назва р.Ніл у Судане, ад месца ўпадзення левага прытока р. Эль-Газаль да вусця Блакітнага Ніла. Даўж. 957 км, пл.бас. 1059 тыс.км². Важны прыток р. Собат (у час паводкі прыносіць шмат завіслага матэрыялу, які надае вадзе белаватае адценне; адсюль назва). Ад вусця Собата да вусця Блакітнага Ніла цячэнне запаволенае. Сярэдні расход вады ў вярхоўі каля 450 м³/с, ніжэй упадзення Собата павялічваецца да 800 м³/с (макс. — да 1500 м³/с). За 40 км ад г. Хартум — плаціна Гебель-Аулія. Воды Белага Ніла выкарыстоўваюцца на арашэнне. Рыбалоўства. Суднаходства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ДЫР,
рака на крайнім ПнУ Сібіры, у Чукоцкай аўт. акрузе Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1150 км, пл.бас. 191 тыс.км. Пачынаецца на Анадырскім пласкагор’і, упадае ў Анадырскі заліў Берынгава м. У вярхоўях мае горны характар, вузкую даліну. На Анадырскай нізіне рэчышча расчляняецца на сетку рукавоў і пратокаў. Асн. прытокі: Майн (справа), Белая, Танюрэр (злева). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 1680 м³/с. Ледастаў з кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. У бас. Анадыра больш за 23,5 тыс. азёраў агульнай пл. 3231 км². У ніжнім цячэнні — рыбалоўства. Суднаходная ад с. Маркава (570 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́КС,
рака ў Закаўказзі (вярхоўі ў Турцыі, ніжняе цячэнне ў Азербайджане); правы прыток Куры. На значным працягу па Араксе праходзіць мяжа Арменіі і Азербайджана з Турцыяй і Іранам. Даўж. 1072 км, пл.бас. 102 тыс.км². Пачынаецца на схілах хрыбта Бінгёль, у вярхоўях цячэ ў вузкай глыбокай даліне, у сярэднім цячэнні (на Арарацкай раўніне) даліна расшыраецца, рака падзяляецца на рукавы, нізоўі на Кура-Араксінскай нізіне. Жыўленне мяшанае. Разводдзе з сак. да чэрв., дажджавыя паводкі ў ліст.—снежні. Сярэдні расход вады 285 м³/с. Штогод выносіць 16 млн.т наносаў. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Араксе азерб.іранскі гідратэхн. комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГУ́НЬ,
рака ў Расійскай Федэрацыі і Кітаі, правая састаўляючая р. Амур. Па Аргуні праходзіць ч. граніцы Расіі з Кітаем. Даўж. 1620 км, пл.бас. 164 тыс.км² Пачынаецца ў гарах В.Хінгана, у Кітаі, пад назвай Хайлар. Цячэ пераважна ў шырокай даліне, бліжэй да вусця даліна звужаецца. Жыўленне пераважна дажджавое. Сярэдні расход вады 340 м³/сек. Ледастаў з канца ліст. да пач. мая. У бас. Аргуні 1,8 тыс. азёраў агульнай пл. 50,9 км². Нерэгулярнае суднаходства ад с. Алочы (428 км). З 2-й пал. 17 ст. па Аргуні ішлі гандл. шляхі з Сібіры ў гарады Усх. Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАШЫ́ЦКІ ГАРАДО́К,
вадасховішча ў Беларусі, у Мінскім раёне, на р. Усяжа (за 52 км ад вусця), правым прытоку р. Гайна (бас. Дняпра). За 18 км на Пн ад Мінска, каля в. Астрашыцкі Гарадок. Створана ў 1946, рэканструявана ў 1970. Пл. 0,6 км², даўж. 2,2 км, найб. шырыня 0,65 км, найб.глыб. 6,5 м, аб’ём вады 1,2 млн.м³. Пл. вадазбору 114 км². Берагі слаба парэзаныя, складзеныя з пяскоў і супескаў, правы ўзгорысты, левы спадзісты. Сярэдні шматгадовы аб’ём сцёку ў створы плаціны 24,6 млн.м³. Зарастае. Месца адпачынку, на беразе дзіцячы санаторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́ІД (ад геа... + грэч. eidos выгляд),
