. архітэктуры.

На Беларусі ў 16—18 ст. у форме васьмерыка будавалі некаторыя вежы гарадскіх умацаванняў (у Віцебску вядомыя пад назвай «круглікаў»), замкаў, палацаў, ратушаў, а таксама культавыя будынкі (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы манастыроў і кляштараў. У 16—19 ст. пашырыліся камбінаваныя формы васьмерыка і чацверыка (васьмярык узвышаецца над чацверыком — вежа Заслаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы, вежа-званіца касцёла ў г. Барысаў). У культавым дойлідстве форму васьмерыка звычайна мелі барабаны, якія ўзвышаліся над гал. аб’ёмамі (Магілёўская Мікалаеўская царква). У драўляным, пераважна культавым, дойлідстве 17—19 ст. форма васьмерыка ўзнікла пад уплывам стылю барока. Была найб. пашырана ў вырашэнні цэнтр. аб’ёмаў цэркваў (Слуцкая Міхайлаўская царква) або цэнтр. аб’ёму і званіцы (царква ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на). Для Палескай школы дойлідства 2-й пал. 18—19 ст. характэрна чаргаванне васьмерыкоў і чацверыкоў у вырашэнні аб’ёмаў храмаў і званіц (Рубельская Міхайлаўская царква). У 1950-я г. форма васьмерыка выкарыстоўвалася ў жылых і грамадскіх будынках пры вылучэнні зальных памяшканняў, а таксама ў завяршэннях асн. частак бельведэрамі і інш. элементамі.

Ю.​А.​Якімовіч.

Да арт. Васьмярык. Васьмерыковая вежа-званіца царквы ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага раёна.
Васьмярык вежы-званіцы касцёла ў Барысаве 1806—23.

т. 4, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КАЕ (да 1939 Высока-Літоўск),

горад у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. За 40 км ад г. Камянец, за 3 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск на лініі Брэст—Беласток, аўтадарогамі злучаны з Брэстам і Пружанамі. 4,8 тыс. ж. (1996).

Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. пад назвай Высокі Горад. У 1494 горад атрымаў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі сярэбраная 2-павярховая вежа-брама. Належаў Ёдкам, вял. князю, Хлявіцкім, Войнам, Сапегам, Патоцкім. У 1605 засн. касцёл св. Тройцы (у 1950-я г. пераабсталяваны на грамадскія патрэбы). Пры Сапегах пабудаваны Высокаўскі замак. У 16—18 ст. цэнтр дывановага і палатнянага ткацтва. З 1671 штогод праводзіліся кірмашы. У 1773—85 каля Высокага пабудаваны кляштар, тады ж працаваў цагельны з-д. У 1794—97 існаваў водны шлях з Высокага ў Гданьск. З 1795 у складзе Прусіі, з 1807 — у Рас. імперыі, мястэчка Брэсцкага пав. У 1826—28 працавала Высока-Літоўская суконная мануфактура. У 1897 — 3434 ж., дробныя прадпрыемствы, 3 школы. З 1921 у Польшчы, горад у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Высокаўскага раёна Брэсцкай вобл. З 23.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі 1297 чал. У 1959 — 2,6 тыс. чал. З 1962 у Камянецкім р-не.

Прадпрыемствы харчовай, буд. матэрыялаў прам-сці. Помнікі архітэктуры: Варварынская капліца (1772), царква (1869), сядзіба канца 19 — пач. 20 ст. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

А.​С.​Барысавец, В.​А.​Міронаў.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУСК,

гар. пасёлак, цэнтр Глускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Пціч. Вузел аўтадарог на Бабруйск, Старыя Дарогі, Любань, Акцябрскі. За 170 км ад Магілёва, 33 км ад чыг. ст. Ратміравічы, на лініі Бабруйск—Акцябрскі. 8,5 тыс. ж. (1995).

У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 2-й пал. 15 ст. як Стары Глуск (пазнейшы Глуск Пагарэлы); у 16—19 ст. — вядомы як Глуск Дубровіцкі. Належаў Гальшанскім, Хадкевічам, Палубінскім, Чартарыйскім, Радзівілам. У 16 ст. пабудаваны Глускі замак. У 18 ст. ў складзе Рэчыцкага пав. Мінскага ваяводства, з 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяводства. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Бабруйскім пав. У 1864 меў каля 3 тыс. ж.; у 1897 каля 5328 ж., 500 дамоў, нар. вучылішча, касцёл, 2 царквы, 5 сінагог. У 1911 у Глуску 6680 ж., 3 гарбарныя з-ды, драўнянастружкавая мануфактура, 22 крамы. З 17.7.1924 цэнтр Глускага раёна, з 27.9.1938 — гар. пасёлак. У 1939 — 5125 ж. У Вял. Айч. вайну з 28.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Глуску каля 3 тыс. чал. Вызвалены 27.6.1944 у ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. У 1960 у Глуску знойдзены Глускі скарб. У 1962—66 у Бабруйскім р-не. У 1977 у Глуску 6,4 тыс. ж. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. прам-сці.

4 сярэднія і 1 муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Мемарыяльны комплекс землякам. Помнік двойчы Герою Сав. Саюза С.​Ф.​Шутаву. Магілы ахвяр фашызму.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНДРАЛО́ГІЯ (ад дэндра... + ...логія),

навука пра дрэвавыя расліны (дрэвы, кусты, кусцікі); раздзел батанікі. Вывучае марфалогію, сістэматыку, экалогію раслін, іх выкарыстанне ў нар. гаспадарцы.

Дэндралагічныя даследаванні вядомы са стараж. часоў (Тэафраст). У канцы 19 — пач. 20 ст. вял. ролю ў развіцці Д. адыгралі рус. вучоныя І.​І.​Ляпёхін, С.​П.​Крашаніннікаў, АФ.​Мідэндорф, П.​С.​Палас і інш., батанікі ням. Л.​Байснер і Я.​Фітшэн, амер. А.​Рэдэр, англ. Э.​Сарджэнт і інш. У СССР характар даследаванняў па Д. вызначаў У.М.Сукачоў, стваральнік геабат. школы, адзін з заснавальнікаў біягеацэналогіі.

На Беларусі пачатак дэндралагічных даследаванняў пакладзены ў 18 ст. Ж.І.Жыліберам, які стварыў у Гродне бат. сад з 1200 экзатычнымі раслінамі.

Вывучэннем дрэвавых парод і куставых раслін, стварэннем калекцый займаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. батанікі А.​Рэга, У.​У.​Адамаў, Дз.​М.​Нікольскі, Г.​М.​Высоцкі, С.​П.​Мельнік. Сучасны этап звязаны з працамі С.​Дз.​Георгіеўскага, А.Ф.Іванова, Б.​Дз.​Жылкіна, М.​Дз.Несцяровіча, Я.А.Сідаровіча, М.У.Смольскага, І.​І.​Собалева, А.​Т.​Федарука, А.​А.​Чахоўскага, М.​В.​Шкутко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе, Ін-це лесу Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, Бел. с.-г. акадэміі. Распрацоўваюцца навук. асновы інтрадукцыі і акліматызацыі дрэвавых раслін. Вывучаны відавы склад мясцовых і інтрадукаваных дрэвавых парод, іх біял. асаблівасці, вызначаны асартымент інтрадукаваных відаў для зялёнага буд-ва і лясной гаспадаркі. Буйнейшая калекцыя дрэвавых раслін сабрана ў Цэнтр. бат. садзе.

А.​І.​Жорава.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)