адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 18—20 ст. Утвораны 4.9.1776 у Полацкай губерніпасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. 23.12.1796 скасаваны, яго тэр. перададзена Беларускай губерні. 11.3.1802 адноўлены ў складзе Віцебскай губерні. Цэнтр — г. Дрыса. Пл. 2568, 9 кв. вёрст, нас. 97 083 чал. (1897). Уключаў 17 валасцей: Асвейскую, Дзёрнавіцкую, Замашанскую, Зябкаўскую, Ігналінскую, Каменскую, Каханавіцкую, Клясціцкую, Прыдруйскую, Пустынскую, Сар’янскую, Стрыжанскую, Сушкоўскую, Таболкаўскую, Філіпаўскую, Юстыянаўскую і Юхавіцкую; 7 мястэчак, 811 паселішчаў сельскага тыпу. У студз. 1919 Клясціцкая вол. перададзена ў Полацкі павет. Паводле мірнага дагавора Расіі з Латвіяй ад 11.8.1920 Прыдруйская і Пустынская вол. ўвайшлі ў склад Латвіі. Скасаваны 15.2.1923, яго тэр. ўключана ў Полацкі пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ТАЎ (Аляксандр Ільіч) (17.8.1879, станіца Арэнбургская Арэнбургскай вобл., Расія — 7.3.1921),
адзін з кіраўнікоў белага руху (гл.Белая гвардыя) у грамадз. вайну 1918—20 у Расіі. Ген.-лейтэнант (1919). Скончыў Акадэмію Генштаба (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. ПасляЛют. рэвалюцыі 1917 выбраны старшынёй савета Саюза казацкіх войск, у чэрв. 1917 узначальваў Усерас. казацкі з’езд, падтрымліваў сувязь з ген. Л.Г.Карнілавым; з вер. 1917 атаман Арэнбургскага казацтва. У ліст. 1917 узняў антысав. мяцеж у Арэнбургу (ліквідаваны Чырв. Арміяй у 1918). У чэрв. 1918 у ходзе антысав. мяцяжу Чэхаславацкага корпуса арганізаваў белы рух на Урале. У ліст. 1918 — канцы 1919 камандаваў асобнай Арэнбургскай арміяй у складзе войск А.В.Калчака. У 1920 эмігрыраваў у Кітай, дзе забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫДО́НА, Эліса,
у рымскай міфалогіі царыца, заснавальніца Карфагена, дачка цара Тыра, жонка і сястра цара Сіхея. Брат Д., Пігмаліён, забіў Сіхея, каб захапіць яго багацце, але Д. ўцякла са скарбамі ў Афрыку. Мясцовы бербейскі цар Ярба падараваў ёй крыху зямлі — столькі, колькі зойме шкура вала. Хітрая Д. разрэзала шкуру на вузкія палоскі, абкружыла імі вял. ўчастак зямлі і заснавала горад-крэпасць Карфаген. Пазней пакахала Энея, закінутага навальніцай у Карфаген, і пасля яго ад’езду скончыла самагубствам. Да міфа аб Д. звярталіся скульптары і мастакі (А.Мантэнья, Л.Карачы, П.П.Рубенс), літаратары (Г.Сакс, Я.Б.Княжнін, бел. паэма «Энеіда навыварат»), кампазітары (Г.Пёрсел, А.Скарлаці, Г.Ф.Гендэль, І.Гайдн) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПЕРЭ́ ПРА́ВІЛА,
філагенетычнага росту закон, эмпірычнае абагульненне даных аб характары гіст. развіцця асобных сістэматычных груп. Сфармуляваў франц. вучоны Ш.Дэперэ (1907). Паводле Д.п., у кожнай філагенетычнай лініі назіраецца тэндэнцыя да павелічэння памераў цела арганізмаў або гіст. развіццё ідзе ад дробных продкавых груп да ўсё буйнейшых. Пасля дасягнення крытычных памераў і парушэння асн. прапорцый цела адбываецца выміранне групы. Д.п. ўзводзіць асобныя філагенетычныя з’явы ў ранг агульнай эвалюц. заканамернасці і заснавана на прызнанні ўнутр. тэндэнцыі развіцця, незалежнай ад матэрыяльных узаемадзеянняў. Зрэдку Д.п. называюць і закон прагрэсіруючай спецыялізацыі (сфармуляваны Дэперэ), паводле якога група арганізмаў, што стала ў працэсе эвалюцыі на шлях спецыялізацыі, непазбежна павінна ісці да ўсё больш глыбокай і вузкай спецыялізацыі, у выніку чаго вымірае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСАЛІ́Н ((Dessalines) Жан Жак) (20.9.1758, Гана — 17.10.1806),
дзеяч нац.-вызв. руху на в-ве Гаіці. Пажыццёвы ген.-губернатар (з 1804). Негр, да 1790 раб (узяў прозвішча свайго б. ўладальніка). Удзельнік нац.-вызв. паўстання пад кіраўніцтвам Ф.Д.Тусэн-Луверцюра, пасля паланення якога французамі (1802) на чале арміі паўстанцаў (з мая 1803) дамогся вызвалення в-ва ад франц. каланізатараў (канец 1803). З кастр. 1804 імператар Гаіці (правіў як Жак I). Цяжкае эканам. становішча краіны (у т. л. з-за блакады вострава Францыяй, а з 1806 і ЗША), агр. палітыка (перадача дзярж. зямель пераважна ва ўладанне неграм) і жорсткія метады праўлення Д. выклікалі ў кастр. 1806 паўстанне землеўладальнікаў-мулатаў, у час якога Д. загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬПЕ́РЫН (Яфім Абрамавіч) (каля 1855, Мінск — ?),