сапраўдная фігура Зямлі, абмежаваная ўзроўневай паверхняй (сярэдні ўзровень вады Сусветнага ак., мысленна прадоўжаны пад мацерыкамі). Форма геоіда ў выніку сутачнага абарачэння Зямлі блізкая да эліпсоіда вярчэння, але яго паверхня ўскладнена з-за нераўнамернасці размеркавання мас унутры Зямлі. Паверхня геоіда перпендыкулярная да напрамку сілы цяжару ва ўсіх кропках, больш згладжаная, чым фіз. паверхня Зямлі, на якой рэзка выражаны горы і акіянскія ўпадзіны. Яна выпуклая, сярэдняя велічыня адхілення геоіда ад найб. удала падабранага зямнога сфероіда складае ±50 м, а максімальнае адхіленне ±100 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛД, Фелд,
назва плато ў Паўд. Афрыцы, укрытых ксерафітнай злакавай і хмызняковай расліннасцю. Вылучаюць: Высокі Велд (выш. 1200—2000 м) — паміж рэкамі Аранжавая і Вааль; Сярэдні Велд (выш. 1000—1500 м) — паміж вусцем р. Вааль і вярхоўямі р. Оліфанто; Хмызняковы Велд (выш. каля 900 м) — на Пн ад Прэторыі; Нізкі Велд (выш. 300—800 м) — паміж Хмызняковым Велдам і р. Лімпопа. Зніжаюцца плато на У ступенямі (ад 1800 да 300 м) ад плато Басута ў Драконавых гарах да ўпадзіны Калахары. Складзены з пясчанікаў, сланцаў, крышт. парод. Клімат трапічны пустынны. Участкі саваннаў. Радовішчы алмазаў, золата, урану.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЗ, шчэбень,
1) рыхлая буйнаабломкавая (псефітавая) парода, якая складаецца з востравугольных абломкаў цвёрдых парод памерам ад 10 да 100 мм. Вылучаюць па велічыні абломкаў Д. буйны (50—100 мм), сярэдні (25—50 мм) і дробны (10—25 мм). Утвараецца пры выветрыванні горных парод. Трапляецца ў выглядзе рыхлых і слабасцэментаваных намнажэнняў.
2) У будаўніцтве — буд. матэрыял у выглядзе востравугольных абломкаў памерам 5—150 мм. Уключае прыродны Д. і прадукты спец. драблення цвёрдых горных парод, камянёў, штучных каменных матэрыялаў (цэглы і інш.). Выкарыстоўваецца як запаўняльнік для бетонных сумесей, чыг. баласт, пры буд-ве аўтадарог, гідратэхн. збудаванняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́І (Kasai),
рака ў Анголе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга (часткова — мяжа паміж імі), буйнейшы левы прыток р. Конга. Даўж. каля 2000 км, пл. басейна 880,2 тыс.км². Пачынаецца на плато Лунда, спускаецца з яго паўн. схілаў ва ўпадзіну Конга, утварае парогі і вадаспады. У ніжнім цячэнні наз. Ква. Гал. прытокі: Лулуа, Санкуру (справа), Кванга (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Паводка з вер.—кастр. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў нізоўі каля 10 тыс.м³/с. Суднаходная на 790 км ад вусця. Рыбалоўства. У бас. К. — буйная здабыча алмазаў. 3 ГЭС. Буйная прыстань — Ілеба (Дэмакр. Рэспубліка Конга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЦЬ,
рака ў Краснаярскім краі і Томскай вобл. Расіі, правы прыток р. Об. Даўж. 1621 км, пл.бас. 94,2 тыс.км². Бярэ пачатак з балот Об-Енісейскага водападзелу. Цячэ па паўд.-ўсх. частцы Зах.-Сібірскай раўніны, рэчышча звілістае, шматлікія пратокі; упадае ў р. Об 2 рукавамі — Тагурскім і Нарымскім на адлегласці 160 км адзін ад аднаго. Гал. прытокі: Сачур, Арлоўка, Лісіца (справа), М. Кець, Мендэль, Яловая, Чачамга (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з канца кастр. — пач.ліст. да канца крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады 560 м³/с. Суднаходная на 737 км ад вусця. Сплаўная.