БАДЗЯ́Н (Illicium),

род кветкавых раслін сям. іліцыевых. 42 віды. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, у Паўд. Амерыцы і на ПдУ Паўн. Амерыкі. Найб. вядомы бадзян сапраўдны, або кітайскі, аніс зорчаты (Illicium verum) — вострапахучая расліна. Інтрадукаваны на Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа разам з інш. (амерыканскімі) відамі — бадзяном фларыдскім (Illicium floridanum) і драбнакветкавым (Illicium parviflorum).

Шматгадовазялёныя кусты і дрэвы. Бадзян сапраўдны — дрэва выш. да 10 м са скурыстым падоўжана-эліптычным лісцем з суцэльным краем. Кветкі двухполыя, шматпялёсткавыя, адзіночныя. Плод — цыклічная скурыстая або дравяністая шматлістоўка ў выглядзе своеасаблівай зоркі (адсюль другая назва «аніс зорчаты»). Пашыраны ў Індакітаі, Паўд. Кітаі і інш. раёнах Паўд.-Усх. Азіі. Харч. (плады выкарыстоўваюць як вострую прыправу для араматызацыі лікёраў, вінаў, кандытарскіх вырабаў і інш.), тэхн. і лек. (лісты, плады і алей) расліна. Бадзян анісавы, ці японскі, або японскі зорчаты аніс, так зв. сікімі (Illicium anisatum, або Illicium religiosum) — ядавітая расліна (асабліва плады, якія маюць алкалоід скіміянін). Пашыраны ў Японіі, Карэі, Кітаі. Старажытная культавая расліна (алей выкарыстоўваецца ў храмах як свяцільны сродак, тоўчаныя кара і насенне — для паху). Плады бадзяну японскага вельмі падобныя на плады бадзяну сапраўднага, таму выкарыстоўваюць іх для фальсіфікацыі ў гандлі. З пладоў усіх відаў бадзяну атрымліваюць эфірны алей, у якім да 90% анетолу.

Бадзян анісавы.

т. 2, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭНАСФЕ́РА (ад грэч. asthenēs слабы + сфера),

Гутэнберга слой, слой паніжанай вязкасці ў верхняй мантыі Зямлі, які падсцілае літасферу. Вылучаюць па паменшанай скорасці праходжання сейсмічных хваляў і павышанай электраправоднасці адносна літасферы і астатняй мантыі. Астэнасфера складзена з перыдатытаў, рэчыва якіх знаходзіцца ў пластычным і вязкім стане, можа цячы і ствараць гідрастатычную раўнавагу (ізастазію). Пад акіянамі пашырана ўсюды з глыб. 50—70 км, пад кантынентамі адзначана з глыб. 80—100 км, найб. выразная — у тэктанічна актыўных зонах стараж. платформаў і пад маладымі платформамі. Пад астраўнымі дугамі астэнасфера шматслойная (поліастэнасфера). Рэчыва астэнасферы ў такіх структурах часткова расплаўлена (на 1—10%). Пад стабільнымі ўчасткамі стараж. шчытоў і дакембрыйскіх пліт выяўлена не ўсюды. Ніжняя мяжа астэнасферы знаходзіцца на глыб. 250—300 км (да 400 км). На тэр. Беларусі астэнасфера вылучаецца пад Беларускай антэклізай на глыб. 200—210 км (магутнасць 20—30 км) і пад Прыпяцкім прагінам на глыб. 90—100 км (магутнасць да 140 км). Рэчыва астэнасферы ўдзельнічае ў фарміраванні пакладаў карысных выкапняў, з ёй звязаны працэсы магматызму і метамарфізму.

