не́льга, безас. у знач. вык.

1. Немагчыма; няма магчымасці. Да майго слыху даляталі толькі адны галасы, слоў жа разабраць было нельга. Нікановіч. Пісаць больш нельга, бо ў нас трывога, І я кладу за плечы клунак свой. Астрэйка. Шкадавала маці Ігнася, ой, як шкадавала, — выказаць нельга. Мурашка.

2. Забаронена, не дазваляецца. Курыць тут нельга: побач бензін. // Няможна, не трэба. Нельга ж так мучыць каня, трэба адпачыць жывёле. Сёмка даў каню захвачаны [з дому] авёс і .. прылёг каля воза. Гартны. — Глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца. Зарэцкі.

•••

Нельга не адзначыць гл. адзначыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ніякава́та, прысл.

Разм.

1. Няёмка, не па сабе, сарамліва. На калгасным двары Сяргей адчуваў сябе ніякавата: староннім чалавекам ён тут ужо быць не мог, а гаспадаром — яшчэ не меў права. Шахавец. Хлопцы прыціхаюць, убачыўшы Надзю, а Валянцін ніякавата апускае вочы: значыць, не для дзявочага вуха нешта было сказана. Кулакоўскі. // безас. у знач. вык. Пра адчуванне няёмкасці, сарамлівасці. Як бы ўсё вымерла навокал. Ад нямога бязлюддзя Віктару стала ніякавата. Навуменка. Стала ніякавата хадзіць [Любе] у школу з меншымі па ўзросту вучнямі. Грамовіч.

2. Нязручна. На вуліцы ў касцюме адчувалася вольна, але ніякавата — асабліва неставала рамяня. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́раў, ‑раву, м.

1. Характар, сукупнасць псіхічных якасцей. Круты нораў. Вясёлы нораў. □ Нораву.. [Кірыла] быў неспакойнага. Лупсякоў. [Маўра] не стала пярэчыць [мужу]. Не магла. Гэта было не ў яе нораве. М. Ткачоў. / у перан. ужыв. На што вада, але і тая Не ўсюды роўны нораў мае. Спакойна ў ямах і заторах, Але капае дол у горах. Колас. Калгасныя коні .. былі розныя — і па выгляду, і па звычках, і па нораву. Ракітны.

2. звычайна мн. (но́равы, ‑аў). Звычай, уклад жыцця, звычка. Учора ў клубе Барыс праслухаў лекцыю аб норавах капіталістычнага грамадства. Жычка.

•••

З норавам — упарты, наравісты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагры́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. пагрыз, ‑ла; зак., каго-што, чаго і без дап.

1. Згрызці, разгрызці ўсё, многае. А вавёрка, быццам на тое ліха, на наступны дзень пагрызла падэшвы на прыгожых маміных туфлях. Даніленка.

2. Грызучы, паесці чаго‑н. Неяк уранні .. стары спыніўся на павароце і сказаў: — Хай коні пагрызуць травы, а ты паслухай, Алекс, што было... Брыль. Язэпка пагрыз сухарык на хаду маладымі зубамі, і млосць прайшла. Якімовіч.

3. Грызці некаторы час. Пагрыз і пакінуў.

4. перан. Разм. Памучыць папрокамі, прыдзіркамі. [Тадора] даўно ўжо шукае якой-небудзь прычэпкі, каб пагрызці нявестку. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пад’ёмны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пад’ёму (у 1 знач.). Пад’ёмная сіла крылаў. // Які служыць для пад’ёму чаго‑н. Пад’ёмны кран. Пад’ёмны механізм. □ Тэадаліт мае тры пад’ёмныя вінты — пры дапамозе іх прыводзяць лімб у гарызантальнае становішча... Пташнікаў.

2. Зроблены так, каб можна было падняць. Пад’ёмная заслона. Пад’ёмны мост.

3. у знач. наз. пад’ёмныя, ‑ых. Грошы, якія выдаюцца пры пераездзе на новае месца работы. Атрымаць пад’ёмныя. □ [Чалавек], здаецца, не адказаў на маё прывітанне, а папрасіў маё накіраванне. Прабег яго вачыма, паклікаў нейкую Надзю, загадаў ёй мяне «правесці загадам» і выплаціць пад’ёмныя. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпіса́цца, ‑пішуся, ‑пішашся, ‑пішацца; зак.