рэвалюцыянер-народнік. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. У 1874 далучыўся да ідэй народніцкага сацыялізму. У 1875—76 вёў «лятучую прапаганду» сацыялізму ў Смаленскай і Тульскай губ. Вярнуўся ў Мінск, супрацоўнічаў з землявольскім гуртком М.Л.Велера. Пасля расколу «Зямлі і волі» далучыўся да «Чорнага перадзелу», кіраваў яго гуртком у Гродне. З канца 1881 у Мінску далучыўся да нарадавольскага гуртка Я.С.Хургіна. З 1885 уваходзіў у гурток І.А.Гурвіча, вёў прапагандысцкую работу ў т.зв. «ісаакаўскіх» рабочых гуртках, супрацоўнічаў з газ.«Минский листок». Адзін са стваральнікаў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі. У 1900 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў у Сібір. У 1924 напісаў успаміны пра рэв. дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНА́ДЫ (ад грэч. gonaō нараджаю),
палавыя залозы, органы палавой сістэмы жывёл і чалавека, якія ўтвараюць палавыя клеткі і палавыя гармоны. У гермафрадытных арганізмаў мужчынскія (семяннікі) і жаночыя (яечнікі) ганады знаходзяцца ў адной асобіне, а ў гермафрадытных бруханогіх малюскаў ганады функцыянуюць спачатку як мужчынскія, а потым як жаночыя. У эмбрыягенезе пазваночных ганады закладваюцца ў выглядзе эпітэліяльнага ганаднага валіка з удзелам мезенхімы і канальцаў першаснай ныркі (мезанефрасу). У валік са сценкі жаўточнага мяшка мігрыруюць першасныя палавыя клеткі. Пасля агульнай стадыі першаснага іх размнажэння адбываецца палавая дыферэнцыяцыя (у жаночую або мужчынскую). Працэсы фарміравання і функцыі ганадаў рэгулююцца нерв. сістэмай, гармонамі ганадаў, а таксама ганадатропнымі гармонамі гіпофіза і эпіфіза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРУЛЯ́ЦЫЯ,
стадыя зародкавага развіцця жывёльных арганізмаў, калі адбываецца пераўтварэнне аднаслойнай бластулы ў мнагаслойную гаструлу. Настае пасля заключнай фазы драбнення аплодненага яйца (бластуляцыі) і папярэднічае інтэнсіўнаму зародкаваму арганагенезу. У працэсе гаструляцыі дэтэрмінацыя і дыферэнцыроўка бластамераў прыводзяць да ўтварэння двух-, а потым трохслойнай сценкі зародка. Залежна ад тыпу яйцаклеткі, спосабу драбнення і віду бластулы гаструляцыя адбываецца шляхам інвагінацыі (выгінанне вегетатыўнага полюса бластулы ўнутр), эпібаліі (нарастанне анімальнай часткі бластулы на вегетатыўную), іміграцыі (высяленне клетак бластадэрмы ў поласць бластулы), дэламінацыі (расшчапленне бластадэрмы на 2 слоі). Трэці зародкавы лісток (мезадэрма) утвараецца з бакавых губ першаснай ротавай адтуліны ці іх аналагаў. У большасці жывёл працэс гаструляцыі камбінаваны; у хордавых у выніку яго фарміруецца восевы комплекс зачаткаў хорды, нерв. і кішачнай трубак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШЧЫ́НСКІ ((Goszczyński) Севярын) (4.11.1801, г.п. Ільінцы, Украіна — 25.2.1876),
польскі паэт, паліт. дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Б.Ф.Залескім) т.зв.укр. школы польск. рамантызму. Удзельнік паўстання 1830—31. Рэв.-патрыят. зместам з моцнымі радыкальнымі акцэнтамі насычаны яго раннія вершы і зб. «Пабудка» (1831). Падзеям казацка-сял. паўстання 1768 на Украіне прысвечана паэма «Канёўскі замак» (1828). Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў (Галіцыя, Францыя). Вершы позняга перыяду прасякнуты рэліг.-патрыят. духам («Пасланне да Польшчы», 1856). Аўтар «Дзённіка падарожжа ў Татры» (1832), паэмы «Сабутка» (1834), паэмы ў прозе «Кароль замчышча» (1842), літ.-крытычных і грамадска-паліт. даследаванняў — «Новая эпоха польскай паэзіі» (1835), «Слова пра самаахвярнасць» (1844), успамінаў «Бельведэрская ноч» (1870) і «Падарожжа майго жыцця» (выд. 1923).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЕНЬ»,
грамадска-літаратурная газета. Выдавалася ў 1861—65 у Маскве штотыднёва на рус. мове. Орган славянафілаў. Асвятляла, пераважна з пазіцый славянафільства, праблемы гісторыі і жыцця слав. народаў. Змяшчала інфарм. матэрыялы, гіст. і публіцыст. артыкулы, літ. творы. Асабліва вылучала бел. пытанне. Публікавала арт. Я.А.Балвановіча, А.Ф.Гільфердзінга, В.А.Ялагіна і інш. пра бел.-польскія і бел.-рус. ўзаемаадносіны. М.В.Каяловіч даў гіст., тэарэт. і ідэалагічнае абгрунтаванне канцэпцыі заходнерусізму (арт. «Люблінская унія Літвы з Польшчай у 1569 г.», «Літва і Беларусь», «Аб адносінах рускага грамадства да Заходняй Расіі» і інш.). Характар асвятлення бел. тэмы ад знешне памяркоўнага (1861—62) змяніўся на агрэсіўна шавіністычны пасля паўстання 1863—64.