Астэнасфера адкрыта ў 1914 Дж.​Барэлам. Першае пацвярджэнне яе існавання атрымаў у 1926 Б.​Гутэнберг (адсюль другая назва). Ён паказаў, што ў астэнасферы адбываюцца працэсы, якія выклікаюць гарызантальныя і вертыкальныя рухі блокаў літасферы.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНКА,

рака ў Беларусі (у Гомельскай вобл.) і на Украіне, раней была левым прытокам Прыпяці. Даўж. 179 км, у межах Беларусі — 167,5 км. Пл. вадазбору 2778 км², у межах Беларусі — 1886,5 км². Пасля рэгулявальных работ — пракопвання каналаў, якія сталі адводзіць ваду ў Дняпро, раку падзяляюць на 3 самаст. аб’екты: Брагінка Верхняя — ад вытоку (за 500 м на З ад в. Пракісель Рэчыцкага р-на) да вытоку Дзяржаўнай канавы і далей да ўпадзення ў Дняпро (Рэчыцкі, Лоеўскі і Брагінскі р-ны, даўж. 76 км, пл. вадазбору 1390 км²); Брагінка Сярэдняя — ад вытоку Дзяржаўнай канавы (за 2 км на Пд ад в. Гарадзішча Брагінскага р-на) да вытоку канала Івераўка (другая назва — канава Марозаўка) і далей да ўпадзення ў Дняпро (Брагінскі р-н, даўж. 55 км, пл. вадазбору 460 км²); Брагінка Ніжняя — ад вытоку канала Івераўка да ўпадзення ў Кіеўскае вадасх. ў межах Украіны (Брагінскі р-н, у межах Беларусі даўж. 36,5 км, пл. вадазбору 928 км²).

Даліна Брагінкі пераважна невыразная. Пойма нізкая, забалочаная, шыр. 500 м — 1 км. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Шыр. ў межань Верхняй Брагінка 8—14 м, Сярэдняй і Ніжняй 15—30 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ — г. Брагін.

т. 3, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІ ПАВЕ́Т,

тэр.-адм. адзінка на Беларусі з пач. 15 ст. да 1940. У 15 — пач. 18 ст. уваходзіў у Віленскае ваяв. ВКЛ як буйная дзярж. адм. адзінка (павет, намесніцтва, дзяржава, староства), у якую ўваходзілі тэр. сучаснага Браслаўскага, часткі Мёрскага і Шаркаўшчынскага р-наў. У 16 ст. падзяляўся на воласці (Апескую, Гарадзішскую, Друйскую, Укольскую і інш.). У выніку адм. рэформы 1565—66 у Браслаўскі павет уключаны мястэчкі Друя, Вята, Відзы, Дрысвяты і інш. тэрыторыі сучаснай Літвы. У гэтых межах існаваў да канца 18 ст. У 1793 яго ўсх. частка далучана да Рас. імперыі, астатняя частка павета пераўтворана ў Браслаўскае ваяводства (існавала да 1795). У складзе Рас. імперыі Браслаўскі павет уваходзіў у Віленскую губ. (у 1797—1801 у Літоўскую губ.). Пл. 5555 кв. вёрст, нас. 210 689 чал. (1897). У 1836 Браслаўскі павет перайменаваны ў Новааляксандраўскі пав., які з 1843 знаходзіўся ў складзе Ковенскай губ., з 1921 у Зах. Беларусі. У 1922 адноўлена назва Браслаўскі павет і ён уключаны ў склад Віленскай зямлі (з 1925 ваяводства). Пл. 4218 км², нас. 124 909 чал. (1919). З вер. 1939 Браслаўскі павет у складзе БССР, уваходзіў у Вілейскую вобл. 15.1.1940 павет скасаваны, на яго тэр. ўтвораны шэраг раёнаў, у т. л. Браслаўскі раён.

т. 3, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАДВО́РЦЫ,

катэгорыя дзярж. сялян у Рас. імперыі. Складаліся ў 1-й чвэрці 18 ст. з патомкаў служылых людзей, паселеных царскім урадам у сувязі са стварэннем рэгулярнай арміі на паўд. і паўд.-ўсх. граніцах для іх аховы. Аднадворцы былі абкладзены падушным падаткам і 4-грыўневым аброкам. Пераважная большасць іх не валодала прыгоннымі, мела толькі ўласныя двары (магчыма, адсюль і назва аднадворцы).

