ло́гіка, ‑і, ДМ ‑гіцы, ж.
1. Навука аб законах і формах мыслення. Фармальная логіка. Дыялектычная логіка. Матэматычная логіка.
2. Ход разважанняў, вывадаў. У выступленні Тамары менш было запалу і рашучасці, затое логіка якая! Ермаловіч. // Правільнасць, разумнасць мыслення. [Міхал] ніколі не вызначаўся асаблівай выдатнасцю логікі ў думках. Чорны. Фронт быў ад нас яшчэ за сотні кіламетраў, але насуперак логіцы ўсім захацелася пачуць у гэтых выбухах грукат сваёй артылерыі. Карпюк.
3. Унутраная заканамернасць. Логіка рэчаў. □ Дзіўныя справы .. захапляюць мяне сваёй навізной, такім незвычайным для нашага жыцця паваротам падзей і логікай з’яў. Быкаў.
[Грэч. logikē.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заці́шша, ‑а, н.
1. Часовае спыненне шуму, ветру. Зацішша перад навальніцай. □ Калі наверсе па густым хваёвым покрыве каціўся глухі шум ветру, тут, унізе, стаяла прыемнае зацішша, было па-хатняму ўтульна. Новікаў. // перан. Спыненне, аслабленне дзейнасці, руху і пад. На пероне зацішша — ні цягнікоў, ні пасажыраў. Навуменка. Адгрымела блакада і ў атрадным баявым жыцці настаў нейкі момант зацішша. Брыль.
2. Ціхае, зацішнае месца; зацішак. «Не даеду...» — трывожна падумаў Цімох і, сабраўшыся з сілай, звярнуў у зацішша, за лазняк. Ваданосаў. У пячурцы — калматы, вялікі, Нешта муркае У зацішшы кот. Лявонны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звяно́, ‑а́; мн. звёны (з ліч. 2, 3, 4 звяны́), звёнаў; н.
1. Адна асобная састаўная частка ланцуга; кольца. Змацаваць звёны папкай. □ Схапіўшы дужку кляшчамі, трэба было маланкава прасунуць яе ў папярэдняе звяно і прыстукнуць молатам так, каб канцы сышліся і заварыліся. Корбан. // перан. Састаўная частка чаго‑н. цэлага. У рамане «Зямля» — важным звяне ў творчай біяграфіі Чорнага — героем з’яўляецца сялянская маса. Адамовіч.
2. Аднатыпная састаўная частка якога‑н. цэлага. Звяно трубаправода.
3. Найменшая арганізацыйная адзінка ў якім‑н. аб’яднанні. Піянерскае звяно. Ільнаводчае звяно. □ І на захад звяно за звяном пралятаюць знішчальнікі нашы. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звяць, звяну, звянеш, звяне; зак.
1. Стаць вялым, бляклым; завяць. Кветкі звялі ад спякоты. Трава звяла. // перан. Страціць свежасць; змарнець. Хоць Барташэвічу і было больш за шэсцьдзесят год, усё ж ён яшчэ быў пругкім чалавекам, а жонка ў зорак пяць год звяла, як кветка ў спёку. Гурскі.
2. перан. Зрабіцца вялым, млявым. Цягавіты стары, каб прыйшлося, перамог бы яшчэ сваю ўтому пасля цяжкай дарогі і прайшоў бы яшчэ адным махам з пяцьдзесят кіламетраў, але тут задушыла яго трывога: ён зусім звяў. Чорны. І ногі і рукі ў Івана звялі. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дарэ́чы, прысл.
1. К месцу, якраз у патрэбны час. — Вось якраз дарэчы, — сустрэў Барысаў Батаніна. — Прыйдзецца вам, Павел Андрэевіч, сказаць прамову. Дудо. Барабан бесперапыннага дзеяння быў вельмі дарэчы. У ім можна было апрацоўваць вялікія дэталі. Карпаў.
2. у знач. пабочн. (часта ў спалучэнні са словамі «кажучы», «сказаць»). Ужываецца для абазначэння таго, што даная фраза гаворыцца ў дадатак да чаго‑н., толькі што сказанага. Дарэчы, у хаце ў Ганны, калі ні прыйдзі — чыста, нібы яна вечна, з гадзіны на гадзіну, чакае важнага госця. Дуброўскі. Дарэчы кажучы, той Янка быў ўдалы, Не меў прывычкі доўга разважаць. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
да́ча 1, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. даць (у 8 знач.). Дача паказанняў. □ Густы траскучы залп з тылу, а потым з правага фланга перарваў дачу гэтых загадаў. Колас.