1. Паставіць свой подпіс пад чым‑н. Лабановіч доўга пазіраў на гэту паперку. Нават не напісала [Ядвіся], куды едзе, і сама не падпісалася... Колас. Аўтар чамусьці не падпісаўся і не падаў свайго адраса. Рэдактар пакруціў канверт — адваротнага адраса і там не было. Грамовіч.

2. Заключыць умову на дастаўку, прысылку падпіснога выдання, унёсшы пэўную плату. Падпісацца на збор твораў. Падпісацца на газету «Звязда». // Выказаць жаданне на ўдзел у зборы якіх‑н. сродкаў, ахвяраванняў і пад. Падпісацца на пазыку.

•••

Падпісацца абедзвюма рукамі пад чым — ахвотна і поўнасцю згадзіцца з чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажыві́цца, ‑жыўлюся, ‑жывішся, ‑жывіцца; зак.

Разм.

1. Знайсці для сябе якую‑н. ежу, пажыву. Чарада кур, згледзеўшы гаспадыню і спадзеючыся пажывіцца, кінулася да яе з усіх канцоў двара. Колас. Ніхто не арэ стэп, і.. [крумкачам] няма дзе пажывіцца, як раней, ходзячы па барознах за аратым. Няхай.

2. Узяць для сябе што‑н. чужое; атрымаць якую‑н. карысць з чужога. Абмацаўшы чужыя торбы і нічога ў іх не знайшоўшы, чым бы можна было пажывіцца, Суконка зусім засумаваў. Паслядовіч. Калгаснікі пяці вёсак Загальскага сельсавета не далі ворагу пажывіцца грамадскай маёмасцю. Залескі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паку́тліва,

1. прысл. З адчуваннем, пачуццём пакуты. Хлопцы сноўдаліся па лесе, пакутліва думалі — што рабіць далей. Новікаў. // Выяўляючы, паказваючы пакуту. Гэлін твар на імгненне пакутліва перасмыкнуўся. Навуменка. // Прычыняючы пакуту. Пакутліва ныла спіна, ад напружання балела шыя. Шамякін.

2. прысл. У вялікай ступені, вельмі. «На, еш, я не хачу, дальбог», — гаварыў .. [Толя], працягнуўшы Сашку далонь, на якой быў пакутліва прывабны ласунак, ужо нават вылузаны з каляровай паперкі. Брыль. Пакутліва доўга цягнуўся дзень. Шамякін.

3. безас. у знач. вык. Цяжка, нязносна. Дзень быў сухі, гарачы. Усё жывое хавалася ў цень. Сядзець за сталом было пакутліва. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папе́рад,

Разм.

1. прысл. Уперад. Выехаць наперад. □ Узваліў [Мітрафан] бочку на плечы і панёс. [Эрна] пайшла паперад — паказаць, дзе паставіць. Ракітны.

2. прысл. Спачатку, раней. Паперад умыйся, а потым садзіся есці. □ Паперад пасівее, пакуль Іван яе возьме. Ермаловіч.

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паперад» выражае часавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, раней за якія кім‑, чым‑н. было ўтворана якое‑н. дзеянне. Мікіта не даў сябе ўпрошваць — адно перакуліў у рот паперад усіх сваю шклянку і, кусаючы на хаду.. хлеб, спехам падаўся да парога. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́іць, ‑раю, ‑раіш, ‑раіць; зак., каго-што.

Даць параду, падказаць, як дзейнічаць; парадзіць. Людзі чакалі парад, а параіць Шалюта нічога не мог, бо сам не меў нічога за душою. Дуброўскі. [Міколка] перайшоў вуліцу, зайшоў на двор дзеда Нупрэя. То ж стары чалавек, яму год дзевяноста, ён дапаможа, параіць. Лынькоў. — Бацька благога табе не параіць. Савіцкі. // Даўшы добры водзыў, прапанаваць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якасці каго‑, чаго‑н. Сяргей пачаў прыкідваць, каго можна было б параіць на яго цяперашнюю пасаду. Шахавец. Зубру патрэбен быў памочнік дзелавіты. І вось на гэты пост яму параілі Каня. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)