На Беларусі аднадворцы ўтвораны на падставе закону ад 19.10.1831: дробная сельская шляхта была пераведзена ў аднадворцы з паліт. (за ўдзел у паўстанні 1830—31) і фіскальных меркаванняў. Былі асабіста вольныя; плацілі падатак, выконвалі рэкруцкую павіннасць на працягу 15 гадоў. Паводле ўказа ад 1.8.1857 аднадворцы на ўласнай і дзярж. зямлі аднесены да дзярж сялян, на панскай — да вольных людзей. Фактычна працягвалі існаваць як асобная група сельскага насельніцтва. У 1858 на Беларусі 44 810 аднадворцаў (1,6% сельскага насельніцтва). Пераважная большасць не мела сваёй зямлі. Па меры разбору шляхты колькасць іх расла: у 1867 у Мінскай, Магілёўскай, Віленскай і Гродзенскай губ. было 110 088 чал. Паводле закону ад 19.2.1868 аднадворцы пераведзены ў сельскія і гарадскія абшчыны, большасць іх злілася з сялянамі. Аднадворцы, якія жылі на панскай зямлі, не атрымалі права на яе выкуп, тыя, што жылі на дзярж., маглі выкупіць яе. Уласная зямля захавалася за аднадворцамі.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭТА́НЬ (Bretagne),

гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на З Францыі, на п-ве Брэтань. Уключае дэпартаменты Фіністэр, Марбіян, Котдзю-Нор, Іль і Вілен. Пл. 27,2 тыс. км². Нас. 2,8 млн. чал. (1990). Гал. горад — Рэн. Рэльеф раўнінны і ўзвышаны (да 391 м). Клімат умераны акіянскі (ападкаў 800—1200 мм за год). Натуральная расліннасць — верасоўнікі, дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: суднабудаванне, перапрацоўка рыбы і с.-г. прадукцыі. Значны цэнтр аўтамаб. прам-сці — г. Рэн. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Значныя пасевы збожжавых, бульбы, ранняй агародніны. Садоўніцтва (традыц. вытв-сць сідру). Рыбалоўства. Турызм.

Назва ад племя брытаў, якія засялілі Брэтань у 6 ст., пакінуўшы заваяваную англасаксамі Брытанію. З канца 8 да сярэдзіны 9 ст. насельніцтва Брэтані ў васальнай залежнасці ад франкаў. У 845—849 утварылася самаст. Брэтонскае герцагства (каралеўства). Пасля спусташальнай нарманскай акупацыі (919—937) герцагства адноўлена (з канца 10 ст. сталіца — Рэн). У 1040—1223 на тэр. Брэтані вяліся міжусобныя «баронскія войны». З 1213 уладанне дынастыі Капетынгаў, з 1237 княства. У 1491 утворана асабістая унія паміж Брэтаню і Францыяй. У 1515 канчаткова далучана да Францыі каралём Францыскам I і стала яе правінцыяй. У час. франц. рэвалюцыі 1789—99 падзелена на дэпартаменты.

т. 3, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУ́РА І НА́ЦІСК»

