ПАЎЛО́ЎСКІ (Зянон Станіслававіч) (27.7.1917, в. Прылукі Мінскага р-на — 12.8.1977),
бел. жывапісец. Скончыў Маскоўскі маст.ін-т імя В.Сурыкава (1943). Працаваў пераважна ў жанры партрэта. Стварыў рэаліст. вобразы нар. паэта Беларусі Я.Коласа, партызанкі Н.Хахалінай (абодва 1943), Герояў Сав. Саюза В.І.Казлова (1946), І.П.Ціткова (1945), Е.С.Зяньковай (1957), камандзіра партыз. брыгады А.І.Шубы, мастака А.Мазалёва (абодва 1945), нар. артыста СССР Б.В.Платонава (1950), прэзідэнта АН Беларусі В.Ф.Купрэвіча (1960), нар. пісьменніка Беларусі М.Лынькова (1962), Героя Сац. Працы настаўніцы А.І.Казей (1968) і інш. Аўтар групавых кампазіцый «Беларускія пісьменнікі ў Я.Купалы ў гады вайны» (1947), «Сустрэча сяброў» (1952) і інш. Творам уласцівы глыбокае раскрыццё ўнутр. свету асобы, тонкасць выяўл. сродкаў. Працаваў таксама ў галіне сатыр. малюнка, станковай скульптуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦУКІ́ (Rattus),
род млекакормячых сям. мышыных атр. грызуноў. Паводле розных класіфікацый, ад 65 да 280 відаў. Найб. колькасць відаў жыве ў трапічнай Азіі і Афрыцы ў разнастайных ландшафтах; пасяляюцца ў норах, у пабудовах. З чалавекам рассяліліся па ўсім свеце. Актыўныя пераважна на змярканні і ўначы. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў многіх хвароб жывёл і чалавека, у т. л. інфекцыйных. На Беларусі 2 сінантропныя віды: П. шэры, або свірнавы (R. norvegicus), і П. чорны (R. rattus).
Даўж. цела да 30 см, хвост крыху карацейшы або даўжэйшы, укрыты лускавінкамі і рэдкімі валаскамі. Усёедныя. Нараджаюць да 23 пацучанят 2—4 разы за год. Наносяць шкоду гаспадарцы: знішчаюць значную ч. ўраджаю (асабліва збожжавых культур), псуюць і засмечваюць харч. прадукты, прамысл. тавары. вырабы, мэблю і інш. Лабараторныя жывёлы. П. наз. таксама прадстаўнікоў інш. родаў з сям. мышыных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЛЬШЧЫКІ,
шэраг сямействаў насякомых падатр. сядзячабрухіх атр. перапончатакрылых: П. сапраўдныя (Tenthredinidae), сцябловыя (Cephidae), П.-ткачы (Pamphiliidae) і інш. Больш за 6,7 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна ў лясах, а таксама на лугах, палях, у садах, трапляюцца ў стэпах і пустынях. Многія П. — шкоднікі лясных і с.-г. раслін, напр., П. вішнёвы слізісты (Caliroa limacina), збожжавы звычайны (Cephus pygmaeus), рапсавы (Athalia rosae), хваёвы звычайны (Diprion pini), яблыневы пладовы (Hoplocampa testudinea) і інш. На Беларусі больш за 200 відаў.
Даўж. 0,2—30 мм. Крылаў 2 пары, заднія меншыя. Ротавыя органы грызуча-ліжучыя. Яйцаклад пілападобны. Самкі адкладваюць яйцы ў надрэзы, «прапіленыя» яйцакладам (адсюль назва) у тканках ліста або інш. органах расліны. Вусенепадобныя лічынкі і дарослыя асобіны расліннаедныя, некат. дарослыя — драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́СА (Panicum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны ў тропіках, субтропіках, некат. — ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. Вырошчваюць пераважна П. звычайнае, або пасяўное, сапраўднае, мяцёлчатае (P. miliaceum). У Еўразіі і Паўн. Афрыцы вядома ў культуры за 3 тыс. гадоў да н.э. На Беларусі рэшткі насення знойдзены пры раскопках гарадзішчаў 5 ст. да н.э.
