бязлі́тасны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае літасці, жалю, спачування. Бязлітасны чалавек. □ Але вораг напаў на маю бацькаўшчыну, каварны, бязлітасны, люты вораг. Гарбук. Патапавіч закрываў рукою шыю і стараўся цішэй ступаць, каб не ўвесці ў злосць гэтых бязлітасных пастаяльцаў. Кулакоўскі. // Які не заключае, не выяўляе ў сабе літасці, спачування; жорсткі, суровы. Бязлітасны прысуд. Бязлітасная крытыка. Бязлітасная праўда. Бязлітасныя словы. □ Узросшая магутнасць міжнародных манаполій зрабіла канкурэнтную барацьбу яшчэ больш бязлітаснай. Брэжнеў. Хлопец мімаволі сціснуў аўтамат і змерыў Грэчку бязлітаснымі блакітнымі вачамі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

манта́ж, ‑у, м.

1. Зборка і ўстаноўка машын, збудаванняў з гатовых частак у адпаведнасці з планамі і чарцяжамі. Галя вельмі любіла ўвесь працэс наладкі лініі — ад мантажу станкоў да наладкі інструментаў на дэталі. Арабей. Сёння .. [Максім Сцяпанавіч] вырашыў пачаць абход з ліцейнага: трэба было праверыць, як ідзе мантаж новых, больш магутных вагранак. Карпаў.

2. Падбор і аб’яднанне асобных частак фільма, літаратурных або музычных твораў у адно цэлае ў мастацкіх і сэнсавых адносінах. // Фільм, літаратурны твор і пад., складзеныя такім чынам. Падрыхтаваць літаратурны мантаж. Фатаграфічны мантаж.

[Фр. montage.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дары́ць ​1, дару, дорыш, дорыць; незак.

1. што. Даваць у якасці падарунка, аддаваць бязвыплатна. Дарыць кветкі. □ Падарункі, вядома, могуць быць розныя. Гэта ўжо ў залежнасці ад матэрыяльных магчымасцей таго, хто дорыць. Лынькоў. Дзяўчаты з усмешкай Дарылі [салдатам] букеты. Танк.

2. каго. Даваць каму‑н. падарунак, падарункі; абдорваць. Дарыць маладых. // чым. Даваць каму‑н. міласціну. [Марыля:] Чым больш на жабраку торбаў, тым лепш такога дораць. Купала.

дары́ць ​2, ‑рыю, ‑рыеш, ‑рые; зак., што.

Скончыць рыць; вырыць да канца ці да якога‑н. месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак.

1. Лічачы, устанавіць колькасць, лік каго‑, чаго‑н. Налічыць пяць рублёў. □ Хворы ў лыжачку палічыў дваццаць кропель, валіў вадою, выпіў і паморшчыўся. Бядуля. Як толькі.. [Сяргей Карага] палічыў «дваццаць адзін», пачуўся другі стрэл, больш густы і моцны. Колас.

2. Лічачы, дабавіць лішнюю суму; пералічыць. Налічыць лішніх два рублі.

3. Вызначыць дабаўку да якой‑н. сумы; прылічыць звыш чаго‑н. Налічыць пяць рублёў пені. Налічыць працэнты на пазыку.

4. Залічыць на чый‑н. рахунак які‑н. від аплаты. Налічыць заработную плату.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насаджа́ць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.

1. Змясціць, размясціць дзе‑н. вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Насаджаць дзяцей у аўтобус. Насаджаць пірагоў у печ.

2. Пасадзіць у некалькі прыёмаў або нейкую колькасць (пра расліны, дрэвы). Насаджаць маладых дрэў.

3. Разм. Пабоямі нарабіць (сінякоў, гузоў і пад.). Не надта хочацца .. [Аўдолі] ўмешвацца ва ўнутраныя справы, падлічваць, хто каму больш сінякоў насаджаў, ды нічога не зробіш — улада. Крапіва.

насаджа́ць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да насадзіць ​1 (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падстро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак.

1. Паставіць, пастроіць у адзін строй з кім‑, чым‑н. Падстроіць роту да левага фланга.

2. Настроіць (музычны інструмент) больш дакладна або ў адпаведнасці з ладам, строем чаго‑н. Падстроіць гітару пад раяль. // Прыстасаваць, устанавіць для прыёму якіх‑н. хваль (радыё, магнітных).

3. перан. Разм. Тайком устроіць, учыніць што‑н. (звычайна непрыемнае). Падстроіць пастку. □ Чамадан яе нясе ззаду сам старшыня. Нясе і чагосьці ўсміхаецца, як бы ён смешнае падстроіў, што вось зараз саб’е з панталыку пасажырку. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падчы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., што.

1. Зрабіць больш чыстым; прывесці ў парадак. Гулка забубнілі па зямлі раптоўныя ліўні; яны то аціхалі, то наляталі зноў і ўсё абмылі, усё падчысцілі, сагналі мутнымі пераваламі з двароў і палеткаў бруд, трэскі, салому. Лужанін. Падчысціць бы.. [рэчы], падрамантаваць, дык і пайшлі б у ход. Кулакоўскі.

2. Сцерці, саскрэбці (напісанае, надрукаванае).

3. Разм. Усё дачыста, без астатку забраць, з’есці і пад. [Маці:] — А ў каморцы і мышам ужо няма чаго есці — надоечы я ўсё да апошняй крупінкі падчысціла. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парадзе́лы, ‑ая, ‑ае.

Які парадзеў, стаў радзейшым. Дарога знікала з вачэй, не дайшоўшы да гасцінца, абапал якога стаялі, як старэнькія бабулькі, парадзелыя бярозы. Колас. Часта налятаў халодны, пранізлівы вецер, тады парадзелы лес шастаў шэрым голлем. Асіпенка. [Шыковіч] глянуў на рэдактара, які слухаў з сумным і збянтэжаным выразам на змораным твары, убачыў яго парадзелыя светлыя валасы, вялікія залысіны. Шамякін. // Які паменшаў па колькасці. Свідраль устаў, апрануў паліто і праціснуўся праз парадзелы натоўп да дзвярэй. Дуброўскі. // Які стаў менш густым, больш празрыстым. Парадзелы змрок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасажы́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пасажыра, належыць пасажыру. Увесь таварны і пасажырскі рух спыніўся. Лынькоў. // Прызначаны для перавозкі пасажыраў. Гэта быў адзін з тых пасажырскіх самалётаў, якія курсіравалі на адлегласці не больш дзвюх гадзін палёту. Шамякін. А тут самае большае, як праз паўгадзіны на Кіеў павінен прайсці пасажырскі параход. Даніленка. // у знач. наз. пасажы́рскі, ‑ага, м. Разм. Поезд для перавозкі пасажыраў. Вось пасажырскі рушыў, перад намі паказаліся два таварныя саставы, вагоны прыгараднага цягніка, што стаяў у тупіку. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачына́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад пачынаць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які нядаўна распачаў якую‑н. дзейнасць. Пачынаючы паэт. Пачынаючы ўрач. □ Якую індывідуальную афарбоўку не мела б творчасць мастака, пачынаючага ці масцітага, спевака ці танцора, усё-такі шчырасць размовы дабратворна ўплывае на любы характар. «Маладосць».

3. у знач. наз. пачына́ючы, ‑ага, м.; пачына́ючая, ‑ай, ж. Той (тая), хто пачынае што‑н. Дапаможнік для пачынаючых. □ Кабінет атрымліваў штодзень больш дзесятка твораў пачынаючых. Хведаровіч.

4. Дзеепрысл. незак. ад пачынаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)