(«Sturm und Drang»),

грамадска-літ. рух у Германіі ў 1700—80-я г. (назва ад аднайм. драмы ням. пісьменніка Ф.​М.​Клінгера; 1776). Найб. значныя прадстаўнікі: І.​В.​Гётэ і Ф.​Шылер (ранні перыяд творчасці), Клінгер, Я.М.​Р.​Ленц, Г.​Л.​Вагнер, Г.​А.​Бюргер, К.Ф.​Д.​Шубарт, І.​Г.​Фос. Для творчай практыкі пісьменнікаў «Бура і націск» характэрны пераважна зварот да драматургіі. Яны выступілі з рэзкім пратэстам супраць сац. несправядлівасці, дэспатызму феадалаў, рэліг. і саслоўных ланцугоў грамадства, адстойвалі права асобы на годнасць і свабоднае развіццё. У процілегласць асветніцкаму рацыяналізму і нарматыўнай эстэтыцы класіцызму «бурныя геніі» супрацьпаставілі ідэю самабытнага ва ўсіх праявах «характэрнага мастацтва», патрабавалі адлюстравання моцных пачуццяў, гераічных учынкаў, характараў, не зломленых дэспатычным рэжымам, абвяшчалі культ «арыгінальнага генія» — мастака-творцы. Літ. ўзорамі для іх былі паэмы Гамера і трагедыі У.​Шэкспіра. Вырашальнае значэнне ў станаўленні эстэтыкі «Буры і націску» мелі думкі І.​Г.​Гердэра пра нац. своеасаблівасць мастацтва і яго нар. карані, пра ролю фантазіі і эмацыянальнага пачатку. Моцны пратэст супраць несправядлівасці, характэрны для творчасці прадстаўнікоў руху, дазволіў ням. Асветніцтву ўзняцца да ўзроўню нац.-вызв. задач эпохі.

Літ.:

Неустроев В.П. «Буря и натиск» // Неустроев В.П. Немецкая литература эпохи Просвещения. М., 1958.

А.​С.​Шаўчэнка.

т. 3, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРБАЛІ́ЧНЫЯ ФУ́НКЦЫІ,

функцыі, якія вызначаюцца формуламі: shx = (e​x − e​−x)/2 (гіпербалічны сінус), chx = (e​x + e​−x)/2 (гіпербалічны косінус) і інш. Уласцівасці гіпербалічных функцый вынікаюць непасрэдна з іх выяўлення праз экспаненцыяльную функцыю e​x.

Гіпербалічныя функцыі звязаны паміж сабой суадносінамі, падобнымі на суадносіны паміж трыганаметрычнымі функцыямі: ch​2x − sh​2x = 1, thx = shx/chx і г.д. Гіпербалічныя функцыі можна выразіць праз трыганаметрычныя: shx = -i sin ix, chx = cos ix і г.д. Геаметрычна гіпербалічныя функцыі атрымліваюцца пры разглядзе раўнабочнай гіпербалы x​2 − y​2 = 1 (адсюль назва), якую можна задаць параметрычнымі ўраўненнямі x = cht, y = sht, дзе t — падвоеная плошча сектара OAC, AC — дуга гіпербалы. Выкарыстоўваюцца пры рашэнні дыферэнц. ураўненняў у электратэхніцы, супраціўленні матэрыялаў, буд. механіцы і інш.

Да арт. Гіпербалічныя функцыі: а — сувязь гіпербалічнага сінуса з экспанентай (1 − y = e​x/2; 2 − y = shx; 3 − y = -e​-x/2); б — сувязь гіпербалічнага косінуса з экспанентай (1 − y = e​x/2; 2 − y = chx; 3 − y = -e​-x/2); в — графікі гіпербалічных тангенса і катангенса (1 − y = cthx; 2 − y = thx); г — геаметрычны сэнс гіпербалічных функцый (1 — гіпербала x​2 − y​2 = 1; CM = cht; BM = sht; AD = tht, дзе t — падвоеная плошча сектара OAM).

