Правака́цыя ’наўмыснае падбухторванне’, ’штучнае выкліканне праяў хваробы’ (ТСБМ). Праз рус. провока́ция з польск. prowokacja або ням. Provokation ’тс’. Апошнія — з лац. prōvocātiō ’правакацыя’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Траці́чны ‘звязаны з трэцяй стадыяй хваробы’, ‘адносіцца да першага перыяду кайназойскай эры’ (ТСБМ). Запазычанае з рус. трети́чный ‘тс’, відаць, ад *третица, гл. трэці.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
засцерагчы́, ‑рагу, ‑ражаш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. засцярог, ‑сцерагла, ‑ло; заг. засцеражы; зак., каго-што ад каго-чаго.
Загадзя прыняць меры, каб ахаваць каго‑, што‑н. ад небяспекі, непрыемнасцей і пад. Засцерагчы дзяцей ад хваробы. □ — Давай, — сказаў Дзіма, надзеючы акуляры ў металічнай аправе, каб засцерагчы вочы ад іскраў. Скрыпка. Цябе ў жыцці засцерагу Ад небяспек неспадзяваных. Матэвушаў. // З’явіцца аховай, сродкам абароны ад чаго‑н. Прафілактычныя мерапрыемствы засцераглі насельніцтва ад распаўсюджання хваробы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гіпертрафі́я, ‑і, ж.
Павелічэнне аб’ёму якога‑н. органа ці тканкі цела ў выніку змянення іх функцыі або хваробы. Гіпертрафія мускула. Гіпертрафія сэрца. // перан. Празмернае развіццё чаго‑н. Гіпертрафія чуллівасці.
[Грэч. hypér — звыш і trophē — ежа.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
параксі́зм, ‑у, м.
1. Моцны прыступ якой‑н. хваробы або абвастрэнне яе, якое адбываецца перыядычна. Параксізм кашлю.
2. перан. Прыступ якога‑н. душэўнага ўзбуджэння, пачуцця і знешняя яго праява.
[Грэч. paraxysmós — узбуджэнне, раздражненне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сімуля́цыя, ‑і, ж.
1. Прытворства. Сімуляцыя хваробы.
2. Стварэнне лжывага ўяўлення аб чым‑н. [Ігнат Іванавіч:] — Наколькі я зразумеў цябе, у працэсе расследавання намячалася яшчэ адна версія. — сімуляцыя Бандарчуком абрабавання. Капусцін.
[Ад лац. simulatio — прытворства.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БАБЕЗІЁЗЫ, бабезіелёзы,
інвазійныя хваробы буйн. раг. жывёлы, авечак і козаў, якія выклікаюць паразіты эрытрацытаў — аднаклетачныя прасцейшыя з роду Babesia. Пашыраны ў некаторых краінах Еўропы, Афрыкі і Азіі. Узбуджальнік бабезіёзаў буйн. раг. жывёлы (паўн. піраплазмоз) — Babesia bovis, авечак і козаў — Babesia ovis. Крыніца інвазіі — кроў хворых і часткова перахварэлых жывёл, у эрытрацытах якіх знаходзяцца гэтыя паразіты. Пераносчыкі бабезіёзаў — пашавыя кляшчы. Пры развіцці хваробы разбураюцца эрытрацыты і пачынаецца анемія; парушаецца работа сэрца, лёгкіх, нырак, селязёнкі і інш. органаў. Гемаглабін разбураных эрытрацытаў трапляе ў мачу, афарбоўвае яе ў чырв. колер, адсюль нар. назва бабезіёзаў на Беларусі — крывямочка. Гл. таксама Піраплазмідозы.
т. 2, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЯСКЛЕРО́З (ад кардыя... + ...склероз),
міякардыясклероз, разрастанне злучальнай тканкі ў мышцы сэрца. Найчасцей бывае як вынік хранічнага ці вострага захворвання сэрца (інфаркт міякарда, міякардыт, кардыяміяпатыя, на фоне ішэмічнай хваробы сэрца). Першасны К. бывае рэдка. Постінфарктны К. — вынік некрозу ўчастка міякарда, велічыня яго адпавядае памерам інфаркту міякарда, рубцовыя палі не могуць скарачацца. К. без ачаговых некратычных змен развіваецца на фоне ішэмічнай хваробы сэрца. Міякардытычны К. — вынік міякардыту віруснага, бактэрыяльнага ці алергічнага генезу. Пры К. павялічваюцца памеры сэрца, развіваюцца сімптомы недастатковасці сардэчнага кровазвароту (задышка, тахікардыя, ацёкі, павелічэнне памераў печані, застоі крыві ў сасудах, лёгкіх і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае.
М.Ф.Сарока.
т. 8, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАТЫ́ФЫ (ад пара... + тыф),
вострыя кішэчныя інфекцыйныя хваробы чалавека, якія выклікаюцца бактэрыямі роду сальманела. Адрозніваюць П. A і B падобныя па этыялогіі, эпідэміялогіі і клінічным праяўленням да брушнога тыфу, і C, які выяўляецца ў харч. токсікаінфекцыі і інш. формах.
Крыніца інфекцыі — хворыя на П. і бацыланосьбіты. Заражэнне праз ваду, харч. прадукты, забруджаныя бактэрыямі. Прыкметы: дрыжыкі, т-ра 40—42 °C, боль галавы, высыпка ружовага колеру на скуры жывата, грудзей, рук на 5—7-ы дзень хваробы. Бываюць формы П., падобныя да гастраэнтэрыту з моташлівасцю, ірвотай, паносамі. Ускладненні: кішэчны крывацёк, прарыўныя язвы кішэчніка, аслабленне імунітэту. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Сальманелёзы.
т. 12, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ПРЫКМЕ́ТЫ,
прыкметы, якія прысутнічаюць пры нараджэнні. Адрозніваюць спадчынныя і няспадчынныя. Спадчынныя падзяляюцца на нармальныя П.п. і прыроджаныя хваробы. Нармальныя П.п. (напр., першасныя палавыя прыкметы ў чалавека) з’яўляюцца вынікам уздзеяння аднаго або многіх генаў. Прыроджаныя хваробы абумоўлены геннымі, геномнымі або храмасомнымі мутацыямі, што атрыманы ад бацькоў (напр., праяўленне мутантнага гена, які перадаецца ў спадчыну ў пэўнай сям’і з пашкоджаннем тканак, органаў або сістэм органаў і інш.). Няспадчынныя П.п. развіваюцца пры ўздзеянні неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя пры эмбрыягенезе (напр., павышаныя дозы радыяцыі, інфекц. захворванні, ужыванне цяжарнымі жанчынамі алкаголю, наркотыкаў) і характарызуюцца адхіленнямі ад нормы, напр., заганы развіцця.
Р.Г.Заяц.
т. 13, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)