2. Порцыя, якая даецца на адзін прыём ці на пэўны перыяд. Дзве дачы аўса. Сутачная дача сена.
да́ча 2, ‑ы, ж.
Загарадны дом для летняга адпачынку гараджан. Пабудаваць дачу. Зняць дачу. □ Мадам Гамрэкелі ад пачатку лета выехала з Гіо некуды ў горы, на дачу, дзе не было малярыі. Самуйлёнак.
да́ча 3, ‑ы, ж.
Частка лясніцтва, вылучаная ў самастойную гаспадарку; участак зямлі пад лесам. Лясная дача.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзіку́н, ‑а, м.
1. Чалавек з племені, якое знаходзіцца на ступені першабытнай культуры; нецывілізаваны чалавек. // Пра некультурнага, неразвітага, грубага чалавека. — Тупагаловыя дзікуны! Яны не разумеюць, што няма той сілы, якая знішчыла б народ. Шамякін. Я баяўся, што стычынскія хлапчукі зловяць мяне на вуліцы і адлупцуюць. Такія дзікуны могуць! Чарнышэвіч.
2. Разм. Нелюдзімы, дзікаваты чалавек. [Панне] Людміле цікава было паглядзець на гэтага дзікуна і пустэльніка, які яшчэ аж дасюль не быў у Завітанках. Колас.
3. Разм. Пра чалавека, які адпачывае ў курортным месцы без пуцёўкі. — Люблю ездзіць адпачываць «дзікуном», — гаварыў.. Аляксей Пятровіч. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дру́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны дружбай, узаемнай згодай. Дружная сям’я. Дружны калектыў. □ Добрае, дружнае звяно падабралася ў Грышы. Пальчэўскі. Слаўна правялі .. [рыбакі] дзень у дружнай кампаніі на беразе рэчкі! Якімовіч. / у знач. наз. дру́жныя, ‑ых. Толькі дружныя ніякіх Не баяцца перашкод. Кірэенка.
2. Які адбываецца адначасова, узгоднена; аднадушны. Дружная работа. Дружны рогат. □ Такога дружнага сходу яшчэ ні разу ў калгасе не было. Дуброўскі. Камандзіры прайшлі ўздоўж строю. Атрады сустракалі іх дружным «ура!». Шамякін. // Які бурна, хутка адбываецца; спорны. Вясна выдалася дружнай і цёплай. Лынькоў. Апоўначы наліўся дружны цёплы дождж. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
канчатко́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не будзе больш пераглядацца, змяняцца; беспаваротны. Канчатковае рашэнне. Канчатковы вывад. □ Канчатковай канструкцыі касмічнай ракеты яшчэ не было. Гамолка. // Які з’яўляецца завяршэннем або ажыццяўленнем чаго‑н. Канчатковая мэта. Канчатковы вынік. □ Выканаў тут ён [Гукай] акон свой Апошні, часовы — заўтра адгэтуль ён пойдзе На штурм канчатковы. Куляшоў. Вечар і ноч прайшлі ў канчатковай падрыхтоўцы абароны. Брыль.
2. Даведзены да канца, поўны. Канчатковая перамога. □ Шчаслівая немка давяла свядомасць гэтых двух чалавек да канчатковай яснасці, быццам толькі цяпер іх вочы да канца раскрыліся на тое, што адбылося за ўсе гэтыя дні. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карча́га 1, ‑і, ДМ ‑чазе, ж.
Разм. Пень, вывернуты з карэннем; корч. Гануля дастала з-за коміна карчагі і стала чыркаць запалк[ай], якая адсырэла і не загаралася. Гурскі.
карча́га 2, ‑і, ДМ ‑чазе, ж.
1. Тое, што і амфара. Па такіх знаходках, як абломкі амфар, або карчаг, якія выкарыстоўваліся феадаламі для зберажэння він, відаць, што гэта пасяленне з самага пачатку не было сельскім. «Беларусь».
2. Разм. Гляк для мазі. Паны налева важна садзяць, Дзе іх сярмяжнікі не здрадзяць Ні пахам дзёгцю, ні карчагі, Ні відам латанай сярмягі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)