т. 5, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛАНАСЕ́ННЫЯ (Pinophyta, або Gymnospermae),

найбольш старажытны аддзел вышэйшых насенных раслін. 10 парадкаў, 12 сям., больш за 70 родаў, каля 600 відаў. Падзяляюцца на 2 класы: вымерлы клас кардаітавых (Cordaitopsida) і сучасны — хвойных (Pinopsida). Пашыраны па ўсім зямным шары (акрамя Антарктыды), асабліва ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 3 парадкі (цісы, хвоі і кіпарысы). 5 родаў (елка, піхта, хвоя, ціс, ядловец), каля 100 відаў і формаў голанасенных інтрадукаваны ў сады і паркі. Многія з голанасенных — лесаўтваральнікі. Маюць вял. водаахоўнае і проціэразійнае значэнне, узбагачаюць атмасферу кіслародам, паветра фітанцыдамі і аэраіонамі, даюць каштоўную драўніну і сыравіну для цэлюлозна-папяровай і хім. вытв-сці. Голанасенныя выкарыстоўваюць як лек. і дэкар. расліны; насенне некат. ядомае.

Першыя голанасенныя з’явіліся ў канцы дэвонскага перыяду, іх продкі — стараж. папарацепадобныя. Былі пашыраны ў мезазойскую эру, у канцы якой большасць голанасенных выцеснена пакрытанасеннымі раслінамі. Характэрная прыкмета голанасенных — наяўнасць голых (адсюль назва) семязародкаў (семяпупышак). Усе голанасенныя — разнаспоравыя дрэвы і кусты з монападыяльным галінаваннем. Ствол складанай будовы, з другасным патаўшчэннем. Лісце пераважна шматгадовазялёнае, звычайна дробнае суцэльнае, лускападобнае, падоўжанае пляскатае або іголкападобнае (ігліца). Кветак няма. Амаль ва ўсіх сучасных голанасенных ёсць раздзельнаполыя стробілы — укарочаныя рэпрадуктыўныя парасткі (т.зв. мужч. і жан. шышкі).

Літ.:

Голосеменные (Pinophyta, или Gymnospermae) // Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения. М., 1978.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНА́ТА (італьян. granata ад лац. granatus зярністы),

1) боепрыпас для паражэння жывой сілы і тэхнікі праціўніка ў блізкім баі. Адрозніваюць гранаты: ручныя і для стральбы з гранатамётаў (гранатамётныя стрэлы і вінтовачныя гранаты); процітанкавыя, проціпяхотныя, запальныя і спецыяльныя (дымавыя, асвятляльныя, сігнальныя і інш.).

Гранатамётныя стрэлы маюць калібры 30—112 мм, масу 0,2—5 кг, бронепрабівальнасць да 400 мм і болей. Бываюць з парахавым стартавым зарадам, рэактыўным рухавіком і стабілізатарам. Проціпяхотныя гранаты падзяляюцца на асколачныя ручныя гранаты, асколачныя, асколачна-фугасныя і асколачна-кумулятыўныя гранатамётныя стрэлы. Маса сучасных гранат 0,3—1,2 кг, радыус паражэння фугасных да 20 м, асколачных да 200 м. Гранаты з’явіліся ў 16 ст., з 17 ст. імі ўзбройвалі спец. падраздзяленні пяхоты — грэнадзёраў. Процітанкавыя гранаты — кумулятыўныя ручныя гранаты і гранатамётныя стрэлы. Прабіваюць браніраваныя цэлі накіраваным струменем разрыўнога зарада. Маса 1,1—1,2 кг.

2) Устарэлая назва артыл. снарадаў асколачна-фугаснага дзеяння масай не менш за 16 кг. Ужываліся з 17 ст.

Гранаты: а, б — ручныя проціпяхотныя (1 — асноўны зарад, 2 — дэтанатар, 3 — запал, 4 — капсуль, 5 — кальцо, 6 — баёк, 7 — спускавы рычаг); в — ручная процітанкавая (1 —засцерагальная спружына, 2 — ударнік, 3 — стабілізатар, 4 — запал, 5 — зарад); г — процітанкавая для гранатамёта (1 — кумулятыўная выемка, 2, 5 — парахавыя зарады, 3 — донны ўзрывальнік, 4 — стабілізатар).

т. 5, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)