П. звычайнае — аднагадовая травяністая расліна з валасніковістымі каранямі выш. 70—100 см. Лісце лінейна-ланцэтнае, апушанае. Суквецце — раскідзістая, радзей сціснутая мяцёлка. Плод — зярняўка. Зерне выкарыстоўваецца як крупы (проса), разам з адходамі яго перапрацоўкі ідзе на корм жывёле і птушкам. Прасяная салома па якасці блізкая да сена. Пад назвай «П.» культывуюць расліны інш. родаў сям. метлюжковых, напр., магар, чуміза, брыца звычайная (курынае П., японскае П.), мяшэй італьянскі (італьянскае П.). Харч., кармавая расліна.
Проса звычайнае: 1 — агульны выгляд; 2 — мяцёлкі падвідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПУ́ХІсапраўдныя
(Bufonidae),
сямейства бясхвостых земнаводных. Вядомы з верхняй юры і ніжняга мелу (каля 140 млн.г. назад). 21 род, 304 віды. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Найб.вял. род — уласна Р. (Bufo) — каля 200 відаў. Пераважна наземныя жывёлы. Актыўныя ў змроку. 6 відаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 3 віды Р.: зялёная (B. viridis); шэрая, або звычайная (B. bufo); чаротная (B. calamita), занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 25 см. Тулава звычайна шырокае, грузнае, канечнасці кароткія. Зубы ў большасці часткова або цалкам рэдукаваныя. Р. роду Bufo маюць гарыз. зрэнку, пальцы задніх канечнасцей часткова звязаны плавальнай перапонкай. За вачамі — буйныя ядавітыя залозы (паратыды), а па ўсёй спіне — дробныя. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Большасць размнажаецца ў вадаёмах, некат. на сушы; ёсць яйцажывародныя і жывародныя віды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́Н, Раслен (Roslin) Александр (15.7.1718, г. Мальмё, Швецыя — 5.7.1793), шведскі жывапісец. Вучыўся ў Стакгольме ў Г.Шродэра (1736—39). Працаваў у Швецыі (да 1745 і ў сярэдзіне 1770-х г.), Германіі (1745—47), Італіі (1747—52), Францыі (з 1752), Расіі (1775—77). Пісаў пераважна партрэты. У творах, якія вызначаліся вытанчанасцю пастэльнага каларыту ў духу ракако, спалучаў імкненне да канкрэтнай псіхал. характарыстыкі мадэлі з віртуознай перадачай тканін, упрыгожанняў і інш.: «Архітэктар К.Ф.Адэлькранц», «Партрэт архітэктара Ж.Б.Перанэ і яго жонкі» (абодва 1754), «Дама з веерам» (1768), «Густаў III і яго браты» (1771), «Партрэт графіні Чарнышовай» (1776), «Аўтапартрэт з жонкай, якая малюе пастэллю», «Партрэт Кацярыны II» і інш.
Літ.:
Кроль А.Е. Александр Рослин и его работы в Петербурге // Скандинавский сборник. Таллинн, 1970. Т. 15.
