нахапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішcя, ‑хопіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нечакана настаць, надысці. Хутка развіднівае вясковай парой. Не паспееш дайсці з брыгаднага двара дадому, як, глядзіш, ужо нахапіўся дзень. Палтаран. Сонца заходзіла чыста. Раптам за чорнай сцяною далёкага лесу яно знікла, і змрок адразу нахапіўся. Чорны. // Нечакана пачацца, наляцець. [Дождж] нахапіўся раптоўна і лінуў як з вядра. Карпаў. Ужо блізка сенакосу нахапілася раптам некалькі навальніц. Мележ.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Разм. Ускочыць на скуры цела; уздуцца, нарваць. З непрывычкі смылелі далоні, Нахапіўся, як сліва, мазоль. Хведаровіч.

3. Нечакана, знянацку з’явіцца, прыйсці, сустрэцца і пад. А потым аднекуль нахапілася знаёмая .. расчырванелая дзяўчына з дужымі мужчынскімі рукамі і шырокім касцістым ілбом. Вышынскі. // перан. Аб пачуццях. Тады й нахапілася тая туга, З каторай шукаеш сяброўства сляды. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схамяну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑меняцеся; зак.

1. Раптам успомніць пра што‑н.; раптоўна заўважыць памылку, недагляд і пад. Было ўжо далёка за поўнач, калі першай схамянулася Наташа: «Гулянне гуляннем, а мне пара і дадому». Хадкевіч. — Не, стой! — раптам схамянулася .. [Наталька], — можа тваёй маці нічога не трэба гаварыць. Чорны. — А венікаў зноў не нарэзаў, — схамянуўся Антось. Аношкін.

2. Выйсці са стану нерухомасці, задуменнасці, падхапіцца, здрыгануцца. І тут Іван трывожна схамянуўся — толькі цяпер да ягонай свядомасці дайшоў трывожны сэнс цішыні. Быкаў. Нечакана зазвінеў званок — Юновіч схамянуўся, убачыў, што ідзе да школы: адтуль ужо гурмою высыпалі на вуліцу дзеці. М. Стральцоў. // Набыць здольнасць разважаць; прыйсці ў сябе; ачомацца. [Карніцкі:] — Вы, таварышы, ведаеце, каго можаце прапусціць у самы лагер? Схаменяцеся, ды позна будзе! Паслядовіч. І схамянуцца не ўправіліся, як полымя ўхапілася ўжо за суседняе гумно. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбурыцца ад узрыву; разарвецца, разляцецца на часткі. І раптам пад ногі .. [фашыстам] паляцела з-за машыны граната. Але не ўзарвалася. Яўген не выцягнуў чаку. Новікаў. Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Шамякін. // Разбурыцца ад напору знутры. На таполях узарваліся клейкія набрынялыя пупышкі, і на налітых цяжкім сокам галінах успыхнулі зеленаватыя іскрынкі. Лукша. / у перан. ужыв. Хто можа паручыцца, што перамір’е не ўзарвецца?.. Васілевіч.

2. перан. Парушыцца (пра цішыню і пад.). У зале на момант стала ціха-ціха. І раптам цішыня ўзарвалася. Шыцік. / у перан. ужыв. Калі ж зал узарвецца громам, Я хвіліну стаю ўтрапёная, Схамянуся — бягу за кулісы, Забываючы зноў пра паклон... Арочка.

3. перан. Разм. Выйсці з сябе, абурыцца, вельмі раззлавацца. Андрэй цярпеў-цярпеў, нарэшце, узарваўся. — Ідзі ты к чорту! — зароў дзікім голасам, павярнуўшыся да Яна. Чарнышэвіч. — Ды ў тваёй жа брыгадзе людзей — як у добрым палку! — зноў узарваўся Баркевіч. Шашкоў.

4. Разм. Усхапіцца, ускочыць. Сурвільчык раптам узарваўся з месца, хапіў з-пад стала збан вады і лінуў на Адася. Чорны. Завішнюк .. будзе доўга так сядзець — як і ўчора. Сядзець і думаць... Пасля ўзарвецца са свайго пня, як утрапёны, і будзе крычаць аж да самага вечара. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дазо́р, ‑у, м.