А.Раслін. Партрэт архітэктара Ж.Б.Перанэ і яго жонкі. 1754.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎСКАЯ ФІНІ́ФЦЬ,
вырабы з металу, дэкарыраваныя эмалямі (фініфцю) і размаляваныя празрыстымі вогнетрывалымі фарбамі; рускі нар.маст. промысел. Існуе з 18 ст. ў г. Растоў Яраслаўскай вобл. Эмаллю запаўняюць дробныя выемкі ці паглыбленні, створаныя тонкімі метал. перагародкамі, або наносяць, як і размалёўку, суцэльным слоем. У 18—19 ст. у тэхніцы Р.ф. выраблялі пераважна абразкі, партрэты і пейзажы. У канцы 19 ст. промысел заняпаў, адроджаны ў 1920-я г. Сучасныя майстры ф-кі «Растоўская фініфць». (В.Салдатава, І.Салдатаў, А.Кокін, В.Горскі, А.Ціхаў, А.Хауноў) вырабляюць пудраніцы, куфэркі, кулоны, завушніцы, брошкі і інш. Акаймаваныя ажурнай філігранню са светлага, цёмнага ці пазалочанага серабра, эмалевыя ўстаўкі аздабляюць акварэльна-празрыстай размалёўкай у выглядзе кветак, пейзажаў, мініяцюрных сюжэтных кампазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІНШТЭ́ЙН (Мікалай Рыгоравіч) (14.6.1835, Масква — 23.3.1881),
рускі піяніст, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Брат А.Р.Рубінштэйна. Скончыў Маскоўскі ун-т (1855). Адзін з буйнейшых піяністаў 2-й пал. 19 ст. З 1846 вёў канцэртную дзейнасць пераважна ў Маскве як піяніст і дырыжор. У 1860 заснаваў Маскоўскае аддз.Рускага музычнага таварыства і Муз. класы, на базе якіх у 1866 створана Маскоўская кансерваторыя (да 1881 яе дырэктар і праф.). Першы інтэрпрэтатар многіх фп. і сімф. твораў П.Чайкоўскага, шмат з якіх прысвечаны яму (1-я сімф., 2-і канцэрт для фп. з арк., «Рускае скерца» для фп.; фп. трыо «Памяці вялікага артыста», 1882). Спрыяў фарміраванню рус. дырыжорскай школы. Сярод вучняў С.Танееў і інш.
Літ.:
Асафьев Б.В. Через прошлое к будущему: Их было трое... // Избр. труды. М., 1954. Т. 3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСЕ́ЦКІ (Баляслаў) (Міхаіл Юрый) Канутавіч (23.11.1824, Рым — 31.1.1913),
жывапісец, графік. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Вучыўся ў бацькі К.Русецкага, Пецярбургскай АМ (1843—50). Пасля 1853 жыў у Парыжы і Італіі, з пач. 1860-х г. — у Вільні, Гродне, Беластоку, маёнтку Янавічы на Беласточчыне. Працаваў пераважна ў жанры партрэта, пісаў пейзажы, кампазіцыі на рэліг. тэмы. У пач. 20 ст. ўдзельнічаў у афармленні перыяд. выданняў на Беларусі. Сярод твораў: «Жаночы партрэт» (1850), «Партрэт сенатара Навасільцава з сынам», «Партрэт Карповіча» (абодва 1851), «Партрэт Паўлоўскага», аўтапартрэт (абодва 1852), «Партрэт генерала Бібікава» (1854), «Партрэт жанчыны ў белым», алегарычная кампазіцыя «Упадзенне ракі Віліі ў Нёман» (1853), алтарная карціна «Св. Казімір» (1857) для фарнага касцёла ў Гродне. Выканаў шэраг фрэскавых размалёвак у касцёлах Гродна і ў Турчанах (Беласточчына).
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX—начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЎМАТЫ́ЗМ (ад грэч. rheumatismos выцяканне вадкасці),
вострая рэўматычная ліхаманка, запаленне злучальнай тканкі з пераважнай лакалізацыяй працэсу у сардэчна-сасудзістай сістэме. Узнікае пры інфіцыраванні бэта-гемалітычным стрэптакокам групы Апераважна ва ўзросце 7—15 гадоў. Пры Р. развіваецца часовая і ўстойлівая непрацаздольнасць, часта фарміруюцца парокі сэрца.
Прыкметы Р.: ліхаманка, сімптомы пашкоджання сэрца (кардыт), суставаў (артрыт), сасудаў галаўнога мозга (малая харэя); больш рэдкія — кольцападобная эрытэма (бледна-ружовая высыпка на скуры ў выглядзе тонкага кольцападобнага абадка) і падскурныя рэўматычныя вузельчыкі. Пры лячэнні праявы Р. праходзяць, акрамя пашкоджання сэрца (пасля рэўматычнай атакі, асабліва пры паўторных абвастрэннях можа фарміравацца парок сэрца). Лячэнне тэрапеўтычнае.