1. Абход для агляду, разведкі. Камсамольская ячэйка дзве начы засаб хадзіла ў сакрэтныя дазоры, але нікога злавіць не ўдалося. Пальчэўскі.

2. Невялікая група людзей, караблёў, самалётаў, якая высылаецца для аховы і разведкі; патруль. Раптам наперадзе, дзе ішоў пярэдні дазор, прагучэла аўтаматная чарга і некалькі стрэлаў. Мележ. Трэба было дзейнічаць асцярожна, каб не натрапіць на варожы дазор або вартавых. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

векава́ць, вякую, вякуеш, вякуе; незак.

Увесь час жыць дзе‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане, існаваць. [Серадзіха:] — Я меркавала, што мне давядзецца векаваць у зямлянцы, і раптам такая навіна. Гурскі. Нас вывелі ў свет з завуголляў глухіх, А то векавалі б у пана падпаскамі. Лужанін. [Даніла:] Замак, хлопчыку, стары: Многа ўжо вякоў вякуюць Тыя цёмныя муры. Колас.

•••

Век векаваць (звекаваць) — тое, што і векаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

або́чына, ‑ы, ж.

Бакавая частка дарогі. Ляжаць маўкліва на абочынах Бязногія грузавікі. Панчанка. Нявада ішоў абочынай гасцінца, адкуль увесь снег змяло ў прыдарожныя лагчыны. Чорны. // Ускраіна чаго‑н. (лесу, поля і пад.). Абочына паляны, а Васіль ужо думаў аб тым, што прыйдзецца ехаць, не ўбачыўшы Антося, і раптам на абочыне луга за кустом лазняку заўважыў уваткнутую ў зямлю касу. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

магчы́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Які можа здарыцца, адбыцца, дапушчальны. Капітан загадаў падрыхтавацца да магчымай высадкі на лёд. Бяганская. Мне раптам зрабілася страшна ад адной думкі пра магчымую сустрэчу. Карпюк.

2. Які можна здзейсніць, ажыццявіць. [Андрыяну Цітавічу] на момант здалося блізкім і магчымым тое, аб чым ён марыў. Марціновіч. [Тарыел Кверквелія] стараўся знайсці выхад, згадаць далейшыя планы Гунава, распазнаць магчымыя ягоныя ходы ў гэтай смяротнай гульні... Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навако́л,

1. прысл. Тое, што і навокал (у 1, 2 знач.). Толя пачаў азірацца навакол. За садкамі, у дальнім кутку агародаў, ён раптам разгледзеў нешта падобнае на будку. Якімовіч. На маленькай плошчы гарадка салдаты ўкопваюць слупы, трамбуюць зямлю навакол. Лынькоў.

2. прыназ. з Р. Тое, што і навокал (у 3 знач.). Жняярка стаяла пасярод калгаснага двара, а навакол яе пасталі людзі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падця́гнуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад падцягнуць.

2. у знач. прым. Упалы, уцягнуты (пра жывот, бакі).

3. у знач. прым.; перан. Знешне акуратны, унутрана сабраны, стрыманы. І раптам.. [завуч] з’явіўся на заняткі ў простым, новым, старанна адпрасаваным гарнітуры, у кепачцы, без кія, рухавы І падцягнуты, як добры афіцэр. Шамякін. Уся.. [Надзея] была нейкая падцягнутая, строгая, па натуры спакойная і ўраўнаважаная. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паясне́ць, ‑ее; зак.

Стаць ясным, яснейшым. Нарэшце на ўсходзе за гарамі паявілася нешта затоена-светлае, паяснеў гарызонт, горы ў сіняй смузе яшчэ больш пачарнелі. Хомчанка. / у безас. ужыв. Пакуль узыйдзе месяц, яшчэ цёмна з вечара. А калі паяснее — там будзе ўжо лес, не гэтакая голая мясцовасць. Чорны. У галаве Каваля паяснела. Яму раптам блізка да сэрца прыйшоўся гэты худы хлапчук. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)